Беларуская нацыя адбылася, дзяржава створана, махавік запушчаны

13 мая 2016

Пётр Кухта,  ЕўраБеларусь

На думку беларускіх інтэлектуалаў, зараз застаецца толькі добра рабіць сваю справу кожнаму. Ну і бараніцца, калі ўзнікне небяспека існаванню сваёй дзяржавы.

V-я Міжнародная канферэнцыя Інстытута «Палітычная сфера» «Нацыя падчас крызісу» пачалася ўвечары 12 мая дыскусіяй «Феномен беларускай нацыі: досвед інтэлектуальнага асэнсавання пасля 2000 года».

Ідэя канферэнцыі палягае ў спробе прааналізаваць развіццё нацыі як культурнай і палітычнай супольнасці пад уплывам эканамічнага крызісу і новых геапалітычных выклікаў. Дыскусія ж, якая распачала трохдзённую канферэнцыю, засяродзілася на тым, які плён маем з канца 80-х у выбудоўванні той самай нацыі.

Філосаф Валянцін Акудовіч «у жанры вуснага эсэ» ўспомніў імклівы пачатак справы напрыканцы 80-х: толькі ў нацыянал-дэмакратычнай плыні, якая потым стала Беларускім народным фронтам «была ўжо выразна сфармуляваная, зафіксаваная і распрацаваная канцэпцыя беларусаў». Але, недзе пачынаючы з сярэдзіны 90-х гадоў, кажа Акудовіч, «я ўсё мацней пачынаў разумець, што нешта БНФ робіць не тое і не так». Вось першая параза: прэзідэнцкія выбары 1994 года, калі харызматычны Зянон Пазьняк, маючы «БНФ з самай разгалінаванай структурай, падтрымкай мас-медыя і г.д., праваліўся на выбарах перад мала каму вядомым дэпутатам». Паводле Валянціна Акудовіча, нацыянал-дэмакратычная ідэалогія была прыгожай, але «беларускаму народу ідэалогія нацыяналізму абсалютна чужая, грамадства ў сваёй бальшыні гэтага не ўспрымала». «Пазней я зразумеў, чаму правалілася ідэя нацыянал-дэмакратызму. Нашы ідэолагі, найперш Пазьняк, спрабавалі на практыцы рэалізаваць вялікую ілюзію беларускай эміграцыі. У эміграцыі заставаўся толькі рытарычны дыскурс. Яны забыліся, на чым паўставала БНР, забыліся пра рэальнасць, пра тое, што беларусы найперш хочуць не беларусамі быць, а, як казаў Купала, людзьмі звацца. Сацыяльнае для беларусаў было больш істотнае, чым тое, што яны беларусы. А нашы падпольныя эмігранты, чытаючы эмігранцкую літаратуру, пустую бясконцую рыторыку, заплюшчылі вочы на рэальнасць і кінуліся гэту эмігранцкую рытарычную мадэль нацыяналізма рэалізоўваць», – лічыць філосаф.

На думку Валянціна Акудовіча, «нашыя аналітыкі і навукоўцы прапускаюць адзін надзвычай важны момант у гісторыі Беларусі, які ўплывае і на сённяшнія нашы праблемы з ідэнтыфікацыяй і г.д.: рэч у тым, што за 1000 год існавання нашых продкаў на гэтых землях мы ніколі не мелі сваёй дзяржавы, сваёй як такой, заўсёды нашы продкі знаходзіліся ў вялікіх геапалітычных канструктах. Акрамя, хіба Полацкага княства – але калі гэта было?» «Ці то ВКЛ, ці то Рэч Паспалітая, ці то Расійская імперыя, ці то СССР – мы заўсёды мелі сваё месца, але месца – як у бараку, мы ніколі не жылі ва ўласным доме. І тут раптам – звалілася свая краіна! Наш чалавек ніколі не засынаў і не прачынаўся ў сваёй краіне! Мы ўжо засвойваем яе як сваю, але вось гэты працэс – ён такі доўгі, такі марудны, такі складаны. Свая краіна і свая дзяржава, а не мова – якую саму трэба ратаваць, выратуюць нацыю, свая краіна і свая дзяржава штодня, штохвіліны нас фармуюць як беларусаў усім: і грашыма, і войскам, і турмамі сваімі – не Сібір жа, і нават прэзідэнцтвам. Мала што прэзідэнт, дыктатар свой! Гэта ж вышэйшая адзнака незалежнасці! Усё гэта са дня ў дзень і будзе рабіць нас беларусамі», – з доляй іроніі падсумаваў Валянцін Акудовіч.

«Беларуская нацыя адбылася, апошнія тры-чатыры гады мы гэта адчуваем не толькі розумам, але інтуіцыяй, падкоркай – усім сваім жыццём. Нацыя адбылася як рэальны факт. Што б мы пра гэта не думалі і як бы не ацэньвалі гэты факт, – сцвярджае філосаф Ігар Бабкоў. – Па-другое, ні ў нас – унутраных назіральнікаў, якія спрабуюць зразумець і адрэфлексаваць, як гэтая нацыя паўстала, ні ў знешніх назіральнікаў дасюль няма ніякіх інтэлектуальных сродкаў для апісання фенамену вось гэтай новай паўсталай беларускай нацыі. У выніку мы знаходзімся ў парадаксальнай сітуацыі: нацыя існуе як маўклівая рэальнасць, у той жа час усе спробы неяк яе канцэптуалізаваць, напісаць пра яе кнігу, артыкул, расказаць, што такое сучасная беларуская нацыя на якой-небудзь канферэнцыі ў Варшаве ці нават Маскве, не атрымоўваюцца, усё – міма». Паводле Бабкова, гэты канцэптуальны правал – самае цікавае што адбылося ў гуманістыцы, сацыяльных навуках Усходняй Еўропы за апошнія дзесяць год.

Ігар Бабкоў лічыць, што паняткі кшталту «этнічнае адражэнне, этнічная нацыя, грамадзянская нацыя» – «смецце канцэптуальнае – трэба адразу выкідаць у кошык, бо ні адно, ні другое не спрацоўвае ў адносінах да радыкальна мадэрнізаванага беларускага ландшафта канца 80-х». «Пасля татальнай мадэрнізацыі, калі большасць беларусаў зажыла ў гарадах з каланізаванай траўматычнай свядомасцю, другая палова 90-х – гэта сапраўды пакутлівы пошук сродкаў, якімі можна адэкватна апісаць тое, што адбывалася. І таму вылезла посткаланіяльная тэорыя, стала зразумела, што галоўныя праблемы беларускай нацыі звязаныя, хутчэй, з мадэрнізацыяй і каланізаванасцю, што быць русіфікаваным і быць рускім – гэта розныя тыпы ідэнтычнасці. Адпаведна паўстала праблема, як гэтая каланізаваная нацыя будзе далей развіваць сваю ідэнтычнасць. І недзе з сярэдзіны 90-х паўстала два праекты пабудовы беларускай нацыі: мінарытарны, праект культурных элітаў, які палягаў на стварэнні сімвалічна высокай нагружанай мадэрнісцкай культуры, не нацыі – менавіта культуры, а другі крэольскі – спроба пераўтварыць зрусіфікаванага каланізаванага беларуса без радыкальнай антыкаланіяльнай стратэгіі, зрабіць яго часткай вось гэтага новага гештальта», – кажа Ігар Бабкоў. На думку філосафа,«да канца 90-х беларускія інтэлектуалы разгадалі тое, што з намі адбываецца, але з пачатку нулявых стала абсалютна зразумелай бессэнсоўнасць патлумачыць саміх сябе з дапамогай складаных канструкцый навонкі, то бок калі ў Сусветным коміксе ты прысутнічаеш у якасці чорнай дзіркі і апошняй дыктатуры Еўропы, то колькі б ні цытаваў ты ўсіх посткаланіяльных тэарэтыкаў, усё роўна ты будзеш маленькім, зялёным і правінцыйным». «І таму з нулявых беларускія інтэлектуалы замоўклі і ўступілі ў стадыю лёгкага садызму: мы сапраўды з цікавасцю назіраем за канцэптуальным правалам знешняй аналітыкі», – заўважае Ігар Бабкоў.

Што ж далей? А далей, як кажа сацыёлаг Мікалай Кацук, што прадстаўляў крэольскі канцэпт Уладзіміра Абушэнкі, які ўжо сыйшоў ад нас у мінулым годзе, «трэба рабіць тое, што трэба рабіць, добра рабіць сваё працу».

На думку Ігара Бабкова, трэба «знайсці нейкі будысцкі пункт раўнавагі»: «Беларусы, як мне здаецца, стыхійныя будысты, то бок трэба зразумець сябе ў цэнтры падзеяў і дазволіць свету абарочвацца вакол гэтай прасторы. Гэта крыху жарт, але тым не менш, трэба перастаць істэрыць і наводзіць гэтую паніку, крычаць, што нацыі няма, народу няма, што трэба сабрацца і нешта рабіць. Гэта ўжо надакучыла. Патрэбныя вельмі канкрэтныя дзеянні сярэдняга ўзроўню, проста рабіць, але каб у выніку гэта быў сапраўдны прадукт».

«Дзякаваць Богу, ужо не трэба нічога рабіць, ну акрамя таго, што рабіць. Рэч у тым, што дзяржава створана, махавік запушчаны, само існаванне дзяржавы робіць і грамадства і нацыю, дашліфоўвае і даводзіць да ладу. Адзінае, што калі будзе небяспека дзяржаве – вось тады штосьці трэба будзе рабіць. А зараз – проста ствараць. Творачы – зруйнуем усё старое, мёртвае і г.д., як казаў геніальны Абдзіраловіч. Старое звычайна руйнуюць гарматамі, шаблямі, гвалтам, але самы прыгожы шлях – ствараючы новае», – падсумаваў Валянцін Акудовіч.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар