Што такое Лятучы ўніверсітэт?

Лятучы ўніверсітэт — ініцыятыва па стварэнні ў Беларусі прасторы і асяродку, дзе жыве і культывуецца вольнае мысленне, гэта рух да сучаснага Універсітэта ў Беларусі і для Беларусі

З восені 2009 года пачаўся штотыднёвы семінар з абмеркаваннем сучасных накірункаў развіцця ідэі Універсітэта. Наступным крокам стала арганізацыйна-дзейнасная гульня «Распрацоўка праграмы і стратэгіі стварэння Універсітэта ў сучаснай Беларусі», якая адбылася ўвесну 2010 года. На ёй былі “прайграныя” асноўныя праблемныя месцы стварэння Універсітэта ў Беларусі, сярод якіх: устаноўка на аўтаномію Універсітэта, магчымасць арганізацыі супольнага мыслення і роля Універсітэта ў фармаванні беларускай нацыі.

Увосень 2011 года была абвешчана і распачата першая гадавая праграма Лятучага ўніверсітэта. Яна змяшчала 15 адукацыйных курсаў, семінараў і школ, цыкл публічных лекцый «Urbi et Orbi», публічныя дыскусіі, канферэнцыю і летнік.

Сёння Лятучы ўніверсітэт мае ў архіве больш за дзясяткі курсаў і школ выбітных беларускіх мысляроў, унікальныя па фармаце штогадовыя летнікі, семінары, канферэнцыі, кнігі, даследаванні, а таксама каля сотні публічных падзей у Мінску, Магілёве, Віцебску, Гародні і Берасці.

 Якім мы бачым Універсітэт, да якого імкнемся?

  • Гэта прастора, дзе культывуецца і развіваецца мысленне, дзе канцэнтруюцца людзі і ідэі, дзе існуе крытыка, пошук, праблематызацыя.
  • Гэта месца, дзе думаюць Беларусь, імкнуцца яе ведаць і ствараць, дзе фармуецца і ўмацоўваецца беларуская нацыя.
  • Гэта асяроддзе, у якім паўстае нацыянальная эліта — людзі, здольныя арганізаваць мысленне і дзеянні па вырашэнні праблем нацыянальнага маштабу.
  • Гэта пляцоўка сучаснай адукацыі, якая дае магчымасць не проста ведаць, а быць су-часным імкліваму свету.

Мы не імкнемся да фармальнага стварэння ўстановы ці атрымання афіцыйнага статусу. Лятучы ўніверсітэт — гэта жывы, творчы працэс, гэта супольнасць, вольная ад зацвярдзелых форм. Гэта гульня як форма сумеснага авалодання светам — мінулым, будучым і сучаснасцю, — праз якую паўстае новая рэчаіснасць.

Прастора Лятучага ўніверсітэта складаецца з розных форм супольнага мыслення і інтэлектуальнай працы: публічных лекцый і дыскусій, адукацыйных курсаў і семінараў, канферэнцый, праектных сесій, летнікаў, даследчых праектаў, школ і майстэрняў, навуковых падарожжаў і шмат іншага.

Гэтая прастора прынцыпова адкрытая: тут кожны ўдзельнік самастойна пракладае асабістую траекторыю; тут няма дыпломаў ці пасведчанняў, а таксама заданых звонку «адукацыйных праграм»; тут няма абмежаванняў ва ўзросце, адукацыі і сацыяльным статусе ўдзельнікаў. Адзіным крытэрыем прысутнасці і руху па прасторы з’яўляецца самавызначэнне ў шляху і гатоўнасць да мыслення.