Праграма 2017-2018

Арганізацыя адукацыйнага працэсу і прасторы ў Лятучым універсітэце базуецца на ўласных распрацоўках зместу сучаснай адукацыі і «ўніверсуму ведаў».

З 2016 года працуюць два ўзроўні адукацыі ў Лятучым універсітэце.

Першы ўзровень:  слухачы Лятучага ўніверсітэта

адкрытая прастора засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практык, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.

Для каго? Для ўсіх, хто шукае новых сэнсаў, мае пытанні і праблемы, гатовы да зменаў у сабе і ў свеце. Узрост, адукацыя і прафесія не маюць абмежаванняў. Здольнасць да ўдзелу вызначаецца гатоўнасцю да супольнага мыслення і адпаведнасцю ўзроўню, які задае выкладчык.
Як патрапіць? Трэба падаць заяўку на абраны вамі курс (па адмысловай спасылцы). З вамі звяжацца адміністратар, каб праінфармаваць аб раскладзе. Падаць заяўкі можна на любую колькасць курсаў, пры гэтым разлічваючы свае фізічныя і інтэлектуальныя сілы і магчымасці.
Што ў выніку? Вы не атрымаеце дыпломаў ці пасведчанняў па заканчэнні курсаў. Але вы зможаце знайсці Настаўніка ці “сваё кола”. Гэтая праца можа стаць важным крокам у вашай жыццёвай ці адукацыйнай траекторыі. Тое, што вы атрымаеце – ёсць Ваш здабытак і залежыць ад вашай адказнасці і магчымасці скарыстацца ўмовамі і асяродкам для развіцця.

У 2017-2018 годзе  Лятучы ўніверсітэт прапануе наступныя курсы першага ўзроўню:

Першы семестр

 “Сучасная сацыяльная крытыка і аналіз” Ігар Падпорын

 “Інстытуты мыслення: цыкл жыцця ідэй і іх функцыянаванне ў грамадстве” Уладзімір Мацкевіч

 “Тэхнікі сімвалічнай інтэрпрэтацыі: грунт дыскурс-аналіза”  Аляксандр Сарна, Павал Баркоўскі

“Адкрытыя дадзеныя ў 7 пытаннях” Аліна Радачынская 

 “Тэорыя зменаў”: інстытуты, супольнасці і паўсядзённасць” Тацяна Вадалажская, Андрэй Ягораў

 “Цывілізацыйная і культурная спадчына Візантыі” Алег Дзярновіч


Другі семестр:

Пасля будучыні: медыя-бум і новыя вымярэнні сацыяльнага. Максім Жбанкоў

Трансфармацыя чалавечага самаразумення ў эпоху біятэхналогій. Тацяна Шчытцова

Чатыры сустрэчы з Іншым: ключавыя ракурсы сучаснага дыялагізма. Зміцер Майбарада

Псіхааналіз і палітыка. Галіна Русецкая 

Школа Бібліі: герменэўтыка базавых тэкстаў культуры. Ірына Дубянецкая 

Институционализм в экономике, праве, истории и политике. Аляксей Пікулік 

Сучасныя тэорыі суб’ектаПавал Баркоўскі, Ігар Падпорын, Аляксандр Сарна, Галіна Русецкая.


Усе  заняткі бясплатныя 

Заняткі  будуць праходзіць па вечарох у працоўныя дні

Па  дадатковых пытаннях можаце звяртацца па адрасе: flyuniby@gmail.com   


Другі ўзровень: Школы Магістраў Гульні

Гульня – спосаб пабудовы чалавекам свету, стварэння культуры, мыслення і дзеяння. Гэта сучасная форма арганізацыі мыслення, у якой пераадольваецца разрыў паміж тэорыяй і практыкай, здымаюцца праблемы падзелу на навуковыя дысцыпліны і эклектычнасць міждысцыплінарных штудый, вырашаюцца пытанні няспыннага росту ведаў і немагчымасці чалавека знайсці арыенціры і падмуркі для мыслення і дзейнасці ў сучасным свеце.

Школы Магістраў Гульні ствараюць дадатковую ступень у структуры адукацыі Лятучага ўніверсітэта, якая разлічана на супольную інтэлектуальную працу невялікіх групаў у шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі.

Для каго? Кожная Школа вызначае сваё кола адмыслоўцаў, якім прапануецца “прасунуты” узровень і супраца ў вызначаным накірунку. Агульнымі патрабаваннямі з’яўляюцца: амбіцыі і развітае ўяўленне, каб ствараць новыя сэнсы і практыкі; устаноўка “Думаць Беларусь” (накіраванасць на “практыку мыслення” і “практычнае мысленне”); прыняцце ідэяў і прынцыпаў супольнага стварэння новага Універсітэта.
Як патрапіць? Школы пачалі сваю працу з  студзеня 2016-га і разлічаны на два з паловай гады (па травень 2018-га года).  Школы ужо сфармавалі свой шлях, стыль мыслення і адмысловую супольнасць. Да некаторых з школ Вы можаце яшчэ далучыцца  ў гэтым годзе. Для гэтага трэба падаць заяўку і прайсці сумоўе з кіраўніком школы.
Што ў выніку? Заканчэнне Школы будзе адзначацца стварэннем  індывідуальнай ці групавой працы, якая прадэманструе здольнасць да самастойнай творчай інтэлектуальнай практыкі і дазволіць чальцам калегіюма Лятучага ўніверсітэта назваць выпускнікоў калегамі. У выніку паспяховага заканчэння Школы выпускнікам будзе нададзены тытул “Магістар Гульні”.

ШКОЛА ГІСТОРЫІ ІДЭЙ арыентавана на выбудову інтэлектуальнага кантэксту, звязкі традыцыі і сучасных умоваў мыслення на памежжы гісторыі філасофскай думкі, інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.  Кіраўнік Школы – Ігар Бабкоў.

МЕТАДАЛАГІЧНАЯ ШКОЛА прапануе засваенне, развіццё і практыкаванне сучасных формаў супольнага мыслення і выбудовы будучыні праз практыку і развіццё ідэяў.  Кіраўнікі Школы – Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская.  

ШКОЛА ВКЛ звернецца да спадчыны, каб пераўтварыць веды пра мінуўшчыну ў актуальны жывы падмурак цяперашняга самаразумення, культуры і пабудовы будучыні. Кіраўнік Школы – Алег Дзярновіч.

ШКОЛА САЦЫЯЛЬНА-ФІЛАСОФСКАЙ АНАЛІТЫКІ паглыбіцца ў выбудову сацыяльнага ўяўлення пра беларускае грамадства, стварэнне тэкстаў, у якіх схопліваецца сучаснасцьАрганізатары Школы – супольнасць “Беларускай Філасофскай прасторы”