Пасля будучыні: медыя-бум і новыя вымярэнні сацыяльнага

 

Максім Жбанкоў, беларускі культуролаг, кінакрытык, журналіст, кандыдат філасофскіх наук

 

 

Курс прызначаны для разбору і асэнсавання пост-пост-мадэрнага грамадства як генератара новых сацыяльных практык і светапоглядных матрыц. Падставовая працоўная гіпотэза палягае на тым, што наяўны крызіс рацыянальнага мыслення спараджае як дэвальвацыю традыцыйных каштоўнасцяў, так і варыятыўнасць іх крэатыўнага пераасэнсавання праз ментальны рэмікс фрагмэнтаў культурных традыцый.

У гэтым кантэксце найбольш адэкватнымі мовамі “культуры зрухаў” непазбежна робяцца некласічныя фарматы творчага выказвання – прамаўленне на мяжы “высокага” і “нізкага”, глабальнага і лакальнага, тутэйшага і запазычанага. Сутнасць пераменаў лепш за ўсё бачна праз сведчанні сучаснікаў ды саўдзельнікаў – галасы супольнага падсвядомага, “экранізацыяй” якога заўсёды займалася і займаецца мастацтва.

Інфармацыйныя войны, гарадскія плямёны, фэйсбучызацыя свядомасці, смерць традыцыйных медыяў, трыюмф постпраўды, мутацыі культурнай ідэнтычнасці і  трансфармацыі нацыянальнага – усё гэтыя рысы новай эпохі дакладней адбіваюцца не ў тэарэтычных даследаваннях, а ў медыйных тэкстах новай генерацыі: фільмах, серыялах, відэаблогах, канцэптуальных поп-трэках, сеткавых подкастах ды калумністыцы.

Сэнс курса – у супольнай працы з актуальным поп-медыя-матэрыялам.

Мэта – лепш зразумець парадаксальную мазаічнасць сучаснага культур-працэсу.

Звышмэта – адшукаць у ёй сваё месца. 

Колькасць заняткаў: 8

Калі: 19:00, па аўторках, раз на два тыдні

Пачатак: 20 лютага

ЗАПІСАЦЦА НА КУРС