Слова ў абарону свабоды і годнасці

19 красавіка 2017

У сталічнай кнігарні “ЛогвінаЎ” прайшоў інтэлектуальны марафон салідарнасці з усімі затрыманымі ды пацярпеўшымі ад рэпрэсіяў цягам сакавіцкіх падзеяў. Амаль чатыры гадзіны беларускія інтэлектуалы і творцы ў рэжыме “нон-стоп” прамаўлялі ў розных формах і жанрах, выкарыстоўваючы слова як зброю супраць хлусні і нагнятання страху, што пазбаўляе нас магчымасці вольна мысліць і давяраць адно аднаму.

Салідарнасць з затрыманымі здолела аб’яднаць у адной прасторы, здавалася б, зусім далёкіх адно ад аднаго людзей, многія з якіх падчас марафона выступілі ў нязвыклых для сябе ролях.

Акцыя зарганізавалася даволі спантанна і вельмі хутка, на заклік ініцыятараў адгукнуліся паэты і літаратары, музыкі і грамадскія дзеячы, філосафы і навукоўцы.

“Цяперашняя сітуацыя вельмі падобная на апісаную некалі Вацлавам Гавэлам: з аднаго боку, нейкая бяссільная ярасць, калі ты разумееш, што адбываюцца рэчы, якія ты не можаш прыняць, спачуваеш, адчуваеш гнеў, але не можаш паўплываць на сітуацыю. Разам з тым, нават тыя, хто ў Беларусі ўяўляюць сябе ўсемагутнымі, павінны адчуваць, што ёсць людзі, якія з імі не згодныя, іх шмат і з кожным днём становіцца ўсё больш, і што гэтыя людзі бываюць разам, – сказаў у інтэрвью Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” адзін з вядоўцаў і ўдзельнікаў марафона паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Сам Хадановіч пасля чытання верша Чэслава Мілаша ўзяў гітару ды праспяваў “Муры” Яцэка Качмарскага — легендарную песню з часоў супрацьстаяння прасавецкаму рэжыму ў Польшчы.

“Сярод абсурду і несправядлівасці нашых дзён, калі чалавечая годнасць выціскаецца з краіны, мы маем дапамагаць нашым сябрам і суграмадзянам. Галоўнае – гэта наша адчуванне свабоды і годнасці, падтрымліваць якую маюць і людзі слова – творцы, паэты, музыкі”, зазначыла адна з арганізатараў чытанняў – сацыёлаг, каардынатарка “Лятучага ўніверсітэту” Таццяна Вадалажская. “Ёсць пэўная праца – са словам, якую робяць літаратары, з сэнсамі і думкамі, якую здзяйсняюць інтэлектуалы, культурныя дзеячы, і яна ёсць адным з галоўных аспектаў супраціву” – дадала яна падчас інтэрвью Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”. “Важна тое, што адбываецца на плошчах, але важна і тое, што адбываецца ў сферы нашай свядомасці, культуры. І калі яна забітая няпэўнымі словамі, змарнаванымі думкамі, то мы проста не можам аднаўляць сваю чалавечнасць, а гэта тое, чаго нам цяпер бракуе”. Сама Таццяна звярнулася да тэксту Германа Гесэ “Гульня ў шкляныя перліны”, зачытаўшы фрагмент, які апісвае “эпоху фельетона”.

Філосаф Таццяна Шчытцова, якая таксама выступіла сярод ініцыятараў марафона, акрэсліла мэту і сэнс гэтай падзеі наступным чынам: “Сённяшняя акцыя – магчымасць выказаць салідарнасць з людзьмі, якія праявілі грамадзянскую актыўнасць і заявілі аб тым, што з грамадзянамі, што жывуць у гэтай краіне, трэба лічыцца. Але адначасова гэта і магчымасць нагадаць аб тым, у якім стане ў нас знаходзіцца літаратурна-гуманітарная сфера. Зусім не выпадкова, што становішча гуманітарных навук у нашай краіне абсалютна крытычнае. Тое, што сёння гучыць – гэта не проста словы. Мы знаходзімся ў сітуацыі татальнага нарастання абсурда ва ўсіх сферах, і ў гэтай сітуацыі слова, якое прыносіць моцную канструктыўную эмоцыю, абсалютна неабходна». Падчас марафона з вуснаў Таццяны Шчытцовай прагучалі ўрывак твора Томаса Гобса “Левіяфан”, які беларускі кантэкст прымушае наноў пераасэнсаваць, урывак з уласнага артыкула пра падзеі снежня 2010 года, а таксама верш Анатоля Сыса “Пошаснае”.

Удзельнікі марафона чыталі і спявалі свае ўласныя альбо свае любімыя творы, прамаўляючы словы, якія палічылі неабходнымі прамовіць сёння, тут, у краіне Беларусь.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч прачытаў два тэксты, напісаныя яшчэ ў 1990-х, з сумам зазначыўшы, што мала што змянілася з тых часоў. “Многіх затрыманых па “справе патрыётаў” я ведаю асабіста. Гэта сапраўдныя патрыёты, на такіх людзях трымаецца Беларусь. Зараз іх трэба ўсялякім чынам падтрымліваць. Патрыёт не злачынца!” – сказаў ён.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч таксама пачаў з таго, што цяпер за кратамі знаходзяцца некалькі яго знаёмых, у тым ліку і Міраслаў Лазоўскі, якога ён ведае каля 20 гадоў.

Прачытаўшы ўрывак са свёй кнігі, напісанай напачатку 2000-х, у знак салідарнасці з фігурантамі “справы патрыётаў” Уладзімір Мацкевіч далучыўся да выканання гімна “Белага Легіёну”, праспяваўшы яго разам з каардынатаркай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Нінай Шыдлоўскай і дударом Алесем Мікусам.

Вершы і прозу чыталі выдавец Аляксей Андрэеў, паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева, паэтка Сабіна Брыло, філосаф Павел Баркоўскі.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч прачытаў свой верш пра вуліцу Таёжную ў Мінску, на якой ён нарадзіўся – “верш пра свабодных людзей у несвабоднай краіне”.

Сацыёлаг Аксана Шэлест звярнулася да фрагмэнтаў тэксту Вацлава Гавэла “Сіла бяссільных”, зазначыўшы: “Не ведаю, каму сёння больш патрэбны акцыі салідарнасці: людзям, якія за кратамі, іх сваякам, якім зараз надзвычай цяжка, ці нам усім – “умоўна свабодным”, якія шукаюць магчымасці нешта зрабіць у гэтай сітуацыі і з гэтай сітуацыяй”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прачытаў свой верш, прысвечаны вязням “амерыканкі” 2010 года, ён зазначыў, што па міжнародных стандартах тое, што адбываецца ў нашых турмах, – катаванні.

Генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь” Улад Вялічка прачытаў верш Алеся Дудара “Пасеклі край наш папалам”, у якім, на яго думку, вельмі яскрава паўстаюць паралелі з сучаснасцю.

Выступалі паэт і філолаг Віктар Жыбуль, паэтка, перакладчыца Вера Бурлак. На вечарыну салідарнасці завітаў найпапулярнейшы Лявон Вольскі, выступ якога ператварыўся ў міні-канцэрт.

Свае творы чытаў музыка і літаратар Уладзь Лянкевіч.

Валянціна Аксак зачытала ўласныя хронікі, якія вяла ад затрымання да вызвалення Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага.

Філосаф Міхаіл Баярын зазначыў, што патрыёты зняволены толькі за тое, што стваралі беларускую нацыю. Ён прачытаў пераклад з санскрыту, які заўсёды “натхняе яго на барацьбу.

Паэт Дзмітрый Строцаў заклікаў грамадства супрацьстаяць стварэнню “ахвярных груп”, да якой адносяцца і сённяшнія вязні.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі прынёс сваю кніжку “Прамоўленае”, якую за свой кошт выдалі яго сябры Алесь Юркойць і Алесь Яўдаха. “Вырыванне з нармальнага жыцця такіх людзей – удар не толькі па іх сем’ях, але і па велізарнай супольнасці, якая чакала кніг, часопісаў, газет. Алесь Яўдаха – матор, які разганяў беларускую кроў па капілярах у самыя далёкія куткі нашай краіны”.

Паэт Анатоль Івашчанка распавёў, што большасць “злачынцаў” – яго блізкія сябры, і таму – гэта наша вайна. Паэт зачытаў вершы, прысвечаныя патрыётам. Працягнуў гэту лінію філосаф і літаратар Ігар Бабкоў, які прачытаў чатыры вершы, прысвечаныя Сержуку Стрыбульскаму, таксама зняволенаму па “справе патрыётаў”.

Музыка і мастак, лідар гурта “Рэха” Андрусь Такінданг выказаў надзею, што святло пераможа і праспяваў некалькі сваіх яскравых песень.

Марафон працягнулі паэт Антон Рудак, гаспадар пляцоўкі перакладчык Павел Касцюкевіч, а таксама філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч, які зачытаў урыўкі са свайго эсэ “Свабода”, дзе гаворыць: “Да сустрэчы са свабодай трэба быць падрыхтаваным. Свабода прыходзіць толькі туды, дзе яе чакаюць”.

***

Інтэлектуальны марафон прайшоў у знак салідарнасці з усімі, хто ўдзельнічаў у сакавіцкіх пратэстах і дэманстрацыях, і хто цяпер церпіць пераслед і неабгрунтаваныя абвінавачванні. Калі вы хочаце дапамагчы людзям, якія пацярпелі ў выніку несправядлівых абвінавачванняў – пераходзьце па спасылцы http://bit.ly/2nWRhmP (кампанія BY_help).