Тое, што Беларусь мала ведаюць у свеце, – няёмкі факт

30 кастрычніка 2014

Глеб Лабадзенка, Tut.by

Вядомы даследчык культуры Тэры Сандэл у межах цыкла “Urbi et Orbi”, арганізаванага Лятучым Універсітэтам і Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі, прачытае ў Мінску публічную лекцыю “Культура як узнаўляльны рэсурс. Трансфармуючая роля культуры ў ЕС”.

Лекцыю пра тое, шкодзіць ці дапамагае развіццю культуры з’ява “трох экранаў” – смартфона, планшэта і тэлевізара. Пра тое, ці можна лічыць культураю допісы ў сацсетках. Пра тое, чаму брытанскія музеі падладзілі свой час працы пад супермаркеты. А яшчэ пра тое, ці адпавядае сучасная беларуская культура еўрапейскім трэндам. Ці трэба нам гараваць, што “мова гіне”. І чым насамрэч павінна займацца Міністэрства культуры.

“Сайт Міністэрства культуры цяпер стаў значна больш даступным і інфарматыўным, чым гэта было некалькі гадоў таму”

Тэры, у інтэрнэце дасяжная вашая біяграфія, але там – толькі сухія факты. Што б вы распавялі пра сябе беларускаму слухачу вашай лекцыі, які не сустракаўся з вамі раней?

Тэры Сандэл: Нягледзячы на тое, што ў многім я – тыповы англічанін, у мяне заўсёды быў вельмі інтэрнацыянальны лад жыцця. Напрыклад, я жыву то ў Англіі, то ў Францыі. Таксама я шмат вандрую – гэта звязана як з працаю, так і з сям’ёю – адзін мой сын жыве ў Вільні, другі – ў Італіі. Мне пашанцавала, бо ў мяне вельмі разнастайная і цікавая кар’ера. Я быў валанцёрам-выкладнікам у Афрыцы, дыпламатам, заснавальнікам Брытанскай Рады (British Council) у Савецкім Саюзе (і яе першым дырэктарам), даследчыкам ва ўніверсітэце і дзесяць гадоў працаваў дырэктарам міжнароднага мастацкага агенцтва. Цяпер я з’яўляюся дарадцам па культурніцкай палітыцы і культурніцкаму мэнэджменту, а таксама кіраўніком праекта, трэнерам і даследчыкам у галіне культуры. Я толькі вярнуўся з Азербайджана, дзе месяц працаваў у Міністэрстве эканомікі над праектам, прысвечаным іх новай канцэпцыі нацыянальнай культуры. На гэтым тыдні я пачынаю даследчыцкі праект, прысвечаны аўдыёвізуальнай індустрыі ў краінах Усходняга партнёрства (Беларусь, Малдова, Украіна, Арменія, Азербайджан і Грузія), буду спрабаваць ідэнтыфікаваць магчымыя сферы супрацы між гэтымі краінамі і Еўразвязам, якія маглі б быць узаемавыгаднымі. Жыццё дакладна не сумнае!

Што вы ведаеце пра беларускую культуру? І ўвогуле – ці шмат людзей у Еўропе ведае пра існаванне такой краіны, як Беларусь, пра тое, што ў нас свая, а не руская культура?

Тэры Сандэл: Асабіста я цікаўлюся Беларуссю. Але, на жаль, гэта праўда, што краіна недастаткова вядомая ў свеце праз тое, што прафесійныя і персанальныя сувязі ды кантакты між Беларуссю і краінамі Еўразвяза слабыя і неразвітыя. Гэта дзіўны, няёмкі факт, якога мы і вы павінны саромецца, асабліва таму, што мы жывем у ХХІ стагоддзі, у эпоху рэвалюцыі ў сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій! Павелічэнне і развіццё кантактаў між Беларуссю і краінамі Еўразвяза на ўсіх узроўнях грамадства павінна быць прыярытэтам здаровага сэнсу. Мы жывем у свеце, дзе мы ўсе ўзаемазалежныя, і Беларусь не з’яўляецца далёкай і экзатычнай зямлёю Азіі ці Афрыкі, гэта краіна ў сэрцы Еўропы! Складаная гісторыя Беларусі вельмі важная і значная частка мазаікі еўрапейскай гісторыі мінулага тысячагоддзя, што робіць сучаснае ігнараванне і недахоп узамадзеянняў з Беларуссю такім ненармальным!

Што тычыцца мяне персанальна, я збольшага выкарыстоўваю інтэрнэт, каб задаволіць сваю цікавасць, датычную Беларусі. Я наведваю сайты многіх арганізацый, уключаючы некаторыя важныя афіцыйныя, як, напрыклад, сайт Міністэрства культуры, які цяпер стаў значна больш даступным і інфарматыўным, чым гэта было некалькі гадоў таму. Што тычыцца беларускіх культурных пытанняў, я толькі што скончыў чытаць вельмі стымулюючую і правакацыйную кнігу Максіма Жбанкова “No Style”.
Наконт беларускага міжнароднага “брэнда” – вы маеце рацыю, намякаючы на праблему дамінавання расійскай імперскай і савецкай спадчыны, што нагадвае мне кнігу-фрустрацыю прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы “Україна – не Расія”.

“Мы жывем у адзін з самых захапляльных і важных перыядаў чалавецтва з пункту гледжання культуры”

Калі казаць пра культуру, то прыгадваецца эпічны канфлікт пакаленняў: кожнае папярэдняе пакаленне лічыць, што іх нашчадкі горшыя за іх саміх. Тое самае даводзіцца чуць і пра культуру: “цяпер культура нічога не вартая, а вось у наш час…” А як лічыце вы – сённяшнія метамарфозы культуры хутчэй станоўчыя ці адмоўныя?

Тэры Сандэл: У мяне адназначная і ясная пазіцыя па гэтым пытанні. Я веру, што мы жывем у адзін з самых захапляльных і важных перыядаў чалавецтва з пункту гледжання культуры. Сёння мы перажываем нешта большае і важнейшае за рэвалюцыю Гутэнберга нават з буйнейшымі пазітыўнымі наступствамі для культуры і ролі, якую яна іграе ў нашых жыццях, і не менш важную ролю нашыя жыцці будуць іграць у культуры. Я магу з вялікім задавальненнем паглядзець спектаклі Каралеўскага Нацыянальнага тэатра ці дзеі Metropolitan Opera праз інтэрнэт, або калі я ў Лондане ці Нью-Ёрку – атрымаць яшчэ большую асалоду ад жывога выканання. Я магу абедаць з кімсьці і распавядаць ім пра фільм, які змяніў маё жыццё, і чалавек можа пачаць глядзець яго на сваім смартфоне па дарозе дадому пасля нашай сустрэчы. Але трэба памятаць і разумець, што “тры экраны” культуры (тэлефон-планшэт-тэлевізар) не замяняюць оперу, тэатр і філармонію, але даюць ім новае жыццё, новыя формы, новую аўдыторыю і ўсталёўваюць новыя высокія стандарты і чаканні для высокай эфектыўнасці.

Датычна таго, што выпускаецца, заўсёды было…. шмат смецця, якое часам узнікае пры падтрымцы дзяржавы. І заўсёды было шмат геніяльнага, часам камерцыйна матываванага – гэтым кіраваліся нават такія творцы, як Вердзі, Моцарт і г.д. Мне заўсёды падабаецца шакаваць людзей, правакацыйна кажучы, што калі б цяпер жыў Мікеланджэла, ён быў бы дызайнерам інтэр’ера, і Леанарда да Вінчы, магчыма, авіяканструктарам…і Пушкін, несумненна, рэперам…

Ці ёсць адрозненні ў развіцці культуры ў краінах Еўразвяза і постсавецкіх краінах, да якіх адносіцца і Беларусь?

Тэры Сандэл: У адказе на папярэдняе пытанне я выкарыстаў слова “мазаіка” датычна Еўропы. Гэта тое, што ўяўляе сабой Еўропа. Няма такога панятку, як “культура Еўразвяза”, але можа быць палітыка Еўразвяза ў дачыненні культуры.

Аналагічна адсутнічае такі панятак, як “еўрапейская мадэль” культуры ці культурніцкага развіцця. Беларусь была ключавой часткай буйной еўрапейскай імперыі да XVIII ст., калі яе часткі сталі правінцыямі Расійскай імперыі, а пасля – часткай яе пераемніка Савецкага Саюза. Беларусь адносіцца да абедзвюх культурных традыцый: і да еўрапейскай, і да правінцыйнай рускай (савецкай). Глупа адмаўляць нейкую з гэтых традыцый. Важна выбраць, куды вы хочаце ісці. І для гэтага вам патрэбна ў пэўнай ступені зразумець, адкуль вы ідзеце. Калі я бываю ў Мінску з прычыны цікавасці да сучаснага мастацтва, то часта адчуваю, што я настолькі ж блізкі да ляза еўрапейскай сучаснай культуры з яе сацыяльнымі і палітычнымі супярэчнасцямі і складанасцямі, як быццам бы я знаходжуся ў Лондане, Парыжы ці Берліне.

“Патрэбна не Міністэрства культуры, але Міністэрства для культуры”

Мы, беларусы, – дужа практычныя людзі. Мы думаем найперш пра дабрабыт: каб было што з’есці і апрануць. Зрэшты, мы не адныя такія ў свеце. Як прышчапіць людзям з такім падыходам любоў да культуры?

Тэры Сандэл: Я думаю, што ва ўсіх постсавецкіх краінах існуе праблема, што культура вызначаецца і ўспрымаецца ў вельмі кансерватыўных тэрмінах “высокай” культуры – гэта ўсталявалася за савецкім часам, ці нават яшчэ раней. Іншымі словамі, савецкае вызначэнне культуры ў рэальнасці было такім: культура – гэта тое, што робіць Міністэрства культуры. А тое што не робіць – гэта не можа быць культураю. Гэта азначала, што “афіцыйная культура” стала заменаю рэлігіі, калі будынак оперы, акадэмічнага тэатра і філармоніі сталі будынкамі, дзе людзі часта “пакланяліся” культуры, бо гэта было “карысна” для іх. Цяпер ёсць выбар. Гэта натуральна для маладзейшых людзей, і яны на самой справе “спажываюць” і атрымоўваюць задавальненне ад культуры больш, чым іх бацькі. Культура кінатэатра, фільмы, цяпер больш разнастайныя і папулярныя, чым некалі, але цяпер іх глядзяць на “трох экранах” у дадатак да класічнай залі кінатэатра. Культура і субкультуры з”яўляюцца важнай часткай жыццяў і ідэнтычнасцяў маладых людзей паўсюль у развітых краінах, і гэты ж самы феномен становіцца ўсё больш відавочным у Беларусі.

Якія цікавыя прыёмы ці спосабы развіцця культуры ёсць у Еўразвязе, якія можна было б ужыць і ў Беларусі?

Тэры Сандэл: Мяне часта запытваюць (і гэта падаецца аўтарам пытання вельмі простым): як вы робіце тое і тое ў Еўропе? Насамрэч у розных частках Еўропы рэчы робяцца па-рознаму, што робіць сукупнасць усіх разнастайных практык такой багатай. Я думаю, для Беларусі, каб ведаць, ці трэба выкарыстоўваць чужы досвед, трэба пачаць з таго, што мы згадвалі раней – з вызначэння і ролі культуры ў еўрапейскай краіне ХХІ ст., якая мадэрнізуецца. Сапраўды, ўсё ідзе адтуль. Маё персанальнае меркаванне, што разнастайнасць патранажу ці крыніц фінансавання – гэта важны інгрыдыент дынамічнага культурніцкага асяродку, і таму ў той час, як дзяржаўнае фінансаванне культуры з’яўляецца вельмі важным, найперш, гэта не павінна быць дэ-факта адзінай крыніцай. І па-другое, існуе шмат шляхоў, як дзяржава можа фінансаваць культуру наўпрост ды ўскосна. У многіх краінах Еўразвяза дзяржава, праз Міністэрства культуры ды іншыя каналы, бярэ адказнасць за стварэнне пазітыўнага “клімату” ці кантэксту, у якім культура можа квітнець, але не ўмешваецца ў саму культуру. Гэта можа быць падсумавана ў простай замене займенніка – патрэбна не Міністэрства культуры, але Міністэрства для культуры.

“Час працы музеяў трэба зрабіць такі самы, як у супермаркетаў”

Як зацікавіць класічнай культурай (музей, тэатр, опера…) моладзь, якая бавіць увесь вольны час у сацыяльных сетках?

Тэры Сандэл: Нейкі час таму я чытаў лекцыю па гэтай тэме, якая называлася “Ад пасіўнага гараджаніна да актыўнага спажыўца – сучасны выклік для музеяў”. Культура, за выключэннем спецыяльных сфераў, такіх, як архітэктура, не ўяўляе сабою будынкі. Калі нехта кажа пра прыцягненне моладзі ў музеі, тэатры ці оперу, я думаю, што яны часта думаюць пра будынкі і рытуалы “высокай культуры”. Маладыя людзі маюць значна мацнейшую візуальную культуру і адчуванне, чым іх бацькі. І, магчыма, знаходзяць сядзенне ў філармоніі і назіранне за мужчынамі (збольшага) у чорных, старамодных строях і смешных гальштуках значна больш сумным і менш цікавым, чым слуханне той самай музыкі ў тым месцы і ў той час, якія яны самі выбяруць. Жывое мастацтва павінна прапаноўваць нешта цікавейшае, чым той файны выбар і якасць, якую яны маюць на сваіх “трох экранах”.

У сацыяльных сетках свой узровень культуры: свае жарты, карцінкі, фотажабы і гэтак далей. Ці можна гэта таксама лічыць праявай сучаснай культуры? Ці можа гэта быць прадметам даследвання?

Тэры Сандэл: Даследванні ўжо актыўна праводзяцца ў многіх еўрапейскіх краінах! І не толькі ў тым сэнсе, як развіваць маладую аўдыторыю. Не даследваць інтарэсы маладых людзей глупа! Паглядзіце, як актыўна буйныя камерцыйныя кампаніі даследуюць густы, памкненні і патрэбы маладых людзей – і пасля адказваюць на іх. Часам мы прапускаем відавочнае. Я памятаю, як брытанскі міністр культуры каля дваццаці гадоў таму расказваў дырэктарам галоўных музеяў, як ён хоча, каб людзі ўнутры музеяў былі падобныя да людзей з вуліцы, каб музеі пачыналі ствараць новую аўдыторыю, будучы “user-friendly”. Дырэктар аднаго з музеяў прызнаўся, што, магчыма, час працы яго ўстановы нязручны, і што ён плануе зрабіць апытанне наведнікаў на гэтую тэму. Міністр адказаў, што ў гэтым выпадку даследванні непатрэбныя, бо яны ўжо былі зробленыя сеткаю супермаркетаў, якая ведае зручны час працы для сваіх пакупнікоў, і трэба проста зрабіць такі ж час працы, як і ў супермаркетах! Дырэктары музеяў былі ў жаху ад гэтай думкі. Роўна да пары, як праз некалькі гадоў мы пабачылі, наколькі папулярнымі сярод еўрапейскай моладзі з”яўляюцца Ночы музеяў.

“Мову варта адраджаць не як гістарычны ці нацыяналістычны “праект”, а як сучасную мову, якая падыходзіць пры гэтым не толькі маладым людзям”.

У Беларусі мы маем падзел на “масавую” і “элітарную” культуру паводле мовы (магчыма, не ўсе са мной пагодзяцца ў гэтым пытанні). Культура на беларускай мове, на жаль, практычна элітарная – не толькі паводле ўзроўню, але і паводле накладаў кніжак і колькасці наведнікаў імпрэзаў. Масавая ж культура – бульварная літаратура, пустыя тэлепраграмы, папсовыя спевы – гаворыць па-руску. Бо культурная і палітычная экспансія Расіі на нашай зямлі вымяраецца стагоддзямі. Ці варта нам пераймацца ад такога размежавання і прагнуць, каб уся гэтая “дзяшоўка” таксама была па-беларуску? 

Тэры Сандэл: Сітуацыя з роляй беларускай мовы, відавочна, складаная. Але не ўнікальная, хаця ў некаторых адносінах, можа быць, больш экстрэмальная, чым у іншых падобных краінах. Цікава бачыць, што адбываецца рознымі шляхамі ў межах моўнай палітыкі ў такіх розных постсавецкіх краінах, як Грузія, Казахстан, Украіна, Азербайджан і г.д. У той час, як мінулае не павінна забывацца, з пункту гледжання моўнай палітыкі, самае галоўнае – гэта будучыня, і існуюць некаторыя вельмі цікавыя станоўчыя прыклады барацьбы з тымі аспектамі, якія вы акрэслілі ў сваім пытанні. Я думаю, найбольш актуальным прыкладам актыўнага і пазітыўнага прасоўвання нацыянальнай мовы ў сучасным кантэксце – гэта прыклад валійскай мовы, дзе яна была адроджаная не як гістарычны ці нацыяналістычны “праект”, а як сучасная мова, якая падыходзіць пры гэтым не толькі маладым людзям. Тэлебачанне, рок-музыка ды іншыя праявы сучаснай культуры актыўна выкарыстоўваліся амбіцыйнай праграмаю, якая фінансавалася ўладамі Вялікабрытаніі, і станоўча паўплывала на засваенне валійскай мовы.

Як чалавек, які займаецца праблемамі культуры, ці можаце вы даць колькі практычных парадаў нашым чытачам: што кожны з іх можа зрабіць “культурнага”, каб у цэлым сітуацыя ў гэтай сферы зрушылася да лепшага?

Тэры Сандэл: Існуе, відаць, кітайская прымаўка, якая кажа, што калі ў вас дастаткова грошай на баханку хлеба, купіце паўбаханкі і ружу. Культура ўяўляе сабою прыгажосць і натхненне, таму прыносіць прыгажосць і натхненне ў нашае жыццё штодня – гэта добры пачатак. Шукаючы і ствараючы прыгажосць нават у малым – напрыклад паказваючы, як мы цэнім сям”ю ці калегаў, альбо гледзячы на нешта па-новаму – мы можам культурна ўзбагаціцца і ўзмацніцца.

Публічная лекцыя Тэры Сандэла у межах цыкла “Urbi et Orbi” Лятучага ўніверсітэта і Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі адбудзецца 31 кастычніка а 19.00, галерэя “Ў” (пр-т Незалежнасці, 37а).

Уваход вольны!

Лятучы ўніверсітэт забяспечыць online-трансляцыю. Сачыце за нашым сайтам!

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: