25 жніўня 1991 года адбылася «Cесія незалежнасці»

25 жніўня 2016

Матэрыялы мультымедыйнага гістарычнага партала  90’s

З 24 па 25 жніўня 1991 года адбылася пятая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета Беларусі XII cклікання, якая атрымала назву «Сесія незалежнасці». Менавіта падчас гэтай сесіі беларускі парламент прыняў шэраг найважнейшых для краіны рашэнняў, якія засведчылі тое, што Беларусь стала незалежнай. 

Станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь адбывалася паступова. З гэтым працэсам звязаны цэлы шэраг пераломных дат. Нягледзячы на тое, што Савецкі Саюз быў ліквідаваны толькі 8 снежня 1991 года, а суверэнітэт Беларусь абвясціла яшчэ 27 ліпеня 1990-га, менавіта з 25 жніўня 1991 года беларусы ўзялі лёс сваёй краіны ва ўласныя рукі.

2

Пачатак сэсіі. Гаворыць З.Пазьняк. Побач В.Голубеў; са сьцягам В.Галубовіч.

Незалежнаць не была здабыта за некалькі дзён. Яшчэ 27 ліпеня 1990 года – падчас знакамітага параду суверэнітэтаў савецкіх рэспублік  – Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Але, нягледзячы на тое, што дэкларацыя аб’яўляла нашу краіну суверэннай дзяржавай, на самой справе гэты дакумент не меў рэальнага юрыдычнага значэння і, у параўнанні з іншымі прававымі актамі, насіў рэкамендацыйны характар. У Беларусі працягвалі дзейнічаць старыя савецкія законы, якія нярэдка супярэчылі дэкларацыі. І толькі пасля правалу жнівеньскага путчу ГКЧП, які спрабаваў спыніць працэсы дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі ў СССР, нашай краіне ўдалося выйсці на новы, незалежніцкі этап будавання сваёй дзяржаўнасці.

На нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета, якая была склікана ў хуткім часе пасля паражэння жнівеньскага путчу, у 20 гадзін 12 хвілін 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. За гэта прагаласавала 256 дэпутатаў дзеючага тады парламента, супраць – 0, устрымалася – 0, не галасавала 9 народных выбраннікаў. У выніку гэтага дэкларацыя станавілася рэальна дзейным законам, па сваёй юрыдычнай сіле нават вышэйшым за старую савецкую канстытуцыю. У дапаўненне да гэтага рашэння быў прыняты яшчэ цэлы шэраг законаў і пастаноў, які забяспечылі Беларусі палітычную і эканамічную самастойнасць.

Пра лёсавызначальныя для Беларусі дні падчас знакамітай Сесіі незалежнасці мы пагутарылі з доктарам гістарычных навук, галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання Валянцінам Голубевым.

– Хто і калі ініцыяваў скліканне нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета?

– Калі была склікана нечарговая сесія Вярхоўнага Савета, павестка дня толькі фарміравалася. І напачатку амаль што адзіным было пытанне аб бягучым моманце. Але апазіцыя БНФ да сесіі падрыхтавала пакет законапраектаў, больш за 10 пытанняў мы прапаноўвалі ў парадак дня, я іх і агучваў па даручэнню калегаў. Калі пачалося паседжанне парламента, апазіцыя і асобныя дэпутаты пачалі прапаноўваць прыблізна адны і тыя ж пытанні. Па-першае, ацаніць дзейнасць службовых асоб Беларусі ў сітуацыі путчу ГКЧП, разабрацца, хто і што рабіў з вышэйшых службовых асобаў Беларусі. На гэтай хвалі са сваёй пасады быў зняты старшыня Вярхоўнага Савета Дземянцей, які па сутнасці падтрымаў путч у Маскве. А на яго месца быў абраны вядомы сваімі дэмакратычнымі поглядамі Станіслаў Шушкевіч. Па-другое, дэпутатам трэба было ацаніць аднoсіны Беларусі з маскоўскім цэнтрам, бо з-за перавароту ГКЧП палітычная сітуацыя ў СССР сур’ёзна змянілася. Амаль усе рашэнні, якія былі прынятыя на гэтай сесіі, былі прынятыя па ініцыятыве дэпутатаў апазіцыі БНФ.

– Што гэта былі за рашэнні?

– Найбольш важным, безумоўна, было наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР статуса Канстытуцыйнага закона. Справа ў тым, што ў Канстытуцыі СССР за Масквой было зафіксавана права кіравання так званымі прадпрыемствамі «саюзнага падпарадкавання». Паводле Канстытуцыі БССР 1978 г. Мінск прымаў удзел толькі ў кіраванні галінамі народнай гаспадаркі саюзнага-рэспубліканскага, рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання. Да ўласнасці СССР у Беларусі адносіліся буйнейшыя прадпрыемствы (МАЗ, БЕЛАЗ, Інтэграл, Калійны камбінат, прадпрыемствы нафтапераапрацоўчага комплексу), а таксама электрастанцыі, шляхі зносін, прадпрыемствы вайсковага прызначэння. І калі б Масква забрала ўсё гэта сабе, у нас бы нічога з буйной уласнасці не засталося.

Golubev

– Яшчэ падчас жнівеньскага путчу дэпутаты фракцыі БНФ прынялі рашэнне, што трэба склікаць нечарговую сесію Вярхоўнага Савета, але тады гэта аказалася зрабіць немажліва. Па сутнасці, апазіцыя разам з Шушкевічам былі першымі, хто прапанаваў склікаць нечарговую сесію беларускага парламента. Мы пайшлі да старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея (Сяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук і я) з такой прапановай, але ён адмовіўся сам склікаць сесію, хаця меў на гэта права. Тады мы падрыхтавалі адпаведны ліст, які, за подпісам першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Шушкевіча, быў разасланы ўсім дэпутатам Вярхоўнага Савета з просьбай тэрмінова прыехаць у Мінск. Сесія была нарэшце склікана 24 жніўня 1991-га. Да таго часу жнівеньскі путч канчаткова праваліўся. У Расіі Ельцын ужо прыпыніў дзейнасць КПСС. Нашыя партыйныя лідэры былі сур’ёзна напужаныя і чакалі, што ж будзе далей. Затое мы, апазіцыянеры, ужо нікога не баяліся. Адбываліся цікавыя з’явы: да мяне падыходзілі партыйныя функцыянеры, якія падчас путчу нам пагражалі, і казалі, што тады яны проста жартавалі.

–  Якой павінна была быць павестка дня сесіі?

У Дэкларацыі ж аб дзяржаўным суверэнітэце было запісана, што ўся маёмасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, з’яўляецца ўласнасцю беларускай дзяржавы і беларускага народа. Але Дэкларацыя – гэта толькі заява аб намерах.  А 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыі быў нададзены статус Канстытуцыйнага закона. Юрыдычна яна ўраўнялася з Канстытуцыяй. Згодна з заканадаўствам і практыкай, той дакумент, які прымаўся пазней, з’яўляўся галоўным. Такім чынам, наданне Дэкларацыі статуса Канстытуцыйнага закона засведчыла тое, што Беларусь – рэальна стала незалежнай дзяржавай. А ўсё, чым яна валодала – было зафіксавана як яе і толькі яе ўласнасць.

 Менавіта гэта аб’яднала розныя палітычныя сілы ў Вярхоўным Савеце?

– Так. Менавіта на гэтай хвалі адбылося аб’яднанне прадстаўнікоў усіх палітычных сіл у Вярхоўным Савеце ХII склікання ў пытанні надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статуса Канстытуцыйнага закона.

– Якія пастановы, акрамя Дэкларацыі, былі прынятыя на Сесіі незалежнасці?

– У дапаўненне была прынятая пастанова Вярхоўнага Савета аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларусі (адбылася перадача пад юрысдыкцыю нашай дзяржавы ўсіх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія знаходзіліся на яе тэрыторыі). У гэты ж дзень быў прыняты закон «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Беларускай ССР» (у выніку КДБ і МУС перайшлі ў падпарадкаванне Мінску).

Другое пытанне, якое разглядалася на сесіі, было чыста палітычным. Было прынята рашэнне аб прыпыненні дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі. Тады яшчэ была прынятая важная пастанова аб дэпартызацыі. На кожным прадпрыемстве раней існавалі партыйныя бюро. Яны разам з дырэкцыяй кіравалі працай прадпрыемства, уплывалі на асабістае і грамадскае жыццё людзей. Гэта было ў арміі, у інстытутах, на заводах, гэта было скрозь. Калі, нарэшце, дзякуючы гэтаму закону партыю турнулі з прадпрыемстваў, яна аўтаматычна страціла сваю ўладу. Быў накладзены арышт на маёмасць КПБ-КПСС. Потым гэта маёмасць была забраная ў дзяржаўныя фонды, і кампартыя страціла рэальны ўплыў на грамадства. У тыя дні на мітынгу ля Дома ўрада была нават зладжаная тэатралізаваная акцыя – пахаванне КПБ-КПСС. 

– Як так сталася, што партыя забараніла сама сябе? Бо вядома, што большую частку дэпутацкага корпуса Вярхоўнага Савета складалі прадстаўнікі КПБ, якія дагэтуль скептычна ставіліся да ідэі незалежнасці. Ці быў нейкі супраціў з боку камуністычнай наменклатуры? 

– Практычна супраціву не было. Тут ужо стала зусім зразумела: тое, што робіцца ў Маскве, можа нанесці шкоду асабіста ім. Абсалютная большасць беларускіх камуністаў апынулася на нацыянальных пазіцыях. Калі пачала ўзнікаць пагроза маёмасці Беларусі, яны пачалі казаць, што «мы Маскве нічога не аддамо». Быў супраціў з боку толькі некалькіх буйных партыйных чыноўнікаў. Калі стала зразумела, што ў Расіі пачнецца расследаванне дзеянняў ГКЧП, што раскрыццё іх паводзінаў можа адбыцца з Масквы, беларускія камуністы пачалі хутка дыстанцыравацца ад цэнтра і падтрымліваць ідэю незалежнасці. Партыйныя функцыянеры разумелі, што калі атрымаць незалежнасць, то можна захаваць сваё пануючае становішча ў гаспадарчай сферы і структурах выканаўчай улады. Калі ў Расіі назіраліся велізарнейшыя змены, то ў Беларусі адбылася толькі адна змена – замест Дземянцея стаў Шушкевіч. Вось і ўсё. Астатнія чыноўнікі засталіся на сваіх месцах, пры сваіх пасадах. Былыя партыйныя функцыянеры працягвалі кіраваць ўрадам, КДБ, войскам, МУС. Акрамя таго, у гады перабудовы, калі была дазволеная дзейнасць кааператываў, амаль усе партыйныя кіраўнікі знайшлі сабе месца ў гэтых прыватных прадпрыемствах. Яны былі яшчэ камуністамі і адначасова ўжо сталі капіталістамі. І ніхто не хацеў прыцягваць да сябе ўвагі, усе стараліся схаваць сябе асабіста, схаваць сваю ўласнасць. Такім чынам, партыю яны выкінулі, а ўсё астатняе – уладу, палажэнне, маёмасць – захавалі.

– Дэпутаты, палітыкі – гэта зразумела. А ці прымала грамадскасць, простыя людзі ўдзел у вырашэнні будучага лёсу краіны ў дні паседжання парламента?

– Вельмі прыемна ўспамінаць гэтыя дні працы Вярхоўнага Савета таму, што ўвесь гэты час плошча Незалежнасці была поўнасцю запоўненая людзьмі. Нават уначы тысяч 10-20 людзей там знаходзілася. Людзі прыносілі туды ежу, бутэрброды, каву, гарбату людзям, якія там сядзелі, дзяжурылі. Дзяўчаты сплялі велізарнейшы бел-чырвона-белы сцяг з тонкай тканіны, які быў працягнуты ад касцёла і да ўвахода ў метро. Упершыню нацыянальная сімволіка дэманстравалася так адкрыта, і ніхто яе не забараняў, не зрываў. У гэты час Мінскі гарадскі савет прыняў рашэнне аб тым, што ў залі паседжанняў і над Мінскім гарсаветам павінна знаходзіцца два сцягі: дзяржаўны чырвона-зялёны і нацыянальны бел-чырвона-белы. Для Беларусі гэта быў вялікі прарыў. Дарэчы, мы таксама прынеслі бел-чырвона-белы сцяг у залю паседжанняў Вярхоўнага Савета, і ён стаяў там у сектары дэпутатаў ад Мінска. 

– А ці асвятлялі неяк СМІ паседжанне Вярхоўнага Савета ў тыя лёсавызначальныя для Беларусі дні? 

– Праца Вярхоўнага Савета была адкрытай для насельніцтва. Мы мелі парламенцкую «Народную газету», рэдактарам якой быў І.Сярэдзіч. У парламенце працавалі іншыя газеты: «Савецкая Беларусія», «Звязда», «Рэспубліка». З часоў атрымання незалежнасці пастаянна ішла прамая радыё- і тэлевізійная трансляцыя з залі паседжанняў Вярхоўнага Савета.

Акрамя таго, па просьбе людзей тэлевізійны запіс быў яшчэ і ўвечары (здаецца, з 10 вечара да 5 раніцы). Гэта людзей цікавіла. Мяне некалькі разоў будзілі ўначы і казалі: «Як вы добра выступілі!» Болей за тое, народ змог дабіцца падчас жнівеньскай сесіі таго, што была выведзена трансляцыя з залі паседжанняў Вярхоўнага Савета на ўзмацняльнікі на плошчу, і ўсе людзі, якія там стаялі, чулі, што адбывалася ў будынку парламента. Я памятаю, калі ў Вярхоўным Савеце нехта гаварыў тое, што людзям не падабалася, на плошчы стаяў гул незадавальнення, які было чуваць праз сцены Авальнай залі. Вельмі важна, калі парламент працуе адкрыта, калі людзі адразу могуць сказаць, падабаецца ім ці не падабаецца яго праца. 

– Як вы лічыце, незалежнасць Беларусі – гэта проста збег абставін ці сапраўды аб’ектыўная з’ява?

– Беларусь прыйшла да незалежнасці аб’ектыўна. Не было б БСГ – не ўтварылася б БНР, не было б беларускіх нацыянал-камуністаў – не была б утворана БССР, не было б БНФ і яе фракцыі ў Вярхоўным Савеце – не так хутка мы б атрымалі незалежнасць. Былі людзі, якія хацелі гэта рабіць, былі людзі, якія гэта рабілі, і былі людзі, якія гэта нарэшце зрабілі. Рэспубліка Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, і мы бачым гэта нават ў дзеяннях цяперашніх уладаў. І урад, і прэзідэнт дзейнічаюць ад імя прызнанай ва ўсім свеце дзяржавы. Мы маем шмат унутраных праблемаў, але гэта ў большай ступені ўжо ўнутраныя праблемы незалежнай дзяржавы.

 Ці не лічыце вы, што Беларусі незалежнасць дасталася даволі лёгка, таму, мабыць, мы не заўсёды ўсведамляем яе каштоўнасць?

– Тое, што ў нас не адбылося крывавых сутыкненняў у 1991 годзе, гэта паказвае як мудрасць беларускіх палітыкаў, так і разумную дзейнасць Вярхоўнага Савета ды памяркоўнась саміх беларусаў. Я бачыў, як беларусы віталі і падтрымлівалі нацыянальныя сімвалы і аб’яўленне незалежнасці. Нажаль, зараз гэты нацыянальны патэнцыял не выкарыстоўваецца пэўным чынам. Трошкі змен – і вы пабачыце, што ўсё гэта жыве ў душах людзей. Калі ў канцы 80-х гадоў, здавалася, ужо ніхто не гаворыць па-беларуску, ніхто не памятае пра бел-чырвона-белы сцяг, як толькі стала магчыма, сотні тысяч людзей выходзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і тысячы людзей патрабавалі, каб іх дзяцей вучылі па-беларуску. Незалежнасць да нас не ўпала з неба. Мы атрымалі яе ў выніку змагання. Мы змаглі зафіксаваць яе заканадаўча ў той адзіны момант, калі гэта магчыма было зрабіць.

– Якім вы бачыце гістарычнае значэнне жнівеньскай нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета?

– 25 жніўня 1991 года – гэта пачатак руху нашай дзяржавы па незалежных рэйках. Да гэтага былі толькі дэкларацыі. Тая ж БНР была дэкларацыяй, а рэальна гэты праект так і не ажыццявіўся. БССР хоць і была прызнаная міжнароднай супольнасцю, з’яўлялася фактычна марыянеткай у складзе СССР. А вось з 25 жніўня 1991 г. наша дзяржава прымала ўжо тыя рашэнні, якія былі выгадныя менавіта ёй. Гэтая Сесія незалежнасці адкрыла шлях да станаўлення самастойнай Беларусі. Потым былі зацверджаныя новыя дзяржаўныя сімвалы, закон аб грамадзянстве, пачаўся вывад савецкіх войск, ядзернай зброі, былі прынятыя свае знешнепалітычная і ваенная дактрыны. Усё гэта вылілася ў тое, што 8 снежня 1991 года Расія ўпершыню ў гісторыі падпісала пагадненне з нашай краінай у якасці раўнацэннага паўнавартаснага партнёра. Гэта было прызнанне Беларусі як незалежнай дзяржавы. Як канчатковы вынік – асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце былі ўключаны як асноватворныя ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 г. А рашэнне пра тое, што наша Беларусь сапраўды стала незалежнай дзяржавай было прынята 25 жніўня 1991 года.

Больш матэрыялаў на партале 90’s