Запіс на курсы другога семестра ў “Лятучым”

16 студзеня 2018

Да 5 лютага Лятучы ўніверсітэт прымае заяўкі на адкрытыя курсы другога семестра.

На пачатку 2018 года мы прапануем комплекс курсаў, якія дазволяць паглыбіцца ў аналіз сучасных зменаў  у сацыяльным, палітычным і культурным жыцці, што звязаныя з імклівым тэхналагічным і інавацыйным развіццём.

Інавацыі актыўна, настойліва і, часцей за ўсё «не пытаючыся ў нас», змяняюць асяродак, ў якім мы жывем і дзейнічаем. З аднаго боку, яны ставяць новыя задачы і кідаюць выклікі ў самых розных сферах – права, ідэнтычнасць чалавека, сацыяльная справядлівасць, занятасць, чалавечыя адносіны і г.д. З іншага боку, кожная інавацыя мае наступствы, якія вельмі рэдка становяцца прадметам клопату, разважанняў або дзеянняў саміх інаватараў. У выніку, мы апынаемся непадрыхтаванымі да зменаў як у бліжэйшай, так і ў аддаленай будучыні. 

А як увогуле можна падрыхтавацца да непрадказальных зменаў? Падрыхтавацца – азначае, найперш, здольнасць бачыць, разумець і мець інтэлектуальныя і практычныя інструменты для дзеяння. Другая, не менш важная задача – гэта гуманітарная падрыхтоўка да камунікацыі і сустрэчы з Іншым. Прапанаваныя курсы – спроба разам з беларускімі мыслярамі і адмыслоўцамі рухацца да разумення сучасных працэсаў. 

Аб’ектам цікавасці стане сацыяльнае і гуманітарнае вымярэнне інавацыйных зрухаў, найперш, праз асваенне розных метадаў, моваў і падыходаў, праз якія мы можам працаваць з гэтамі з’явамі. Гэта – мова мастацтва, камунікатыўныя і герменеўтычныя практыкі, крытэры і прынцыпы для вылучэння праблемаў, метады праектавання. Гэта новыя сацыяльныя, эканамічныя  і філасофскія тэорыі, што даюць інструменты аналізу і дзеі. 

Прапанаваныя курсы  – гэта курсы першага  ўзроўню для слухачоў Лятучага ўніверсітэта. Ён працуе як прастора засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практык, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка. 

У другім семестры працягваюць сваю працу семінары “Майя”, “Блокчейн: філасофія і практыка”, “Клуб дылетанта”, таксама як Універсітэцкі і Метадалагічны семінар, паседжанні якіх абвяшчаюцца адмыслова і асобна.

Заяўкі прымаюцца да 5 лютага.

Усе  заняткі бясплатныя.

Заняткі  будуць праходзіць па вечарох у працоўныя дні.

Каб запісацца, трэба перайсці па спасылцы на абраны курс.

Па  дадатковых пытаннях можна звяртацца па адрасе: flyuniby@gmail.com