Фестываль інтэлектуальнай кнігі распачаўся ў Мінску

28 траўня 2018

У нядзелю 27 траўня ў культурніцкім інкубатары ОК16 стартаваў фестываль “Прадмова”, які цягам пяці дзён прапануе пляцоўку для сустрэчы усім ўдзельнікам кнігавыдавецкага працэсу: выдаўцам і аўтарам, рэдактарам і крытыкам, дызайнерам, перакладчыкам і чытачам. 

Урачыстае адкрыццё пачалося вітальнымі словамі арганізатараў і партнёраў фестывалю, спіс якіх даволі шырокі: «ОК16», Symbal.by,«Арт-Сядзіба», РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр», «БФП – беларуская філасофская прастора», КГК «Будзьма беларусамі!»,«Лятучы ўніверсітэт», ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і інш.

Вітальнае слова філосафа, тэолага Ірыны Дубянецкай ад імя “Беларускага калегіума” плаўна перайшло ў бліскучую лекцыю “Беларуская Біблія Францішка Скарыны і пачатак беларускай інтэлектуальнай традыцыі”, якой распачалася змястоўная частка фестывалю.

Працягнула праграму адкрыцця фестываля дыскусія “Што такое інтэлектуальная літаратура і досвед інтэлектуальнага чытання?” з удзелам вядомых беларускіх адмыслоўцаў: Уладзіміра Мацкевіча, Барыса Пятровіча, Вольгі Раманавай, Змітра Вішнева, Ірыны Дубянецкай, Ігара Духана, Артура Клінава. Мадэраваў дыскусію філолаг, перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Скончыўся першы дзень фестываля выступам этна-спявачкі і кампазітара Ірэны Катвіцкай і джэм-сесіяй “Паэтычныя навінкі году”.

Фестываль будзе доўжыцца да 31 траўня, поўную праграму фестываля можна знайсці ТУТ, альбо сачыць за навінамі ў адмысловых суполках у Facebook і Vkontakte.

Фота: “Будзьма беларусамі” і “Лятучы ўніверсітэт”.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”

27 – 31 траўня

культурніцкі інкубатар ОК16

(вул. Кастрычніцкая, 16)

Уваход вольны!

Тэмы:
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар