(Не)расстраляная гісторыя

30 кастрычніка 2017

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года – самая “чорная”у беларускай гісторыі савецкага перыяду. У гэтую ноч у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС (г.зв. «амерыканкі») былі расстраляныя больш за 100 дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскіх дзеячоў БССР. У ліку расстраляных былі 22 беларускія пісменнікi. У гэтыя дні савецкія рэпрэсіі дасягнулі ў Беларусі свайго піку.

Сёлета, у 80-ю гадавіну гэтых трагічных падзей, у Мінску прайшоў шэраг акцый памяці, зладжаных рознымі грамадзянскімі і культурнымі ініцыятывамі.

У Галерэі TUT.BY прагучаў беларускамоўны пераклад раману Аляксандра Пушкіна «Евгений Онегин», які зрабіў расстраляны ў 1937 годзе паэт і перакладчык Алесь Дудар.

Жалобная акцыя “Ланцуг памяці” у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў прайшла каля будынку КГБ у Мінску.

Увечары ў сталічным клубе “Брюгге” у межах праэкту “(Не)расстраляная паэзія” адбылася канцэртная прэзэнтацыя альбому на вершы паэтаў, знішчаных 29 кастрычніка 1937 г. Музыку да вершаў расстраляных у 1937-м літаратараў напісалі вядучыя беларускія выканаўцы: гурт Vuraj, рэпэр Vinsent, Святлана Бень, Лявон Вольскі, гурт Naka, Зміцер Вайцюшкевіч, Павал Аракелян, гурты Re1ikt, Dzieciuki, Akute, TonqiXod, Кацярына Ваданосава.

 

А ужо ўночы ва ўрочышчы Курапаты адбылася акцыя памяці і чытанні твораў беларускіх паэтаў, растраляных у 1937 годзе.

Інфармацыя і фота: “Радыё Свабода” і “Будзьма”.

Тэмы: