Прэзентацыя кнігі “Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя”

14 лістапада 2017

23 лістапада адбудзецца прэзентацыя беларускамоўнага выдання кнігі “ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ” з удзелам аўтараў і перакладчыкаў. 

Пераклад на беларускую мову польскага акадэмічнага выдання Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага, якое змяшчае найбольш поўнае апісанне ўсяго, што адбывалася ў сусветнай гуманістыцы за апошнюю сотню гадоў, выйшаў зусім нядаўна ў выдавецтве “Медысонт”.

Пераклад і выданне кнігі — плён працы каманды з некалькіх чалавек, захапіўшыхся гэтай ідэяй, а таксама тых, хто далучыўся да праэкта праз падтрымку выдання на краўдфандынгавай платформе “Талака”, праз інфармацыйную і арганізацыйную дапамогу. 

“Пачалося ўсё з уласнай патрэбы: мне вельмі не хапала такой кнігі, калі я вучылася на філфаку БДУ.распавядае ў інтэрвью сайту “Будзьма” куратарка праэкта Таццяна Нядбай. — У 2006 годзе я паступіла ў аспірантуру ў Любліне, там і пабачыла яе ў кнігарні. Разгарнула — і ўразілася колькасці плыняў, якія былі згаданыя, і пра якія я, дастаткова матываваная выпускніца філфака, не ведала”.

Таццяна ўпэўненая, што  “Тэорыі літаратуры XX ст.” — “пункт уваходу ў гуманітарыстыку, тое, што павінен ведаць любы адукаваны чалавек, які хоча быць у коле інтэлектуалаў. Гэта такая матрыца, якую трэба засвоіць, базіс сённяшніх развагаў пра культуру, літаратуру, пра ўсю гуманітарную сферу”.

Да гэтай ўпэўненасці далучаецца Лявон Баршчэўскі, перакладчык і рэдактар кнігі. “Вядома, гэта ідэальны падручнік для аспірантаў, дактарантаў: такога проста ў нас няма ні на рускай, ні на беларускай мовах! Таксама кніга важная для паланістаў: там добра прэзентаваная польская літаратуразнаўчая школа. Увогуле, для тых, хто хоча сур’ёзна займацца тэарэтычнымі пытаннямі, кніга проста неацэнны дапаможнік: паводле кожнага яе раздзела фактычна можна зрабіць дысертацыю і на падставе гэтага развіваць навуку далей, вывучаць новыя плыні — у нас жа ўжо XXI стагоддзе. […] І яшчэ адзін аспект, які нельга абмінуць. Гэта, па сутнасці, дапаможнік па гісторыі сучаснай філасофіі. Увогуле, у дачыненні да XX ст. цяжка правесці мяжу: дзе ёсць філасофія літаратуры, дзе — тэорыя тэксту, дзе — філасофская герменеўтыка, а дзе — тэарэтычная лінгвістыка. У XX ст. усё знаходзіцца і функцыянуе на памежжы”, зазначыў ён у расповедзе пра кнігу і яе далейшы лёс.

У камандзе перакладчыкаў працавалі таксама Марыя Пушкіна, Святлана Рогач, Марына Шода. Прадмову да кнігі напісала літаратуразнаўца, загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ Ганна Бутырчык.

Першая прэзентацыя кнігі  “ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ” 

23 лістапада (чацвер)

Пачатак: 19:00 
“БІП інстытут правазнаўства” (Мінск,  вул. Кастрычніцкая, 5, аўд. 102, уваход праз Малую залу к/з «Мінск»)

Падзеі:
Тэмы: