500-годдзе беларускай ідэнтычнасці

15 студзеня 2017

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пабывала ў сталічным Палацы мастацтва, дзе прайшоў Скарынаўскі форум з удзелам скарыназнаўцаў, гісторыкаў, мовазнаўцаў, літаратараў, мастакоў.

“Для кагосьці 2017 – год пеўня, а для нас, беларусаў, гэта год Скарыны і беларускай Бібліі”, – зазначыў арганізатар форуму мастак Мікола Купава.

“Па вялікім рахунку, гэта год 500-годдзя беларускай ідэнтычнасці, – сказала доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая. – Францыск Скарына паставіў дату 6 жніўня 1517 года на сваю кнігу, якую выдаў у Празе. Даты на кнігах не ставілі ні да Скарыны, ні пасля – гэта не было прынята. Значыць, Скарына адразу зрабіў вельмі моцны пасыл, нейкую вестку, заключаную ў самой гэтай даце. 6 жніўня – адно з самых вялікіх хрысціянскіх нерухомых святаў года (што было выдатна прачытана ўсімі сучаснікамі Скарыны) – свята Перамянення. Такім чынам Скарына абвяшчае перамяненне, пачатак чагосьці новага, што ён тлумачыць у сваіх прадмовах”.

Скарына робіць гэта для свайго народа ў той час, калі Біблія з’яўляецца падмуркавым тэкстам заходняй цывілізацыі і яшчэ практычна не перакладаецца на нацыянальныя мовы, звярнула ўвагу Ірына Дубянецкая. Скарына стварае магутны імпульс для фармавання сваёй краіны.

Доктар сакральнай тэалогіі распавяла, якое значэнне мелі пераклады Бібліі ў культуратворчым і нацыятворчым працэсах у Еўропе. Напрыклад, дзеля перакладаў на розныя мовы часта даводзілася вынаходзіць алфавіты для народнасцяў, якія на іх размаўляюць. Грузіны і цяпер карыстаюцца тым самым алфавітам, прыдуманым менавіта дзеля перакладу Святога Пісання. Апроч таго пераклады станавіліся падмуркам для кансалідацыі новых ідэнтычнасцяў. І для Беларусі гэта асабліва важна, бо скарынаўскі пераклад быў першым аўтарскім перакладам, які апярэдзіў Марціна Лютара і іншых еўрапейскіх асветнікаў. Важна і тое, што, у адрозненне ад іншых, Скарына рабіў пераклады менавіта ў нацыятворчых мэтах, перакананая Ірына Дубянецкая.

Пасля Скарыны часткова Святое Пісанне перакладае Васіль Цяпінскі, але да канца ХVІІ стагоддзя прадаўжальнікаў гэтай справы ў Беларусі не знаходзіцца. А далей, па словах выступоўцы, адбываецца “цывілізацыйны кульбіт”: у ХVІІ стагоддзі да перакладу вяртаюцца, але за аснову для яго бяруць ужо польскі варыянт Святога Пісання. Скарына і яго паслядоўнікі забытыя.

Зноў перакладаць Біблію на беларускую спрабуюць цягам усяго ХХ стагоддзя, але бяда ў тым, што амаль ніводзін з перакладаў не робіцца з мовы арыгіналу, не даводзіцца да дасканаласці і не завяршаецца.

“З недаперакладзенай Бібліі вынікае недафармаваная свядомасць. Але на гэты цягнік мы ўжо спазніліся: цяпер Біблія ўжо не адыгрывае такой ролі. Аднак калі культура не засвоіла асноўны тэкст заходняй цывілізацыі, яна ніколі не зможа інтэгравацца ў гэтую цывілізацыю і будзе заставацца на выселках”,  – падсумавала Ірына Дубянецкая.

Падчас форуму прагучалі выступы Адама МальдзісаЛеаніда ЛычаАлеся РазанаваАлеся Жлуткі і іншых даследчыкаў. Першая імпрэза, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, аказалася не надта шматлюднай, але ў нас наперадзе яшчэ цэлы год, каб працягнуць справу Скарыны і зацвердзіць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, годна адзначыўшы слаўную дату нашай гісторыі.

Поўны тэкст рэпартажа можна пачытаць тут.