Як я стаў інтэлектуалам: Павел Баркоўскі

12 верасня 2014

Виола Ермакова

Собрано всего пять историй, далеко не со всеми случилось поговорить. Но если кому-то интересна история человека, до которого не дошла я, никто не мешает пойти и спросить.

Хочется надеяться, что эти тексты будут не только забавными. Кому-то, возможно, они помогут лучше понимать университетский курс, кому-то — выбрать себе учителя, а кому-то.. почему бы и нет?) стать тем, кого назовут интеллектуалом. 

История 3-я. Традиционно несколько вступительных слов. 

Павел Барковский поразил моё воображение на первом Конгрессе исследователей Беларуси. День на второй-третий случился на нашей секции удивительный доклад. Вкратце суть сводилась к следующему. Как решить все проблемы современного беларусского государства? — вопрошал докладчик. Очень просто, — отвечал он тут же. -— Мы все должны жить по Библии. Смотрите, не укради — и у нас нет коррупции. Не лжесвидетельствуй — и наши суды становятся справедливыми. И так далее.

Слушать было даже весело, но пришло время вопросов. Повисло тягостное молчание. Оно тянулось, и неловкость проступала на лицах аудитории всё отчетливей. Действительно, какой вопрос можно задать к такому докладу? Тишина в аудитории становилась громче,  навязчивей. И в этот момент человек с волосами удивительного, совершенно эльфийского оттенка, сотворил чудо. Он поставил вопрос к докладу. Вежливый, вдумчивый, серьезный вопрос. 

Я не помню самого вопроса. Но хорошо помню поразившее меня открытие: оказывается, об уме человека стоит судить не по тому, что он может сказать, а по тому, к чему он способен поставить хороший вопрос. И чем проще тезис, к которому вопрос ставится, тем человек умнее. 

Кроме этого открытия я запомнила только имя. Вы знаете, какое. 

Як я стаў… Паўлам Баркоўскім

Кантэкст 

Прыйшоў я ў жыццё, як звычайна, у савецкім раддоме, але потым першым месцам майго жыхарства быў універсітэцкі інтэрнат, бо мае бацькі працавалі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Пасля і дом, у якім я жыў, быў універсітэцкі: там жылі выкладчыкі, прафесара БДУ. Частка дамоў побач была населеная працаўнікамі Мінскага трактарнага заводу, частка – сем’ямі вайскоўцаў. І наш дом ўвесь час трошкі вылучаўся. Першымі гэта заўважылі працаўнікі ЖЭСу, якія пачалі казаць: «З жыхарамі вашага дому немагчыма мець справы!» Увесь час «нашы» качалі правы, нешта даводзілі. Звычайныя савецкія людзі не павінны мець уяўлення пра свае правы, а пра неабходнасць іх адстойваць тым больш. А тут ўвесь час гэта робілі, ды яшчэ такой мовай, што не кожны працаўнік ЖЭСу  мог зразумець, што яму кажуць і чаму з яго робяць ідыёта. Нельга сказаць, што ў нас там быў, маўляў у адэскім двары, свой асаблівы мікраклімат і школа жыцця на даму. Але з іншага боку, быў пэўны гатунак мовы, больш лексічна багаты, больш правільны, які, відаць, таксама уплывае на мысленне. 

Маці мая працавала ў БДУ з 71-га, здаецца, году. Яна філосаф, дацэнт і зараз яшчэ працягвае выкладчыцкую дзейнасць. У гэтым сэнсе яе ўплыў быў на мяне найбольшы, калі я усё ж абраў гэты жыццёвы шлях. 

Бацька быў фізікам, скончыў фізіка-матэматычны факультэт і доўгі час працаваў у навукова-даследчым інстытуце пры універсітэце. У часы перабудовы ён, як шмат хто, перайшоў у бізнес. Але ў гэты час наша сям’я ўжо распалася, і таму я больш заставаўся пад уплывам маці. Канец 80-х – 90-я – перыяд досыць складаны для кожнага. І ў палітычным сэнсе, і – ў побытавым. А ў мяне яшчэ напластавалася сталенне і выбар жыццёвага шляху. 

Гарманічны свет 

Калі казаць пра сваякоў, дык гэта, безумоўна, бабуля з дзядулям. Яны былі людзі даволі простыя паводле адукацыі, скончылі толькі сярэднюю школу. Бабуля працавала ў гандлю, а дзядуля быў спачатку вайскоўцам, а пасля працаваў на заводах. Але я іх, канечне, больш памятаю пенсіянерамі. Яны паўплывалі на мяне праз сам спосаб стаўлення да жыцця. Раней я гэтаму ніколі не падводзіў скутку. Відаць, мемуарны жанр для мяне яшчэ не настаў. Але памятаю, што шмат якія катэгорыі, якімі я разважаў пра жыццё, прыйшлі да мяне менавіта ад іх. Гэта быў вельмі цэласны, сінкрэтычны погляд на жыццё, у якім ўсё было гарманічна, зладжана, добра пасавала адно да аднаго. І таму ў гэтым светапоглядзе было проста і натуральна сябе адчуваць. 

Да пэўнага часу іх уплыў быў большы, чым нават уплыў бацькоў. Хаця, чым сталей я рабіўся, тым больш ўзмацняўся менавіта бацькоўскі ўплыў, больш з’яўлялася крытычнага стаўлення. Калі адбываецца сталенне, пачынаеш бачыць нейкія штучнасці ці абмежаванасці простага погляду на жыццё, тое, што ён, можа, не вельмі адпавядае рэчаіснасці, альбо ўяўляе сабой спрошчанае разуменне ці ідэалагічна скажонае. Тады ты пачынаеш да гэтага ставіцца ўжо не так проста, як у дзяцінстве. Адбываецца дэструкцыя ўсяго светапогляду, і ты ўжо не уяўляеш, як дагэтуль мог верыць у тое, што Савецкі Саюз – гэта натуральны, прыстасаваны да чалавека, да яго патрэб, свет, у якім толькі і можна існаваць, альтэрнатывы якому няма і са сканчэннем якога можа знікнуць увесь свет, у якім ты жывеш, і гэта будзе катастрофай біблейнага маштабу. А пасля ты глядзіш ужо вачыма крытыкаў сучаснасці, тых, хто піша ў тоўстых часопісах, тых, хто пачынае трансляваць іншы погляд праз які-небудзь КВН у масавую культуру, і уяўленне змяняецца, парэшткі ж натуральнага светамыслення пачынаюць руйнавацца. 

Гарманічны цэласны сусвет накрыўся тазам ў 91-92 годзе, калі сталася відавочна, што Савецкі Саюз як праект немагчымы нават у тым лубочным выглядзе, у якім яго спрабавалі на той час падаць. Распад СССР для мяне выглядаў як трылер. Я адпачываў у адным з беларускіх санаторыяў, у лесе, калі пачалі трансляваць Лебядзінае возера. Спачатку ўсе былі на нервах, раз’юшаныя, не ведалі, што рабіць. А пасля ўсё ператварылася ў  непазбежнасць, былі падпісаныя знакамітыя Віскулёўскія пагадненні, савецкі рубель страціў свае пазіцыі, у нас з’явіліся ўласныя смешныя грошыкі з вавёрачкамі і зубрыкамі. І ты пачынаў бачыць, як сканчваецца твой перабудовачны савецкі досвед і пачынаецца нейкі зусім іншы, які ты яшчэ не ведаеш як назваць. 

Відаць, апошнім усплёскам сінкрэтычнага мыслення простага чалавека для мяне быў рэферэндум 1991 года пра захаванне Савецкага Саюзу. Тады я нават прасіў бацькоў, каб яны выказаліся «за» захаванне сістэмы. Бо як жа можна адмовіцца ад свету, у якім ты жывеш? А пасля гэтага маё стаўленне рэзка змянілася. І на момант фактычнага развалу СССР мне здавалася, што тыя рысы, за які Саюз крытыкавалі, сапраўды несумяшчальныя з жыццём. 

Беларусь

Мае бабулі і дзядулі, як з матчынай лініі, так і з бацькоўскай, жылі у Менску, хаця не былі карэннымі менчукамі. Яны ўсе з большага паходзілі з беларускіх вёсак і мястэчак. Толькі адна мая бабуля была родам з Сібіры, пасля доўга жыла на Сахаліне, і вось адтуль ўжо такім пакручастым шляхам трапіла ў Беларусь. Усе яны былі носьбітамі сваіх маленькіх культур,  рэгіянальных асаблівасцяў, якія абрынуліся на гарадскую культуру, з ёй змяшаліся, і атрымаўся сінкрэтычны сплаў. Але у мяне быў і досвед непасрэдна сялянскай культуры. Я часта ездзіў летам да сваёй стрыечнай бабулі, сястры майго дзеда, на вёску. І там сустракаўся з іншымі далёкімі сваякамі, якія дэманстравалі карэнны, тутэйшы склад мыслення і лад жыцця. 

Успрыманне, напрыклад, той вёскі, куды я ездзіў, альбо тых мясцін Менску, дзе жылі мае бабулі з дзядулямі, было цалкам натуральным. Я адчуваў сябе на сваёй зямлі. Нават мікрараёны, кшталту Паўднёвага Захаду, уяўляліся у дзяцінстве асяроддзем, у якім ты пачуваеш сябе добра, і нічога табе не муляе. А вось прыняцце ўсяго гэтага як «маёй краіны Беларусі» адбылося куды пазней. Гэта юнацтва, узрост, калі я свядома спраектаваў для сябе «краіну Беларусь», пачаўшы натхнёна чытаць кнігі пра беларуска-літоўскую гісторыю, цікавіцца гэтымі тэмамі больш дасціпна і сур’ёзна. А пасля – пайшоўшы вучыцца ў Беларускі гуманітарны ліцэй. Бо ён даваў менавіта такі вобраз Беларусі, які для мяне тады быў цікавы. 

Маці

У мяне ніколі не было змястоўнай цікаўнасці да таго, што яна там робіць у галіне філасофіі. Прынамсі як памятаецца зараз. Я ніколі не спрабаваў улезці у яе скуру як настаўніка ва універсітэце. Я не прасіўся на яе лекцыі ці заняткі, паслухаць ці паглядзець. Не распытваў падрабязна, што яна робіць. Хаця, па расповедах маці, я ўжо ў вельмі раннім узросце ўключыўся ва універсітэцкае жыццё: мяне цягалі на паседжанні кафедры ва ўзросце, калі дзеці яшчэ не вельмі добра ўмеюць размаўляць. Таму беларускіх філосафаў я пабачыў рана. 

Мяне заўжды вабіла таямнічасць, атмасфера загадкі, якая ахоплівала праз вызначэнне дзейнасці маёй маці, філасофіі. Адкуль бралася гэтая загадка – таксама загадка. Здаецца, дома не было апантанага культу веды, не было пафасных прамоваў пра неабходнасць мыслення, ісціны. Але, відаць, сам спосаб светабачання, можа быць, мова, якой карысталася маці, стварала  уражанне, што гэта нейкі асобны свет, не такі, як свет навакольных людзей. І вельмі хацелася да яго спрычыніцца. 

Калі я пасля абіраў жыццёвы шлях, у мяне хаця і быў на пачатку нейкі выбар, паміж гісторыяй і філасофіяй, але я яго для сабе лёгка вырашыў. І пасля не меў ніякіх сумневаў, калі казаў, куды я хачу ісці – на філасофію. Але для маці гэта чамусьці быў шок. Яна не разумела, чаму так адбылося. І сапраўды была здзіўленая. Яна, як, можа, кожная маці, што рупіцца пра свайго дзіцяці, хацела для мяне больш практычнай жыццёвай пазіцыі. А філасофія – гэта такое летуценніцтва. Ёй здавалася, што больш надзейна пайсці на эканамічную спецыяльнасць, ці на міжнародныя адносіны – кудысьці туды, дзе месцяцца людзі, што робяць кар’еру, маюць нейкую жыццёвую паспяховасць, увасобленую ў матэрыяльны дабрабыт і статуснасць, якія цэняць тыя самыя простыя людзі. Вось чалавек, ён сам сабе зрабіў, ён мае пасаду, месца ў жыцці. А  філосаф –  постаць, якая і за савецкімі часамі выклікала вялікія пытанні. Хаця якраз тады роля філосафаў была, можа, нават перабольшаная. Але хто ён такі? «Выкладчык універсітэту» яшчэ было зразумела, гэта статус вышэйшы за настаўніка ў школе, хаця не такі, як у дыпламата ці доктара. І гэтая няпэўнасць трохі бянтэжыла маю маці. Яна хацела, каб у мяне няпэўнасці не было. Таму для яе было адкрыццём, што ў мяне няма сумневу, куды ісці далей. 

Кнігі дзяцінства

У нас заўжды была вялікая бібліятэка. Нават жартавалі, што кнігі выціскаюць людзей з дому. Канечне, былі прафесійныя кніжкі, па фізіцы, па філасофіі. Да таго ж бацькі захапляліся сусветнай літаратурай, таму ўсімі праўдамі і няпраўдамі ў нас  назбіралася шмат добрай сусветнай мастацкай літаратуры. Ну, адзінае, з абмежаваннямі савецкага часу. А пасля, калі друк кніг стаўся вольным, бібліятэка ўсё пашыралася і пашыралася. І ўжо я таксама стаў укладаць шмат высілкаў, каб пашыраць яе надалей. Таму кнігі ўвесь час былі вакол мяне. 

Я досыць рана навучыўся чытаць, яшчэ ў дзіцячым садку. Маці кажа, што на пачатку я не вельмі любіў гэта рабіць. Але ў нейкі момант мяне прабіла. Можа, гадоў у шэсць. Гэта быў амаль спорт. Памятаю як зараз, было вусцішна, што я, напрыклад, змог за адзін дзень прачытаць 200 старонак «Трох мушкецёраў» Дзюма. Былі часам запоі, калі кніжкі глыталіся за дзень ці за ноч – досвед, які ёсць шмат у каго з тых, хто павязаў сябе з кніжнай культурай.

Я чытаў мастацкую літаратуру, часцей за ўсё фантастыку. Навуковую, бо яе найбольш друкавалася ў савецкія часы. Але пасля – прыгодніцкую літаратуру. Як я зараз разумею, гэта была хутчэй прага якаснай літаратуры, якая б пісала нешта праўдзівае і цікавае для майго ўзросту. Не хацелася пафаснай літаратуры для юнацтва і дзяцінства, якой вельмі шмат тады было. Цікавіла тое, што магло распавесці новае. Прыгодніцкая літаратура ўводзіць у новыя краіны, у новыя культуры, новыя абставіны. Фантастычная – там наогул сусветы, у якія ты абрынаешся цалкам, там можа быць зусім іншая логіка, іншыя спосабы жыцця. Гэта ўсё вабіла сваёй нечаканасцю. 

А калі казаць тэматычна, мяне заўсёды цікавіла літаратура па гісторыі. Не тое каб нейкі адзін перыяд, але былі свае ўлюбёныя тэмы. Напрыклад, старажытныя цывілізацыі, якія вабілі таямніцай, артэфактамі, што засталіся. Старажытная Грэцыя прыйшла да мяне праз грэцкія міфы і антычныя вобразы, якія апанавалі розныя кніжкі таго часу. Познесавецкі час – гэта зварот да антычнай культуры, гэтакі Рэнесанс, які закрануў і мяне. Але цікавілі і тэмы, што тычыліся так званай айчыннай гісторыі, то бок пачынаючы ад татара-мангольскага іга  да Другой сусветнай вайны. 
Гістарычная літаратура перадае вобраз свету, які калісьці падаваўся яго жыхарам завершаным. Уводзіць ў цэласны лад жыцця альбо мыслення, якога ўжо няма. Пачынаеш гэта  прымерваць на сябе і разважаць пра альтэрнатыўнасць розных спосабаў існавання. Вось  жывеш тут, зараз, у цябе ёсць свая гісторыя і гэта гісторыя незавершаная, ты тут маеш адкрыты фінал, яшчэ не ведаеш, што будзе далей нават заўтра. А гістарычныя тэксты даюць магчымасць паглядзець вачыма іншага чалавека: як ўсё разгортвалася ў нейкай драме, драме ідэй, ці ў драме асоб, ці ў драме народаў. Гэта добрая школа, як па мне. Так наогул варта адносіцца да жыцця, не абсалютызуючы яго цяперашнія моманты. Да таго ж яны ствараюць адчуванне, што ўсё ў чалавечым жыцці ўзаемазвязана, і твае цяперашнія дзеі могуць паўплываць на нешта ў будучыні. 

Гульні дзяцінства 

Нельга сказаць, што я быў архетыпічны кніжны хлопчык, альбо наадварот, хлопчык з вуліцы. Спрабаваў трымаць баланс. Шмат часу бавіў з кнігамі, але былі і сябры, з якімі мы  таксама шмат часу праводзілі спачатку ў гульнях, а пасля – у супольных праектах. Гуляліся, як усе хлопчыкі, у салдацікаў. Па сутнасці, у кожнай гульні, у якой я ўдзельнічаў, галоўнай была фантазія, стварэнне гульнявога свету. Нават калі ты гуляешся ў салдацікаў, гэта не толькі чыстыя дзеянні. Спачатку трэба стварыць сусвет, у якім гэта вайнушка мае сэнс. Адпаведна, трэба, каб кожны салдацік меў сваё імя, займеў свой характар, сваю гісторыю,  статус і гэтак далей. А пасля ў створаным свеце гульні ты пачынаў рушыць і думаць. Можна сказаць, што падыход да гульні, як да неабходнасці стварэння свету, працягваецца у мяне сёння. Дзейнасць, якой я займаюся, – гэта яшчэ і спосаб пад гэтую дзейнасць зрабіць адпаведны сусвет. 

Ліцэй (1993-1995)

У ліцэй быў конкурс, досыць жорсткі, але гэта быў свядомы крок. З аднаго боку ён  сыходзіў ад маёй маці. Яна лічыла, што мне ў школе ўжо няма чаго рабіць, што там няма ніякіх выклікаў, якія б стымулявалі вучыцца. І мне самому хацелася чагосьці дзіўнага і нечаканага ў супрацьлегласць руціне звычайнага школьнага жыцця. Я хадзіў сярод выдатнікаў, з часам гэта ператвараецца проста ў статус і ўжо не патрабуе вялікіх высілкаў. Да таго ж я не быў круглым выдатнікам – там яшчэ трэба рабіць тыя-сякія высілкі. А вось калі ты выдатнік, але можаш мець чацвёркі, гэта ўжо нармальна. І ў школе для мяне, сапраўды, было вельмі мала выклікаў. Адзінае, што яшчэ выклікала цікавасць, гэта наш вельмі добры настаўнік па гісторыі, Аляксандр Іванавіч Мікалаевіч. З ім мы шмат займаліся факультатыўна. 

Пазней у маёй універсітэцкай групе на філасофскім факультэце апынуліся адразу тры ягоныя вучні: я, мой аднакласнік і яшчэ хлопец з паралелі. Хаця нас з імі на той момант падзялялі ўжо два гады, бо я пайшоў ў ліцэй, а яны скончылі маю былую школу (і нават разам з Мікалаевічам святкавалі тое, што іх прынялі на факультэт). Для мяне ўвесь час гэта было пытаннем: чаму мы ўтрох сустрэліся вось так, здаецца, выпадкова на філасофскім факультэце? Як і кожны настаўнік гісторыі, ён у нас у школе вёў і грамадазнаўства – быў такі прадмет у перабудовачных школах. Ён быў чалавек добрай гуманітарнай падрыхтоўкі і спрычыняў нас, сваіх вучняў, да крытычнага стаўлення, да пошуку глыбінных, патаемных вымярэнняў таго, што стаіць за прыродай рэчаў. Праз яго я, напрыклад, дагэтуль памятаю, што імя «Ларошфуко» пішацца разам, а не асобна «Ларош» і асобна «Фуко». Хаця з Мішэлям Фуко так не працуе. Я пазней сустракаў майго настаўніка каля гістфаку ў кніжным шапіку. І пасля я быў вельмі усцешаны, калі у гістарычным часопісе «Спадчына» сустрэў ягоны артыкул па гісторыі беларуска-маскоўскай вайны.

У ліцэй я пайшоў не адразу. Год наведваў так званы «нядзельны ліцэй», падрыхтоўчыя курсы. Там вывучалася беларуская мова, гісторыя, культура. Я хадзіў, і мяне яшчэ там пачала прывабліваць атмасфера, зусім адрозны ад школы спосаб выкладання і навучання. Прыходзяць, бачна, нечым апантаныя людзі, якія з гэткай жа апантанасцю гатовыя даводзіць свае думкі, нават складаныя, вучням, людзям нашмат меншым па узросце. Прычым робяць гэта як дыялог на роўных, без таго, каб рабіць саступкі кшталту «гэтай тэмы яны ўсё адно не пацягнуць». Такую камунікацыю цяжка было знайсці ў сярэдняй школе, дзе пазіцыі «настаўнік» і «вучань» дакладна рэгламентаваліся, хто і што можа адзін аднаму прамаўляць. Гэта магло трохі скрадвацца, калі камунікацыя выходзіла ў пазаурокавы кантэкст, на факультатывы, напрыклад. Але ў межах школьнай урокавай сістэмы так працавала. А ў ліцэі гэтага не было. 

На нядзельных курсах у нас выкладалі Вячорка, Баршчэўскі і іншыя дзеячы, якія пачыналі тады грымець як публічныя асобы. Частка з іх, Баршчэўскі, напрыклад, былі дэпутатамі. Хтосьці прымаў удзел у партыйным будаўніцтве. Яны казалі рэчы, якія не казаліся раней, казалі іх сур’ёзна, з веданнем сваёй пазіцыі, гатоўнасцю яе даносіць, спрачацца. Гэта вельмі вабіла. Не скажу, што я прынцыпова сачыў за іх грамадскай актыўнасцю, але я ведаў іх з навінаў, з публічнага кантэксту яшчэ да ліцэя. У ліцэйскія гады, стаў, канечне, сачыць за іх дзейнасцю больш пільна. 
У іх атрымлівалася натуральна спалучаць выкладанне і грамадскую дзейнасць, і ты таксама адчуваў гэта як нешта натуральнае. Я памятаю дасюль, як мы прыходзілі ў выкладчыцкую, каб раздрукаваць тэксты па гісторыі Беларусі (настаўнік даваў нам уласны канспект лекцый). І ў той жа час у выкладчыцкай магла адбывацца дыскусія наконт новай палітычнай праграмы, артыкула альбо ліста да нейкай замежнай партыі, Нарвежскай партыі сацыялістаў, напрыклад. І ты мог крадком пабачыць, як выпраўляюцца памылачкі альбо падбіраецца ўдалая рытарычная фігура для прамаўлення. 

Гэтыя людзі мелі магчымасць даводзіць уласны мысленчы досвед, паказваць вынікі сваёй інтэлектуальнай працы па перафарматаванню зместаў і метадаў выкладання гуманітарных (і не толькі) навук, і яны ж адначасна ўдала сябе рэалізоўвалі як фігуры-практыкі. Шмат хто на той час удзельнічаў у палітычным жыцці. Тады ў Беларусі гэта было не тое што модна, а дзесьці непазбежна. Кожны, хто адчуваў у сабе сілу, моц творчасці, у той ці іншай ступені ўцягваўся ў вір палітычных дзей. Нават мая маці гэтага не пазбегла. Яна доўгі час супрацоўнічала з АГП, і у нашым доме ледзьве не складалася праграма гэтай партыі. 

Мне хацелася б верыць, што гэта была сапраўдная гуманітарная адукацыя. Чыталася шмат гуманітарных прадметаў: правазнаўства, логіка, уводзіны ў філасофію. Я, калі паступаў на першы курс аддзялення філасофіі, меў ганарыўся, што ў мяне ўжо была логіка. 

Вельмі нязвыклым было тое, што мы вывучалі шмат моваў. Акрамя асноўнай замежнай мы вучылі яшчэ як найменей адну класічную мову, лаціну альбо грэку. Некаторым удавалася сумяшчаць і тое, і іншае. Я вывучаў лаціну. Таксама трэба было абраць адну са славянскіх: рускую, чэшскую альбо польскую. Я абраў чэшскую, можа таму, што, як тады казалі, Польшча не заграніца. Праз гэта, дарэчы, у атэстаце ў мяне так і напісана: рускай мовы не вывучаў. На  месцы адзнакі стаіць вялікі прочырк. 

У ліцэі мне таксама пашанцавала сустрэць выдатнага настаўніка па гісторыі і грамадскім дысцыплінам, які паўплываў у светапоглядным плане. Гэта Анатоль Сідарэвіч. Ён быў адным з лідараў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і не так даўно на некаторы перыяд нават яе ўзначальваў. Як я пасля даведаўся, ён аказаўся яшчэ і завочным выпускніком філасофскага факультэта. У ліцэі ён чытаў і курс філасофіі, класічнай, да Маркса. Марксам у яго  ўсё канчалася не таму што так рупіла савецкая філасофія, а таму што Маркс для яго быў вяршыняй сучаснай думкі, а усялякі постмадэрнізм падаваўся дробяззю. 

Пачатак навучання ў ліцэі – гэта амаль драматычны досвед. Ніколі раней я не меў столькі навучальнай нагрузкі. Для мяне было вялікай радасцю проста легчы паспаць не а першай гадзіне ночы, бо ўставаць трэба было а сёмай. Праграма была настолькі пашыраная, кожны настаўнік так намагаўся даць пабольш свайго прадмета, што вольнага часу не заставалася ні на што. Актыўнасць ліцэістаў апроч вучобы зводзілася да удзелу ў кінаклубе, які вёў дырэктар Колас, альбо да камунікацыі на перапынках, вялікіх і малых. Ніякай грамадскай дзейнасці месца не заставалася. 
Але на апошнім курсе пачаліся падзеі, звязаныя з забіраннем будынку і ліквідацыяй ліцэю. Гэта адбывалася якраз на нас. І тады мы ўжо ладзілі публічныя акцыі, першыя флэшмобы. Тады яшчэ можна было хадзіць вакол адміністрацыі прэзідэнта з закладзенымі за галаву рукамі і паказваць, што мы ўсё бліжэй і бліжэй да канцлагеру. Гэта былі мае першыя  крокі, свядома зробленыя ў грамадскай прасторы. 

Адгэтуль як раз пачалася хваля: у 95-м – падзеі вакол ліцэю, у 96-м наогул – Менская вясна. Тады, канечне, вір палітычны ліхі мяне зацягнуў, і я досыць актыўна прымаў удзел ва ўсіх маніфестацыях. Відаць, да моманту расчаравання тым, што Менская вясна так і не скончылася летам. Што ўсе ўсплёскі грамадскай актыўнасці, шматтысячныя мітынгі, якія маглі на некалькі гадзін перакрыць праспект і паралізаваць горад, не давалі ніякага практычнага плёну. А пасля таго, як быў завалены рэферэндум і працэдура імпічменту, была страчана ўсялякая магчымасць уплыву на палітыку. Палітычныя партыі, калі іх перасталі пускаць у парламент, пачалі маргіналізавацца, і ўсё больш і больш маргіналізаваліся з кожным годам. Моладзевая актыўнасць з вывешваннем сцягоў і маляваннем графіці не ўяўлялася змястоўнай і не вабіла. З 1996 года займацца чымсьці палітычным уяўлялася проста дурным баўленнем часу. І сфера публічнай палітыкі перастала для мяне існаваць. Таму я адышоў і заняўся сваёй універсітэцкай адукацыяй.

БДУ

Я абіраў паміж гістарычным і філасофскім факультэтам. Спрацавала досыць прагматычная рэч. Я цвяроза ставіўся да таго, што ў мяне кепская памяць як для гісторыка. Я не вельмі рупіў пра тое, каб памятаць даты, мог зблытаць імёны, бо для мяне ніколі не было  істотным валодаць усімі фактамі. А гісторык павінен іх памятаць. Я добра ведаў, што не змагу быць медыкам, бо там трэба шмат ведаць і шмат памятаць, і таксама не змагу зрабіцца гісторыкам, бо навучанне будзе ад мяне патрабаваць завучвання, таго, што я паводле сваёй натуры ўсё адно не змагу зрабіць належна. А не належна – навошта тады наогул вучыцца? 

За філасофіяй стаяў яшчэ дадатковы плюс – тая самая таямніца і загадка, якую хацелася ўсё ж такі разгадаць і самому сабе загадаць. Таму насамрэч ніякага выбару не было. Устаноўкі атрымаць прафесію, якая мяне забяспечыць грашыма на жыццё, у мяне не было ніколі. Зарабіць грошы альбо зрабіць кар’еру – гэта нешта не маё. Загадка, таямніца – вось гэта мне цікава. 
І я пайшоў на філасофскі факультэт БДУ. Там за гэты час змяніўся склад выкладчыкаў, але хтосьці мяне памятаў яшчэ з дзяцінства. Дзесьці было прасцей, дзесьці складаней вучыцца пры такім раскладзе. З аднаго боку, цябе ведаюць, ведаюць маці, з іншага –  пачынаюць чакаць чагосьці большага.

Пасля ліцэю БДУ усё ж такі быў выклікам, як я зараз разумею. Канечне, не па інтэнсіўнасці навучальнай працы. У ліцэі нашмат больш прыходзілася рабіць, каб адчуваць сябе ўпэўнена. Ва універсітэце больш вольніцы. Гэта, відаць, і было, і застанецца, што універсітэт дае больш свабоды, чым усе іншыя адукацыйныя установы. Але зразумела, што частку прадметаў ты відавочна не разумеў. Пры гэтым ты бачыш, што не разумееш штосьці істотнае. Не асобныя моманты, а цэлае. Не складаецца пазл з таго, што табе кажуць. Рабілася відавочным, што нават з тымі мазгамі, якія табе паставілі за ліцэйскі час, з гатоўнасцю лавіць самыя розныя гуманітарныя ідэі, ты ўсё адно мусіш рабіць яшчэ такую дысцыпліну мыслення, якая табе дазволіць больш складаныя і менш відавочныя рэчы неяк сістэматызаваць, ўпарадкаваць і рушыць далей. 

На першым курсе «Уводзіны у філасофію» нам чытаў Уладзімір Фурс. Ён сябе так і пазіцыянаваў, як чалавек-выклік, які не збіраўся нам штосьці спрашчаць альбо рэдукаваць. Бывала, ён мог сысці з семінару, калі курс быў не падрыхтаваны. І не толькі ён. Тая ж прафесар Зелянкова магла прыйсці ў групу, задаць некалькі пытанняў, зразумець, што ніхто нічога апрача вады не кажа, і сказаць «Усё. Тады наш занятак скончаны. Рыхтавацца трэба, спадары філосафы!», і сысці. 

Уладзімір Фурс ледзь не з першага курсу стаў маім навуковым кіраўніком. Камунікацыя  у нас адбывалася даволі цікава. На пачатку года мы сустракаліся, каб абмеркаваць, пра што будзем пісаць. Ён даваў збольшага вольніцу і нейкія каштоўныя парады, каб я не спатыкнуўся па дарозе ў вяршыні задумаў. А пасля я яму дасылаў ужо гатовыя тэксты, і ён мяне трошкі выпраўляў. Але на мяне зрабіў моцнае уражанне яго вобраз. Вобраз крытычнага, думаючага інтэлектуала, які заўжды мае сваю незалежную, назаангажаваную пазіцыю, які можа сабе дэмакратычна паводзіць у кожнай кампаніі, прафесарскай ці студэнцкай, які увесь час дэманструе глыбокую эрудыцыю. Ён быў для мяне прыкладам чалавека, які сам сабе паважае ў якасці філосафа, вольнага і крытычнага, а не выкладчыка філасофіі, не проста чалавека, які мае статус у грамадстве. 

Чытаць другую частку

Чытаць іншыя гісторыі:

Як я стаў інтэлектуалам: Ігар Бабкоў

Як я стаў інтэлектуалам. Міхал Анемпадыстаў

Как я стал интеллектуалом. Андрей Егоров

Персоны:
Падзеі: