Свабода слова і мова варожасці ў СМІ і грамадстве – адкрытая лекцыя

04 жніўня 2017

“Блаславенне і праклён” – так называецца публічная лекцыя, якая адбудзецца ў адукацыйнай прасторы .Punkt ( вул. Кастрычніцкая, 23а, 2-гі паверх) увечары 7 жніўня (панядзелак).

Калі вы ня бачыце нічога дрэннага ў гэтым загалоўку або лічыце, што ў гэтай навіне ўсё ў парадку, то гэтая лекцыя спецыяльна для вас (хаця, магчыма, вам не спадабаецца). Ўсіх зацікаўленых праваабарончая арганізацыя Human Constanta ў партнёрстве з Хельсінкскім Фондам па Правах Чалавека (Польшча) запрашае на публічную лекцыю з украінскім экспертам Максімам Буткевічам. Гаворка пойдзе пра “мову нянавісці і варожасці” на прыкладзе беларускіх і ўкраінскіх СМІ, пра тое, ці ёсць межы ў свабоды слова і пра наступствы выкарыстання “hate speech”.

Лектар: Максім Буткевіч – журналіст, трэнер, праваабаронца, актывіст.

Магістр мастацтваў па антрапалогіі развіцця і сацыяльнай трансфармацыі (Універсітэт Сэсекса – Вялікабрытанія). З 1999 года працаваў у сродках масавай інфармацыі (тэлеканалы СТБ, “1+1”, “Інтэр”; прадусар Украінскай службы Бі-Бі-Сі).

У 2007-2010 гадах – старшы выкладчык Магілянскай Школы журналістыкі Нацыянальнага Універсітэта “Кіева-Магілянская Акадэмія».

У 2010-2011 – Рэгіянальны дарадца па пытаннях грамадскай інфармацыі Прадстаўніцтва УВКБ ААН (Агенцтва ААН па справах бежанцаў) у Беларусі, Малдове і Ўкраіне.

Да 2017 года – са-каардынатар Праекту «Без межаў» грамадскай арганізацыі «Цэнтр Сацыяльнае Дзеянне».

Сябра Грамадскай рады пры Дзяржаўнай міграцыйнай службе і Экспертнага савета пры Камітэце Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека.

Калі: 7 жніўня (панядзелак), пачатак у 19:00.

Дзе: Адукацыйная прастора .Punkt (г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 23а, 2-гі паверх).

Уваход вольны!