Прэзентацыя кнігі “Колер Беларусі” у Гародні

24 чэрвеня 2017

26 чэрвеня у Гародні будзе прэзентавана кніга Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”. Падзея ладзіцца Цэнтрам гарадскога жыцця #uCentry і арт-галерэяй “Крыга” у партнёрстве з Лятучым універсітэтам і грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!».

Дызайнерскі альбом “Колер Беларусі” стаў вынікам шматгадовай даследчыцкай працы Міхала Анемпадыстава. Шыкоўная візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія раскрываюць культуралогію асобных колераў – паходжанне назвы, гісторыю распаўсюду на асобных тэрыторыях, сімвалічную інфармацыю, тыя чыннікі, што ўплывалі на ўсталяванне пэўных каларыстычных прэферэнцый і стыляў да інш.  Даследуючы колер як феномен культуры, як маркер культурнай традыцыі, аўтар паказвае гісторыю стыляў і задае пэўны ракурс для разумення ўласнай ідэнтычнасці.

“Штодня мы ствараем не толькі нашу сучаснасць і не толькі закладваем аснову таго, якім будзе нашае заўтра, але адначасова ўяўляем (і тым самым ствараем нанова) уласную мінуўшчыну. Часам гэтыя ўяўленні матэрыялізуюцца. Не заўсёды яны адпавядаюць гістарычнай праўдзе, а нават і логіцы нашых гістарычных стыляў. Часцяком нам навязваюць муляжы і міфы чужой мінуўшчыны. У сваю чаргу, каларыстыка – гэта зручная опцыя дзеля вывучэння ўласнай культурнай традыцыі і нацыянальнага стылю”, – кажа аўтар ў пасляслоўі.

Прэзентацыя кнігі “Колер Беларусі” адбудзецца 26 чэрвеня (панядзелак) у 19-00 у супольнай выставачнай прасторы Цэнтру гарадскога жыцця і арт-галерэі “Крыга” па адрасе:

Гродна, вул. Савецкая, 3.

Падчас прэзентацыі паміж удзельнікамі будзе разыграна некалькі асобнікаў!

Уваход вольны!

*Кніга Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» выдадзеная ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.