Праекты

Навуковыя вандроўкі 

— адмысловая форма лекцыйна-дыскусійнага вывучэння Беларусі, праблем краю, яго гісторыі і сучаснасці. Навуковыя вандроўкі пачаліся ў 2012 годзе і праз нейкі час атрымалі назву «Трэцяя беларуская праўда», паколькі звычайна імкнуцца знайсці Беларусь і сябе сярод іншых інтэпрэтацый і «чужой гісторыі». Пад кіраўніцтвам выбітных мысляроў і выдатных краязнаўцаў зацікаўленыя збіраюцца ў вандроўкі, прысвечаныя той ці іншай тэме: «У пошуках ідышу», «Месцы шматпакутнай памяці», «Вера Беларусі», «Малы хадж на Захад» і г.д. Цягам вандроўкі «праваднікі» прапануюць сваё ўяўленне праблемы і тэмы, дадаюць да яе разгортвання магчымасць пабачыць на свае вочы і дакрануцца да рэальнасці, звязанай з тэмай. Праваднікамі вандроўшчыкаў за гэтыя гады сталі: Ірына Дубянецкая, Сяргей Харэўскі, Міхал Анемпадыстаў, Ганна Сідаровіч, Цімох Акудовіч, Сяргей Верамейчык і Алесь Жамойцін, Русціс Камунтавічус.

Зараз навуковыя вандроўкі сталі самастойным праектам, які мае сваю супольнасць і праграму  

 

Даследчы праект «Дэсаветызацыя ў кантэксце трансфармацыі беларускага грамадства» (2012) стаўся працягам і развіццём праграмы Культурнай палітыкі, якую больш як за 20 гадоў рэалізуе беларуская метадалагічная супольнасць. Даследаванне тычылася аналізу прычын крызісу дэмакратычных трансфармацый у нашым рэгіёне і працэсаў дэсаветызацыі ў розных сферах. «Савецкае ўжо не ёсць ідэал, да якого імкнуцца, і не ёсць ідэальнае зло, ад якога пазбаўляюцца. Савецкае існуе як прысутнае тут і цяпер, але яно выслізгваецца, як толькі мы спрабуем пачаць з ім працаваць», — такім чынам пазначыў праблему сучаснай сітуацыі і неабходнасць даследавання кіраўнік праекту Уладзімір Мацкевіч. Даследчыкі закранулі пытанні барацьбы з іншадумствам і феномена «забароны на прафесію», характэныя рысы афіцыйнай культуры святаў, савецкай спадчыны ў беларускай навуцы і адукацыі, а таксама характерыстыкі новых спосабаў аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны ў вобразе гарадоў і прадпрыймальніцтва ў сельскай мясцовасці. Вынікі даследавання сабраныя ў кнігу «Дэсаветызацыя ў кантэксце трансфармацыі беларускага грамадства», якая пабачыла свет у 2012 годзе.

 

Даследчы праект «Дажынкі ў трансфармацыі культурнага ландшафту беларускіх гарадоў» (2012) быў пабудаваны на серыі экспедыцый у гарады, якія станавіліся сталіцамі «Дажынак» цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Даследаванне было накіравана на аналіз уздзеяння фестывалю-ярмаркі «Дажынкі» на шэраг аспектаў жыцця беларускіх гарадоў, аб’яднаных паняццем «культурны ландшафт»: арганізацыя прасторы горада, культурная ідэнтычнаць і гістарычная памяць, спадчына, якасць і лад жыцця, уяўленні жыхароў пра сябе і свой горад, стэрыятыпы і медыяэфекты фармавання культурнай прасторы. Убачаная праз гэтыя оптыкі практыка святкавання «Дажынак» дала магчымасць сфармуляваць высновы адносна розных аспектаў рэалізацыі культурнай палітыкі ў Беларусі. Кіраўніком даследчай групы быў Сцяпан Стурэйка.

 

«Вулічны ўніверсітэт» (2014).

У межах Мінскага форума вулічных тэатраў Лятучы ўніверсітэт прадставіў сваю праграму адкрытых лекцый, дыскусій і майстар-класаў. У іх абмяркоўваліся сувязі горада і тэатральнага майстэрства, разглядалася мастацтва перфомансу і звароту да публікі ў кругазвароце паўсядзённасці. Уздымаліся з гісторыі формы беларускага вулічнага тэатра і рэфлексаваліся сувязі паміж старажытным тэатрам і працэсам узнікнення мыслення. У праграме ўзельнічалі філосафы і мастацтвазнаўцы, адмыслоўцы ў тэатральнай сферы і гісторыкі: Аляксандр Сарна, Дзмітрый Масцяніца, Фларыяна Габер, Ігар Духан, Ганна Выгонная, Уладзімір Мацкевіч, Сяргей Харэўскі.

 

Візуальныя вобразы гістарычнай памяці (2014).

У супрацоўніцтве з Беларускай філасофскай прасторай і выдвецтвам «Эканомпрэс» у жніўні 2014 года Лятучы ўніверсітэт зладзіў выставу «Вялікае княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах». Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта візуальная машына часу, якая дазваляе нам вандраваць па розных эпохах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Ладзячы выставу, мы прапанавалі паглядзець на старажытныя геаграфічныя мапы Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету і паспрабаваць убачыць сябе ў іншым гістарычным ракурсе і масштабе, акунуцца ў свет вобразаў і дыскусій, якія могуць падштурхнуць нас да пераасэнсавання сваіх уяўленняў пра «межы» Беларусі. Да выставы былі прымеркаваныя дзве дыскусіі: «Дзе ў Сусвеце плыве Беларусь?..» і «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння».

 

«Год беларускага мыслення» (2015-2016).

Наш клопат — беларускае мысленне, а яно не ўзрастае на пустым месцы, яно перадаеца ад чалавека да чалавека. Таму мы звярнуліся да аднаўлення беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Пакуль што імёны сваіх мысляроў, іх ідэі і канцэпты вельмі слаба ўсвядомлены і запазычаны ў культуру і ідэнтычнасці беларусаў. Між тым, яны з’яўляюцца падмуркамі і крыніцай разумення культурай самой сябе, спробамі ўгледзіцца ў сваё мінулае і будучыню, складнікам самастойнага еўрапейскага мыслення, умовай самаасэнсавання і развіцця. Кампанія «Цытуй сваё», распачатая ўвесну 2015 года, мае за мэту актуалізацыю найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання ды асэнсавання прамоўленага і заспяванага. Кампанія ладзілася разам з шырокім колам партнёраў: «Будзьма беларусамі!», «ЕўраБеларусь», Беларускі калегіюм, Беларускі саюз дызайнераў і «Мова Нанова».

 

У рамках гэтага амбітнага праекту разам з Беларусім калегіюмам ствараецца «Анталогія сучаснага беларускага мыслення», першы том якой выйшаў у 2004 годзе і ахоплівае першае дзесяцігоддзе незалежнасці краіны. Другі том будзе рэпрэзентаваць жывую беларускую думку пачатку ХХІ стагодзя.