Восеньскія сустрэчы на Падворку

21 кастрычніка 2021

Сярэдзіна кастрычніка для жыхароў Падворка – час прыемных прыгатаванняў да свята. Цёплыя абдымкі, пах глінтвейну і восеньскіх  зёлак, цікавыя гутаркі ў сяброўскай атмасферы – часам сур’ёзныя, часам жартаўлівыя… Усім гэтым жыве наш Падворак кожны кастрычнік, пачынаючы з 2007 года. Выключэннем стаў толькі мінулы, 2020 –ы…

Здавалася б, сёлета абставіны яшчэ больш не спрыяюць таму, каб святкаваць: шмат хто з нашых сяброў быў вымушаны з’ехаць, хтосьці праходзіць як сведка, хтосьці – як падазраваны, шмат хто за кратамі, вось ужо больш за 2 месяцы ў няволі і адзін з гаспадароў Падворка- філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Але менавіта таму мы лічым проста неабходным аднавіць традыцыю восеньскіх Сустрэч, бо пачуццё сяброўскай падтрымкі, быццё разам, шчырыя словы – гэта тое, што ратуе нас сёння ад адчаю і дэпрэсіі, што натхняе нас заставацца тут і працягваць сваю справу, падтрымлівае нашу веру ў лепшае.

А таму, дарагія сябры, калегі, слухачы нашых лекцый і ўдзельнікі семінараў, нашыя партнёры, валанцёры, старыя і новыя знаёмыя! Запрашаем вас на 15-ы Дзень Народзінаў аднаго з самых цудоўных месцаў у Менску – Восеньскія Сустрэчы на Падворку.

Сёлета яны пройдуць у новым фармаце – назавем гэта “анлайнмарафонам” у Фэйсбуку.

23-га кастрычніка, напрацягу дня заходзьце на старонку самой падзеі са сваімі цікавымі гісторыямі і ўспамінамі з мінулых Сустрэч альбо іншых падзей, што ладзіліся на Падворку. Прыносьце з сабой свае вершы, песні, думкі, рарытэтныя фоты (а магчыма, і відэа), зычанні і словы падтрымкі, напішыце, чым цікавы альбо чым адметны для вас Падворак…

Новы фармат дазваляе пашырыць і колькасць запрошаных, і геаграфію, больш за тое, мы прапануем вам самім запрашаць да ўдзелу тых, з кім бы вы хацелі сустрэцца на нашым віртуальным Падворку. Так што смела бярыце ініцыятыву ў свае рукі.

Давайце разам зробім гэтыя Сустрэчы інтэлектуальна, эмацыйна, настраёва багатымі і смачнымі!

Пачынаем а 10.00!