Паўстанне Каліноўскага: пра што спрэчка?

07 мая 2013

Па слядах дыскусіі.

Паўстанне Каліноўскага: пра што спрэчка?

Розныя погляды на Паўстанне 1863-64 гг. і асобу Кастуся Каліноўскага ў беларускім грамадстве з’яўляюцца часткай дыскусіі хутчэй пра сучасную і будучую Беларусь, чым пра ейную гісторыю.

Такую думку выказаў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук падчас публічнай дыскусіі “Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863-64 гадоў: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля”.

Разам з тым, гісторык лічыць, што канфлікт вакол паўстання можа быць карысны, бо ён дазваляе задумацца пра асобу Каліноўскага. “У пэўны момант мы збудавалі манумент Кастусю Каліноўскаму, як нацыянальнаму герою №1, пакалі побач кветкі і адышлі ўбок. А дыскусіі, якія пачаліся не зараз, а ішлі яшчэ ў 20-ягады мінулага стагоддзя, дазваляюць навукова задумацца, наколькі добра мы ведаем гэтага чалавека”,- заўважыў Алесь Смалянчук.

Таксама сённяшняя вострая дыскусія вакол Паўстання дае глебу для правядзення далейшых даследванняў на самыя розныя тэмы: ад вывучэння асобы Кастуся Каліноўскага да даследвання гісторыі ідэяў з разборам нюансаў літвінскай, беларускай ды заходнерускай традыцый. “І нас можа чакаць яшчэ шмат цікавых адкрыццяў”, – падкрэсліў Алесь Смалянчук. Ён нагадаў, што вельмі мала ўвагі надаецца пакуль шэраговым удзельнікам Паўстання, не да канца высветленыя матывы, якія прымушалі людзей ісці ваяваць супраць магутнай расійскай арміі.

Тры краіны – тры назвы

Доктар гісторыі Дарус Сталюнас з Інстытута гісторыі Літвы распавёў пра стаўленне да Паўстання 183-64 гг. у гэтай краіне. У адрозненне ад Беларусі, дзе адзначэнне 150-х угодкаў Паўстання амаль праігнараванае афіцыйнай уладай, у Літве існуе дзяржаўная праграма па адзначэнні гэтай даты, зацьверджаная парламентам краіны – Сеймам.

Дарус Сталюнас адзначыў, што стаўленне да Паўстання ў Літве крыху іншае, чым у Польшчы ці Беларусі. Гэта відаць нават па тым, як называюць паўстанне ў трох краінах. Калі ў Польшчы найбольш ужываная форма – Студзеньскае паўстанне, а ў Беларусі яго найчасцей завуць Паўстаннем Кастуся Каліноўскага, то ў Літве назва прывязваецца выключна да даты падзеі і гучыць менавіта як “Паўстанне 1863-64 гг.”.

У афіцыйнай гістарыяграфіі амаль няма дыскусій наконт інтэрпрэтацыі Паўстання. Большасць гісторыкаў пагаджаюцца між сабой, што Паўстанне мела на мэце аднаўленне Польска-Літоўскай дзяржавы, што асобныя паўстанцы бачылі бачылі Літву палітычным суб’ектам, але не самастойнай дзяржавай, што сялянства ваявала за палітычную свабоду, але таксама за свабоду сацыяльную ды рэлігійную.

Разам з тым, у масавай свядомасці літоўцаў успрыманне Паўстання крыху адрозніваецца ад той карціны, якую малюе афіцыйная гістарыяграфія. У якасці прыклада Дарус Сталюнас распавёў пра мастацкі фільм, у якім Паўстанне адлюстраванае, як замаганне сялян супраць царскай арміі ды польскай шляхты. Зрэшты, без сацыялагічных даследванняў вельмі цяжка казаць пра тое, наколькі такая карціна Паўстання характэрная для масавай свядомасці літоўцаў, прызнаў Дарус Сталюнас.

Без змагання няма свабоды?

Доктар гісторыі Ян Шумскі з Інстытута гісторыі навукі Польскай акадэміі навук адзначыў, што падзеі Паўстання 1863-64 гг., якія адбываліся ў Польшчы, даследуюцца асобна ад тых, што адбываліся ў Літве ці Беларусі. Гэта звязана з тым, што сур’ёзнае вывучэнне Паўстання пачалося ў 50-я гады XX стагоддзя пад жорсткім кантролем ЦК КПСС. Партыйнае кіраўніцтва з Масквы штучна зарабараняла гісторыкам даследваць падзеі Паўстання, што адбываліся ў суседніх краінах.

Кажучы пра ўспрыняццё Паўстання ў масавай свядомасці палякаў Ян Шумскі заўважыў, што усе паўстанні (апроч Паўстання 1863-64 гг., гэта яшчэ Паўстанне Касцюшкі ды Паўстане 1830-31 гг.) ў Польшчы адыгрываюць вялікую ролю ў патрыятычным выхаванні грамадзянаў. Гэтыя падзеі з’яўляюцца выдатнай ілюстрацыяй думкі пра тое, што сваю свабоду можна здабыць, толькі змагаючыся, што свабода не можа зваліцца на галаву з неба.

Разам з тым, як адзначыў Ян Шумскі, існуе ў Польшчы і дыскусія пра мэтазгоднасць вялізных ахвяраў, прынесеных у выніку Паўстання. Ці не лепш было пазбегнуць вялікай колькасці забітых, сасланых у Сібір і спакойна развівацца пра акупацыйных уладах? Наяўнасць падобнай дыскусіі ў сваіх краінах пацвердзілі і Алесь Смалянчук ды Дарус Сталюнас.

Паўстанне ў коміксах

Мадэратар дыскусіі, гісторык Андрэй Ціхаміраў нагадаў таксама пра пытанні этыкі, пастаўленыя Паўстаннем: ці можна паўставаць супраць дзяржавы, ці можна забіваць? Ён звярнуў увагу на тое, што і праз 150 год да самога Паўстання не выпрацавана нейкага адназначнага стаўлення.

Для выпрацоўкі такога стаўлення вялікае значэнне маюць веды пра гістарычную падзею. Папулярызацыяй ведаў пра Паўстанне ў Беларусі займаецца ініцыятыва “1863”, пра дзейнасць якой перад пачаткам дыскусіі распавёў гід-экскурсавод Васіль Грынь.

У межах святкавання гадавіны Паўстання ініцыятывай запланавана правядзенне творчага пленэру на полі пад Мілавідамі (сумесна з Баранавіцкай суполкай Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны), распрацоўваюцца метадычкі па турыстычных маршрутах для вандровак у мясціны, звязаныя з паўстаннем. Таксама ідзе праца над коміксамі для падлеткаў, прысвечанымі падзеям Паўстання. А студэнцкае этнаграфічнае таварыства ўзялося за рэканструкцыю паўстанцкіх строяў – сялянскага (рэгіён – Піншчына) і шляхецкага (Віленскі край).