“Код прысутнасці” у Гародні

26 лістапада 2016

19 лістапада ў гарадзенскай этна-краме “Цудоўня” прайшоў шасьцігадзінны культурны марафон, прымеркаваны да адкрыцця кніжнай секцыі крамы. Задзейнічаны былі госьці з Мінску, якія прыехалі са сваімі кніжкамі – Андрэй Хадановіч, Павал Касьцюкевіч і Уладзімір Мацкевіч, які прэзентаваў гарадзенцам выдавецкія праекты Года беларускага мыслення.

Анталогія беларускага мыслення за 2000-2015 год «Код прысутнасці», якую прэзентаваў Уладзімір Мацкевіч, дала нагоду паразмаўляць з удзельнікамі імпрэзы пра развіццё інтэлектуальнай прасторы і мыслення ў Беларусі. «Белсат» сабраў вытрымкі з прамоўленага беларускім філосафам і метадолагам падчас прэзентацыі, прапануем вашай увазе найбольш цікавыя.

На каго трэба арыентавацца ў гэтым свеце?

Чаму, калі мы заўважаем у беларусах нешта не падобнае да расейцаў ці немцаў, палякаў, дык адразу кажам: гэта нешта недарэчнае? А можа гэта і ёсць самае каштоўнае ў нас?

Ці варта нам капіяваць дзяржаўнае будаўніцтва развітых дэмакратый Заходняй Еўропы для нашай краіны? Возьмем за прыклад Францыю – даўнія традыцыі свабоды, роўнасці, братэрства. Што сталася бы, каб мы з канца XVIII ст. пайшлі французскім шляхам, даўшы жыццё канстытуцыі 3 траўня? Зірнем на Францыю: усе народнасці за выключэннем брэтонцаў ды касконцаў (баскаў), згубілі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, сваю мову – яны ўсе растварыліся ў французскім моры, сталіся французамі. Задаткі падобнага працэсу ў нас назіраліся ў пачатку ХІХ ст. Нацыяналізм страчанай Рэчы Паспалітай – давайце прызнаем, польскі нацыяналізм – пачаў паланізаваць жыхароў былой дзяржавы. Кашубы, шлёнзакі, беларусы, украінцы – усе мы былі бы аднолькавыя, хоць і з невялічкімі рэгіянальнымі адрозненнямі.

Ня трэба старацца быць падобнымі да іншых нацыяў. У нас ёсць свае адметнасці талерантнасці – мы значна больш адкрытыя за немцаў, і значна менш рэпрэсіўныя ў этнічным сэнсе, чым грамадзянская французская нацыя. Трэба любіць сваё.

Але ці ёсць нам, чым ганарыцца?

Глянем на матэрыяльныя, арганізацыйныя рэчы ў нашай краіне – дык усё ў нас як у людзей. Але ўсё адно нечага не хапае. Дык можа таго, чаго нам не хапае, мы проста ня бачым, бо імкнемся глядзець на сябе вачыма іншых інтэлектуальных традыцый? Неабходна разбурыць звычку арыентавацца на знешнія погляды – што ўсходнія, што заходнія – і выпрацаваць сваё аўтэнтычнае бачанне сябе. Але з іншага боку, калі мы будзем засяроджвацца толькі самі на сабе, будзем корпацца толькі ў беларускіх праблемах, і нічога не зможам сказаць пра праблемы свету – дык гэта будзе пэўным паказнікам нашай непаўнавартасці.

Трэба выходзіць у шырокі свет і прадстаўляць сваю візію на ўсе рэчы, наш погляд на ня нашае! Трэба дарыць свету нешта новае – хай свет карыстаецца.

Якія перспектывы ў беларускай нацыятворчасці?

Калі вы пачытаеце разнастайныя тэксты цяперашніх інтэлектуалаў, мысляроў Беларусі, дык палова з тэкстаў будзе пра тое, чым або кім мы ёсць, або кім ня ёсць; што мы – недаспелая нацыя, недабудаваная дзяржава. Самі сабе ставім дыягназы. Але давайце перастанем казаць, што мы адсталыя ў нацыятворчым развіцці, а паглядзім на сябе як на прататып гэтых цяперашніх нацыяў. Мы нацыя, якая не закасцянела ў старых мадэрных і постмадэрных формах, і на сённяшні дзень з’яўляецца гнуткай, прыдатнай для афармлення ў самую сучасную нацыю ХХІ ст., не падобную да таго, як фармаваліся еўрапейскія нацыі ў ХVIII-ХIХ ст.

Што такое сучасная філасофія, і ці не скончылася яна?

Філасофія – гэта не вывучэнне свету, гэта размова пра нязнанае, або пра тое, чаго яшчэ не існуе. Філосафы разважаюць і ходзяць па мяжы знанага і нязнанага. Калі яны цалкам звальваюцца да нязнанага, дык становяцца містыкамі, ізатэрыкамі, бо збочылі з філасофскага, рацыянальнага, лагічнага шляху ў спекуляцыі. Каля яны збочваюць у пазнанае, у нейкія ўжо канкрэтныя прадметныя навукі, дык павінны перастаць проста разважаць, а працаваць, здабываючы дакладныя веды. Філосафы ж ходзяць, намацваючы мяжу. І таму філасофія ніколі ня скончыцца, пакуль існуе гэтая мяжа пазнанага і непазнанага – вучонае няведанне.

Ці існуе беларускае мысленне?

Некаторыя пытаюцца ў мяне, ці можа творчасць беларускіх філосафаў называцца “беларускім мысленнем”, тыпу ці можа існаваць “польская фізіка”, “нямецкая хімія”, альбо “жыдоўская матэматыка”. Але ў нас ужо ёсць што паказаць, ёсць зборнік “Код прысутнасці» – вось вам гэткі код беларускай прысутнасці ў свеце!

Вось напрыклад, у Беларусі ёсць два выбітныя мысляры, якія лічаць сябе метафізікамі. Гэта знаны аўтар «Кода адсутнасці» Валянцін Акудовіч, якога цікавіць пытанне быцця-небыцця чаго-кольвек. І таксама Міхаіл Баярын, вучань таго самога Акудовіча, які ў 1990-х лічыўся адным з найбольш перспектыўных беларускіх паэтаў. Але потым Міхаіл кінуў паэзію і з’ехаў у Індыю на сем гадоў, стаўся стваральнікам шрыфту санскрыту для інтэрнэт-прасторы. І вось ён пазней вяртаецца ў Беларусь. Натхнёны індыйскай літаратурай, індыйскай філасофскай думкай, асабліва граматыкай санскрыту, ён тут у Беларусі пачаў займацца рэканструкцыяй аўтэнтычнай беларускай мовы. Саму ідэю адноўленай, вернутай да вытокаў, мовы аўтар называе «Свамова».

Беларускае мысленне – гэта наш погляд на гэты свет. Нараджэнне, выбудова свайго нацыянальнага мыслення – гэта адна з першасных задач кожнага народа, які стае на шлях суверэнітэту, незалежнасці.

Арыгінальны репартаж Юзафа Балінскага на “Белсаце” можна паглядзець тут