Андрэй Казакевіч: Кангрэс выконвае значную ролю ў кансалідацыі даследаванняў Беларусі

28 августа 2017

15 – 17 верасня 2017 года ў Варшаве пройдзе Сёмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Раней галоўная беларуская акадэмічная падзея года праходзіла напачатку кастрычніка ў літоўскім Коўне. Пра арганізацыйныя змены і актуальныя тэмы ды адметнасці сёлетняга Кангрэсу Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”распавёў дырэктар Інстытута “Палітычная сфера”, які выступае арганізатарам форума, Андрэй Казакевіч.

– Змена месца звязана з жаданнем Арганізацыйнага камітэта надаць Кангрэсу новую дынаміку, уключыць у працу новых людзей, выйсці на новую аўдыторыю. Верагодна, месца правядзення будзе мяняцца кожны год. Сёлета выбар паў на Варшаву, бо менавіта ў гэтым горадзе мы маем вялікую колькасць зацікаўленых акадэмічных асяродкаў. У Польшчы ў прынцыпе вельмі актыўна займаюцца даследваннем Беларусі, існуе шырокая супольнасць людзей, якія цікавяцца беларускай гісторыяй, культурай, мовай, палітыкай, грамадствам.

Змена часу правядзення Кангрэсу выцякала са змены месца: у Польшчы навучальны год пачынаецца 1 кастрычніка, таму ў сярэдзіне верасня зручней правесці такую вялікую навуковую канферэнцыю і выкарыстоўваць інфраструктуру ўніверсітэтаў. 

 Адсюль вынікае, што сёлета ў Кангрэсе возьмуць удзел больш польскіх даследчыкаў?

– Так, мы чакаем значна большую колькасць польскіх даследчыкаў. Хаця варта адзначыць, што і так яны вельмі актыўна ўдзельнічалі  ў працы Кангрэса.

– Сёлета ў форума з’явіліся новыя партнёры?

– Сапраўды, адбыліся значныя змены. Асноўным акадэмічным партнёрам у нас выступіў варшаўскі ўніверсітэт Collegium Civitas. Таксама да арганізацыі далучылася кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту, Інстытут славістыкі Акадэміі навук Польшчы, шэраг грамадскіх арганізацый, у прыватнасці, Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр. Мяняецца і склад інфармацыйных партнёраў: сёлета да іх кола далучыліся  “Радыё Рацыя”, Беларуская служба “Польскага радыё” і тэлеканал “Белсат”.

Андрэй Казакевіч і Рустіс Камунтавічус падчас аднаго з папярэдніх Кангрэсаў

– Якія тэмы стануць асноўнымі падчас працы форума?

– У Кангрэсе плануецца ўдзел больш за 600 даследчыкаў па абсалютна розных дысцыплінах – ад эканомікі да лінгвістыкі, – і аб’яднаць іх пад агульнай тэмай практычна немагчыма. Хаця для гэтага года характэрны і пэўны тэматычны фокус, звязаны з дзвюма юбілейнымі датамі з гісторыі Беларусі. Першая – гэта камуністычная рэвалюцыя 1917 года і ўвогуле падзеі, звязаныя з рэвалюцыямі, гвалтам, войнамі ў беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, з досведам камунізма і таго, як ён паўплываў на беларускае грамадства і культуру. Гэтая тэма будзе ўздымацца падчас працы некалькіх секцый, на пленарным пасяджэнні Кангрэса і ў некалькіх дыскусіях. Акрамя гэтага сёлета адзначаецца юбілей выдання Скарынаўскай Бібліі ў 1517 годзе, і гэтай тэме таксама будзе прысвечана праца некалькіх секцый і панэляў. Прычым не столькі ў кантэксце асобы Скарыны і яго дзейнасці, колькі ў сумежных тэмах. Будзе разглядацца праблема перакладаў на беларускую мову, у прыватнасці, перакладаў Бібліі, праблема пісьмовай і літаратурнай  традыцыі  Беларусі, феномен эпохі Адраджэння ў Вялікім княстве Літоўскім, яе значэнне для гісторыі і сучаснай беларускай культуры і грамадства і г. д.

Таксама будуць закранацца і актуальныя тэмы, у прыватнасці, пытанні бяспекі ў нашым рэгіёне, асабліва ў кантэксце вучэнняў “Захад-2017”, бо гэтая падзея вельмі турбуе нашых суседзяў у Літве, Польшчы і Украіне. Будуць панэлі, прысвечаныя эканамічнаму развіццю Беларусі, інфармацыйнаму ўплыву Расіі на постсавецкай прасторы (у прыватнасці, у Беларусі), а таксама іншым аспектам сучаснага сацыяльна-палітычнага жыцця не толькі нашай краіны, але і рэгіёна.

– Якое значэнне мае Кангрэс даследчыкаў Беларусі для рэгіёна?

– Па-першае, ён з’яўляецца самай буйной рэгулярнай даследчай і акадэмічнай падзеяй года, якая дае магчымасць даследчыкам з розных дысцыплін камунікаваць паміж сабой, абменьвацца ідэямі. Дзякуючы Кангрэсу паўстаюць новыя даследчыя праекты і супольнасці, выходзяць новыя публікацыі. Шырокай публіцы становіцца вядомыя дасягненні асобных навукоўцаў, дзякуючы СМІ гэтыя веды патрапляюць за межы акадэмічнай супольнасці.  Дзякуючы прэміі Кангрэса, якая надаецца за лепшыя публікацыі ў розных сацыяльных і гуманітарных дысцыплінах, становяцца вядомымі даследчыкі і іх навуковыя працы. У Кангрэсе бяруць удзел не толькі прадстаўнікі акадэмічных інстытуцый, але таксама і грамадзянскай супольнасці, якія абмяркоўваюць развіццё беларускага грамадства, палітыкі, культуры. Адбываецца міжсектаральная камунікацыя паміж акадэмічнай, экспертнай, грамадзянскай супольнасцямі, СМІ і іншымі зацікаўленымі бакамі.

 Ці з’яўляецца Кангрэс паказчыкам цікаўнасці да Беларусі ў свеце і ці можна яе прасачыць дзякуючы форуму?

– Даследаванні Беларусі ўжо склаліся як асобны сегмент міжнароднай даследчай дзейнасці.

На маю думку, Кангрэс выконвае значную і пазітыўную ролю ў кансалідацыі даследаванняў Беларусі на міжнародным узроўні. Кожны год траціна ўдзельнікаў – гэта прадстаўнікі з іншых краін: Польшча, Украіна, Расія, Літва, ЗША, Нямеччына і г. д.. Адбываецца важная камунікацыя, абмен вынікамі даследчай працы, павышаецца вядомасць беларускіх даследчыкаў за мяжой, а самі яны атрымліваюць новыя магчымасці для самарэалізацыі. Акрамя гэтага, міжнародны склад Кангрэсу значна пашырае магчымасці для параўнальных і рэгіянальных даследаванняў.  

Праграму працы сёлетняга Кангрэсу можна знайсці тут.

«Лятучы» рэкамендуе па тэме:

Владимир Мацкевич: Четыре Конгресса — это еще не история!

 

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар