Тыдзень беларускага мыслення завяршыўся канцэртам Лявона Вольскага (ФОТА)

26 верасня 2016

Больш за 50  ініцыятыў па ўсёй краіне, выстава інтэлектуальных выданняў, чытанні тэкстаў, тэатральныя дзеі, дыскусіі, гульні, перформансы – усё гэта змясціў у сабе Тызень беларускага мыслення, які ладзіўся ўпершыню. Служба інфармацыі“ЕўраБеларусі”, якая падрабязна асвятляла падзеі Тыдня, пабывала на апошнім яго ўрачыстым мерапрыемстве.

“Мы атрымалі нагоду падумаць пра нашу інтэлектуальную спадчыну, пра тое, як яе можна інтэрпрэтаваць”, – зазначыла адна з арганізатараў Тыдня, каардынатар Лятучага ўніверсітэтуТаццяна Вадалажская.

Яна паведаміла, што толькі ў Мінску ў межах Тыдня прайшло больш за 40 мерапрыемстваў, і яшчэ 12 – у іншых гарадах краіны.

“Праект Год беларускага мыслення і асабліва – Тыдзень беларускага мысленя – абсалютна ўнікальны, нідзе ніколі нічога падобнага не было. І ён будзе доўжыцца, пакуль беларусы не пачнуць чакаць яго, як свята.

Утопія. Але ж, ведаеце, без утопіі жыццё – такая нуда. Я віншую ўсіх з нараджэннем падзеі”, – выказаўся філосаф, літаратар, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіюма Валянцін Акудовіч.

Уладзімір Мацкевіч і Валянцін Акудовіч

А вось філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч быў настроены больш скептычна.

“Я не хацеў бы рабіць у наступным годзе падобнае мерапрыемства. Мы заявілі сваю прысутнасць. Мысленне ў Беларусі ёсць – хочаце вы гэтага ці не. Без дзяржавы, без рэжыма, і з гэтым нельга не лічыцца. Гэтага досыць”, – заявіў Уладзімір Мацкевіч.

Падчас цырымоніі закрыцця Тыдня абвясцілі і ўзнагародзілі пераможцаў конкурса эсэ “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі, кантэксты”. Конкурс стаў працягам ініцыятывы “Цытуй сваё” і даў магчымасць усім ахвотным выказацца на тэму беларускай інтэлектуальнай спадчыны.

Трэцяе і другое месцы занялі Таццяна Урублеўская-Токер з эсэ “Уладзімір Фурс: Беларусь тут і цяпер”,і Антось Уласенка з тэкстам “На другіх шляхох”, а пераможцам з конкурснай працай “А хто там і дзе?” аказаўся Міхаіл Бараноўскі, саліст гурта “Нельга забыць”. Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі. Апроч таго, іх працы будуць апублікаваныя на сайтах Лятучага ўніверсітэту, грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма Беларусамі!”“Беларусского журнала”, а таксама ўвойдуць у Альманах, які выдадуць напрыканцы года.

Узнагароджанне прызёраў конкурса

Міхаіл Баярын узнагароджвае Таццяну Урублеўскую-Токер

Ірына Дубянецкая ганаруе Антося Уласенку

Уладзімір Мацкевіч віншуе Міхала Бараноўскага

Сапраўдным сюрпрызам вечара стаў культурніцкі падарунак – выступ Лявона Вольскага, які феерычна і запамінальна закрыў Тыдзень.