У пошуках грамадcкай прасторы

20 кастрычніка 2017

Мы штодня сутыкаемся з публічнымі прасторамі ў Мінску, але наўрад ці дыскусію пра іх можна назваць сапраўды грунтоўнай. 24 кастрычніка Добры горад прапануе сабрацца усім зацікаўленым у гэтай тэме ў Imaguru: Бизнес-Клуб/Startup Hub , каб шчыра паразмаўляць пра грамадскія прасторы. Уваход на мерапрыемства вольны, але папярэдне трэба зарэгістравацца па спасылцы https://goo.gl/vsqWbd.

Праграма мерапрыемства:
19:00 – 19:30 – прэзентацыя даследвання “Карта грамадскіх прастораў Мінска”.  Даследванне было распачата ў межах працы Школы “Гарадскія грамадскія прасторы: устойлівае развіццё”якая ладзілася Лятучым Універсітэтам у партнёрстве з таварыствам “Зялёная сетка”, альманахам “Гарадскія тактыкі”, “Архітэктурным Бюро 35” і беларускай партыяй “Зялёныя”. Гэтае даследванне мела на мэце распрацоўку метадалогіі пошука грамадскіх прастораў, а яго вынікам стала карта, якая адлюстроўвае ступень “грамадскасці” тых ці іншых месцаў нашага гораду. Азнаёміцца з картай можна па спасылцы http://goodcity.by/. У гэтай частцы мерапрыемства наша каманда распавядзе пра метадалогію, задачы і высновы даследвання, а таксама адкажа на вашыя пытанні датычна яе практычнага выкарыстоўвання.

19:30 – 20:30 – міждысцыплінарная дыскусія “У пошуках “грамадскай прасторы”.
Адной з высноваў, якая была сфармулявана падчас даследвання, стала разуменне рознасці падыходаў да даследвання феномена “грамадская прастора” ў прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў: архітэктараў, транспартнікаў, сацыёлагаў. Гэтая рознасць выяўляецца найперш у фармуляванні дэфініцыі “грамадская прастора”. Наколькі гэтыя азначэнні адрозніваюцца, ці могуць спецыялісты розных сфер працаваць разам без уніфікацыі панятка “грамадская прастора” і ці можна яго дасягнуць? На гэтыя пытанні мы акурат паспрабуем адказаць падчас дыскусіі.
Удзельнікі дыскусіі:
Александр Акенцьеў, галоўны архітэктар УП “Мінскграда”
Паліна Вардэванян, эксперт Беларускага Саюза Транспартнікаў 
Таццяна Вадалажская, сацыёлаг, каардынатар “Лятучага Універсітэта”

20:30 – 21:00 – нефармальная частка мерапрыемства (размовы з удзельнікамі дыскусіі за келіхам віна).

Мерапрыемства адбываецца у межах Imaguru Smart Cities Month.

Больш інфармацыі пра спікераў дыскусіі “У пошуках “грамадскай прасторы”:

Аляксандр Акенцьеў – галоўны архітэктар УП “Мінскграда”. Скончыў БПІ.

У ролі кіраўніка творчых калектываў працаваў у наступных праектах: генеральныя планы гарадоў, праекты дэталёвай планіроўкі раёнаў, праекты рэгенерацыі і эскізы забудовы гарадскіх цэнтраў, сярод якіх такія гарады як Мінск, Брэст, Полацак, Маладзечна, Светлагорск, Наваполацак, Нясвіж і інш.

Шматгадовая творчая дзейнасць адзначана прэміяй ім. В.А. Караля і іншымі шматлікімі прафесійнымі ўзнагародамі.

Паліна Вардаванян – старшы выкладчык кафедры горадабудаўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, эксперт РГА “Беларускі саюз транспартнікаў».

Вучылася на архітэктурным факультэце БПІ.
Паспяхова ў 1990 г. скончыла аспірантуру ЦНДІПгорадабудаўніцтва (Масква), мае дыплом архітэктара-даследчыка па спецыяльнасці “Горадабудаўніцтва, раённая планіроўка, ландшафтная архітэктура і планіроўка сельскіх населеных месцаў”. На працягу 30 гадоў працавала ў навуковым падраздзяленні РУП БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА.

Выкладае і вядзе навуковую працу ў галіне праектавання жылых раёнаў, грамадскіх цэнтраў, сельскіх пасёлкаў і гарадоў. З’яўлялася экспертам па горадабудаўніцтву ў шэрагу міжнародных праектаў.

Таццяна Вадалажская – беларускі метадолаг і сацыёлаг. Эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій (Мінск), каардынатар праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі “Лятучы ўніверсітэт”. Кандыдат сацыялагічных навук (PhD), старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі (Мінск).

Скончыла аддзяленне сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У галіне гуманітарных даследаванняў працуе з 1996 года: спачатку – як навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, затым – як эксперт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій.

Фокус даследчых інтарэсаў: метадалогія гуманітарных і сацыяльных даследаванняў, нацыянальная і грамадзянская ідэнтычнасць, развіццё лакальных супольнасцяў, грамадзянская супольнасць, культурная палітыка і палітыка ў галіне культуры.

З’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых і аналітычных публікацый, рэдактарам некалькіх навуковых зборнікаў і кніг.

Чакаем вас

24 кастрычніка

Imaguru: Бизнес-Клуб/Startup Hub (Мінск, вул. Фабрыцыуса, 4)

Пачатак а 19й

Рэгістрацыя на мерапрыемства тут: https://goo.gl/vsqWbd

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: