Універсітэт пад «дажджом інавацый»

18 ліпеня 2017

Традыцыйная летняя школа Лятучага ўніверсітета адбылася ў гэтым годзе напачатку ліпеня на хутары Шаблі. Сёлета ўніверсітэцкі летнік стаў працягам роздуму і дыскусій вакол кардынальных зменаў сусвету, якія нясе выбух тэхналагічнага развіцця і эпоха інавацыйнага паскарэння. Шэраг праблемаў і пытанняў пра тое, што адбываецца зараз са светам, з культурай і навакольным асяроддзем, з сацыяльнасцю і інфармацыяй, і, галоўнае, з адукацыяй і самім чалавекам, паўстаў падчас публічных лекцый “Уяўляючы Беларусь” (сезон 2016-2017) і канферэнцыі “Тэхнікі і тэхналогіі чалавечага”, якая прайшла ў сакавіку гэтага года. Працягам роздуму і праблематызацыі стала арганізацыйна-дзейнасная гульня “Універсітэт і інфраструктура інавацый: стратэгія ўстойлівай камунікацыі суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці”. Пра тэму і праблемы, якія абмяркоўваліся на летняй школе і пра тое, якія выклікі новы час нясе для Універсітэта, з каардынатарам Лятучага ўніверсітэта Таццянай Вадалажскай пагутарыла Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

– Тэма летніка гучала як “Гэты дзіўны новы свет”, і гэта, канешне, безумоўная адсылка да антыўтопіі Хакслі, – распавяла Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” Таццяна Вадалажская. – Летнік у пэўным сэнсе падсумоўвае тое, што мы рабілі цягам года. Сапраўды, сёлета мы шмат працавалі, спрабуючы асэнсаваць стасункі чалавека, тэхнікі і тэхналогій.

Наш летнік мае традыцыйны склад і сталыя формы працы: першае, гэта агульные пасяджэнні, дзе мы разгортваем тэму летніка, другі рэжым працы – так званая “адкрытая кафедра”, на якую ўдзельнікі могуць прапаноўваць самыя розныя тэмы, ну і яшчэ адзін важны складнік – клубная прастора, дзе адбываецца больш павольная камунікацыя. Падчас пленарнага пасяджэння было некалькі дакладаў, дзе мы вельмі па-рознаму разглядалі тэму інавацый: ад неабходнасці пераасэнсавання праграмы культурнай палітыкі (даклад Уладзіміра Мацкевіча), тэмы Універсітэту ў варунках новага часу, да ўяўлення пра чалавечы і гуманітарны складнік, напрыклад, Таццяна Шчытцова распавядала пра стасункі паміж пакаленнямі. Яшчэ ў нас быў цікавы па сваім месцы ў летніку даклад Нікі Выгоўскай, звязаны з прадстаўленнем пэўнай мадэлі новага свету, якая прапаноўвала, фактычна, новую ўтопію, хоць выглядае гэта, намой погляд, хутчэй як антыўтопія. У ёй прапаноўвалася поўная аптымізацыя чалавечай дзейнасці, каб выжыць у гэты час.

Пленарныя выступы. Уладзімір Мацкевіч. «Культурная палітыка 2.0»

Пленарныя выступы. Таццяна Шчытцова, “Здзіўленне свету”, касмалагічная тэорыя Ойгена Фінка і перспектывы трансфармацыі адносінаў між пакаленнямі ў сучасную эпоху”

 

Падчас летніку было некалькі прыемных момантаў, звязаных з адчуваннем супольнасці. Напрыканцы ў рэфлексіях шмат хто ўзгадваў, што калі на першых летніках мы разумелі, што нам трэба прыдумваць нешта адмысловае, каб адчуць супольнае чалавечае адзінства, то цяпер гэта адбываецца натуральным чынам. А яшчэ наша карпарацыя Convent Ludenia зладзіла ўрачыстую вечарыну, прысвечаную 200-годдзю Таварыства філаматаў, спрабуючы выбудаваць свае стасункі з той традыцыяй супольнасці. Было прыемна, што тыя, хто не належыць да карпарацыі, таксама прымалі ўдзел. Мы спявалі песні і чыталі ўрыўкі з лістоў філаматаў – атрымалася такая вельмі добрая стылёвая вечарына.

Вечарына, прысвечаная 200-годдзю Таварыства філаматаў

 

– Ці знайшлі адказы на пытанні, якія ставілі перад сабой і над якімі разважалі ўдзельнікі летніка?

– Звычайна пры адказе на такія пытанні ўзнікаюць хутчэй новыя пытанні, чым адказы. Мы ўжо больш за год спрабуем ухапіць сутнасць часу, будучыні, якая, фактычна, ужо наступіла, і нам трэба нейкім чынам ёй адпавядаць. Мы шмат гаварылі пра тое, што ў нас нават мовы няма, каб адэкватна схапіць феномены, якія адбываюцца цяпер. Бо цяпер усё “пост-“: постпраўда, постсучаснасць, постпалітыка – гэта ўсё ад таго, што бракуе мовы, каб зразумець сутнасць з’явы. Таму мы не ставілі за мэту прыйсці да канчатковых высноў, мы па-ранейшаму спрабуем зразумець гэты свет, таму абмяркоўваем існуючыя выклікі, і тое, як змяняецца месца Універсітэту ў сучасным свеце – бо яно мяняецца кардынальна. Сёння мы разумеем, што яно больш не забяспечваецца мінулымі сувязямі, і нам трэба шукаць сабе новае месца, выбудоўаць стасункі з пэўнымі суб’ектамі, супольнасцямі ці тымі, хто вызначае далейшы час. І гэта, хутчэй, праблемнае поле, чым поле адказаў і канкрэтных планаў. Хаця, зразумела, што нейкія планы ёсць.

Пленарныя выступы. Таццяна Вадалажская, «Універсітэт змяняе накірунак?! «

 

– Выбудоўваць стасункі цяпер трэба з тымі, хто працуе ў сферы тэхналогій і інавацый?

– Прынамсі, інавацый. Інавацыі, якія да нас прыходзяць, – і тэхнічныя, і нетэхнічныя, – яны ўсе на нас уздзейнічаюць. І пытанне ў тым, у якіх стасунках мы з імі знаходзімся: ці то мы – тыя, хто іх робіць, шукае, рэалізуе, ці то мы – тыя, хто іх церпіць, ці мы супраціўляемся ім. Трэба зразумець, хто сёння вядзе рэй – і гэта не тыя сацыяльныя групы і пазіцыі, якія звычайна выглядаюць галоўнымі. Бо калі ў мадэрным часе Універсітэт як сацыяльная інстытуцыя выбудоўваў свае стасункі з дзяржавай і царквой, то сёння ўзнікае пытанне, ці трэба Універсітэту выбудоўваць менавіта гэтыя стасункі? Ці стасункі павінны выбодоўвацца з бізнес-супольнасцю, ці з супольнасцю па-за інстытуцыяў? Усе спробы глядзець на гэтыя стасункі становяцца вельмі хісткімі.

– Гэта новы выклік для Універсітэту?

– Так, гэта новы выклік для самавызначэння месца Універсітэту ў новым свеце, які вельмі ўмоўна можна пазначыць “светам інавацый”. Гэта не паступовае развіццё, якое было ў мадэрным свеце. Сёння мы бачым, як вельмі трапна сказаў Андрэй Ягораў, “дождж інавацый”, якія на нас звальваюцца і змяняюць асяроддзе, не надта стасуючыся адна з адной. Гэта не нейкія праграмныя змены, калі мы бачым перспектыву і паступова крочым да яе, а гэта змены свету, якія, хутчэй за ўсё, не закладваюцца ў кожную з інавацый асобна.

Пленарныя выступы. Андрэй Ягораў, «Як магчымае альтэрнатыўнае глабальнае кіраванне?»

 

– А як змяняцца ў адпаведнасці з гэтымі інавацыямі, і пры гэтым не здрадзіць сабе?

– Гэта самае складанае пытанне, бо гэта, фактычна, пытанне, чым ты ёсць сёння. Чым быў Універсітэт, чалавек, філосаф, навуковец у мадэрным грамадстве, мы разумеем. А якія функцыі яны выконваюць сёння? Абмяркоўваючы месца Універсітэту ў сістэме адукацыі, мы кажам, што раней ён быў як “вішанька на торце” адукацыйнай сістэмы, а сёння ўжо сама гэтая строга выбудаваная сістэма разбураецца. Архітэктура сістэмы адукацыі, дзе чалавек абавязкова адну за адной праходзіць усе прыступкі (дзіцячы садок, школа, прафесійная ўстанова) разбураецца, і чалавек атрымлівае адукацыйныя здабыткі з абсалютна розных бакоў, чалавек сам становіцца “месцам зборкі” ўласнай адукацыі.

Павал Баркоўскі

Вячаслаў Бабровіч

 

– Сам сабе універсітэт?  

– Сам сабе адукатар. Але пры гэтым здольнасці сабраць усё наўрад ці ёсць у шараговага чалавека. Тады паўстае пытанне, што такое павінна быць у чалавеку, каб ён мог арыентавацца ў свеце адукацыі, працы, у розных карцінах свету. І што тады робіць Універсітэт? Магчыма, ён і павінен даваць чалавеку прастору, каб ён мог сам сабе збіраць веды.

– Усе гэтыя змены, пра якія мы кажам, паўплываюць на адукацыйную праграму Лятучага?

– Я спадзяюся, што паўплываюць, хоць пакуль дакладна не магу сказаць, што канкрэтна зменіцца. Агульная архітэктура Лятучага ўніверсітэту, напэўна, пакуль застанецца такой жа, але я думаю, што мы паспрабуем узмацніць складнік самавызначэння і працу з людзьмі, гатовымі шукаць уваходы ў гэты новы свет.

– Лятучы заўжды даваў штуршок тэме нацыянальнай ідэнтычнасці. Як яна перакрыжоўваецца ці не перакрыжоўваецца з тэмай інавацый?

– Напэўна, яна перасякаецца менавіта як праблемная. Бо ў нестабільных варунках з розных карцін свету, розных культур, падыходаў, моў мыслення, ўяўленне пра нацыянальную ідэнтычнасць традыцыйнае. Яно сёння патрабуе пераўсведамлення: якое месца яно займае для сучаснага чалавека, які жыве ў свеце стварэння інавацый? Бо яны, асабліва тэхнічныя, універсальныя для ўсяго свету, і гэта вельмі моцна звязана з адчуваннем чалавека сабе як часткі глабалізаванага свету.

Пленарныя выступы. Ірына Дубянецкая. “Мова новага часу: культурны калапс, культурны эксперымент ці культурныя магчымасьці?”

Міхал Анемпадыстаў, Іван Вядзенін

 

З гэтым складана разбірацца тэарэтычна, і тут важна выйсці на камунікацыю з тымі людзьмі, беларусамі, якія жывуць у свеце вытворчасці інавацый. І такім месцам камунікацыі людзей “першага свету” і “другога свету” павінен стаць Лятучы ўніверсітэт. (Паводле тыпалагізацыі свету адносна стасункаў з інавацыямі Уладзіміра Мацкевіча, “першы свет” – гэта людзі, якія займаюцца вытворчасцю інавацый і першымі іх спажываюць, “другі свет” – тыя, хто арыентуецца, хутчэй, на спажыванне і даганянне, а “трэці свет” – тыя, хто ўступае з імі ў супраціў).

Алег Дзярновіч

 

У нас крыху раней была гульня, дзе было вельмі абвостранае разуменне складанасці камунікацыі пры агульным імкненні да яе, было не зразумела, пра што і як нам размаўляць. І нам неяк трэба выйсці на гэтую камунікацыю і на разуменне супольнага дзеяння – інтэлектуальнага, сацыяльна-палітычнага.

– Вы і раней спрабавалі шукаць гэтыя шляхі: шэраг публічных лекцый, Тыдзень беларускага мыслення… Ці ёсць новыя праекты, якія стануць наступнай спробай выхаду на камунікацыю?

– Не магу зараз назваць канкрэтныя праекты, але мне здаецца, што нам важна выйсці за межы культурна-гуманітарнага асяродку да людзей, якія працуюць з дадзенымі, тэхналогіямі, сучасным бізнесам. Праўда, тут шмат перашкодаў, апроч мовы – уяўленне пра свет і пра тое, для чаго мы патрэбныя адзін аднаму. Я думаю, што ў нас наконт гэтых “Іншых” вельмі шмат стэрэатыпаў. І наадварот. Але сутнасць чалавека ў пэўным сэнсе – у развіцці, якое адбываецца праз пераадоленне незразумелага, невыканальнага, немагчымага, якое ўзнікае толькі тады, калі мы сустракаемся не з такім, як мы, а з Іншым.

Тэкст: Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Фота: Лятучы ўніверсітэт

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар