Андрэй Аляксандраў: Беларускае грамадства фактычна не аплочвае айчынную журналістыку

18 снежня 2014

Алена Барэль, ЕўраБеларусь

У Беларусі дзяржаўныя СМІ фінансуюцца за кошт бюджэту, а незалежныя абапіраюцца на падтрымку з-за мяжы. Вынікае, што беларускае грамадства фактычна не аплочвае айчынную журналістыку.

“Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?” – адкрытая лекцыя на гэтую тэму ад беларускага журналіста, даследчыка медыясферы Андрэя Аляксандрава адбылася ў крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” у Мінску 17 снежня.

Сустрэча са слухачамі і далейшая цікавая дыскусія адбыліся ў межах цыкла “Галоўнае пытанне”. Нагадаю, что ў  “першым сезоне” адкрытых лекцый цягам верасня-кастрычніка пра “Галоўнае пытанне” разважалі сябры калегіума Лятучага ўніверсітэта – інтэлектуалы, навукоўцы, даследчыкі, а зараз да ўдзелу запрошаныя прадстаўнікі адной з самых дынамічных і праблемных сфераў сучаснасці – СМІ.

Сёння, у час новых медыя і панавання інтэрнэта, традыцыйная бізнэс-мадэль навіновых медыя руйнуецца. Паўстае пытанне: хто і якім чынам будзе аплочваць якасную і незалежную журналістыку? Узнікаюць і апрабоўваюцца новыя бізнэс-мадэлі, аднак яшчэ ніхто не знайшоў выйсця для ўратавання журналістыкі.

Асаблівасці медыйнага рынку Беларусі робяць праблему яшчэ больш вострай. Дзяржаўныя СМІ фінансуюцца за кошт бюджэту і адміністратыўнага рэсурса, у той час як недзяржаўныя часта абапіраюцца на замежную падтрымку.

У выніку складаецца ўнікальная сітуацыя: беларускае грамадства фактычна не аплочвае беларускую журналістыку.

Што ёсць “якасная журналістыка”? Ці магчыма ўжываць у Беларусі мадэлі манетызацыі навіновых СМІ, якія зараз апрабоўваюцца на Захадзе? Ці ствараюць беларускія журналісты кантэнт, за які можна плаціць? Ці маюць адказнасць журналісты Беларусі перад грамадствам, ад якога чакаюць “аплаты” сваёй працы? На шэраг пытанняў шукаў адказы Андрэй Аляксандраў.

– Лічбавыя тэхналогіі пазбавілі сродкі масавай інфармацыі магчымасці карыстацца абмежаванасцю рэсурсаў, так бы мовіць. Яны знішчылі гэтую абмежаванасць. І праз гэта медыі згубілі сваю выгоду.

Сёння па дадзеных Сусветнай газетнай асацыяцыі 2,5 мільярды чалавек у свеце рэгулярна чытаюць газеты і больш за 800 мільёнаў чытаюць газеты на лічбавых носьбітах. Спажыўцы газет ёсць. Але сутнасць у тым, што сышла рэклама, то бок друкаваныя СМІ згубілі ранейшую магчымасць зарабляць на яе продажы.

Цяпер кампанія Google, здаецца, зарабляе амаль палову сусветнага бюджэту рэкламы онлайн. Восем-дзевяць гадоў таму амерыканскія газеты і часопісы мелі вельмі значны рэкламны бюджэт. А ў 2012 годзе адна кампанія Google зарабіла значна больш, чым усе амерыканскія газеты і часопісы разам узятыя.

Гэта паказвае ўзровень катастрофы, якую індустрыя друкаваных СМІ перажывае ў фінансавым плане. Тэлебачанне захоўвае сваю долю ў сусветным рэкламным бюджэце – каля 40%, а інтэрнэт штогод забірае ўсё большы аб’ём рэкламных грошай.

У свеце з’явілася шмат кампаній, якія прыдумляюць, як зарабляць грошы ў новых умовах. Прывяду некалькі прыкладаў стратэгічных падыходаў да бізнес-мадэляў, якія папулярныя ў свеце. Адна з мадэляў – гэта падпіска на выданні. Зараз яна мае некалькі варыянтаў. Адны газеты могуць чытаць онлайн толькі тыя падпісчыкі, якія заплацілі грошы. Гэта сістэма ўжо не новая для манетызацыі вэб-сайтаў.

Яшчэ адна мадэль – знакаміты прыклад выдання The Times. Наведвальнікам сайту дазваляюць чытаць пэўную колькасць матэрыялаў бясплатна, а калі хочаце чытаць больш, мусіце падпісацца. Шмат якія медыя пачалі ўжываць гэтую сістэму. Прыклад The Times натхніў шмат каго з выдаўцоў, бо ён разбурыў міф пра тое, што людзі не любяць плаціць за кантэнт онлайн, і што на гэтым не заробіш грошы. Сёння The Times мае амаль мільён чытачоў, якія плоцяць за кантэнт.

Ёсць мадэль, якая асабіста мне вельмі падабаецца, называецца Piano (піяніна), якую прыдумала кампанія са Славакіі. Яе сутнасць у тым, што падпіска – не на адно выданне, а адразу на некалькі.
Яна працуе ў Славакіі і ў Польшчы, тая ж Gazeta Wyborcza дамовілася з іншымі выданнямі. Piano дазваляе зарабляць грошы на ўнікальным кантэнце і прымушае індустрыю дамаўляцца паміж сабой. Вырашае тую праблему, што ўсе СМІ перадрукоўваюць адзін у аднаго матэрыялы, як адбываецца ў Беларусі.

Існуе мадэль краудфандынга – гэта хадзіць па свету з шапкай, каб назбіраць грошай на нейкі праект. Самы ўдалы праект, які наўпрост узарваў інтэрнэт – сайт пра навуку і тэхналогіі. Яго стварылі два журналісты. За дзевяць дзён яны назбіралі 100 тысяч даляраў праз інтэрнэт. Там толькі класныя артыкулы ды інтэрв’ю і няма ніякай рэкламы.

Рэальна, што са сродкаў звычайных карыстальнікаў інтэрнэта можна фінансаваць журналістыку – плаціць ім за тое, каб яны стваралі якасны кантэнт.

Ва ўсіх гэтых новых бізнэс-мадэлях ёсць пэўная філасофія. Скажу шчыра, што яшчэ ніхто не прыдумаў адзіную вектарную і правільную бізнэс-мадэль, якая б дазваляла гарантаваць журналістам зарабляць ў інтэрнэце на якасных матэрыялах.

Паспяховыя медыя зараз ствараюць інфармацыйныя платформы, якія выкарыстоўваюць СМІ. Яны прапануюць нейкі класны кантэнт. Зараз даволі паспяхова гэтыя платформы працягваюць ужываць нішавыя выданні, паколькі працуюць з пэўнай аўдыторыяй.

Ёсць сервісы, якія дазваляюць чытачу аддзячыць аўтару цікавага артыкула ці выданню грошамі. Такі сервіс працаваў у Расіі на сайтах незалежных медыяў, што не вельмі пасавала ўладзе, і яго зачынілі. Усе ведаюць гісторыю телеканала “Дождж”, які гледачы падтрымліваюць грашыма.

Што адбываецца ў нашай медыйнай прасторы? Прыгадаю лекцыю Паўлюка Быкоўскага. Апошнія даследванні паказваюць, што ў Беларусі таксама падаюць наклады газетаў праз пранікненне інтэрнэта, у якім ствараецца ўсё больш крыніцаў, адкуль людзі чэрпаюць інфармацыю.  

Палова краіны сядзіць у інтэрнэце, але што яна там робіць? На жаль, няшмат хто заходзіць на сайты медыяў і чытае навіны, аналітыку і гэтак далей. Сярод самых папулярных у Беларусі сайтаў дамінуюць расійскія, што зразумела – з-за расійскай мовы.

дмыслова людзі не заходзяць на сайты навінаў. Яны могуць зайсці на Mail.ru ці на Yandex, пабачыць ленту навінаў і скарыстацца навіновымі навігатарамі. Ахоп навіновых сайтаў не перавышае 5-6% ад колькасці ўсіх наведванняў. Прэсе трэба мець на ўвазе, што  ёсць пытанні па аўдыторыі.

З чэргаў прычынаў палітычнага кшталту прысутнічае яшчэ адна цікавостка: фактычна беларускае грамадства не аплочвае беларускую журналістыку. Дзяржаўныя СМІ фінансуюцца дзяржавай, а незалежныя СМІ карыстаюцца знешнімі крыніцамі фінансавання. І ёсць лічаныя кампаніі ў Беларусі, якія з’яўляюцца недзяржаўнымі і функцыянуюць як паўнавартасныя СМІ.

Можна казаць пра высокую місію беларускай журналістыкі, якая нясе ў грамадства праўду пра тое, што адбываецца ў краіне. Але насамрэч гэтая журналістыка не мае ніякага механізма справаздачы перад грамадствам.

А ці ствараюць беларускія медыя якасны кантэнт, за які б варта было плаціць? Хто і як вызначае гэтую якасць? Я б хацеў скарыстацца гэтымі пытаннямі для распачатку дыскусіі.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар