Універсітэцкі семінар: першае паседжанне новага сезона

02 кастрычніка 2018

Лятучы ўніверсітэт распачынае новы сезон універсітэцкага семінара. Запрашаем усіх зацікаўленых на першае паседжанне, якое адбудзецца 16 кастрычніка.

Гэты сезон будзе прысвечаны рэфлексіі праграмы стварэння Універсітэта ў Беларусі і трансфармацыі стану Універсітэта у сучасным свеце.

Мы адзначаем змены месца і прызначэння універсітэтата як сацыяльнага інстытута ў сітуацыі надыхода інавацыйнай эпохі. Мы адзначаем змены сітуацыі ў беларускай публічнай і інтэлектуальнай прасторы: з’яўленне новых фарматаў, гульцоў, тэмаў і накірункаў, змены агульнай атмасферы і тэмпа. Мы маем 7-гадовы досвед практыкі пабудовы новай мадэлі адукацыі і арганізацыі мыслення. Усё гэта – матэрыял для роздуму, рэфлексіі і пошуку адказаў на пытанні і выклікі апошняга дзесяцігоддзя да развіцця Універсітэта ў сучаснай Беларусі.

Праца семінара ў гэтым годзе пачнецца з серыі дакладаў Таццяны Вадалажскай па наступных тэмах:

Універсітэт як сацыяльны інстытут: крытыка і пераасэнсаванне.

Універсітэт і змены інавацыйнай эпохі: новая сітуацыя самавызначэння.

Карціна свету і змест адукацыі: пошукі “новых універсітэтаў”.

Далейшыя тэмы і выступы будуць фармавацца па заяўках удзельнікаў семінара.

Семінары будуць адбывацца раз на два тыдні па аўторках.

***

Першае паседжанне семінара адбудзецца 16 кастрычніка (аўторак).

Падворак (вул. Баграціёна, 39), Пачатак у 18-30.

Уваход вольны!

***

Універсітэцкі семінар — гэта галоўнае месца і сродак самаразвіцця Лятучага ўніверсітэта. Ён існуе з 2009 года, ў ім нараджалася сама ідэя Лятучага. Мэты семінара – аналіз і рэфлексія нашага руху, абмеркаванне ідэй і прапановаў па развіцці, фармаванне супольнасці дзеля паўстання Ўніверсітэта ў Беларусі.

***

Глядзіце па тэме:

Таццяна Вадалажская, Уладзімір Мацкевіч. Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць.

Таццяна Вадалажская. Змест адукацыі. Дык у чым праблема?

Таццяна Вадалажская. Інавацыйны час і мы.

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: