У Беларусі прайшоў “Тыдзень мыслення”: амаль 60 мерапрыемстваў ад больш за 20 ініцыятыў

26 верасня 2016

5 верасня ў прасторы “Корпус 8” адбылося ўрачыстае закрыццё “Тыдня беларускага мыслення” – яскравай падзеі, якая прадставіла ўсю разнастайнасць формаў і праяваў беларускага мыслення ў сучасным беларускім грамадстве.

Гэта ўсё не значыць, што мы памыслілі тыдзень і разышліся па сваіх справах, – адзначыў падчас урачыстай цырымоніі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. – Але гэта пэўнае прад’яўленне навонкі, размяшчэнне здабыткаў у больш шырокай публічнай прасторы. Гэтак жа як, напрыклад, бізнесоўцы ў “Тыдзень бізнеса”, мы прэзентвалі грамадству тое, што стварылі.

Праект “Год беларускага мыслення” і асабліва – “Тыдзень беларускага мысленя” – абсалютна ўнікальны, нідзе ніколі нічога падобнага не было. Я віншую ўсіх з нараджэннем падзеі! – выказаўся філосаф, літаратар, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіума Валянцін Акудовіч.

“Тыдзень” падвёў вынікі не толькі “Года беларускага мыслення”, які быў абвешчаны ў траўні 2015 г. стартам супольнага праекта “Цытуй сваё”, але і пэўнай эпохі ў 30 год, акрэсленай тэкстамі двух “Анталогій сучаснага беларускага мыслення”.

Адна з асноўных думак, якая гучала і падчас выніковай дыскусіі “Беларускае мысленне: quo vadis?”, і падчас урачыстай цырымоніі закрыцця: “Беларускае мысленне і мысляры ёсць! Ім больш не трэба змагацца за існаванне і прызнанне.” А разнастайнасць мерапрыемстваў праграмы “Тыдня” дае падставу казаць пра злом стэрэатыпнага ўяўлення “мысленне – ёсць выключна філасофія”. Дзякуючы арганізатарам і ініцыятывам, якія далучыліся да правядзення “Тыдня”, удзельнікі ўбачылі, што ў інтэлектуальную прастору патрапляюць і музыкі, і архітэктары, і этнографы, і вікіпедысты, і эколагі. Такім чынам за гэты “Тыдзень” беларускае мысленне істотна пашырыла мяжу ўспрымання самога сябе.

Гэты тыдзень даў погляд на зробленае, на нашу інтэлектуальную гісторыю і сучаснасць, якая вымагае аналізу, разумення і дае магчымасць размяшчэння сябе ў кантэксце інтэлектуальнай прасторы і культуры. Але найбольш каштоўнымі сталі сустрэчы з людзьмі, думкамі, праблемамі, якія будуць скіроўваць нашую працу надалей, – адзначыла адна з арганізатарак “Тыдня”, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

Якім бачыцца мысленне і мысляры далей?

Наступны крок – зрабіць мысленне яшчэ больш прыцягальным і цікавым для беларусаў. Бо сёння гэта своеасаблівая сцэна, прастора, дзе кожны чалавек з любой сферы, якому ёсць што сказаць, мае права смела прадставіць і абмеркаваць свае ідэі. З іншага боку беларускаму мысленню варта пашыраць кантэкст, пераходзіць ад лакальных праблем Беларусі да больш глабальных і амбітных тэм. У стварэнне новага зместу мусяць уключацца новыя імёны. І, магчыма, акурат некаторых новых героеў сучаснага беларускага мыслення мы ўбачылі падчас узнагароджання пераможцаў конкурсу эсэ “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”. Трэцяе месца заняла Таццяна Урублеўская-Токер з эсэ “Уладзімір Фурс: Беларусь тут і цяпер”, другое – Антось Уласенка з тэкстам “На другіх шляхох”. Пераможцам конкурсу эсэ з працай “А хто там і дзе?” стаў Міхаіл Бараноўскі. Усе пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі, а іх працы будуць апублікаваныя на сайтах Лятучага ўніверсітэта, грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, “Беларусского журнала”, а таксама ўвойдуць у Альманах, што будзе выдадзены напрыканцы 2016 года. Арганізатары яшчэ раз шчыра віншуюць пераможцаў!

Верагодна, тэксты песняў Лявона Вольскага, які выступіў з файным канцэртам напрыканцы цырымоніі, таксама маглі б увайсці ў які-небудзь спецыяльны раздзел новай “Анталогіі беларускга мыслення”. Калі ўсе спрэчкі сціхаюць, а заля голасна спявае разам – дасягнуць такога эфекта можа толькі сапраўдны музыка-мысляр!

Арганізатары ўдзячныя усім партнёрам (Міжнароднаму кансорцыуму “ЕўраБеларусь“, Лятучаму ўніверсітэту, грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, Беларускаму Калегіуму, курсам “Мова Нанова”, кнігарне “Логвінаў” і Інстытуту палітычных даследаванняў “Палiтычная сфера”) і ініцыятывам, якія далучыліся да правядзення “Тыдня” ў Мінску і рэгіёнах; а таксама ўсім удзельнікам мерапрыемстваў праграмы і прадстаўнікам СМІ за дапамогу ў распаўсюдзе інфармацыі і аўтарскія артыкулы (Eurobelarus.info, “Заўтра тваёй краіны”, “Новы час”, “Наша Ніва”, Naviny.by, Citydog.by і іншыя). Асабліва варта адзначыць генеральнага інфармацыйнага партнёра – незалежны аналітычны рэсурс “Беларусский журнал”, які зрабіў з нагоды “Тыдня беларускага мыслення” столькі матэрыялаў, што на прачытанне і іх аналіз у вас пойдзе яшчэ не адзін тыдзень. Абавязкова зазірніце! 🙂

Чакаем вашых каментароў, рэфлексій на скрыню cytuj.svajo@gmail.com, а таксама ў суполцы мерапрыемства ў Facebook.

Да сустрэчы на інтэлектуальнай прасторы беларускага мыслення!

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар