Выстава «Колер Беларусі» едзе у Гродна!

28 апреля 2017

Цэнтр гарадскога жыцця #uCentry і арт-галерэя “Крыга” запрашаюць гарадзенцаў на ўнікальную выставу мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі». Адкрыцце выставы адбудзецца 2 траўня.

Выстава “Колер Беларусі” ладзіцца Лятучым універсітэтам і грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.

Што ёсць колер? Як выкарыстанне колераў фармуе і ўплывае на нашу ідэнтычнасць? Чаму мы, беларусы, упадабалі адныя і практычна не звяртаем увагі на іншыя колеры? Як выглядае палітра нашага беларускага асяроддзя? Чые каларыстычныя трэнды мы перанялі і як пераасэнсавалі? Гэта ёсць пытанні, адказы на якія нам дае беларускі мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў.

«Я даследую гісторыю і ролю колераў у беларускай культурнай традыцыі ці, калі быць дакладным, у тых культурных традыцыях, якія ўтваралі аснову для паўстання беларускай культуры і з’яўляюцца яе неад’емнымі часткамі», — кажа Міхал Анемпадыстаў пра тое, як узнікла ідэя выставы “Колер Беларусі”.

У Гродне на выставе можна будзе пабачыць аб’екты, якія з’яўляюцца носьбітамі ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі. Носьбіты гэтыя розныя. Некаторыя з іх архетыпічныя, а разам з тым, настолькі звычайныя, што мы перасталі звяртаць на іх увагу. Іншыя забыліся, зацерліся, зафарбаваліся пазнейшымі культурнымі напластаваннямі і чакаюць на сістэмнае, руплівае аднаўленне. Трэція маюць патрэбу ў дадатковым паясненні кантэкста, семантыкі і сэнсаў.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 2 траўня (аўторак), а 18.30 у супольнай выставачнай прасторы Цэнтру гарадскога жыцця і арт-галерэі “Крыга” па адрасе: Гродна, вул. Савецкая, 3.

__________________________________________________

Даведка «Лятучага»:

Выстава «Колер Беларусі» ладзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.

Міжнародны праэкт «CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement» рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь» (Лiтва).

Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:

Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);

Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);

Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);

Грамадскага аб’яднання «Цэнтр сацыяльных інавацый» (Мінск, Беларусь).

Беларуская частка праекта — «CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць» — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар