VII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі: дасягненні і выклікі

19 верасня 2017

15-17 верасня ў Варшаве прайшоў сёмы па ліку Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Сёлетні Кангрэс быў шмат у чым адметным, выклікаў шэраг новых разважанняў і прапаноў.

Упершыню Кангрэс адбыўся не ў літоўскім Коўне, як гэта было мінулыя разы, а ў сталіцы Польшчы. На Кангрэс была пададзена рэкордная колькасць заявак – каля 650, але з-за рэсурсных абмежаванняў шмат хто з патэнцыйных удзельнікаў не здолеў даехаць да Кангрэса, у выніку абмеркаваць свае напрацоўкі  сабраліся каля 400 даследчыкаў як з Беларусi, так i з іншых краін свету. Навукоўцы працавалі ў 17 секцыях, шмат з якіх мелі дадатковае ўнутраннае разгалінаванне.

Затое Кангрэс у Варшаве аказаўся самым масавым з пункту гледжання колькасці ганаровых гасцей, якія выступілі падчас цырымоніі адкрыцця. Вітальныя словы ад дыпламатаў і навукоўцаў, якія гучалі падчас урачыстага адкрыцця форума ў Ратушнай зале варшаўскага Палаца культуры і навукі, прагучалі на беларускай, польскай, англійскай мовах.

Адкрыццё Кангрэса, Рустіс Камунтавічус

 

Змястоўная частка Кангрэса пачалася з пленарнай дыскусіі “Рэвалюцыя 1917-га года і досвед камунізму для Цэнтральна-Усходняй Еўропы”. У дыскусіі прынялі ўдзел нямецкія гісторыкі Фелікс Акерман і Томас Бон і беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, мадэраваў дыскусію Аляксей Ластоўскі. Удзельнікі публічнай размовы спрабавалі разабрацца, якім чынам спадчына і ідэі камунізму працягвае ўплываць на культурнае і палітычнае развіццё Беларусі і нашага рэгіёна, спрачаліся, якім чынам мы павінны ставіцца да гэтай спадчыны і наколькі краіны Ўсходняй Еўропы гатовыя перайсці ад стану “посткамуністычных” да нейкага іншага, арыентаванага на будучыню а не на мінуўшчыну, стану.

Пленарная дыскусія. Аляксей Ластоўскі, Уладзімір Мацкевіч, Томас Бон, Фелікс Акерман

 

Тэлеканал “Белсат” вёў стрым-трансляцыю цырымоніі адкрыцця і пленарнай дыскусіі:

Традыцыйнай адметнасцю Кангрэса стала ўручэнне Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, якая была заснавана ў 2013 годзе і адпачатку надаецца ў трох катэгорыях: гісторыя, гуманітарныя навукі і сацыяльна-палітычныя навукі. З 2015 года ў межах Кангрэса таксама надаюцца ганаровыя прэміі для замежных даследчыкаў за лепшыя навуковыя працы на беларускую тэматыку. Гэтым разам прэмія надавалася нямецкамоўным аўтарам. Яшчэ адным новаўвядзеннем гэтага года стала заснаванне з ініцыятывы ЕГУ і Беларускага калегіума прэміі за лепшую студэнцкую працу.

Агулам гэтым годам у шорт-ліст Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследыкаў Беларусі патрапіла больш за 50 навуковых прац, апублікаваных у 2015-2016 гадах. Экспертнымі радамі прэміі былі вызначаны наступныя пераможцы:

Прэмія па гісторыі

  • Лепшая манаграфія: Алена Маркава. Шлях да савецкай нацыі. Палітыка беларусізацыі 1924-1929. — Мінск: БГА, 2016.
  • Лепшыя артыкулы: Наталля Гардзіенка. Могілкі як частка мэмарыяльнай культуры беларускай эміграцыі // Запісы БІНіМ. Вып. 38. — Нью-Ёрк—Менск, 2016. — С. 8-70; Аляксандр Пагарэлы. Вобраз горада ў дыскурсе беларускага хрысціянска-дэмакратычнага перыядычнага друку ў міжваенны час // HOMO HISTORICUS. Гадавiк антрапалагічнай гісторыі / Пад. рэд. Алеся Смалянчука. — 2016. — С. 111-138.

 

Алена Маркава і Алесь Смалянчук

Наталля Гардзіенка, Аляксандр Пагарэлы і Алесь Смалянчук, фота: Наша ніва

 

Прэмія па гуманітарных навуках — Прэмія імя Зоры Кіпель

  • Лепшая манаграфія: Андрэй Масквін. Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць. — Мінск: Выдавецтва “ЛогвінаЎ”, 2016.
  • Лепшы артыкул: Ганна Міхальчук. Новы спіс агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і яго суадносіны з “Хронікай Быхаўца” // Białoruskie Zeszyty Historyczne = Беларускі гістарычны зборнік. — Беласток: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2016. — № 45. — С. 190-225.

    Сяргей Кавалёў і Андрэй Масквін

Прэмія па сацыяльна-палітычных навуках

  • Лепшая манаграфія: Алена Гапава. Классы наций: феминистская критика нациостроительства. — Москва: Новое литературное обозрение, 2016.
  • Лепшы артыкул:Marharyta Fabrykant and Renee BuhrSmall state imperialism: the place of empire in contemporary nationalist discourse, Nations and Nationalism 22 (1), 2016, 103-122.

    Алена Гапава і Уладзімір Мацкевіч

Прэмія за лепшую нямецкамоўную манаграфію на беларускую тэматыку

  • Лепшая манаграфіяBider HermannEdition und Kommentar: Anton Luckevič. Belaruskaja hramatyka. Studia Slavica Oldenburgsia.

Прэмія за лепшую студэнцкую працу

  • Намінацыя “Лепшая бакалаўрская праца”: Алина Громова. Использование наследия нацистских концентрационных лагерей в развитии темного туризма (на примере Германии и Беларуси). — Вильнюс: ЕГУ, 2015.
  • Намінацыя Лепшая магістарская праца: Антон Лявіцкі. Праблема беларускай дзяржаўнасці ў савецкай гістарыяграфіі (1953–1985). – Мінск: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, 2016.
  • Намінацыя “Лепшая творчая праца”: Ксения Шталенкова. Разработка буктрейлеров к роману-трилогии “Адваротны бок люстра”. — Вильнюс: ЕГУ, 2015.

Падвядзенне вынікаў Кангрэса паказала, акрамя іншага, што асноўная ідэя гэтага фармата, скіраванага на самаарганізацыю беларускай акадэмічнай супольнасці, застаецца дзейснай. Як ні дзіўна, аб гэтым сведчыць і даволі заўважная “няроўнасць” якасці і інтэнсіўнасці працы розных дысцыплінарных і тэматычных секцый Кангрэса. Калі ў секцыях гісторыкаў, мовазнаўцаў, тэолагаў цягам усіх гэтых лет віруе інтэнсіўная камунікацыя і нават вонкавы погляд дазваляе пабачыць пераемнасць і развіццё асобных тэмаў і стасункаў, то некаторыя секцыя не могуць пахваліцца такой працяглай паспяховай працай. Даволі “слабыя” секцыі збіраюцца па сацыяльных навуках, пытаннях адукацыі і навукі, у гэтым годзе не вельмі выразнай атрымалася секцыя па паліталогіі. Некаторыя секцыі збіраюцца адзін альбо некалькі раз і потым не маюць працягу. Гэтыя “няроўнасці” шмат у чым адлюстроўваюць актуальны стан развіцця розных накірункаў даследаванняў у Беларусі і адначасова ствараюць выклік для тых даследчыкаў, якія клапацяцца пра стан развіцця сваёй дысцыпліны і інтэлектуальнага асяродку ў краіне.

Завяршальнае паседжанне VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі. Варшава, 17 верасня 2017 г. Aliaksandr Papko/radyjo.net

Андрэй Казакевіч, Завяршальнае паседжанне VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі. Варшава, 17 верасня 2017 г. Aliaksandr Papko/radyjo.net

 

Яшчэ адным дыскусійным пытаннем стала месца правядзення наступнага Кангрэса. Нягледзячы на ўсе вартасці і гасціннасць Варшавы, шмат хто з удзельнікаў сумаваў па больш спрыяльнай для шчыльнай камунікацыі атмасферы Коўна, дзе прайшлі шэсць мінулых Кангрэсаў. Канцэпцыя наступнага, VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, будзе прадстаўлена ўжо на пачатку наступнага году, кажа Андрэй Казакевіч. Арганізатары прытрымліваюцца думкі, што Кангрэс штогод трэба праводзіць у іншым горадзе, каб навуковы форум станавіўся больш інтэрнацыянальным. Сярод наступных месцаў правядзення Кангрэса даследчыкаў Беларусі разглядаюцца такія гарады, як Вільня, Беласток і Мінск, паведамляе “Польскае радыё”.

Удзельнікі VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, Варшава, 15 верасня 2017 г. Фота: Лятучы ўніверсітэт

 

Персоны:
Падзеі: