Запачаткавана прэмія імя Міхала Анемпадыстава

23 студзеня 2019

Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Саюзам дызайнераў ды Лятучым універсітэтам уганаруюць найлепшую вокладку да беларускай кнігі за папярэдні год прэміяй імя Міхала Анемпадыстава.

Першае ўручэнне пройдзе падчас фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». 

Распавядае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай:

– Нам вельмі хацелася пачаць канцептуалізацыю герояў нашага часу, тых людзей, якія стварылі шмат для той рэчаіснасці, у якой мы сёння жывем, для беларускай культуры. І таму вырашылі назваць прэмію за лепшую вокладку імем нашага сябра Міхала Анемпадыстава, які год таму сышоў з жыцця. Хацелася б, каб гэтая прэмія адзначала найлепшую вокладку не тольку з візуальнага пункту гледжання, але і наколькі гэтая вокладка адпавядае зместу кнігі, наколькі яна надае цэласнасці кнігі як прадукту.

Па задуме арганізатараў вылучаць лаўрэата мусяць тыя, хто добра разбіраецца і з візуальным складнікам, і працуе са словам. Склад журы прэміі яшчэ вызначаецца. Але ўжо вядома, што свой удзел у ім падцвердзілі Адам Глобус, Артур Клінаў, Васіліса Паляніна ды Юлія Цімафеева.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар