Хронікі БНР. Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі

21 лютага 2018

21 лютага 1918 г. Выканкам Рады Ўсебеларускага з’езду звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўнай граматай, якая заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіў ажыцьцяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.

ПЕРШАЯ ЎСТАЎНАЯ ГРАМАТА ДА НАРОДАЎ БЕЛАРУСІ

Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім палажэньні. Дзе цяпер улада‚ што тут была‚ няведама. Мы стаімо перад тым‚ што край наш можа быць заняты нямецкім войскам.

Вы павінны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі.

Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самавызначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Права нацыяў павінна знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных пачатках Устаноўчага Сойму.

Але і да скліканьня Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам‚ якія на ёй жывуць.

Выканаўчы Камітэт Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду‚ даданы прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў‚ зьдзяйсьняючы заданьня Зьезду‚ абвяшчае сябе тымчасоваю ўладаю на Беларусі, паходзячаю да кіраваньня краем і данайхутчэйшага скліканьня Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага насяленьня, не рахуючыся з нацыянальнасьцю‚ рэлігіяй і полам.

Тымчасовую народную ўладу краю‚ якая паставіць сабе заданьня абароны і зацьвярджэньня здабыткаў рэвалюцыі‚ будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі‚ які ад гэтага дня пачаў выпаўняць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны потым.

Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 року

Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду

Тэмы: