Дзіва Скарыны. Чалавек, які абагнаў свой час

06 жніўня 2017

6 жніўня спаўняецца 500 гадоў беларускаму кнігадрукарству. Менавіта ў гэты дзень 1517 года Францыск Скарына выдаў у Празе “Псалтыр” — першую друкаваную беларускую кнігу.

Пасля Скарыны на свет з’явіліся тры поўныя пераклады Бібліі на сучасную беларускую мову — Янкі Станкевіча, Васіля Сёмухі і айца Ўладзіслава Чарняўскага. Навошта спатрэбіўся чацвёрты, над якім з 2012 года працуе група перакладчыкаў? Аб гэтым у “Вольнай студыі” Радыё Свабода Міхась Скобла пагутарыў з іныцыятаркай праекта доктарам тэалёгіі Ірынай Дубянецкай.

Прапануем вашай увазе фрагменты гэтай размовы.

— Ірына, спачатку давайце высветлім, як сталася, што 500 гадоў таму мы апынуліся ў першых шэрагах? Гэта выпадак ці заканамернасць — чалавек па імені Скарына?

— Найперш гэта дзіва. Усяго былі чатыры культуры, якія паспелі з перакладамі Бібліі да пачатку Рэфармацыі ў Еўропе: нямецкая, італьянская, чэская ды наша. Гэта важна ўсведамляць, бо акурат Рэфармацыя дала моцны імпульс да пашырэння Бібліі і, як вынік, да яе перакладу на народныя мовы. Дык вось, тры з чатырох першапраходцаў былі паперадзе астатніх цалкам заканамерна. Самымі першымі былі немцы. Першы друкаваны пераклад Бібліі на нямецкую мову выйшаў у 1466 годзе — неўзабаве пасля пачатку кнігадрукавання. Нямецкая культура пераклáдаў Бібліі радыкальна адрознівалася ад усіх астатніх у Еўропе. Калі ў іншых народаў было зроблена па некалькі такіх перакладаў (а часам і зусім не было), то ў немцаў захавалася каля 1 000 манускрыптаў перакладной Бібліі! Тое самае і з друкаванымі перакладамі. Калі Марцін Лютар пачаў перакладаць Новы Запавет у 1522 годзе (што вельмі рана ў сусветным маштабе), ужо існавала каля 90 (!) друкаваных Біблій — поўных і няпоўных, у перакладах на розныя верхне- і ніжненямецкія дыялекты. Так што калі Ёганэс Мэнтэлін выдрукаваў у Страсбурзе першую ў свеце друкаваную Біблію на народнай мове, гэта выглядала абсалютна лагічным і натуральным.

Другім быў пераклад на італьянскую мову, які выдаў у Венецыі ў 1471 годзе Ніколё Малермі. Гэта было таксама заканамерна. Па-першае, менавіта з Італіі пачаўся Рэнесанс, які абудзіў інтэлектуальную, даследчую і творчую энэргію еўрапейцаў. Па-другое, італьянская мова была, па-сутнасці, першай літаратурнай мовай ў Еўропе. Ужо напачатку XIV стагоддзя Дантэ стварыў сваю «Камедыю», пазней названую Боскай, на народнай мове. Неўзабаве Франчэска Петрарка пачаў пісаць свае шэдэўры, якія спрычыніліся да станаўлення італьянскага гуманізму, а там і Бакачча разварушыў думкі суайчыннікаў. І гэта пры тым, што ў іншых краінах літаратура на народнай мове зявілася праз стагоддзе, а то і праз два-тры… А ў XV стагоддзі Венецыя была адным з найбуйнейшых сусветных інтэлектуальных, культурных ды камэрцыйных цэнтраў.

Францыск Скарына на гравюры 1517 года і на фрэске Рафаэля. Крыніца: budzma.by

 

— Нездарма і Скарына туды памкнуўся.

— Нездарма, безумоўна. Там віравала жыццё, там сустракаліся і ўзаемадзейнічалі розныя ідэі, традыцыі, народы. Нездарма і армянскае кнігадрукаванне пачалося таксама ў Венецыі — на 5 гадоў раней за Скарыну. І таму венецыянскае выданне перакладной італьянскай Бібліі справядліва апынулася на другім месцы. А трэцімі былі чэхі. Дзякуючы Яну Гусу, Рэфармацыя ў Чэхіі пачалася на стагоддзе раней, чым у іншых, і таму цікавасць да біблійных перакладаў там была надзвычайная. Да Скарыны былі надрукаваныя ажно тры чэскія пераклады — у 1488 годзе ў Празе, праз год — у Кутнай Горы, і яшчэ адзін — у 1506 годзе ў той жа Венецыі. Відаць, гэты апошні і патрапіў у рукі Скарыне, моцна натхніў, і ў яго зявілася ахвота зрабіць нешта падобнае для сваёй краіны. Як бачым, немцы, італьянцы і чэхі павінны былі быць першымі, але чаму ў гэты шэраг трапіў і Скарына — гэта дзіва. Гэта сапраўды вялікі цуд. Можна сказаць, што Скарына быў першым сярод усіх астатніх.

— За пяцьсот гадоў пасля Скарыны было зроблена нямала подступаў да перакладу Бібліі. Але толькі тры чалавекі дайшлі да канца — Янка Станкевіч, Уладзіслаў Чарняўскі і Васіль Сёмуха. Як вы ацэньваеце іх працу?

— Тры Бібліі, якія мы маем, розныя, і ўсе па-свойму цікавыя. Першая поўная Біблія была перакладзена доктарам Янкам Станкевічам і выдадзена ў Нью-Ёрку ў 1973 годзе. Яна поўная з гледзішча пратэстанцкага канону — 39 кніг Старога Запавету (каталіцкі і праваслаўны Стары Запавет утрымліваюць 46 кніг, а многія праваслаўныя традыцыі шануюць да 50 кніг і болей). Станкевіч — вялікі знаўца беларускай і добры знаўца грэцкай мовы, але гебрайскай мовы ён не ведаў. З ім працаваў Масей Гітлін, які ведаў гебрайскую, хоць і не ведаў беларускай. Пераклад атрымаўся якасны, аднак яго беларуская мова далёкая ад цяперашняй. Пераклад Васіля Сёмухі выйшаў у 2002 годзе. Там шмат добрых моўных знаходак. Сёмуха — выдатны знаўца нямецкай лютараўскай традыцыі. Ён кансультаваўся з Бібліяй Лютара — з сучаснымі, выпраўленымі выданнямі, хоць, відаць, асноўнай крыніцай перакладу быў расейскі Сынадальны пераклад. Праз гэта шматлікія хібы расейскага Сынадальнага перакладу трапілі і ў пераклад Сёмухі. Ён таксама ўлучае толькі 39 кніг Старога Запавету. Поўная (з праваслаўнага і каталіцкага гледзішча) Біблія была выдадзена ў 2012 годзе Беларускім біблійным таварыствам. Аснова гэтага выдання — пераклад айца Ўладзіслава Чарняўскага. Ягонай галоўнай крыніцай была польская Біблія Тысячагоддзя. Праўда, хадзіла легенда ў Беларусі, што ён перакладаў з Вульгаты — лацінскага перакладу. Насамрэч гэта не так, хоць лацінскі пераклад ён ведаў і з ім кансультаваўся. У перакладзе Чарняўскага часам вельмі ўдалыя адаптацыі на беларускую мову біблійных імёнаў і геаграфічных назваў. Праўда, Біблія 2012 году выверана па Новавульгаце (сучасным перакладзе на лаціну), але тэкстуальная традыцыя не захаваная — туды дадалі матэрыялу з візантыйскай (пазьнейшай і найбольш распаўсюджанай ў манускрыптах пасля ІХ стагоддзя) тэкстуальнай традыцыі, за якой ідуць славянская і расейская традыцыі, але ніяк не лацінская.

Так што глядзіце: пераклад Станкевіча зроблены на неўжывальную беларускую мову і няпоўны; у Сёмухі — пераклад з перакладаў і няпоўны; пераклад Чарняўскага — поўны, але, зноў жа, пераклад з перакладу, з мяшанай тэкстуальнай традыцыяй. У ХХІ стагоддзі нядобра быць у такой сытуацыі. Беларуская мова — адзіная з тытульных моваў свету, на якую да гэтай пары няма сучаснага якаснага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў (гебрайскай, арамэйскай ды грэцкай) і якасных тэкстуальных крыніцаў.

— Цяпер разумею, чаму вы ўзяліся за новы пераклад, першыя часткі якога зявіліся ў часопісе «Дзеяслоў». Вы робіце гэтую працу адзінаасобна, ці — грамадой?

— Час адзінаасобных перакладаў Бібліі прайшоў. І прайшоў ён ужо ў XVI стагоддзі — так, першая поўная Біблія, выдадзеная ў Беларусі — Берасцейская (Радзівілаўская) Біблія, якая пабачыла сьвет у 1563 годзе, перакладалася калегіяй навукоўцаў, якіх сабраў і спансараваў Мікалай Радзівіл Чорны (праўда, пераклад быў зроблены на польскую мову). Аўтарскія пераклады робяцца і дагэтуль, найчасцей паасобных кніг Бібліі. Аднак з сённяшнім узроўнем біблістычных даследаванняў ніводзін чалавек не можа ахапіць усе назапашаныя веды ў гэтай галіне. Гэтая праца абавязкова мусіць быць калегіяльнай. Раней у нас (асабліва за савецкім часам) проста не было такіх адмыслоўцаў, якія б валодалі адначасова гебрайскай і грэцкай мовамі, а тым больш прафэсійных знаўцаў Бібліі, біблійнага кантэксту — найбагацейшых рэлігійных ды літаратурных традыцый старажытнага Блізкага Ўсходу, з якімі Біблія знаходзіцца ў няспынным сумоўі, а таксама біблійнага багаслоўя, гістарычнага і культурнага кантэкстаў і г. д. Цяпер жа такія людзі ёсьць — гебраісты, эліністы, бібліісты, багасловы, а таксама беларускія лінгвісты, літаратары, стылісты. Мая першая спроба сабраць перакладніцкую групу адбылася ў 2010 годзе, але не была паспяховаю. А ў 2012-м, на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне, упершыню сфармавалася секцыя навуковага біблійнага перакладу. І там здарыўся цуд: людзі загарэліся ідэяй супольнай працы над новай беларускай Бібліяй — Бібліяй для ХХІ стагоддзя. Ад таго часу група і трымаецца. Распрацавалі канцэпцыю перакладу, падумалі над мэтамі і мэтадалогіямі і — пачалі перакладаць. Праўда, мы яшчэ ў самым пачатку шляху, і няма ніякіх гарантыяў, што мы пройдзем яго да канца. Але хоць нешта пазытыўнае ад нашай працы для Беларусі, спадзяюся, будзе.

— БПЦ і Каталіцкі касцёл у Беларусі таксама працуюць у гэтым накірунку. Вынікі іх працы часткова апублікаваны. Вядома ж, у іх розныя падыходы да перакладу Святога Пісання. А якія падыходы і прынцыпы ў вас? Ваш пераклад мусіць быць надканфесійным?

— Так. У ідэале павінен атрымацца тэкст, прымальны для ўсіх канфесій. У нас найперш навуковы пераклад. Ён вылучаецца максімальнай блізкасцю да арыгіналу. Навуковы пераклад абавязкова робіцца з найлепшых біблістычных крыніцаў, як гэта прынята ў сучаснай біблістыцы. Яны даўно вядомыя, тут вынаходзіць нічога не трэба. Сёння нам, безумоўна, аглядацца на царкоўна-славянскі, расейскі Сынадальны, польскі ці лацінскі пераклады няма ніякай патрэбы. Хоць мы ўлічваем традыцыю шматлікіх беларускіх перакладаў ХХ і ХХІ стагоддзяў.

[]

— А ці будзе ваша «рэканструяваная» Біблія запатрабавана для набажэнстваў?

— А чаму не? Я тут не бачу ніякіх праблемаў. Нашая традыцыя — і хрысціянская, і культурная — базуецца на тэксце Бібліі. Дык чаму нам базавы тэкст нашай цывілізацыі не паспрабаваць прачытаць так, як ён быў напісаны? Уявіце сабе рэстаўрацыю старой карціны, на якую апроч гразі і копаці наклаліся яшчэ дапісванні, дамалёўванні — спачатку вучняў, потым мастакоў пазнейшых часоў, якія хацелі «асучасніць» яе, потым папрацавалі рэстаўратары з няякаснымі фарбамі. Памятаеце, калі ў ХХ стагоддзі пачалі чысціць старыя абразы, то раптам аказалася, што яны… яркія! А ніхто гэтага не ведаў. Усе думалі, што абразы павінны быць цёмнымі, з цьмянай пазалотай. А аказалася, што яны ня цёмныя, а яркія, светлыя, пранізаныя святлом, што яны будзяць розум, уздзейнічаюць на свядомасць і ўзносяць дух нашмат больш эфэктыўна. Вось і з тэкстам так бывае. Наша задача — не паўтараць традыцыю, а, калі трэба, трохі «адчысціць» біблійныя тэксты ад таго, што да іх «прыліпла» за стагоддзі. Усё адчысціць мы не зможам, у некаторых месцах свядома пакідаем скажэнні.

[]

Чытаць поўную версію: Ірына Дубянецкая: Наш пераклад Бібліі — для ўсіх беларусаў

Персоны:
Падзеі: