Сучасная беларуская літаратура на слых

08 кастрычніка 2018

Праз краўдфандынгавую платформу ulej.by можна падтрымаць праект, накіраваны на тое, каб зрабіць сучасную беларускую літаратуру больш дасяжнай для людзей з інваліднасцю па зроку.

Сучасная беларуская літаратура з вялікімі цяжкасцямі праторвае сабе дарогу да чытача, у прычынах гэтага можна разбірацца бясконца, аднак па сутнасці сёння кожны можа купіць кнігу беларускага пісьменніка. Але мы рэдка задумляемся, што ў Беларусі жывуць людзі, у якіх фактычна няма шанцаў пазнаёміцца з нашай літаратурай – гэта людзі з інваліднасцю па зроку. Паводле інфармацыі БелТІЗ, такіх людзей у краіне каля 50 тысяч чалавек, з якіх 20 тысяч – гэта асобы з найбольш сур’ёзнымі формамі захворвання.

Аўдыякніга – гэта тая форма бытавання літаратуры, якая не праігнаруе людзей з інваліднасцю па зроку як сваіх патэнцыйных спажыўцоў.

Калі казаць пра беларускамоўныя аўдыякнігі, то ў выпадку з класікай усё не так і дрэнна (хаця спіс найменняў усё адно даволі абмежаваны): можна паслухаць творы, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Якуба Коласа, Івана Шамякіна. Аднак з самай свежай актуальнай сучаснай беларускай літаратурай у гэтай галіне вялікі прабел.

Штогод у нашай краіне уручаецца літаратурная прэмія Гедройца за найлепшы празаічны твор, выдадзены па-беларуску ў папярэднім годзе. Лонг-ліст і шорт-ліст гэтай прэміі становяцца пэўнага кшталту спісам найлепшых кніг, якія былі напісаныя па-беларуску за апошні час.

Сёлета шорт-ліст з 6 кніг ужо вызначаны журы:

  • Уладзімір Арлоў. «Танцы над горадам»;
  • Альгерд Бахарэвіч. «Сабакі Эўропы»;
  • Адам Глобус. «Сям’я»;
  • Вінцэсь Мудроў. «Забойца анёла»;
  • Павел Севярынец. «Беларусалім»;
  • Анка Упала. «На заснежаны востраў».

Менавіта з аднаго з гэтых твораў плануецца зрабіць аўдыякнігу, якая ў першую чаргу будзе бясплатна распаўсюджвацца сярод людзей з інваліднасцю па зроку.

Падтрымаўшы кампанію, вы маеце магчымасць не толькі спрычыніцца да стварэння аўдыёкнігі, але і паўплываць, які менавіта з гэтых шасці твораў будзе агучаны.

Усе падрабязнасці і магчымасць прыняць удзел у праекце — на старонке праекта на ULEJ.BY.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар