Жыццё пражытае наперад і зразуметае назад. Лекцыя

13 верасня 2017

Клуб вуснага гісторыка 22 верасня распачынае свой новы сезон сустрэчай з даследчыцай з Гамбургу Ульрыкай Юрайт, якая прачытае лекцыю “Жыццё пражытае наперад і зразуметае назад. Вусная гісторыя як крыніца гістарычных даследаванняў”.

Традыцыйная гістарычная навука доўга не магла спрацавацца з вуснай гісторыяй. Аднак, цяпер прыватны вопыт чалавека ўсё часцей і часцей становіцца прадметам даследавання гісторыка. Менавіта вусная гісторыя ператварыла «вопыт» з абывацельскага слова ў канцэпт пэўнага гістарычнага метаду.

Даследчык вуснай гісторыі працуе ў полі памяці, вопыту, узаемазалежнасці падзей і аповеду. Развагам пра важнасць гэтых частак, іх узаемадачыненнях ды ўзаемаўплыве будзе прысвечана лекцыя Ульрыкі Юрайт.

Акром таго, даследчыца закране цяжкія і пакуль да канца невызначаныя пытанні: чаму адны і тыя ж падзеі людзі ўзгадваюць па-рознаму? Чаму некаторыя падзеі адразу ўсплываюць у памяці, а іншыя застаюцца забытымі назаўжды? І чаму, урэшце, абставіны запісу ўспаміна могуць змяніць яго да непазнавальнасці?

Лекцыя будзе на нямецкай мове з перакладам на беларускую.

Сустрэча адбудзецца 22 верасня ў 18.30 у будынку Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.

Пра лектара:

Ульрыка Юрайт, Dr. phil., гісторык. У 1998 годзе абараніла доктарскую дысертацыю на тэму: «Заканамернасці памяці: метадалагічныя праблемы і біяграфічныя інтэрв’ю з выжылымі ў канцэнтрацыйных лагерах і лагерах смерці». Ад 2004 года з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Гамбургскага інстытута сацыяльных даследаванняў, была галоўным куратарам выставы «Злачынствы Вермахта. Памеры крывавай вайны» (2000-2004).

Цікавіцца сацыяльнай і культурнай гісторыяй ХІХ і ХХ стагоддзяў, сацыялагічнымі і гістарычнымі падыходамі да біяграфічных даследаванняў, палітычнай калектыўнасці, вуснай гісторыяй, даследаваннямі пакаленняў, культурай памяці і даследаваннямі памяці, прасторай як канцэпцыяй палітычнага парадку. Аўтарка шматлікіх манаграфій, артыкулаў і лекцый.

Падзеі:
Тэмы: