Уладзімір Мацкевіч: 7 лістапада трэба зрабіць Днём пазбаўлення ад пачвар мінуўшчыны

07 ноября 2017

Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Беларусь — адзіная краіна ў свеце, у якой 7 лістапада з’яўляецца дзяржаўным святам у гонар Кастрычніцкіх падзей 1917 года. Ці сведчыць гэта пра «савецкасць» беларусаў? Колькі ў нас засталося гэтай «савецкасці»? Хто распачне дэсаветызацыю і як варта ставіцца да даты 7 лістапада? Пра ўсё гэта Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» пагутарыла з філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам, які абвесціў 2017-ты «Годам антыкамунізму».

— Пасля без малога 30 год незалежнасці ці шмат яшчэ савецкага засталося ў беларусах?

— Ёсць ілюзія, што колькасць савецкага ў людзях можна «памерыць» пры дапамозе сацыялагічнага апытання. Але адказы людзі даюць сітуатыўныя: сёння яны адкажуць не так, як учора — і гэта цалкам натуральна. Трэба арыентавацца на тое, дзеля чаго мы хочам высветліць гэтае пытанне: навошта нам ведаць, колькі савецкага засталося ў беларускім грамадстве? Тады веда становіцца прагматычнай. Калі я, напрыклад, лічу, што пачатковым этапам культурнай палітыкі з’яўляецца дэсаветызацыя, без якой немагчыма перайсці да беларусізацыі, то мне патрэбная веда пра савецкасць. Паколькі я займаюся дэсаветызацыяй і лічу яе абавязковай для ўсялякай палітычнай, дзяржаўнай дзейнасці, то, магчыма, я схільны перабольшваць колькасць савецкага. Так, амаль усе ўдзельнічалі ў сельскагаспадарчых працах. Капаеш бульбу, а перад табой — доўгая баразна. І калі пачынаеш працу, ты бачыш, як далёка яшчэ да канца і перабольшваеш гэтую велічыню.

Цікава, што людзі, якія засяроджваюцца на беларусізацыі, не зважаючы на дэсаветызацыю, не бачаць канца працы, але не бачаць і пачатку. І пачынаюць рабіць тое, што немагчыма зрабіць без дэсаветызацыі. Немагчыма сеяць і чакаць, што нешта вырасце, не ўзараўшы зямлю. Трэба ўсё рабіць паслядоўна.

Сыходзячы з гэтага, я і разглядаю колькасць савецкага ў беларускім грамадстве. Яно праяўляецца паўсюль. У тым, як арганізаваныя нашы гарады — і не толькі ў назвах і помніках, а ў тым, як імі кіруюць. Людзі нічога не робяць самі, а спадзяюцца на «савецкую ўладу». Савет — гэта не толькі назва кіруючых структур, гэта рудымент савецкай улады.

Савецкае заўсёды прысутнічае ў мастацтве, у тэлебачанні. Усе палітычныя партыі ствараюцца на ўзор КПСС — гэта сядзіць нават у кансерватыўных, ліберальных палітыках і хрысціянскіх дэмакратах!

— Ці можа паўстаць хваля дэсаветызацыі ў грамадстве?

— Можна зрабіць высновы, задаўшы чалавеку пытанне, дзе ён быў падчас святкавання 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Калі хадзіў на імпрэзу, што ладзіла камуністычная партыя, — зразумела, у якім свеце ён жыве. А калі чалавек напярэдадні быў у Курапатах — гэта сведчыць пра іншае. Ці можам мы спадзявацца на тых валанцёраў, якія прыводзяць у парадак мемарыял і ведаюць пра здзейсненыя там злачынствы? Шчыра кажучы, я не ведаю, бо гэта залежыць ад іх актыўнасці. Незалежнасць Беларусі адбылася не таму, што большасць яе падтрымала. Яе падтрымала актыўная меншасць пры пасіўнасці савецкай большасці.

Сёння ёсць шмат людзей, якіх савецкая прапаганда ўжо не можа замбаваць. Але ж яны неактыўныя, таму спадзявацца на іх не даводзіцца. Яны, як тая рыба ў глыбіні, шукаюць, дзе ім лепей. Разумеючы, што ў Беларусі ім нічога не свеціць, яны шукаюць сябе па-за яе межамі. Тыя, хто застаюцца, падлягаюць адбору на кіруючыя пасады. Мала разлічваць толькі на змену выбарчага заканадаўства — трэба праводзіць дэсаветызацыю кадравай палітыкі ва ўсёй краіне. Толькі тады мы зможам атрымаць змену пакаленняў. Бо пакаленні ў грамадска-палітычным жыцці — гэта не ўзроставая катэгорыя. Гэта катэгорыя, хутчэй, светапоглядная.

— Да вашга выказвання пра тое, дзе чалавек правёў дзень 7 лістапада: сябры БРСМ 4 лістапада прыбіралі Курапаты, што не будзе замінаць ім сёння ўскладаць кветкі да помніка Леніну.

— На суботнікі ходзяць паслухмяныя людзі. Ім сказалі прыйсці — і яны прыйшлі, не паглыбляючыся ў тое, што гэта за крыжы, хто і навошта іх паставіў. Ёсць тэрыторыя, і яе трэба прыбраць. Таксама як і піянеры ў савецкія часы не вельмі цікавіліся, хто пахаваны ў брацкіх магілах, на прыборку якіх іх адпраўлялі.

— А як рэагаваць на пасажы кшталту: «калі б не рэвалюцыя 1917 года, то і ніякай Беларусі б не было»?

— Давайце разважаць. Амаль адначасова ўтварыліся Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Украна, Малдова. Ніхто з першых чатырох не дзякуе рэвалюцыі, хоць яны былі незалежнымі больш за 20 гадоў. Тры апошнія страцілі незалежнасць пад бальшавіцкай акупацыяй, але яны павінны быць удзячнымі. За што? Гэта ўбітае савецкай прапагандай сцвярджэнне, што незалежнасць беларусы набылі дзякуючы мудрай бальшавіцкай нацыянальнай палітыцы. Асабліва дзіўна было чуць гэта ад нямецкіх гісторыкаў на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі.

— Як жа тады беларусам варта ставіцца да даты 7 лістапада?

— Гэты дзень сапраўды паўплываў на сусветную гісторыю: утварыўся парастак новай сілы, якая амаль стагоддзе ўплывала на ўсе сусветныя працэсы. Таму ігнараваць гэты дзень немагчыма. Мы не можам выкрасліць гэтага з гісторыі ці замоўчваць, да яго проста трэба выпрацаваць наша асабістае стаўленне. Па-першае, ніякай рэвалюцыі ў кастрычніку 1917 года не было. Гэта быў пераварот з захопам ключавых дзяржаўных устаноў: пошты, тэлеграфа, банкаў і інш. Акурат у той час ішлі выбары ва Устаноўчы сход, які павінен быў вырашыць лёс рэшткаў Расійскай імперыі. Але бальшавікі гвалтоўна разганяюць Устаноўчы сход і ўстанаўліваюць дыктатуру пралетарыяту. Войска пад уплывам бальшавіцкай прапаганды стала разбэшчаным: квітнелі дызертырства, марадзёрства, карупцыя, яно пачало рабаваць насельніцтва. Пачаўся крымінальны перыяд жыцця былой імперыі. Палілі маёнткі, рабавалі ўсё, што было можна, а між справай узялі Зімні палац. Што рабіць у гэтай сітуацыі нармальным людзям? Трэба абаперціся хоць на нейкую кіруючую сілу. І яны, прагнучы парадку, падтрымалі такую сілу — бальшавікоў, праўда, пасля ўсё адно сканалі ў лагерах.

У Беларусі існавала магчымасць абаперціся і на іншыя рухі, але краіна ў той час была расцярушаная паводле этнічнага складніка: палякі не любілі беларусаў, беларусы не любілі жыдоў, жыды баяліся беларусаў, палякаў і рускіх, і ўсе не давяралі адзін аднаму. Праваслаўныя сяляне не хацелі падтрымліваць хрысціянскую дэмакратыю, якая тады пачынала ўтварацца, як палітычную сілу, бо там рэй вялі каталікі. Усе падазравалі адзін аднаго — і ў такім стане краіну можна было проста браць. Калі нямецкае войска сыйшло, без асаблівай вайны ў Беларусь прыйшлі бальшавікі.

Абвесціць 7 лістапада днём нацыянальнай трагедыі, напэўна, няправільна, бо трагедыя расцягнулася, пачынаючы з Першай сусветнай вайны да канца зацвярджэння бальшавікоў. Дзень памяці? Але ў нас і так дастаткова дзён памяці. Можна спалучыць гэты дзень з працяглым святкаванем Дзядоў, прычым з пэўнай «нагрузкай» на кожны дзень. Дзяды пачынаюцца з Дня ўсіх святых. Продкі бываюць і добрыя, і злыя, яны не толькі могуць клапаціцца пра нас, але і ствараць небяспеку. Таму ў гэты час адбываецца, з аднаго боку, шанаванне продкаў, а з другога — пазбаўленне ад страху, карнавал з удзелам «мерцвякоў», «прывідаў», «зомбі». Дык чаму б не зрабіць 7 лістапада Днём пазбаўлення ад прывідаў і пачвар мінуўшчыны — камунізму, патэрналізму, недаверу паміж людзьмі, днём антыкамунізму і еднасці ўсіх беларусаў як грамадзянскай нацыі, незалежна ад этнічнай прыналежнасці?..

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар