Свае чужыя і чужыя свае: гісторыя Беларусі як гісторыя памежжа

12 лютага 2017

На другой сустрэчы ў «Клубе вуснага гісторыка» будзе даследавацца памежжа і тое, якім чынам яно паўплывала на беларускую ідэнтычнасць.

Пачатак мінулага стагоддзя быў вельмі прынадны для даследавання сваёй ідэнтычнасці. Першую спробу зрабіў Максім Гарэцкі ў «Дзвюх душах». Пасля філосаф Ігнат Абдзіраловіч дакладна сфармуляваў праблему гістарычнага шляху Беларусі: «Беларусь як граніца паміж Усходам і Захадам». У варунках зменлівага грамадска-палітычнага жыцця, руху межаў і культур Абдзіраловіч заклікаў ісці сваім, адвечным шляхам. Годам пазней выйшла з друку п’еса Янкі Купалы «Тутэйшыя», дзе паэт ў сваю чаргу аналізаваў беларускую самаідэнтыфікацыю.

Паступова пошукі сябе ў беларускай памежнасці паступова сціхлі, каб зноўку распачацца ў новым, ХХІ стагоддзі.

Беларускі архіў вуснай гісторыі некалькі гадоў прысвяціў даследаванню колішняй савецка-польскай, так званай Рыжскай мяжы. У межах экспедыцый быў выяўлены цікавы факт. Жыхары абедзвюх частак, якія яшчэ зусім нядаўна маглі жыць у адной вёсцы, падзеленыя мяжой сталі маркіраваць адно другога як «заходнікаў» ды «усходнікаў».

Вольга Іванова, кандыдат гістарычных навук, распавядзе, ці можна лічыць гэтую з’яву стварэннем вобразу Чужога ці варта ўспрымаць ўсяго як абывацельскія мянушкі? Таксама мы даведаемся, якім чынам «заходнікі» выратавалі «усходнікаў» пасля вайны і чаму дачка-«усходніца» не змагла адазвацца на словы маці з Заходняй Беларусі.

Кандыдат філасофскіх навук, літаратар Ігар Бабкоў, які даўно даследуе памежжа як экзістэнцыйны феномен, не будзе засяроджвацца на пэўным гістарычным прэцэдэнце. Яго даклад «Беларускі кантэкст: ад памежжа ідэнтычнасцяў да ідэнтычнасці памежжа» дапаможа зразумець, якім чынам на нашай карціне свету адбілася знаходжанне на памежжы.

Філосаф Бабкоў у сваім эсэ «Этыка памежжа: транскультурнасць як беларускі досьвед» (1999) сцвярджаў, што Беларусь знаходзіцца ў стане вайны культураў. Аднак, у адным са сваіх апошніх інтэрв’ю адзначыў, што «беларуская барыкада», якая бачылася падставай для стварэння новай беларускай ідэнтынасці, знайшла свой скон пасля 2014 года. І цяпер зноў трэба вызначаць, якая будучыня чакае Беларусь і што мы самі з сябе ўяўляем цяпер.

Сустрэча адбудзецца 22 лютага ў 18.30 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.