Як я стаў інтэлектуалам: Ігар Бабкоў. Частка 2

05 верасня 2014

Виола Ермакова

Пара слов от автора

В бытность мою в последней, третьей по счету школе, у нас преподавал химию учитель с замечательным чувством юмора. Добрейший человек. Вот, скажем, выставляет он оценки за четверть. А у, например, Паши, в журнале ни одной оценки нет. Вызывает учитель  Пашу к доске, чтобы тот ему что-нибудь рассказал. Водит медленно ручкой по журналу, где написаны пройденные темы, и тянет задумчиво: «Скажи-ка мне… скажи-ка мне, как… как…» – и вдруг резко поворачивает к Паше, хлопает кулаком по столу и почти радостно восклицает «Как? Как ты докатился до жизни такой?!» А затем под общий хохот ставит тройку и отпускает.

Наверное, самое лучшее, что могут нам дать учителя — это не ответы, а вопросы. Вопрос химика остался со мной. На курсах, дискуссиях, школах и семинарах Летучего университета смотрела я на беларусских интеллектуалов и восклицала про себя: «Как? Как они докатились до жизни такой?» Как должен жить человек, как думать, что делать, чтобы однажды в него ткнули пальцем и сказали «Интеллектуал!» Одна из важнейших добродетелей ученика: не знаешь — спроси. Я пошла и спросила. Собранные ответы открывают рубрику «Как становятся интеллектуалами». Впрочем, интеллектуалы — товар штучный, именной. Поэтому и назваться они будут, например, так «Как я стал Андреем Егоровым». Или Міхалам Анемпадыставым. Или Ірынай Дубянецкай.

Собрано всего пять историй, далеко не со всеми случилось поговорить. Но если кому-то интересна история человека, до которого не дошла я, никто не мешает пойти и спросить.

Хочется надеяться, что эти тексты будут не только забавными. Кому-то, возможно, они помогут лучше понимать университетский курс, кому-то — выбрать себе учителя, а кому-то.. почему бы и нет?) стать тем, кого назовут интеллектуалом. 

Як я стаў…. Ігарам Бабковым

(Плён супольнай працы Віолы Ермаковай і Ігара Бабкова)

Чытаць першую частку

паэты

Першыя сустрэчы з беларускімі літаратарамі былі камічныя і фантастычна прыгожыя. Калі я ўжо пачаў пісаць вершы, па-расейску, і зразумеў, што гэта сур’ёзна, што гэта не проста жартачкі, і калі іх назбіралася пэўная колькасць, я пачаў шукаць калегаў. Навокал адныя філосафы, а дзе знайсці літаратараў? І хтосьці мне расказаў, што пры газэце Знамя Юности дзейнічае гурток, які вядзе Някляеў, і там збіраюцца паэты. І я пайшоў у Дом друку, не ведаючы ні калі збіраюцца, ні дзе. Думаў, пайду дзе-небудзь а шостай гадзіне. Усе, хто працуе, ужо сыдуць, а я пахаджу па калідорах і, можа быць, сустрэну каго.Заходжу ў Дом Друку, цёмныя калідоры, я хаджу і разумею, што нікога тут не знайду. Раптам бачу: па калідору да мяне набліжаецца нейкая постаць. Прычым ідзе, хістаючыся ад сценкі да сценкі. Вялікі мажны мужчына. І я разумею, што я яго не абыду ніяк. Мне прасцей спыніцца і дачакацца, пакуль ён са сваёй траекторыяй сам разбярэцца. Ён падышоў да мяне. Стаў. Уважліва глядзіць. І пытаецца: “Ты хто?”. Я, паколькі прыйшоў да паэтаў, упершыню  … можа ад нечаканасці… кажу “Я паэт”. Гэта было першае прымерванне на сабе ідэнтычнасці. На што гэты дзядзька дзівіцца і кажа “Га! І я паэт! А як тваё прозвішча?” Кажу «Бабкоў» Ён глядзіць на мяне, яшчэ больш дзівіцца, і кажа “Га! І маё Бабкоў!” Уявіце сабе: сустрэць у цёмным калідоры Дома друку беларускага дзіцячага паэта Уладзіміра Бабкова. Які ад радасці выцягвае з кішэні плашча бутэльку партвейна і прапануе адзначыць такую сустрэчу. 

Потым высветлілася, што ён журналіст з раённай газеты, яго закінулі на курсы падвышэння кваліфікацыі, і вось ён ходзіць па Менску і паэтычна бавіць час. Я да яго прыйшоў са сваімі тэкстамі, ён уважліва ўсё прачытаў, неяк так пасур’ёзнеў і голасам, якім лекар абвяшчае дыягназ, кажа “Тааак… Табе да Разанава” і расказаў, дзе той працуе. Другім беларускім літаратарам быў Разанаў. 
Гэта 84 ці 85 год, Разанаў на той час ужо культавая постаць. Я прыходжу да яго ў Мастацкую літаратуру, пакідаю свае вершы і думаю, што напісаць. Да таго ж я пішу па-расейску, а ён па беларуску. І я пішу чатыры радкі. Па-расейску. “Лицо Алеся Рязанова”. Дасюль памятаю:

Одиноко
в мире совокупляющихся
очерчено
в царстве расчерченности 
во время выражающих 
оно просто есть

Чыстая антысаветчына. Я нават крыху баяўся пакідаць на стале, прыкрыў чымсці, каб не пабачылі. Наступным разам калі я падыйшоў, ён быў на месцы. Мы прагаварылі дзве з паловай гадзіны. Калі разыйшліся, я з жахам усведаміў, што зразумеў толькі трэцюю частку з яго прамовы. І другое – пакуль я не прачытаў ані радка Алеся Разанава. Я пайшоў у бібліятэку і пачаў чытаць. 
У пэўны момант я патануў у паэзіі. Забыў пра філасофію. Але не пра мысленне. Мы тады з Акудовічам як раз прыдумалі ідэю беларускага мыслення, якое рэалізуецца па-за акадэмічнымі формамі. Бо выглядала глупа пісаць нейкія артыкулы, думаць пра дысертацыю, аспірантуру.

 

дыплом

Дыплом я пісаў па Гайдэгеру, на кафедры гісторыі філасофіі і логікі. Кіраўніком быў Дунаеў, рэцэнзентам Міхайлаў.  Тыя самыя, заснавальнікі ЕГУ. Яны і пазнаёміліся, здаецца, на маёй абароне. Дунаеў на той час быў пагадзіннікам. Чытаў неаплатонікаў. Ён выглядаў вельмі тонкім і інтэлігентным. Зараз ён ужо прайшоў суворую школу жыцця. А Міхайлаў працаваў на кафедры філасофіі, намеснікам Сцёпіна. І ўсе, хто хацеў рабіць кар’еру, ішлі туды. А ўсе, хто хацеў уцякаць, займаліся гісторыяй філасофіі. І калі я заявіў тэму пра Гайдэгера, але папрасіў кіраўніка Дунаева. Міхайлава гэта не тое што абурыла, але здзівіла. Ён запатрабаваў тлумачэнняў. І мы сустрэліся, амаль што патаемна, у пустой аўдыторыі. Ён спытаўся, чаму не ён. Я казаў максімальна шчыра. “Не хачу і не збіраюся рабіць кар’еру, не люблю савецкую уладу, да таго ж у мяне ёсць даведка з псіхушкі, што я здаровы”.  Яму хапіла такту не найстойваць, і ён быў рэцэнзентам.

Дыплом быў напісаны ў стылі празрыстым і паэтычным. Называўся “Крытычны аналіз гісторыка-філасофскай метадалогіі Марціна Гайдэгера”. У ім не было абавязковага раздзела “Марксісцкая крытыка”. Калі на абароне Круглоў грозна запытаўся чаму, я сціпла заўважыў, што ў Марціна Гайдэгера няма аніякай гісторыка-філасофскай метадалогіі. Ён аметадалагічны. І аб’ектам аналіза ўласна з’яўляецца факт адсутнасці. Паколькі немагчыма крытыкаваць тое, чаго няма, няма і раздзела з крытыкай. Круглоў правільна ўсё зразумеў. З крыкам “ён жа з нас здзекуецца” запусціў маім дыпломам у мяне. Дыплом не даляцеў.

Былі й іншыя рэчы, што цягнулі калі не на артыкул, дык на выключэнне. Дунаеў мяне пазнаёміў з Чарнышовай, якая абаранілася ў Маскве па другой схаластыцы, працавала ў інстытуце філасофіі старэйшым навуковым і мела доступ да спецхрану. Вось усе гэтыя кніжачкі Інстытуту інфармацыі па грамадскіх навуках, дзе яны рэферавалі розную заходнюю літаратуру – там былі і пераклады Гайдэгера – я чэсна змясціў у спісе літаратуры, хаця доступу да  матэрыялаў спецхрану ў мяне не было. Больш за тое: Чарнышова дала тэлефон і адрас маскоўскай прыяцелькі, Таццяны Васільевай, адной з самых геніяльных знаўцаў антычнасці і плюс яшчэ аматаркі Гайдэгера. Яна перакладала Гайдэгера ціха для сябе, і ў самвыдаце ўсе гэта разыходзілася. Таццяна Васільева дала мне кучу ўсякіх самвыдатаўскіх, перадрукаваных на машынцы перакладаў. Я таксама ўсё гэта змясціў у бібліяграфіі. 

Як потым расказваў Міхайлаў, думалі, ці мяне адразу выключыць, ці не звязвацца. Вырашылі паставіць па тры балы, па дыплому і па ўсім дзяржіспытам, і забыць. Але забыць не атрымалася, бо першае, што я зрабіў, калі атрымаў дыплом – а я ж яшчэ фармальна быў студэнтам – падаў заяву на выхад з камсамолу. Мяне выключаў Казулін, які на той час быў старшынёй камітэту камсамола БДУ. Напісаў у заяве, што камсамол не гаворыць па-беларуску і мне з такім камсамолам не па дарозе. Мы тады ўжо пачыналі гаварыць па-беларуску і я падумаў, што пра беларускую мову можа быць больш карысна. У рэальнасці я выйшаў, бо не мог дараваць смерці двух маіх улюбёных паэтаў. Мандэльштам і Жылка. Абодва загінулі.  

Міхайлаў потым прызнаўся, што справа ў КДБ была вельмі сур’ёзная. Але ў яго ў гэтых колах вельмі сур’ёзныя былі і сувязі. З ягонага нью-ёрскага і венскага мінулага. І па сутнасці ён гэта замяў. Бо там не толькі студэнты праходзілі, але і некаторыя выкладчыкі. 

Потым, калі ўсё пачало мяняцца, Міхайлаў стаў загадчыкам кафедры гісторыі філасофіі і логікі, узяў на работу Дунаева, і пачаліся рэформы. Звярнуўся да мяне, прапанаваў прымацавацца і пісаць на кафедры ў яго кандыдацкую. І я сапраўды прыйшоў і “прымацаваўся”. Выглядала гэта камічна. На той час я працаваў вартаўніком. І ўся старая прафесура – гэта ж яшчэ Савецкі Саюз, хаця й хісткі – слухала, як зачытваюць інфармацыю пра мае мейсцы працы. Там былі ўсе мае вартоўні. Але тут пачалася рэвалюцыя, і гэтае мае сашукальніцтва нічым не скончылася. 

ад перакладаў да літаратараў

Я пачынаў друкавацца з перакладаў. Першае, што я надрукаваў увогуле –  пераклады Лі Бо, са старакітайскай. Потым апавяданне Джойса, з ангельскай. Але хутка ўсё ж такі выскачыў са сваімі тэкстамі. Рухаўся ад перакладаў да літаратуры. Была такая перакладчыцкая група, Бабілон, там Сяргей Шупа, Алесь Жлутка, Лявон Баршчэўскі – многа вядомых герояў. Алесь Асташонак, Істомін… 

Аднойчы мы сядзелі ў пакойчыку Жлуткі ў інтэрнаце Акадэміі. Алесь сам лацініст, жыў у адным пакойчыку з Бяляцкім. Бяляцкі збіраў падпольна “Тутэйшых”, а Жлутка ведаў, што я пішу вершы. Ён мяне знаёміць з Бяляцкім, а той гаворыць: “У нас праз паўгадзіны падпольная сустрэча. Давай ты выступіш”. Я заходжу ў пакойчык, там сядзяць 5 ці 6 чалавек. Сыс, Бяляцкі Аркуш ці Адамовіч, ужо не памятаю хто.  

Бяляцкі пісаў дысертацыю і насіў кніжкі са спецхрану. Глобус таксама там быў. І Дубавец.  Я ўвесь час працаваў вартаўніком, а тут прыходзіць Глобус і кажа: “Мы захапілі часопіс”. Прыходзь уладкоўвацца. І я нечакана з вартаўніка стаў рэдактарам піянерскага аддзела. Тады яшчэ было ЦК ЛКСМБ, но ясна, ужо ніхто іх не слухаў. Бярозку пераўтварылі ў такое выданне, што дасюль, калі паглядзець гэтыя падшыўкі, бярэ жах! Як бедныя дзеткі гэта вытрымоўвалі! Пачалі друкаваць постары рок-гуртоў. Тады нават слова “постар” ніхто не ведаў. Рок гурт Мроя, патлатыя хлопцы. Альбо – старонка аднаго верша. Таццяна Сапач, мае вершы, усё па-даросламу… Альбо конкурс прыгажосці  – дзяўчаты дасылалі свае фотаздымкі, іх размяшчалі на вокладцы. Куча рэчаў. Адзінае, чаго там не было — піянерскіх матэрыялаў. Мы пра іх забылі. А яшчэ там працаваў Міхал Анемпадыстаў, Кася Камоцкая пачала спяваць. І ўсё закруцілася. 

Перад з’ездам «Тутэйшых». Ігар Бабкоў і Алег Мінкін. 1988. Kamunikat.org

мова

Не магу сказаць, што ў бацькоўскай сям’і быў акцэнт на чымсьці спецыфічна беларускім. Хаця калі потым я перайшоў на беларускую мову, бацькі прызналіся, што яны сканчалі беларускія школы. І ўжо калі прыехалі ў горад, вымушаны былі падстройвацца і перавучвацца пад расейскую. Бабуля, канечне, гаварыла па-беларуску. Але ізноў жа, я гэта зразумеў толькі на другім курсе, калі мы выехалі з будатрадам у Пскоўскую вобласць будаваць кароўнікі. І я са здзіўленнем, услухоўваючыся ў гаворку пскоўскіх вяскоўцаў, запытаўся ў сяброў “А чаму яны так правільна па-расейску гавораць? Яны ж мусяць гаварыць па-вясковаму, па-простаму”. І тут мяне перашчоўкнула, што тая мова, на якой гаварыла бабуля, і тая беларуская мова, якую мы вывучалі ў школе як прадмет – гэта адна і тая ж мова. А дагэтуль нават нягледзячы на ўсялякіх платонаў, яны ў мяне ў розных шуфлядках ляжалі. 

Калі сур’ёзна, пераход на беларускую мову стаўся вынікам нашай еўрапейскасці. Гэта значыць спачатку мы адчулі сябе еўрапейцамі, і далей, ужо з гэтай пазіцыі, вярнулі сабе Беларусь. Калі казаць пра школу філасофіі ў Менску, школу мыслення, то гэта кантынентальная філасофія. Не амерыканская, не англасаксонская, а менавіта еўрапейская, з апірышчам на Гайдэгера, герменеўтыку, фенаменалогію. Мы ўвесь час прымерваліся да гэтага тыпу мыслення і самі сябе скіроўвалі ў той бок. Але як стаць еўрапейцамі, дзе тая Еўропа? 

А тут аказалася, што тутэйшая інтэлектуальная гісторыя як раз цалкам адпавядае гэтай парадыгме. Калі мы даведаліся, што ў нас была схаластыка, другая схаластыка, лацінамоўная філасофія, гэта было як выбух. На занятках нам пра гэта не распавядалі. Была, праўда, такая дысцыпліна “Гісторыя філасофіі народаў СССР”. Але туды была запхнута і гісторыя рускай філасофіі, і беларускай, і таджыкскай, і грузінскай… З беларускай філасофіі туды патрапіла… нічога. Кастусь Каліноўскі.

Пры тым што ўжо тады існавала школа у Акадэміі навук. Выйшла купа кнігаў. Але філосафы не адкрылі для сябе ўласную традыцыю. Мясцовы кантэкст усведамляўся як небяспечная лакальнасць, ад якой трэба адштурхоўвацца, з якой трэба выбірацца, уцякаць ва ўніверсальнасць. І расейская мова разглядалася як інструмент такіх уцёкаў. 

Калі мы адкрылі для сябе літаратуру і тутэйшы кантэкст, ужо пасля гэтага раптам зразумелі, што і філасофія мае вось у гэтым тутэйшым кантэксце больш сур’ёзныя карані, чым нам здавалася. 
У Тутэйшых Сыс увесь час хваляваўся, што мне з імі нецікава. Няма з кім паразмаўляць. Аднойчы на імпрэзе ў Доме кіно ён кажа: “Ну вось, знайшоў табе чалавека. Тодар Кашкурэвіч”. Потым Сяргей Санько абнаружыўся. Ён сам фізік, але ўцёк у філасофію. Мы ўжо перайшлі на беларускую мову і хадзілі па праспекце, размаўлялі. Раптам я бачу Сяргея, вітаюся па-беларуску, штосьці гавару, і з сумам для сябе адзначаю, што яшчэ аднаму чалавеку прыйдзецца гадзіну тлумачыць навошта я перайшоў на мову. Але не спатрэбілася. Ён быў з Майстроўні і перайшоў на беларускую мову яшчэ 6 ці 7 год таму. 

І ўжо як завяршэнне гештальту, 85-86 год, мы ідзем па вуліцы, насустрач Алесь Разанаў. Спыняецца, кажа “як ваша кітайская школка?” (Тады да нас Мікола Раманоўскі прывёў сапраўднага кітайца, мы пачалі вывучаць кітайскую мову. Збіраліся нелегальна, у дзіцячым садочку.) Я адказваю Разанаву па-беларуску. Гэта для яго абсалютная нечаканасць, нават шок. Што людзі, абсалютна аўтаномна, без прымусу, пачынаюць размаўляць па-беларуску. Неяк стыхійна інтэлектуальны Менск пайшоў тады ў гэты бок. 

А вось Міхайлаў, калі зразумеў, што я з ім па-беларуску гавару, наадварот, на дзесяць ці пятнаццаць год перастаў весці са мной справы. Мова была афарбавая для яго як знак бяды, альбо небяспекі. Гэта, падобна, усё ж такі праблема старэйшых таварышаў. Таму што для майго пакалення, гарадчукоў у першым пакаленні, напачатку была расейская. І мы адкрывалі для сябе беларускую мову як спакусу. І яна сапраўды спакушала. Не навязвала сябе, не прыходзіла праз патрыятычны абавязак, а менавіта спакушала забытай традыцыяй, утоеным сакрумам. 

 

разгортванне прасторы

Канец 80-х і пачатак 90-х — час, калі ўвайшло новае пакаленне, маё пакаленне. Савецкая сістэма культуры абвалілася. Але калі прайшоў першы энтузіязм, мы раптам зразумелі, што ў той беларускай культуры, якая засталася, месца для нас няма. Зразумелі, што трэба самім прыдумваць для сябе прастору, засноўваць новыя тэрыторыі, у якіх ты мог бы адбыцца.

Акудовіч любіць казаць, што мы тады выраблялі не столькі тэксты, колькі дыскурсы. У тым сэнсе, што беларускае мысленне не магло натуральна сябе адчуваць ў газеце ЛіМ, напрыклад. Проста не магло. Таму што ён такі як ёсьць, і хоць ты ўсяго Гайдэгера там надрукуй, усё роўна ён застанецца ЛіМам. 

Стала зразумела, што патрэбны новыя формы культуры, с новай інфраструктурай і новымі выданнямі. Вядома, гэтыя новыя формы часам паўставалі са старых, як тая ж Крыніца някляеўская, а часам.. На пачатку 90-х Дубавец у Вільне адраджае Нашу ніву. Па форме гэта газета, але на самой справе невядома што. Нематываваны акт прыгажосці. Глыток паветра. Усе тады проста ашалелі. 

Я засноўваю выдавецтва Эўрафорум. І пачынаю выдаваць Фрагменты — незалежны літаратурна-філасофскі часопіс. Разам з Акудовічам і Разанавым у газеце Культура паўстае літаратурна-філасофскі сшытак ЗНО і праз яго Акудовіч прапускае ўсю постмадэрнісцкую моладзь. 

Усё гэта было і мэтанакіравана, таму што мы ўсведамлялі, што не можам адбыцца ў тых формах культуры, якія ёсць, але і нешта стыхійнае, таму што ніхто не распісваў крокі і нічога не планаваў. Атрымоўвалася тое, што атрымоўвалася. Напрыклад, афіцыйны філасофскі часопіс не атрымаўся. Мы умудрыліся сабраць купу філосафаў. Савет міністраў выдзеліў грошы. Але не пайшло і цяпер ясна, што гэта было бы акадэмічнае абы-што. Не дамовіліся, і ў якасці кампрамісу аддалі Акудовічу восем палос газэты Культура пад літаратурна-філасофскі сшытак. І гэта апынулася лепш, чым быў бы кампрамісны варыянт з часопісам. 

А калі мы пачалі выдаваць Фрагменты, сітуацыя  была свабодная, цалкам незалежная. Заснавалі пры часопісе першую недзяржаўную кніжную калекцыю Галерэя Б. Тады літаратары па інэрцыі неслі кнігі ў дзяржвыдавецтва, а ўжо сярэдзіна 90-х. І тут мы падумалі: а чаму б нам самім не выдаваць кнігі? І першае, што выдалі, – Разанава, Галубовіча, Баярына. Зараз глядзіш на гэтыя кнігі, прозвішчы – класіка. Сама калекцыя перайшла да Логвінава і працягваецца. 

Напрыканцы 90-х было адчуванне, што формаў і магчымасцяў стала больш, чым жыхароў гэтых формаў. З’яўляліся новыя часопісы, выданні, але не было часу, каб пісаць, думаць. А ўжо нулявыя – наадварот, формаў паменшыла, але тыя, хто выжылі, набылі раўнавагу, устойлівасць, знайшлі сваю форму. 

Настаўнікі і вучні

Напрыканцы 80-х і ў 90-я мы думалі пра сябе, як пра першае пакаленне. Можа быць таму, што на нас зламалася савецкая цывілізацыя. Мы перасталі ўспрымаць дазволеныя познесавецкія формы. Не паспелі ўпісацца, альбо не захацелі. 

Наша пакаленне – пакаленне бунту. Напачатку бунту супроць савецкасці. І беларуская культура, дарэчы, шмат у чым набыла бунтарскі патэнцыял дзякуючы пакаленню тутэйшых. Адкуль мы яго ўзялі – вельмі цікавае пытанне. Я думаю, што я заняўся гісторыяй ідэяў, інтэлектуальнай гісторыяй яшчэ і каб зразумець, як і чаму гэта адбываецца. Чаму раптам плынь часу перапыняецца, прыходзяць новыя людзі, якія зусім па іншаму ўсё разумеюць. Вось напрыклад, эпоха Рамантызму, вышыні духу, Міцкевіч – а потым прыходзяць пазітывісты і  тупа глядзяць на ўсіх гэтых рамантыкаў як на актораў. Якія граюць дурны і пафасны спектакль і навошта гэта робяць – не ясна. 

Ёсць рэчы, якія перастаюць нешта значыць для наступнікаў. Мы самі, на сваім дасведзе бачым: наступнае пакаленне ніколі не бывае вучнямі. 

Таму мне больш знаёма адчуванне паплечніка, суразмоўцы, а не настаўніка. Нават калі суразмоўца старэйшы за цябе на сорак год.

У мяне былі дзіўныя сустрэчы і важныя размовы – з вядомымі і невядомымі. Мілаш, Гедройць, Бжезінскі. Анжэй Струміла, Натальля Гарбанеўская. Выпадковыя, без працягаў, яны застаюцца засечкамі, зарубкамі ў памяці… Гэтыя размовы не змянялі жыццё, але ставіліся яго часткай. Як камень у падмурку. Гэта здараецца, і ўжо значна пазьней ты разумееш, як гэта было важна. 

Язэп Драздовіч, Космас

праца з тэкстам

Былі тэксты, якія патрабавалі іншага тыпа чытання, якія не даваліся так проста. І я хадзіў коламі, спрабуючы зразумець, што з імі можна рабіць. Той жа Гайдэгер. Ён сам ходзіць коламі і ты вакол яго ходзіш. Разам з ім. Прыглядаешся, прынюхваешся. Я можа таму і не стаў пісаць пра яго дысертацыю, бо зразумеў, што акадэмічны тэкст пра такі тып думкі – самае глупае і самае неадэкватнае. Што ён патрабуе іншага тыпу інтэрпрэтацыі. Можа як раз паэзія, паэтычнае мысленне, у якое я тады ўляпаўся, і ёсьць самая адэкватная форма. Ён недзе напісаў, што быць філосафам гэта значыць быць паэтам. І я яму паверыў. 

Чытанне Гайдэгера і паварот да паэзіі адбываліся паралельна. Я б нават сказаў, што праз Гайдэгера я атрымаў лёгкую форму шызафрэніі — паміж мысленнем і паэзіяй. Але не як хваробу, ад якой трэба пазбаўляцца, а наадварот, як два полюсы, якія ствараюць сутнасную напругу. Да якой я ўжо прызвычаіўся. Зраслося, так бы мовіць. 

Мяне напэўна можна нават назваць вучнем Гайдэгера. Апакрыфічным і няўдзячным. Апакрыфічным, бо я ў гэтым ніколі не прызнаюся. Няўдзячным – бо так весялей. Проста “вучань Гайдэгера”  – сумна, суха, акадэмічна. А  няўдзячны вучань – гэта ўжо нешта. Той, які забывае пра настаўніка, адыходзіць ад яго, вяртаецца, можа пакпіць, пажартаваць. “Не ісці па слядох старажытных, а шукаць тое, што шукалі яны”.

Паэтычныя тэксты патрабавалі свайго падыходу. Мандэльштама немагчыма чытаць проста так, лінейна, запар….. Той жа Міцкевіч ці Жылка ці Гёльдэрлін – кожны паэт патрабуе свайго ключыка, свайго шыфра. 

З прозай усё больш проста, але таксама цікава. Я, напрыклад, нематывавана люблю Чарана. Альбо той жа позні Сэлінджэр. Гесе люблю, хаця ён крышачку занудны для мяне. Прыемна занудны. Борхес, канечне, з Картасарам, можа, адзіныя з лацінаамерыканцаў, якія патрапляюць. Валеры са сваім «Спадаром Тэстам» і дыялогамі, дзённікамі.
З беларускіх – Жылка і Стральцоў самыя ўлюбёныя.  

Вучыцца пісаць – абавязкова. У кожнага творцы ўнутры сядзіць разуменне свайго тэкста, творца заўсёды мае адчуванне, атрымалася ці не атрымалася. Але нават калі атрымалася – гэта не значыць, што машына культуры зараз жа пачне працаваць і раскажа ўсім, што ты геній. Гэта значыць, што тая канцэптуальная эмоцыя, што ў цябе ўнутры была, знайшла адэкватную форму выражэння. І ты, перачытваючы, ізноў туды патрапляеш.

Ёсць пэўны тып творцаў, публічных асобаў, якія ведаюць адказ на пытанне, як зрабіць, каб цябе пачулі. Я ніколі не спрабаваў ісці ў гэтым кірунку. Мне гэта нецікава. Каб выходзіць на шырокую прастору, трэба навучыцца пазбягаць паўтонаў. Быць выразным, як карцінка ў коміксе.  

Для мяне самае важнае і ў мастацкім, і ў філасофскім тэксце –  рытм. Танец мовы, думкі. Пасля Ніцшэ мы ўсе ведаем, што навучыць думку танчыць – вось дзе сапраўдная задача. 
Калі я пачынаў пісаць, усе тэксты ў мяне завяршаліся на трох-чатырох сказах. Далей нікуды не ішло, і ні ўва што не ўкладалася. У мяне была куча тэчак, забітых такімі фрагментамі. І што з гэтым рабіць было неясна. У 25 год выдаваць зборнік недапісаных тэкстаў? Хацелася ўсё ж такі знайсці сваю форму. І я перакладаў менавіта з тым, каб адчуць, як гэта завяршаецца, як можна адбывацца ў форме. У гэтым сэнсе верш выратоўвае. Ён кароткі, ён завяршаецца хутка. А вось раман – гэта амаль безнадзейна. Апавяданні, фрагменты. Усе сябры здзекаваліся, што я фрагментарны аўтар. Калі я стамляўся змагацца, проста кампанаваў тэкст з тых фрагментаў, якія напісаліся. Потым праўда аказвалася, што не ўсё так проста. Раптоўна пачыналі праяўляцца  сэнсы цэлага. Якраз дзякуючы пераходам, гульні, разрывам. Зараз я разумею, што самае страшнае для мяне – лінейнае пісьмо, якое пачынаецца і роўненька-роўненька доўжыцца да канца. У рамане, у апавяданні, вершы –  абавязкова мусяць быць разрывы, падвышэнні і паніжэнні тона, музыкальная структура. 

Я не з тых, хто запаўняе свае тэксты рэальнымі людзьмі. Мне весялей прыдумваць. Я не канструюю, а ўключаю ўяўленне. То бок маі персанажы — не тое, якім чалавек ёсць насамрэч, і нават не тое, якім ён сам сабе здаецца, а тое, якім бы ён мог быць, калі б дэміургам быў я. 

сёння

Усё яшчэ блукаю – у часе і прасторы. Да майго ўласнага здзіўлення, сёння дапісваюцца важныя тэксты, якія пачыналіся вельмі даўно. Дадумваюцца думкі, дадаюцца фрагменты. Пазл складаецца. Яшчэ крыху, і пачне праяўляцца агульнага карціна ўсяго (усмешка). 

Сапраўдная вандроўка – гэта не вандроўка «куды», а «дзе», «з кім», «у якім настроі». Краявіды, якія адкрываюцца і адкрываюць. Кожнаму штосьці сваё. Трэба проста быць уважлівым, пільным.
Мой улюбёны персанаж – Чжуан Чжоу, які правёў сваё жыццё, бадзяючыся ў бязмежжы. Уласна кажучы, так я і жыву. 

Мне дакладна не патрэбны вучні, я не настаўнік у класічным сэнсе. Мне патрэбныя тыя, хто ідзе поруч. Сувандроўнікі. Каб не адчуваць сябе самотным у краявідзе.  

У гэтым сэнсе мне пашчэнціла. Ужо больш за дваццаць год у мяне ёсьць  ідэальны суразмоўца і сувандроўнік – Акудовіч. У нас вельмі розныя тэмпераменты і розныя жанры. Ён скончыў літінстытут і ішоў ад літаратуры ў мысленне, у філасофію. А я наадварот, ад філасофіі ў літаратуру. І мы сустрэліся на паўдарозе. Да таго ж амаль сінхронна вярнуліся ў беларускую культуру, адкрылі яе для сябе. Пазнаёміліся ў Полацку на канферэнцыі, на самым пачатку 90-х. Раней толькі чулі адзін пра аднаго. А тут ішлі па дарозе на секцыю і вырашылі, што трэба стварыць беларускую філасофію. А пра што была канферэнцыя, ужо й не памятаю. 

Чытаць іншыя гісторыі:

Як я стаў інтэлектуалам. Міхал Анемпадыстаў

Как я стал интеллектуалом. Андрей Егоров

Як я стаў інтэлектуалам: Павел Баркоўскі

Персоны: