Колер як каштоўнасць, альбо сакральныя маркеры беларускай ідэнтычнасці

29 ноября 2016

У межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”, які Лятучы ўніверсітэт ладзіць у супрацоўніцтве з Міжнародным кансорцыюмам “ЕўраБеларусь”, вядомы дызайнер, графік, культурны дзеяч Міхал Анемпадыстаў наведаў Брэст, дзе ў прасторы тэатра “Крылы халопа” расказаў берасцейцам пра колер і стыль як маркеры беларускай ідэнтычнасці. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала лекцыю і параўзмаўляла са спадаром Міхалам пра працу над каталогам “Колеры Беларусі”.

Беларускі стыль, якога не існуе.

– Беларускі стыль – гэта прыгожы зборны выраз, – адразу ж апусціў з нябёсаў на зямлю журналіста Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” Міхал Анемпадыстаў. – Няма ніякага беларускага стылю. Альбо мы гаворым пра вобраз – і тады пад беларускім стылем разумеецца ўсё, з чым мы сябе ідэнтыфікуем, гэта абсалютна неканкрэтнае, індывідуальнае. Альбо мы можам казаць пра розныя гістарычныя стылі.

Візантыйскі, барока, рэнесанс – кожны з іх мае свае лакальныя адметнасці на Беларусі.

– А папулярныя цяпер арнаменты маюць дачыненне да беларускага стылю?

– Раней усё мянялася вельмі павольна і было ўніфікавана. Таму стыль, які прыходзіў у краіну, працінаў усе сферы. Цяпер стыляў шмат, і арнамент – гэта адзін з элементаў аднаго са стыляў. Яго выкарыстоўваюць перадусім як знак, маркер. Ён адарваны ад носьбіта, сітуацыі, кантэкста, але ён эфектны, запамінальны і ён працуе як знак.

Адзін са складнікаў стылю – колер. Міхал Анемпадыстаў доўгі час працаваў з каларыстыкай і прыйшоў – ні многа ні мала – да вызначэння колераў беларускай ідэнтычнасці. Цяпер суразмоўца ў межах міжнароднага праекту па развіцці культурнай спадчыны CHOICE працуе над каталогам “Колеры Беларусі”.

– Гэта будзе спроба разабрацца, якія колеры ў гісторыі і культуры Беларусі мелі ўстойлівае ўпадабанне ў жыхароў нашых земляў, якімі надзяляліся значэннямі і якасцямі, і чаму, – распавядае аўтар. – У кнізе будзе тэкставая частка і ілюстратыўны матэрыял на прыкладзе беларускіх артэфактаў. І паколькі гэта адна з каштоўнасцяў беларускай культуры, то і пададзена яна будзе адпаведна якасна.

Дызайнер крыху раскрыў тэму перад берасцейскімі слухачамі, якія прыйшлі паслухаць культурнага дзеяча і не пакінулі ніводнага вольнага месца ў аўдыторыі.

Чорнае і белае.

Якія колеры могуць гарманічна глядзецца ў беларускай прасторы? Чаму адны колеры і іх спалучэнні лічацца прыгожымі і вітаюцца, а іншыя – не? Чаму культурная “нагрузка” ў гэтым сэнсе часта супярэчыць аб’ектыўнасці і як знайсці кампараміс? На гэтыя пытанні Міхал Анемпадыстаў стаў шукаць адказы даўно, пасля таго, як у адным з падручнікаў пабачыў, што для ўсходнеславянскага жытла характэрны яркасць і квяцістасць. Але ж хіба так выглядае беларускае жытло?

– Тры ўсходнеславянскія народы – рускія, украінцы і беларусы – гэта тры абсалютна розныя традыцыі. І для мяне было цікава, як выглядае беларуская традыцыя.

Яна, лічыць Міхал Анемпадыстаў, манахромная, без разнакаляровасці. У гэтым сэнсе важным момантам з’яўляецца тое, што Беларусь – адна з нешматлікіх краін, якая ў сваёй назве мае адсылку да белага колеру. Але гэта яшчэ не сведчыць, што менавіта ён характарызуе нашу ідэнтычнасць. Хоць, безумоўна, белы колер з’яўляецца важным і нават сакральным для беларускай культуры.

Дызайнер стаў вывучаць, якія колеры былі ўпадабаныя продкамі ў нашай культурнай традыцыі. Яе пачаткам гісторыкі лічыць неаліт.

– Ва ўсіх мовах без выключэння першымі з’яўляюцца два колеры – чорны і белы, светлае і цёмнае. Трэці колер – гэта чырвоны. Далей, у адрозненне ад еўрапейскай ці азіяцкай традыцыі, узнікае сіні, альбо зялёны, альбо жоўты. У азіяцкай традыцыі зялёны спалучаецца з сінім і з’яўляецца як бы адным колерам, а ў еўрапейскай – сіні з жоўтым.

Да ўсяго гэтага можна дадаць мала даследаваную этымалогію беларускіх гідронімаў (большасць з якіх мае балцкае паходжанне), але вядома, што найбольш старажытныя з іх абмежаваныя словамі “чорны”, “белы”, “сіні” і “красны” (менавіта так). Чырвоны з’явіўся пазней. Такім чынам маем чатыры колеры, уласцівыя для беларускай традыцыі.

Свае словы графік падмацоўвае ілюстрацыямі чорнай керамікі, якая сустракаецца па ўсёй Беларусі. Яшчэ больш паказальнай з’яўляецца чорна-белая арнаментыка ў традыцыйных строях, бо ўся арнаментыка была даволі строга рэгламентаваная і выпадковых колераў тут быць не можа. Увогуле ткацтва (менавіта ткацтва, бо так званая “вышыванка” не з’яўлялася традыцыйнай для беларусаў) – гэта мадэляванне прасторы і часу, а сувой (скрутак) тканага палатна – не што іншае, як лёс. Калі працягваць гаворку пра колеры, то выбельванне палатна мела эстэтычную, а не ўтылітарную функцыю, а ў старажытнасці эстэтычнае непарыўна звязана з сакральным.

Той свет і журавіны ў цукры.

Дарэчы, чорна-белая каларыстыка захавалася ў беларускай традыцыі да ХХ стагоддзя, што ў пэўным сэнсе ўнікальна. Зрэшты, многае тлумачыцца тым, што ў Беларусі быў абмежаваны набор мінеральных фарбавальнікаў: крэйда, вугаль і гліна, якая ў залежнасці ад радовішча мае рознае адценне. Менавіта іх выкарыстойвалі, напрыклад, пры дойлідстве з часоў Полацкага княства.

Што да краснага, то не зусім зразумела, ці меўся пад ім на ўвазе чырвоны ў нашым цяперашнім разуменні, ці гэта не чырвоны, а… зялёны.

– Бо лета краснае, вясна-красна – гэта ж не чырвонае. У беларускай мове ёсць слова “красаваць” – цвісці. І які колер тут маецца на ўвазе, не зразумела.

Тым часам Міхал Анемпадыстаў пераходзіць да сіняга, і тлумачыць, што напачатку ён абазначаў халодны шэры і чорны колеры. Этымалогія сіняга ў тым, што гэта колер таго свету. Сінія горы, сінія лясы – гэта сакральная маркіроўка.

Тут, на думку лектара, адгукаецца псіхалогія “ляснога народа”, якім з’яўляюцца беларусы. Яна адрозніваецца ад псіхалогіі, напрыклад, людзей стэпу, дзе ўсё адкрыта, людзей гор, дзе ёсць верх і ніз, праўда і хлусня. У лесе ўсё пераблытана, там няма простых шляхоў.

Што да чырвонага, ён здаўна атаясамліваўся з сонцам (а не з кроўю, як часта прынята лічыць). А яшчэ – з калёным жалезам. Для нашых земляў пераход да кавальства стаў вельмі важным цывілізацыйным крокам.

– Тут варта прыгадаць і каліну, якая нават этымалагічна звязаная са словам “каленне”, – звяртае ўвагу Міхал Анемпадыстаў. – У міфалогіі ёсць Калінавы мост, але гэта не значыць, што ён зроблены з дрэва каліны. Даследчыкі лічаць, што ў дадзеным выпадку “калінавы” значыць чырвоны. Калінавы мост – пераходная кропка паміж гэтым і тым светам, кропка напружання, метамарфозы.

Увогуле ў беларусаў чырвоны колер сустракаецца рэдка, сапраўды хіба што ў сувязі з ягадамі. У гэтым сэнсе сучасны ласунак – журавіны ў цукровай пудры – Міхал Анемпадыстаў называе сімвалам Беларусі.

– Я “прычашчаю” імі замежнікаў, – жартуе дызайнер.

Гэта асноўныя, хоць і не ўсе колеры, характэрныя для беларускай традыцыйнай культуры, даследаваць і размаўляць пра якую можна бясконца. Але сама яна скончылася з разбурэннем традыцыйнага грамадства, дзе хада жыцця не мянялася з веку ў век, паўтараліся адны і тыя ж арнаменты, колеры, стылі. Гэты сцэнар пачала ламаць Першая сусветная вайна, давяршыла рэвалюцыя, панаванне традыцыі скончылася і пачалася новая эпоха колераў і стыляў ў беларускай гісторыі.

«Лятучы» таксама рэкамендуе:

Цыкл лекцый і дыскусій «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні».

Міхал Анемпадыстаў. “Уяўляючы Беларусь”. Канспект лекцыі, прачытанай у межах серыі “Галоўнае пытанне” (кастрычнік 2015 г.).

Відэа-запіс лекцыі Міхала Анемпадыстава “Уяўляючы Беларусь”прачытанай у межах серыі “Галоўнае пытанне” (кастрычнік 2015 г.).

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар