Перакладчыцкая майстэрня: першая сустрэча ў новым сезоне

13 верасня 2018

7 верасня ў Мінску прайшло першае ў гэтым сезоне паседжанне Перакладчыцкай майстэрні пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча.

Пасля гадавога перапынку Майстэрня зноў вяртаецца, заняткі будуць адбывацца кожны тыдзень, у чацвер (зрэдку — у пятніцу), а 19-й гадзіне. 

На Майстэрню збіраюцца як ужо вядомыя перакладчыкі паэзіі і прозы, так і тыя, хто толькі зацікавіўся і хоча паспрабаваць свае сілы ў перастварэнні мастацкага тэксту. Звычайна паседжанні праходзяць наступным чынам: перакладчык (перакладчыца) прадстаўляе на суд сваіх калег “чарнавік” сваёй працы — невялічкую падборку вершаў або фрагмент прозы ці эсэістыкі ў сваім перакладзе (разам з арыгіналам). Адбываецца чытанне і абмеркаванне. Кіраўнік і ўсе ўдзельнікі разбіраюць пераклад, выказваюць свае заўвагі, ацэньваюць удалыя месцы і тое, што ўдалося меней, спрабуюць “мазгавым штурмам” прапанаваць нейкія праўкі.


Для першай сустрэчы сезону кіраўнік майстэрні, Андрэй Хадановіч, прапанаваў на абмеркаванне пераклады з французскага паэта Арцюра Рэмбо, кніга выбраных вершаў якога рыхтуецца і неўзабаве выйдзе ў серыі “Паэты планеты”. Пра праблемы і цікавосткі, што абмяркоўваліся перакладчыкамі, можна пачытаць на сайце беларускага ПЭН-цэнтра.

Усе ахвочыя запісацца ў Перакладчыцкую майстэрню пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча могуць дасылаць свае заяўкі на электронны адрас p.maisternia@gmail.com. Калі ласка, пазначце свае кантакты, а таксама сферу перакладчыцкай зацікаўленасці.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар