Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму

25 кастрычніка 2017

Віталь Сіліцкі

Крыніца: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 26-46.

Уступ

Хваля дэмакратычных выбарчых рэвалюцый ва Ўсходняй Эўропе і посткамуністычнай Эўразіі ажывіла адзін з самых прывабных і ў той жа час спрэчных аргумэнтаў у тэорыі дэмакратызацыі: пасьпяховы дэмакратычны прарыў у адным зь некалькіх месцаў дапамагае прысьпешыць і актывізаваць трансфармацыі ў астатніх месцах, дзе зьмена рэжыму так ці інакш насьпявае. Гэтая ўзаемасувязь пераходных пэрыядаў у часе (і прасторы) апісваецца такімі тэрмінамі, як «узаемаўплыў», «дыфузія» ці «эфэкт навочнага прыкладу» (demonstration effect). Сапраўды, хоць гэта наўрад ці было вырашальным фактарам, але ж тое, што ўзаемаўплыў адыграў досыць важную ролю ў перадачы дэмакратычнага духу і мэтодык для дасягненьня зьмен з Сэрбіі 2000-га ў Грузію 2003-га, а адтуль ва Ўкраіну 2004-га і Кыргыстан 2005-га, відавочна[i]. Што і казаць, ёсьць больш чым дастаткова сьведчаньняў таго, што вялікая колькасьць актывістаў, палітычных дарадцаў, мясцовых і міжнародных НУА і СМІ былі мэтанакіравана ўключаныя ў працэс перадачы досьведу, стратэгіі і тактыкі пасьпяховых рэвалюцый на новыя тэрыторыі. Гэта часта прыводзіла да ўзьнікненьня пачуцьця дэжавю пры праглядзе па тэлебачаньні сцэн выгнаньня чарговага аўтакрата і прыходу на хвалі народнай падтрымкі новага лідэра.

Чаму ўзаемаўплыў настолькі важны і выразны ў гэтай хвалі дэмакратычных рэвалюцый? Па-першае, як сьцьвярджае Валеры Банс[ii], на ўсёй посткамуністычнай прасторы (ад Прагі да расейскага Далёкага Ўсходу) склалася ўнікальная супольнасьць дэмакратычных актывістаў, аб’яднаных агульным досьведам мінуўшчыны, на аснове чаго ў іх разьвілося пачуцьцё адказнасьці за пакуль менш пасьпяховых суседзяў і сяброў, а таксама жаданьне дапамагчы ім дасягнуць сваіх мараў і мэтаў. У больш шырокім сэнсе ўзаемаўплыў сур’ёзна палегчаны блізкасьцю гістарычнага досьведу, цяперашняга стану рэчаў і падабенствам дылемаў, зь якімі сутыкаецца большасьць грамадзтваў у гэтым рэгіёне; іншымі словамі, сустракаючыся з падобнымі праблемамі, чальцы гэтых грамадзтваў з паўслова разумеюць рашэньні, якія падказваюць ім «вандроўныя рэвалюцыянэры». Другі аспэкт пытаньня — узроставая характарыстыка новых будаўнікоў дэмакратыі ў рэгіёне: большасьць зь іх адносна маладыя і ў меру ідэалістычна настроеныя асобы, многія шмат падарожнічалі і добра валодаюць замежнымі мовамі, што дазваляе ім сумяшчаць мэтаскіраванасьць і прагу прыгод. Па-трэцяе, на працягу апошніх пятнаццаці гадоў назіраецца імклівае разьвіцьцё міжнароднай грамадзкай супольнасьці і структур, што спрыяюць дэмакратыі. Большасьць з такіх структур першапачаткова была заснаваная ў рэгіёне з больш сьціплымі задачамі дапамогі ў дэмакратычных пераўтварэньнях пачатку 90-х гг. і карысталіся на першым часе падтрымкай уладаў, якія паўсталі пасьля краху савецкай сыстэмы і вырашылі пагуляць у дэмакратыю. Па-чацьвертае, мае месца прагрэс у сфэры кампутарных тэхналёгій, міжнародных электронных СМІ і сродкаў мабільнай камунікацыі, што зрабіла нядаўнія рэвалюцыі сапраўды першымі ў гісторыі палітычнымі трансфармацыямі, угрунтаванымі на высокіх тэхналёгіях. Найноўшыя тэхнічныя сродкі зрабілі магчымым стварэньне натхняльных вобразаў «сілы народу» (people’s power), а таксама распаўсюджваньне ведаў і палітычных ноў-хаў з максымальна магчымай хуткасьцю. Кампутары, мабільныя тэлефоны і спадарожнікавае тэлебачаньне, недаступныя для многіх зьбяднелых грамадзтваў Эўразіі, бойка выкарыстоўваюцца актывістамі ў нашым рэгіёне. Зразумела, што гэтыя найноўшыя тэхналёгіі надзвычай дапамагалі ў мабілізацыі і каардынацыі як выбарчых намаганьняў, так і вулічных пратэстаў падчас нядаўніх рэвалюцый.

Але дэмакраты і рэвалюцыянэры — не адзіныя, хто можа вучыцца на досьведзе мінуўшчыны і ўжываць атрыманыя веды для дасягненьня палітычных мэт. На самай справе іх праціўнікі аказаліся цалкам здольныя засвоіць тэорыю і практыку дэмакратычных пераўтварэньняў з тым, каб спыніць іх у зародку. Мала таго, яны ўсё лепш усьведамляюць, што, перафразуючы словы Дж. Буша-малодшага, прамоўленыя ім падчас сваёй другой інаўгурацыі, «выжываньне аўтакратыі ўнутры краіны ўсё больш залежыць ад няўдачы дэмакратыі за мяжой». Першая тэндэнцыя — навучаньне барацьбы з дэмакратычнымі ўплывамі — ёсьць абавязковым элемэнтам новага палітычнага курсу ў посткамуністычнай Эўразіі, акрэсьленага аўтарам як прэвэнтыўны аўтарытарызм. Другая тэндэнцыя — аб’яднаньне намаганьняў для барацьбы з дэмакратычным уплывам — выяўляецца ва ўмацаваньні аўтарытарнага Інтэрнацыяналу, які хутка афармляецца на постсавецкай прасторы.

Гэты артыкул складаецца з трох частак. У першай тлумачыцца канцэпцыя прэвэнтыўнага аўтарытарызму. У другой даецца сьціслы агляд прэвэнтыўных захадаў падобнага кшталту ў Беларусі, краіне, дзе такія дзеяньні ажыцьцяўляюцца найбольш маштабна і ўмела. Трэцяя частка надае асноўную ўвагу міжнароднаму аспэкту прэвэнтыўнага аўтарытарызму, разглядаючы яго на прыкладзе супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, якое ў вялікай ступені было пастаўлена на службу барацьбы з дэмакратыяй. Сьціслае заключэньне падсумоўвае некаторыя наступствы новай тактыкі аўтарытарызму для дасьледчыкаў і будаўнікоў дэмакратыі.

Асэнсаваньне і тлумачэньне стратэгіі апярэджваньня

Апярэджваньне — гэта стратэгія процістаяньня дэмакратычным уплывам шляхам прэвэнтыўнага прадухіленьня палітычнага выкліку, нават калі ніякай непасрэднай небясьпекі зьмены рэжыму няма. Апярэджваньне, такім чынам, накіраванае супраць апазыцыйных партый і гульцоў, якія яшчэ не набралі моцы. З палітычнай арэны выдаляюцца нават тыя апазыцыйныя лідэры, якія наўрад ці стануцца сур’ёзнай праблемай падчас наступных выбараў. Незалежная прэса атакуецца, нават калі яна ўплывае толькі на невялікія сэгмэнты насельніцтва. Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці зьнішчаюцца, нават калі яны канцэнтруюцца ў адносна абмежаванай гарадзкой субкультуры. Нарэшце, выбарчае заканадаўства парушаецца нават тады, калі цяперашні кіраўнік дзяржавы, хутчэй за ўсё, перамог бы ў справядлівым галасаваньні. Такім тыпам прэвэнтыўнай стратэгіі (наступ на апанэнтаў ды інфраструктуру апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці), які можа быць названы тактычным апярэджваньнем, рэпэртуар даступных сродкаў для барацьбы з дэмакратычнымі ўплывамі не вычэрпваецца. Другі, больш грунтоўны інструмэнт, — гэта інстытуцыйнае апярэджваньне, якое заключаецца ў тым, што фундамэнтальныя правілы, якія вызначаюць палітычную гульню, робяцца ўсё больш жорсткімі, перш чым апазыцыя ўмацуецца. Прыклады інстытуцыйнага апярэджваньня ўключаюць перапісваньне канстытуцый з мэтай узмацніць прэзыдэнцкую ўладу за кошт паўнамоцтваў парлямэнту і органаў мясцовага самакіраваньня; унясеньне зьменаў у выбарчае заканадаўства з мэтай атрыманьня трывалай ляяльнай большасьці ў парлямэнце; прыняцьце больш жорсткіх законаў аб СМІ і адказнасьці за паклёп; абмежаваньне, дэлегалізацыю і нават крыміналізацыю некаторых відаў дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці. Завяршальны і ключавы інструмэнт — культурнае апярэджваньне: маніпуляцыя грамадзкай сьвядомасьцю і калектыўнай памяцьцю дзеля распаўсюджваньня стэрэатыпаў і мітаў пра ўнутраную апазыцыю, дэмакратыю ўвогуле і прасоўваньне дэмакратыі ў прыватнасьці, пра Захад і былыя камуністычныя краіны, якія сталі на дэмакратычны шлях. Гэтая атака ў культурнай сфэры разьдзімае грамадзкія страхі і спараджае непрыманьне самой ідэі зьмены рэжыму.

Перш як перайсьці да аналізу, мушу зрабіць тры заўвагі адносна канцэпцыі апярэджваньня. Па-першае, апярэджваньне ня ёсьць у поўнай меры валюнтарызмам, а наадварот, ажыцьцяўляецца на добра ўгноеным грунце, павялічваючы ўжо існыя магчымасьці ўладаў[iii] процістаяць палітычным выклікам. Напрыклад, маніпуляцыю правам з мэтай забясьпечыць перавагу кіраўніку дзяржавы ажыцьцявіць лягчэй, а ў многіх выпадках толькі тады і магчыма, калі дысбалянс на карысьць прэзыдэнцкай улады ўжо мае месца, а законы ў сфэры свабоды думкі і аб’яднаньняў недастаткова дэмакратычныя і празрыстыя. Гэтаксама і культурныя стэрэатыпы куды больш пераканаўчыя, калі яны ўзмацняюць і пашыраюць ужо існыя калектыўныя ўспаміны, міты, страхі і забабоны. Апроч таго, ужо аслабленай і фрагмэнтаванай апазыцыяй намнога лягчэй кіраваць і рэпрэсаваць яе, чым рабіць гэта з прафэсійна арганізаванымі і палітычна эфэктыўнымі групамі. Таму прэвэнтыўныя ўдары супраць дэмакратызацыі мацнеюць у сытуацыі, калі аўтакраты ўжо аслабілі сілы, якія выступаюць на карысьць больш лібэральнага парадку.

Па-другое, магчымасьці аўтакратычных лідэраў засвойваць, а значыць і эфэктыўна выкарыстоўваць стратэгію апярэджваньня, знаходзяцца ў залежнасьці ад іхных структурных і інстытуцыйных пераваг, а таксама часу. Такім чынам, лягічна, што перадумовы для выбарчых рэвалюцый спачатку высьпелі ў некансалідаваных напаўаўтарытарных рэжымах, непазьбежнасьць трансфармацыі якіх вызначалася самой іх недасканалай канструкцыяй. Не навучаныя чужым досьведам, мяккія аўтакраты, відаць, загразнулі ў самазадаволенасьці і ўладнай фанабэрыі (у процілегласьць апазыцыі, узброенай ведамі, набытымі дзякуючы замежным уплывам і «дыфузіі»), якія і прывялі да таго, што зьмена рэжыму зрабілася магчымай. Напрыклад, адной з прычын падзеньня рэжыму Слабадана Мілошавіча ў 2000 г. стала тое, што сэрбскі «дыктатар» першы ў рэгіёне быў скінуты выбарчай рэвалюцыяй. Дарма што ягоны рэжым усё больш мацнеў на працягу 1998—2000 гг., Мілошавіч ня браў пад увагу сыгналаў аб небясьпецы, што чакала наперадзе. Зь іншага боку, сэрбская апазыцыя, грамадзянская супольнасьць і структуры па спрыяньні дэмакратыі засвоілі досьвед Філіпінаў 1986-га, Чылі 1988-га і нават выбарчых кампаній у Румыніі, Харватыі ці Славакіі, падчас якіх (хоць яны і не былі выбарчымі рэвалюцыямі) многія інструмэнты, напрыклад, мабілізацыя выбаршчыкаў, былі адпрацаваныя, перш як іх ужыла сэрбская апазыцыя[iv]. Кучма ці Шэварднадзэ маглі б навучыцца сёга-тога на досьведзе Мілошавічавага краху, але Сэрбія здавалася ім надта далёкай, і абодва лідэры, як і іхныя падначаленыя, аддавалі перавагу развагам над тым, чаму Грузія ці Ўкраіна — «ня Сэрбія».

Калі хваля дэмакратызацыі зьнішчыла большасьць напаўаўтарытарных рэжымаў, дык больш жорсткія і кансалідаваныя, аднак, захаваліся. У дадатак да сваіх структурных пераваг яны мелі ў запасе яшчэ адзін актыў: веды пра тэхналёгіі (якія, хутчэй за ўсё, будуць ужытыя для іх зьвяржэньня) і, гаворачы больш абагульнена, разуменьне небясьпекі дэмакратычных уплываў. «Аранжавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне сталася сапраўднай вяхой у палітычным разьвіцьці рэгіёну дзякуючы памерам і геапалітычнай важнасьці гэтай краіны. Калі выбарчая рэвалюцыя адбылася так глыбока на савецкай тэрыторыі і да таго ж у краіне, якая постсавецкім аўтакратам здавалася бясьпечнай, магчымасьць узаемаўплываў больш нельга было недаацэньваць. І як дэмакраты былі ўсхваляваныя і абнадзееныя «Аранжавай рэвалюцыяй», дык іхнае мысьленьне ў многіх выпадках апынулася ў палоне шаблёну стандартнай мадэлі зьмены рэжыму. Тым часам аўтакраты адразу пачалі ўжываць свае структурныя перавагі для таго, каб кансалідаваць свае рэжымы і зрабіць тэхналёгіі выбарчай рэвалюцыі састарэлымі[v]. З іроніі лёсу, дзякуючы папярэджаньню ў выглядзе нядаўніх рэвалюцый аўтакраты ня толькі павялічылі сьпіс сваіх мэтаў, але і ўнесьлі разнастайнасьць у рэпэртуар актыўных дзеяньняў, закліканых падтрымаць іх унутраную легітымнасьць. Яны засноўваюць і рэклямуюць моладзевыя рухі з «антырэвалюцыйнай» праграмай, заахвочваюць да супрацоўніцтва артыстаў і сьпевакоў гэтак сама, як рабілі дэмакратычныя рэвалюцыянэры, — карацей кажучы, яны апранаюць антырэвалюцыйныя намаганьні ў рэвалюцыйны камуфляж. Казаскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў пайшоў так далёка, што правёў «каляровую» кампанію па сваім перавыбраньні ў сьнежні 2005 г. Падобны падыход да антырэвалюцыйнай барацьбы з апірышчам на поп-культуру, хоць і без каляровага коду, быў ужыты Аляксандрам Лукашэнкам у Беларусі пры падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г.

Падтрымка структурнай і інстытуцыйнай устойлівасьці ацалелых аўтакратаў пры дапамозе нованабытых ведаў, дасягненьне імі перавагі над патэнцыйнымі апазыцыйнымі кандыдатамі наводзіць на думку пра самаабмежавальны характар дэмакратычнай дыфузіі. Гэты працэс пачаўся ў краінах з больш разьвітымі ўнутранымі перадумовамі для палітычных зьмен і пашыраўся дзякуючы эфэкту навочнага прыкладу на тыя краіны, дзе «мясцовая структурная падтрымка зьменаў»[vi] была намнога слабейшая. Калі рэвалюцыі пачалі інсьпіравацца больш вонкавымі ўплывамі, чым унутранымі ўмовамі, яны ўсё ў большай ступені характарызаваліся «заняпадам удзелу мас, большым гвалтам і менш трывалымі дэмакратычнымі наступствамі»[vii]. У выніку пазьнейшыя рэвалюцыйныя прэцэдэнты (асабліва Кыргыстан, але да некаторай ступені і Грузія) усё менш маглі служыць перадатчыкамі дэмакратычнага энтузіязму і спадзяваньняў на тое, што новыя тэрыторыі ў рэгіёне пойдуць гэтым шляхам. Ва ўсякім разе, усё менш мірны характар трансфармацый у гэтых краінах і палітычная нестабільнасьць, якая надыходзіла пасьля, забясьпечвалі ацалелыя рэжымы эфэктыўным прапагандысцкім рэсурсам, дазваляючы ім адпудзіць грамадзтва ад ідэі памяняць уладу і паблажліва проціпастаўляць стабільнасьць кансалідаваных рэжымаў хаосу ў краінах, што нядаўна зьведалі трансфармацыю.

Па-трэцяе, стратэгія апярэджваньня не абавязкова мае на мэце кампэнсаваць адсутную выбарчую легітымнасьць. Як ні дзіўна, першая можа памагчы павялічыць апошнюю. У сапраўднасьці аднымі з галоўных мэтаў прэвэнтыўных удараў па прыхільніках дэмакратыі ёсьць выдаленьне відавочных і патэнцыйных дэмакратычных альтэрнатываў з грамадзкага далягляду і ўзмацненьне ў народзе ўражаньня, што цяперашні лідэр — гэта адзіны даступны і рэалістычны варыянт (і нават калі выбары сфальсыфікаваныя, грамадзтва можа быць апанаванае перакананьнем, што лідэр перамог бы нават тады, калі б яны былі праведзеныя сумленна). Гэтае апошняе значэньне стратэгіі апярэджваньня можа быць асабліва цяжкім для разуменьня замежнымі аналітыкамі. Маючы доступ да незалежных крыніц інфармацыі і разнастайных справаздач, зробленых апазыцыяй і міжнароднымі наглядальнікамі, яны часта ня ў стане зразумець, што насельніцтва краіны можа ня мець доступу да такіх самых дадзеных і крыніц, а ўрад робіць усё, каб дыскрэдытаваць апазыцыю (улучна зь ейнымі спробамі назіраньня за галасаваньнем). Аналягічным чынам і сэгмэнтаваныя (гэта значыць, прыкладзеныя да адносна невялікай часткі грамадзтва) палітычныя рэпрэсіі, напэўна, лепш бачацца з-за мяжы, чым зь сярэдзіны недэмакратычных краінаў. Тое самае датычыць выбарчых фальсыфікацый, асабліва калі тэхналёгіі іх ажыцьцяўленьня робяцца вытанчанымі і не абмяжоўваюцца прымітыўным падкіданьнем бюлетэняў. Тут варта дадаць, што аўтарытарны рэжым мае ў сваім распараджэньні інструмэнты, каб блякаваць спробы здабыць любую вартую даверу альтэрнатыўную інфармацыю аб выніках галасаваньня — напрыклад, шляхам дэзарганізацыі ці поўнай забароны апытаньняў выбаршчыкаў на выхадзе з выбарчых участкаў і выдаленьня «ненадзейных» наглядальнікаў. Яшчэ адзін важны фактар — гэта агульная апатыя і адсутнасьць інтарэсу да палітыкі сярод шырокіх слаёў насельніцтва ў рэпрэсіўных сыстэмах. Гэта спрыяе рэпрэсіям і дапамагае прэвэнтыўным захадам прайсьці незаўважанымі. У гэтых умовах, калі рэпрэсіі сэгмэнтаваныя, а палітычныя альтэрнатывы ня толькі аслабленыя, але і ня бачныя для ўнутранай аўдыторыі, аўтакратам лёгка пераканаць выбаршчыкаў, што апанэнты ня могуць перамагчы іх, бо яны, апанэнты, некампэтэнтныя, непрадстаўнічыя і непрафэсійныя. Такім чынам, яны не праходзяць тэсту на дэмакратычную канкурэнцыю. Лішне казаць, што другі пасыл — маўляў, збанкрутаваная апазыцыя можа існаваць толькі як наймітка варожых сіл — звычайна ідзе сьледам і часта ўспрымаецца як прадказальная выснова.

Беларускі выпадак: дынаміка спаўзаньня ў аўтарытарызм і вяхі авалодваньня Лукашэнкам палітыкай апярэджваньня

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры аналізу ў нашым артыкуле, бо гэтая постсавецкая краіна зрабіла асаблівы ўнёсак ва ўдасканаленьне палітыкі апярэджваньня — і да вядомай ступені зрабілася ў аўтакратаў «узорам для перайманьня». Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка зрабіўся частым героем газэтных загалоўкаў на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя дзякуючы бязьлітасным расправам над палітычнай апазыцыяй, і цяпер гэтая краіна лічыцца адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў у посткамуністычнай Эўразіі. Улада беларускага лідэра, аднак, грунтуецца ня толькі на непасрэдным ціску, але і на досыць высокім узроўні народнай падтрымкі. Ягоны калярытны аўтарытарны стыль знаходзіць прыхільнасьць у шырокіх колах вясковых і пажылых выбаршчыкаў, якія па-ранейшаму адчуваюць настальгію па савецкай эпосе; ягоным аратарскім умельствам і здольнасьці маніпуляваць праз СМІ грамадзкай думкай цяжка процістаяць; нарэшце, ягоная палітыка прыносіць здавальняючы эканамічны эфэкт і ў вядомай ступені спрыяе нацыянальнаму адзінству. Да таго ж слабасьць «у шырокіх колах насельніцтва нацыянальнай ідэнтычнасьці, якую можна было б скіраваць супраць цяперашняга рэжыму»[viii], надзвычай замінае нацыянальна настроенай апазыцыі.

Тым ня менш беларусы не падаюцца безнадзейна адсталымі на фоне сваіх суседзяў у пляне ацэнкі дэмакратыі і рэформаў: наадварот, некаторыя апытаньні грамадзкай думкі выстаўляюць іх найбольш заўзятымі дэмакратамі ў былым Савецкім Саюзе[ix]. Да таго ж падтрымка Лукашэнкі за апошнія дзесяць гадоў рэдка перавышала 50 працэнтаў, а беларуская нацыянальная сьвядомасьць паступова расла на працягу паўтара дзесяцігодзьдзя незалежнасьці. Беручы пад увагу гэтыя акалічнасьці, можна зразумець, што непраўдападобнасьць палітычных зьмен у Беларусі ў агляднай будучыні ў вялікай ступені адлюстроўвае Лукашэнкаву палітыку апярэджваньня, якую ён даводзіў да дасканаласьці з моманту свайго прыходу да ўлады дванаццаць год таму.

Першыя крокі Лукашэнкі ў палітыцы апярэджваньня ня мелі ніякага дачыненьня да барацьбы з дэмакратычнымі ўплывамі, а былі хутчэй лягічным вынікам ягонага руху да канцэнтрацыі і абароны сваёй улады. Ён пачаў палітычную кар’еру беспартыйным дэпутатам і дырэктарам саўгасу. Грамадзкую сымпатыю ён заваяваў у 1993 г., зрабіўшыся старшынём парлямэнцкай камісіі па барацьбе з карупцыяй; гэтую пасаду ён скарыстаў для папулярызацыі сваёй фігуры на фоне іншых патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. Зарабляючы палітычны капітал на грамадзкім хаосе падчас пэрыяду максымальнага эканамічнага спаду і паніжэньня жыцьцёвага ўзроўню, ён выкарыстоўваў абвінавачаньні ў карупцыі, каб здабыць падтрымку свайму тэзісу пра раскраданьне краіны элітамі. Лукашэнка таксама бэсьціў урад за тое, што той дапусьціў развал Савецкага Саюзу ў 1991 г., а гэта, паводле ягоных сьцьверджаньняў, ня мела ніякай іншай мэты, апроч як спрасьціць рабаваньне дзяржавы.

Прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя на чэрвень 1994 г., скончыліся велізарным канфузам. Застаючыся палітычным аўтсайдэрам, Лукашэнка разграміў прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, набраўшы 80 % галасоў у другім туры[x]. Хоць ён ня меў падтрымкі якой-небудзь палітычнай арганізацыі і зазнаў астракізм з боку практычна ўсяго палітычнага спэктру — ад кансэрватыўнага ўраду Кебіча да нацыяналістычнай апазыцыі ў асобе Беларускага народнага фронту (БНФ), Лукашэнка здолеў скарыстаць фактар грамадзкай сумятні і дэзарыентацыі, якія панавалі пасьля здабыцьця незалежнасьці. Ягоны посьпех стаўся магчымым таксама дзякуючы пэўнаму ўзроўню палітычнай свабоды, якая настала пасьля падзеньня камунізму. Беларусь апошняй з колішніх савецкіх рэспублік заснавала інстытут прэзыдэнцтва; гэта прадухіліла канцэнтрацыю ўлады і пакінула месца для некаторага ўзроўню палітычнага і сацыяльнага плюралізму (хоць ранейшая партыйная намэнклятура так і не была зьнятая са сваіх пасад). У 1994 г. выбарчы працэс праходзіў адносна свабодна і справядліва, часткова таму, што ўлады яшчэ не адчулі для сябе пераваг маніпуляцыі і фальсыфікацый. Нарэшце, хоць найбольш уплывовыя СМІ кантраляваліся дзяржавай, яны прытрымліваліся свабоды слова і забясьпечылі справядлівыя ўмовы вядзеньня кампаніі для ўсіх супернікаў.

Пераканаўчая перамога Лукашэнкі на сумленных выбарах зрабіла ашаламляльнае ўражаньне на грамадзкую сьвядомасьць: на працягу наступных гадоў яна заставалася базай для пашыранага ўяўленьня аб ягонай непераможнасьці на выбарах. Але гэты досьвед таксама прымусіў Лукашэнку зразумець патэнцыйную пагрозу «сілы народу» для лідэра, які зашмат экспэрымэнтуе з дэмакратыяй. Паколькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады фактычна зь ніадкуль, ён ня меў падтрымкі ўнутры дзяржаўнай машыны; усім, на што ён мог першапачаткова абаперціся, быў ягоны завоблачны рэйтынг. Празь некалькі месяцаў пасьля ягонай інаўгурацыі ў ліпені 1994 г. ягоная папулярнасьць, аднак, пачала зьніжацца з прычыны непераадоленага эканамічнага спаду. У выніку на шляху да неабмежаванай улады перад ім паўсталі дзьве задачы: разграміць наяўную апазыцыю і ўмацаваць сваё становішча так, каб апазыцыя ўжо ніколі не змагла падняцца зноў.

Культурнае апярэджваньне: параза нацыяналізму і ўкараненьне ляяльнай да аўтарытарызму ідэнтычнасьці

Першая задача была выкананая правядзеньнем у траўні 1995 г. канстытуцыйнага рэфэрэндуму аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай, замене дзяржаўнай сымболікі на мадыфікаваную савецкую і ўхваленьні інтэграцыі з Расеяй. Рэфэрэндум завяршыўся гучнай перамогай Лукашэнкі, бо ўсе пытаньні былі ўхваленыя пераважнай большасьцю выбаршчыкаў. Гэты акт культурнага апярэджваньня аказаў моцны ўплыў на будучыя палітычныя падзеі ў Беларусі. Выкараняючы крохкія дасягненьні постсавецкага нацыянальнага адраджэньня пачатку 1990-х, рэфэрэндум цьвёрда зьяднаў Лукашэнку з саветызаваным палітычным сьветапоглядам большасьці беларусаў. Іншымі словамі, камуністычная эпоха «беларускага савецкага» патрыятызму, адноўленага рэфэрэндумам у якасьці фактычна афіцыйнай ідэалёгіі новага рэжыму, была базісам для прадухіленьня стварэньня «антыаўтарытарнай» ідэнтычнасьці, пашырэньне якой дазволіла б апазыцыі дасягнуць масавай мабілізацыі. Сама апазыцыя была маральна дыскрэдытаваная як спадкаемца нацысцкіх калябарантаў, што дзейнічалі ў пэрыяд другой усясьветнай вайны (у прыватнасьці, адпраўным пунктам афіцыйнай прапаганды быў той факт, што нацыянальныя сымбалі пачатку незалежнасьці — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» — выкарыстоўваліся пранямецкімі нацыяналістамі падчас вайны). Апроч таго, пацьвердзіўшы сваю прарасейскую арыентацыю пры дапамозе травеньскага плебісцыту, Лукашэнка заваяваў нямала сымпатыяў і падтрымкі ў Расеі, дзе яго пачалі разглядаць як адзінага адданага саюзьніка ў «блізкім замежжы». У выніку доўга чакаць палітычнай і эканамічнай падтрымкі Лукашэнкавага рэжыму не давялося.

Інстытуцыйнае апярэджваньне: легалізацыя прэзыдэнцкага абсалютызму і яе вынікі

Другая задача была выкананая праз правядзеньне ў лістападзе 1996 г. канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які ўнёс такія зьмены ў Асноўны закон, што ўся фармальная ўлада і кантроль над усімі галінамі ўлады, у тым ліку судовай і заканадаўчай, апынуліся ў руках прэзыдэнта. Як і раней, гэта быў акт палітычнай неабходнасьці. Парлямэнт, выбраны ў траўні 1995-га і на паўторных выбарах у сьнежні таго самага году, меў у сваім складзе толькі слабую дэмакратычную апазыцыю і не ўключаў ніводнага прадстаўніка галоўнай апазыцыйнай партыі — Беларускага народнага фронту, які быў разгромлены вынікамі рэфэрэндуму. Тым ня менш, новы заканадаўчы орган аказаўся малой падтрымкай Лукашэнку, бо камуністы і аграрыі ўрэшце далучыліся да дэмакратычных сілаў у процістаяньні ягоным спробам апанаваць уладу. Да таго ж Канстытуцыйны суд працягваў дэманстраваць уражальную незалежнасьць, скасаваўшы на працягу 1995—1996 гг. амаль дваццаць прэзыдэнцкіх указаў. У лістападзе 1996 г. апазыцыйныя парлямэнтары ініцыявалі працэдуру імпічмэнту. Гэтая спроба, аднак, скончылася няўдачай праз націск з боку ўраду на дэпутатаў парлямэнту і чальцоў Канстытуцыйнага суду.

Лукашэнка адказаў на гэты супраціў, ініцыяваўшы правядзеньне другога рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 г. На галасаваньне была вынесеная папраўленая вэрсія Канстытуцыі, якая падаўжала першы Лукашэнкаў тэрмін паўнамоцтваў на два гады, канцэнтравала ўладу ў руках прэзыдэнта, а таксама замяняла аднапалатны Вярхоўны Савет на нашмат слабейшы дзьвюхпалатны заканадаўчы орган, які складаўся з 64-мандатнага Савету Рэспублікі і 110-мандатнай Палаты прадстаўнікоў[xi]. Прэзыдэнцкім указам надаваўся статус закону, каб яны маглі замяняць акты, прынятыя парлямэнтам. Апроч таго, прэрагатыва прызначэньня чальцоў Канстытуцыйнага суду і Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) перайшла ад парлямэнту да прэзыдэнта.

Урэшце, паводле афіцыйных вынікаў, 70 % выбаршчыкаў падтрымалі прапанаваныя Лукашэнкам папраўкі ў Канстытуцыю, і нават незалежныя сацыялягічныя апытаньні, праведзеныя пасьля галасаваньня, далі лічбы, якія толькі на некалькі працэнтаў адрозьніваліся ад тых, што былі дасягнутыя на рэфэрэндуме[xii]. Такім чынам, вынікі рэфэрэндуму, нягледзячы на шматлікія зафіксаваныя падчас яго правядзеньня парушэньні, ня выклікалі ніякіх істотных публічных пратэстаў. Рэфэрэндум быў пасьпяхова праведзены ня толькі пры дапамозе маніпуляцый, але і дзякуючы значнай грамадзкай падтрымцы Лукашэнкі, які спрытна ператварыў галасаваньне ў плебісцыт аб сваіх паўнамоцтвах. Адзіным нэгатыўным вынікам рэфэрэндуму для ўладаў стаўся байкот Палаты прадстаўнікоў[xiii] эўрапейскімі парлямэнцкімі арганізацыямі і прыпыненьне для Беларусі статусу наглядальніка ў Радзе Эўропы.

З рэфэрэндумам 1996 г. інстытуцыяналізацыя пэрсаналісцкага аўтарытарнага праўленьня ў Беларусі была завершаная. Рэфэрэндум ліквідаваў усякую больш-менш значную палітычную канкурэнцыю і адхіліў апазыцыю ад прыняцьця рашэньняў. Надзелены царскімі паўнамоцтвамі, Лукашэнка практычна ня меў праблем з далейшым умацаваньнем сваёй улады. Па-першае, кантроль над усімі галінамі ўлады азначаў амаль неабмежаваную здольнасьць маніпуляваць выбарамі і ператвараў іх у бессэнсоўную працэдуру. Сапраўды, іхная няздольнасьць фармаваць палітычны выбар была прапісаная ў законе: Выбарчы кодэкс, прыняты ў 2000 г., ня ўтрымліваў ніякіх гарантый прысутнасьці апазыцыі ў выбарчых камісіях, строга абмяжоўваў дзейнасьць назіральнікаў і быў ня ў стане забясьпечыць усім кандыдатам роўных магчымасьцяў у правядзеньні выбарчай кампаніі. Па-другое, Лукашэнка аднаасобна рэарганізаваў сілы бясьпекі і дзяржаўны рэпрэсіўны апарат, каб гарантаваць іх абсалютную ляяльнасьць. Гэта было зроблена для таго, каб забясьпечыць выкананьне любой задачы, якая паўстане ў працэсе ўтрыманьня ўлады. Калі казаць больш падрабязна, ён рэарганізаваў сілы бясьпекі і павысіў значэньне спэцыяльных падразьдзяленьняў, створаных пры кожным зь «сілавых міністэрстваў» Беларусі (г. зн. Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны і КДБ). Усе гэтыя падразьдзяленьні былі кампактна разьмешчаныя ў межах ці непадалёк ад сталіцы і маглі быць прыведзеныя ў дзеяньне пры першай неабходнасьці. Згодна зь непацьверджанымі паведамленьнямі, сакрэтныя атрады, якія выканалі «асаблівыя» таемныя задачы, таксама былі арганізаваныя на базе спэцыяльных падразьдзяленьняў. Як мяркуецца, іх першымі акцыямі была ліквідацыя крымінальных аўтарытэтаў, пасьля чаго яны былі перанацэленыя на больш спэцыфічныя палітычныя задачы[xiv].

Тактычнае апярэджваньне: сьцяць галаву апазыцыі

У 1999 г. некаторыя апазыцыйныя лідэры, якія лічыліся патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на прэзыдэнцкіх выбарах у верасьні 2001 г., ці то памерлі, ці то зьніклі. Першым, хто прапаў бязь вестак, стаў былы Лукашэнкаў міністар унутраных справаў Юры Захаранка, які страціў сваю пасаду ў 1995 г. пасьля адмовы сілай выдаліць апазыцыйных дэпутатаў з будынку парлямэнту і задушыць забастоўку ў Менскім мэтрапалітэне. Захаранка зрабіўся адным зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і літаральна за тыдзень да свайго зьнікненьня абвясьціў аб стварэньні новага апазыцыйнага аб’яднаньня — Саюзу афіцэраў. У верасьні таго самага году былы парлямэнтар і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар зьнік разам са сваім спонсарам[xv].

Зьнікненьне Ганчара пазбавіла апазыцыю найбольш актыўнай, харызматычнай і супярэчлівай фігуры. Пасьля ўступленьня на палітычную сцэну ў 1990 г. у ролі новавыбранага дэпутата Вярхоўнага Савету ён хутка набраў папулярнасьць дзякуючы сваёй фотагенічнасьці, аратарскаму майстэрству і юрыдычнай дасьведчанасьці. Ганчар падтрымаў Лукашэнку ў 1994-м, але неўзабаве пачаў выступаць супраць прэзыдэнцкага аўтарытарнага стылю. Ён вызначыўся як энэргічны і здольны да рызыкі апазыцыйны лідэр, чыя экстравагантная манера дзейнасьці натхняла шараговых актывістаў і прываблівала ўвагу прэсы. Па-ранейшаму называючы сябе легітымным старшынём ЦВК, ён арганізаваў «альтэрнатыўныя выбары» ўвесну 1999 г., каб зьвярнуць такім чынам увагу на заканчэньне тэрміну Лукашэнкавых паўнамоцтваў згодна зь дзейнай да 1996 г. Канстытуцыяй. Хоць галасаваньне скончылася канфузам, Ганчар заваяваў папулярнасьць сярод дэмакратычных актывістаў[xvi]. Да часу свайго зьнікненьня ён зрабіўся ключавой фігурай у апазыцыі, хоць быў усё яшчэ далёкі ад прызнаньня яе бясспрэчным лідэрам. Тым ня менш імкненьне Ганчара адкрыта змагацца супраць Лукашэнкі было, відавочна, большым, чым улады маглі дапусьціць.

Ёсьць зьвесткі, што расьсьледаваньне гэтых зьнікненьняў, праведзенае Генэральнай пракуратурай, кінула падазрэньне на спэцыяльнае міліцэйскае падразьдзяленьне, куратарам якога быў тагачасны дарадца па нацыянальнай бясьпецы Віктар Шэйман[xvii]. Дзьмітры Паўлічэнка, камандзір спэцпадразьдзяленьня, нібыта быў арыштаваны ў лістападзе 2000 г. у сувязі са зьнікненьнямі, але Лукашэнка загадаў вызваліць яго, а таксама зьняў са сваіх пасадаў старшыню КДБ і генэральнага пракурора, якія падтрымалі абвінавачаньне. Шэйман быў прызначаны новым генэральным пракурорам і падгарнуў расьсьледаваньне пад свой кантроль.

Першае знаёмства з рэвалюцыйнымі сцэнарамі: урок, атрыманы ад падзеньня Мілошавіча

Эфэкт навочнага прыкладу менавіта тады стаў турбаваць Лукашэнку. Ён лепш чым хто са сваіх калег на прасторы былога СССР засвоіў урок ад зьвяржэньня сэрбскага дыктатара Слабадана Мілошавіча ў кастрычніку 2000 г., які заключаўся ў тым, што нават бачнасьць канкурэнтных выбараў можа стацца пагрозай для аўтарытарнага рэжыму. Прычынай пільнай Лукашэнкавай увагі да першай у посткамуністычным сьвеце выбарчай рэвалюцыі маглі быць асаблівыя ўзаемаадносіны, якія разьвіліся паміж двума лідэрамі тады, калі яны падзялілі сумнеўную рэпутацыю апошніх дыктатараў Эўропы. Да таго ж, апазыцыя і міжнародныя НУА зусім і не спрабавалі хаваць, што Беларусь мае стаць першым месцам, дзе будзе ізноў ужыты сэрбскі сцэнар зьмены рэжыму. Хоць ягоныя ранейшыя захады супраць апазыцыі цалкам засьцерагалі ад лёсу калегі, Лукашэнка працягваў хвалявацца. Паколькі прэзыдэнцкія выбары набліжаліся, ён зрабіўся вельмі падазроны да свайго акружэньня. У той самы час кантраляваныя рэжымам СМІ пачалі фармаваць грамадзкую думку пра «сэрбскі сцэнар», па-першае, як пра замежную змову, што ня мела ніякага дачыненьня да ўнутранай палітыкі, а па-другое, як пра пераварот, ажыцьцёўлены пры дапамозе ўчыненых апазыцыяй і СМІ беспарадкаў, а зусім не сапраўдную паразу, нанесеную першай асобе на выбарах. Цягам выбарчай кампаніі і падчас галасаваньня 9 верасьня 2001 г. Лукашэнкаў рэжым распрацаваў і ўжыў шмат якія пасьпяховыя мэтады для прадухіленьня рэвалюцыйнага сцэнару. Ён паралізаваў работу незалежных назіральнікаў, дэзарганізаваў апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў, адключыў мабільную сувязь і заблякаваў доступ да ўэб-вузлоў у ноч пасьля выбараў, а таксама сарваў масавую мабілізацыю прыхільнікаў апазыцыі, не дапусьціўшы прыезду дэмакратычных актывістаў з правінцыі на акцыі пратэсту ў сталіцу.

Пераабраньне Лукашэнкі з афіцыйным вынікам 75 % ад колькасьці тых, хто прагаласаваў[xviii], дэмаралізавала апазыцыю. Яе спробы насьледаваць сэрбскай выбарчай рэвалюцыі былі лёгка спыненыя, а апытаньні паказвалі, што Лукашэнка выйграе нават пры сумленным падліку галасоў. Параза таксама прывяла да пошуку «крайніх» сярод апазыцыі і публічных абвінавачаньняў у нямэтавай растраце сродкаў, выдзеленых на дапамогу дэмакратыі, зь якімі выступілі журналісты і расчараваныя актывісты, што зрабіла апазыцыі кепскую рэкляму. Тым ня менш, сам Лукашэнка не адчуваў сябе ўпэўненым у тым, што небясьпека для ягонай палітычнай будучыні канчаткова мінула. Па-першае, неўзабаве пасьля перавыбраньня ягоная папулярнасьць зьведала рэзкі спад, што было выклікана, відаць, немагчымасьцю неадкладна выканаць шчодра раздадзеныя перадвыбарныя абяцаньні. Па-другое, засталося зрабіць сёе-тое дзеля поўнай інстытуцыяналізацыі ягонага бестэрміновага праўленьня, а менавіта прыбраць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека, пакінутае ім у Канстытуцыі 1996 г. І хоць беларуская апазыцыя была расколатая, а грамадзянская супольнасьць працягвала заставацца ў зародкавым стане, падчас выбараў 2001 г. стала ясна, што і першая, і другая паступова мацнеюць і робяцца здольнымі для таго, каб распачаць агульнанацыянальныя кампаніі.

У адрозьненьне ад Мілошавіча, які ігнараваў сыгналы аб небясьпецы, Лукашэнка мысьліў у доўгатэрміновай пэрспэктыве і адштурхоўваўся хутчэй ад дапушчэньня аб ненадзейнасьці свайго становішча, чым ад думкі пра сваю ўсёмагутнасьць. Лукашэнка палічыў за лепшае не праводзіць рэфэрэндуму аб скасаваньні абмежаваньня на колькасьць тэрмінаў неадкладна, а аддаў перавагу доўгай гонцы, на працягу якой ён паступова ўжываў свае звыклыя прыёмы інстытуцыйнага, культурнага і тактычнага апярэджваньня. Хоць ён зь лёгкасьцю перажыў спробу скінуць яго шляхам рэвалюцыі на ўзор сэрбскай, ён палічыў за лепшае пазбавіцца ад тых элемэнтаў у непадкантрольным яму палітычным і сацыяльным жыцьці, якія маглі служыць базай для новай спробы рэвалюцыі; і, у адрозьненьне ад Мілошавіча, ён не марудзіў да апошняга.

Так, заканадаўства, якое вызначала адказнасьць за несанкцыяваныя вулічныя пратэсты, стала значна больш жорсткім. Удзельнікі несанкцыяваных акцый (санкцыяваныя маглі праводзіцца толькі ў адным месцы на ўскраіне Менску) сутыкнуліся з пэрспэктывай ня толькі зьбіцьця і затрыманьня, але і штрафаў на велізарную суму аж да 2500 даляраў — гадавога даходу сярэдняй сям’і. На працягу 2003—2004 гг. рэжым таксама прымусіў закрыцца або самаліквідавацца амаль сотню няўрадавых арганізацый[xix]. Многімі з гэтых арганізацый былі вядомыя праваабарончыя групы ці рэгіянальныя аддзяленьні міжнародных НУА, якія спрыялі разьвіцьцю «grassroots» ініцыятываў, таму інфраструктуры грамадзянскай супольнасьці была ўчыненая вялікая шкода. Стварэньне новых арганізацый з праграмай, якая супярэчыла б афіцыйнай палітыцы, зрабілася практычна немагчымым, а сродкі масавай інфармацыі караліся сур’ёзнымі санкцыямі за паведамленьні аб дзейнасьці незарэгістраваных НУА.

Незалежная прэса апынулася на мяжы выжываньня. У 2001—2004 гг. былі закрыты шматлікія рэгіянальныя выданьні або іх выхад быў прыпынены. Пасьля атрыманьня афіцыйных папярэджаньняў аб магчымым закрыцьці большасьць незалежных выданьняў зьвярнулася да самацэнзуры. Улады павялічылі кантроль над электроннымі СМІ, замяніўшы расейскія тэлевізійныя і радыёканалы айчыннымі аналягамі. Гэтыя захады азначалі, што рэжым зрабіўся адзінай крыніцай інфармацыі для большасьці насельніцтва.

Цана непадпарадкаваньня рэзка ўзрасла і для звычайных грамадзян. Рэжым узмацніў кантроль над сыстэмай адукацыі і закрыў некалькі незалежных сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Новыя правілы забаранілі студэнтам і выкладчыкам ВНУ без дазволу начальства выяжджаць за мяжу, усталявалі перашкоды для кантактаў з заходнімі ўнівэрсытэтамі і нават увялі «меры для прадухіленьня доступу пабочных элемэнтаў на тэрыторыю навучальных устаноў»[xx]. У студзені 2004 г. сыстэма бестэрміновых працоўных дамоваў на дзяржаўных прадпрыемствах была прымусова замененая аднагадовымі кантрактамі, падаўжэньне якіх залежала ад волі наймальніка. У выніку любая форма пратэсту (нават пасіўнага, накшталт адмовы ўзяць удзел у фальсыфікацыях вынікаў выбараў) магла вельмі дорага каштаваць дзяржаўным службоўцам.

Практыка прэвэнтыўнай тактыкі шляхам устараненьня небясьпечных палітычных праціўнікаў была працягнутая, хоць і ў «мяккай» манеры. У красавіку 2004 г. Лукашэнка санкцыяваў арышт Міхаіла Марыніча, былога міністра замежнаэканамічных сувязяў, які перайшоў на бок апазыцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. і выглядаў адным з наймацнейшых патэнцыйных прэтэндэнтаў на выбарах 2006 г. Марыніч быў прыгавораны да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня нібыта за крадзеж кампутараў у сваёй уласнай НУА. Затым тэрмін ягонага зьняволеньня быў зьменшаны да двух з паловай гадоў, і, нарэшце, у красавіку 2006 г. ён выйшаў на свабоду — дзіўнае супадзеньне: праз тыдзень пасьля таго, як Лукашэнка быў пераабраны на чарговы тэрмін.

Істотна і тое, што Лукашэнка здолеў на працягу 2001—2004 гг. умацаваць маральныя асновы свайго рэжыму, ведучы прапаганду, заснаваную на ягонай уласнай вэрсіі «беларускага савецкага» патрыятызму. Ранейшы Лукашэнкаў варыянт практычнай ідэалёгіі аказаўся недастаткова надзейным для абгрунтаваньня ягонага статусу бестэрміновага кіраўніка краіны. Паколькі прарасейская рыторыка рабіла статус Беларусі як незалежнай дзяржавы (а значыць, і Лукашэнкавых прэтэнзій на абсалютную ўладу ў гэтай дзяржаве) неадназначным, Лукашэнка быў уразьлівы для атак Крамля, асабліва пры адсутнасьці мэтаду мабілізаваць грамадзтва для падтрымкі свайго рэжыму. Гэта асабліва відавочна праявілася ў 2002 г. падчас сваркі паміж Лукашэнкам і Пуціным. Яна пачалася ў чэрвені 2002 г., калі расейскі лідэр, абвясьціўшы пра нежаданьне субсыдыяваць Беларусь узамен на палітычны саюз, неўзабаве запатрабаваў поўнага аб’яднаньня ў выглядзе ўваходжаньня Беларусі ў Расею шасьцю вобласьцямі. У той самы час папулярнасьць ідэі аб’яднаньня з Расеяй значна ўпала ўпершыню за амаль дзесяцігодзьдзе Лукашэнкавага кіраваньня дзякуючы паступоваму ўмацаваньню беларускай ідэнтычнасьці. У адказ Лукашэнку давялося ўжыць незалежніцкую рыторыку і нават абвінаваціць усходняга суседа ў імпэрскіх амбіцыях. Аднак на мэце ў Лукашэнкі быў не зварот да нацыяналізму, а хутчэй умацаваньне ранейшай вэрсіі беларускага савецкага патрыятызму, трохі падсілкаванага антырасейскімі настроямі і апэлюючага да савецкай мінуўшчыны ды часоў Другой усясьветнай вайны, каб прысарамаціць ахвотнікаў замахнуцца на беларускую незалежнасьць. Апошнімі былі выстаўлены перш за ўсё расейскія алігархі, а таксама рэшткі лібэралаў у расейскім кіраўніцтве. Лукашэнка таксама падмацаваў гэты ідэалягічны кактэйль прарэжымным патрыятызмам, пэрсаналізуючы незалежніцкую рыторыку шляхам спляценьня ў публічным дыскурсе пытаньня захаваньня незалежнасьці з палітычнай і эканамічнай мадэльлю, навязанай прэзыдэнтам, і, беручы шырэй, зь ягоным ўласным выжываньнем ва ўладзе[xxi]. У канчатковым выніку кампанія ў падтрымку Лукашэнкі падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які скасаваў абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, нават ня згадвала ягонага імя. Замест гэтага яна прайшла пад лёзунгам «За Беларусь!»[xxii].

Вынікі сэрыі прэвэнтыўных удараў сталі відавочныя, як толькі Лукашэнка ўрэшце вырашыў правесьці рэфэрэндум у кастрычніку 2004 г., адначасова з парлямэнцкімі выбарамі. Ніякага істотнага супраціву не было арганізавана, дарма што апытаньні грамадзкай думкі на працягу некалькіх гадоў паказвалі, што большасьць беларусаў выступаюць супраць вынесенай на рэфэрэндум прапановы. Любыя спробы арганізаваць такі супраціў неадкладна прадухіляліся ўладамі[xxiii].

Згодна з афіцыйным паведамленьнем Цэнтральнай выбарчай камісіі, 79 % усіх выбаршчыкаў падтрымалі Лукашэнку ў імкненьні паўторна вылучацца на пасаду прэзыдэнта. Афіцыйныя вынікі былі адразу пастаўленыя пад сумнеў, бо шырокамаштабны «экзыт пол», праведзены фондам Гэлапа, паказаў, што ня больш чым 49 % падтрымалі прапанову, вынесеную на рэфэрэндум[xxiv]. Было зафіксавана мноства сьведчаньняў, якія ўказвалі на масавыя фальсыфікацыі[xxv]. Але беларускае грамадзтва ў цэлым так і не даведалася пра гэтыя парушэньні і альтэрнатыўныя вынікі, так што ніякага шырокамаштабнага супраціву супраць фальсыфікацыяў не было. Вулічныя пратэсты набралі ня больш за 5 000 удзельнікаў у дзень галасаваньня і былі жорстка разагнаныя. Пострэфэрэндумнае сацыялягічнае апытаньне паказала, што 48 % апытаных згодныя з тым, што рэфэрэндум быў праведзены свабодна і справядліва, і толькі 35 % ня згодныя[xxvi]. Найбольш важна тут тое, што ўсеагульнае ўяўленьне аб здольнасьці Лукашэнкі выйграваць любыя выбары засталося непарушанае.

Супраціў «аранжавай пагрозе»: інструмэнтар апярэджваньня пашыраецца

«Аранжавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне сталася палітычнай вяхой для ўсяго былога Савецкага Саюзу і, як згадвалася вышэй, актывізавала ўжываньне і ўдасканаленьне прэвэнтыўных тэхналёгій ацалелымі аўтакратамі ва ўсім рэгіёне. Па шчасьлівым супадзеньні для Лукашэнкі, яна здарылася акурат пасьля таго, як ён правёў у кастрычніку 2004 г. канстытуцыйны рэфэрэндум, што скасаваў абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека (і тэхнічна забясьпечыў ягонае бестэрміновае праўленьне), і задоўга перад заплянаванай кампаніяй ягонага пераабраньня ў сакавіку 2006-га. Лукашэнкава рэакцыя на падзеі ва Ўкраіне засьведчыла, што супраціў дэмакратычным уплывам ператварыўся ў прыярытэтную задачу ўсяго рэжыму, незалежна ад таго, наколькі падобны сцэнар зьмены ўлады быў імаверны ў Беларусі. КДБ быў яўна арыентаваны Лукашэнкам на супраціў «экспарту дэмакратыі» ў Беларусь. Узмацнілася антыаранжавая прапаганда ў дзяржаўных СМІ, якія публікавалі незьлічоныя паведамленьні, паказвалі дакумэнтальныя фільмы і прапагандысцкія перадачы, друкавалі газэтныя артыкулы, закліканыя данесьці да насельніцтва афіцыйны пункт гледжаньня на рэвалюцыю. Органы бясьпекі апублікавалі спэцыяльныя аналітычныя даклады і нават дапаможнікі, у якіх выкрываліся намаганьні па арганізацыі зьмены ўлады ў Беларусі і даваліся дэталёвыя інструкцыі чыноўнікам, як процістаяць такім намаганьням з боку апазыцыі[xxvii]. А выкарыстаньне міліцыяй новай тактыкі пры разгоне некалькіх невялікіх дэманстрацый на пачатку 2005 г. дало зразумець, што праваахоўныя органы прайшлі спэцыяльную падрыхтоўку на прадмет таго, як спыняць вулічныя пратэсты ў самым іх пачатку. У цэлым здавалася, што рэжым залішне расхваляваўся; часткова, магчыма, таму, што стаў закладнікам уласнай прапаганды, якая прымусіла яго паверыць, што каляровыя рэвалюцыі на самай справе былі падзеямі, зрэжысэраванымі за мяжой, а ня ўнутранымі паўстаньнямі супраць выбарчых махінацый.

Рыхтуючыся да прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г., рэжым адкрыта скрыміналізаваў большасьць відаў апазыцыйнай дзейнасьці і ўвёў прамыя законныя падставы для рэпрэсій (у адрозьненьне ад ранейшых часоў, калі апазыцыйныя арганізацыі, актывісты грамадзянскай супольнасьці, газэты і журналісты караліся за хуліганства, адсутнасьць юрыдычнага адрасу ці карупцыю). Так, частка 1 артыкула 193 Крымінальнага кодэксу ўводзіла пакараньне да двух гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у дзейнасьці пазбаўленага рэгістрацыі НУА (прытым што арганізацыя такіх НУА стала карацца пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў). Артыкул 293 быў зьменены так, што навучаньне ці іншая падрыхтоўка людзей, уцягнутых у арганізацыю «масавых беспарадкаў», караюцца трыма гадамі зьняволеньня. Заклікі да міжнароднай супольнасьці ажыцьцявіць дзеяньні на шкоду «вонкавай бясьпецы Беларусі», пачалі карацца зьняволеньнем на тэрмін да пяці гадоў. Нарэшце, новы артыкул «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» уводзіў кару да двух гадоў пазбаўленьня волі за «перадаваньне замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама хлусьлівых зьвестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, вайсковым ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, праўным становішчы яе грамадзянаў ці органаў улады»[xxviii].

Тактычнае апярэджваньне атрымала новы фокус: галоўнай мэтай атак сталі не патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, а хутчэй вулічныя лідэры і нізавыя актывісты, здольныя мабілізаваць масы. Два зь іх, Мікалай Статкевіч, былы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, і Павал Севярынец, лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», былі прыгавораныя ў траўні 2005 г. да двух гадоў папраўчых работ кожны за арганізацыю антырэфэрэндумных пратэстаў. Другі даўні палітычны дзяяч, былы дэпутат парлямэнту і палітычны вязень Андрэй Клімаў быў асуджаны на паўтара году папраўчых работ у траўні 2005 г. за арганізацыю несанкцыяванага мітынгу двума месяцамі раней, якія ён анансаваў як пачатак дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі. І адразу пасьля прыняцьця паправак у Крымінальны кодэкс міліцыя арыштавала некалькіх актывістаў «Маладога фронту» ды «Зубра»: абедзьве гэтыя арганізацыі былі незарэгістраваныя і аб’ядноўвалі маладых, радыкальных і рэвалюцыйна настроеных апазыцыйных актывістаў. Яшчэ адной мэтай рэпрэсій сталі структуры назіраньня за выбарамі і, у шырэйшым сэнсе, любая арганізацыя ці інстытут, якія сыстэматычна ставілі пад сумнеў афіцыйныя вынікі выбараў. Так, лідэры найбуйнейшай арганізацыі па назіраньні за выбарамі «Партнэрства» былі затрыманыя ў лютым 2006 г. па абвінавачаньнях у тэрарызьме і арганізацыі незарэгістраванай НУА. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, вядучая незалежная сацыялягічная агенцыя, якая ў мінулым ставіла пад сумнеў вынікі выбараў і рэфэрэндуму, была закрытая, паводле рашэньня суду ў красавіку 2005 г., паколькі правядзеньне сацыялягічных дасьледаваньняў безь ліцэнзіі ўлады паставілі па-за законам.

Афіцыйная прапаганда папоўнілася новымі мэтадамі і прыёмамі. Бальшыня іх складала традыцыйны рэпэртуар, але яны былі спэцыяльна аранжаваныя так, каб дыскрэдытаваць і дэманізаваць рэвалюцыйныя памкненьні апазыцыі. Самым важным было тое, што прапаганда дасягнула велізарных аб’ёмаў: па кожным з чатырох дзяржаўных тэлеканалаў (і некалькіх расейскіх, якія рэгулярна перакрываліся беларускімі перадачамі) шматразова паказваліся створаныя дзяржавай дакумэнтальныя фільмы і прапагандысцкія шоў, часам па некалькі разоў на дзень. Некаторыя ўзоры гэтай прапагандысцкай прадукцыі былі тыповыя для лукашэнкаўскіх СМІ, напрыклад, працы рэжысэра Юр’я Азаронка (цяперашняга намесьніка старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі), які паспрыяў перамозе Лукашэнкі на ягоным першым рэфэрэндуме ў 1995 г.[xxix]. Ягоныя новыя прапагандысцкія цыклі «Духоўная вайна» і «Кансьпіралёгія» прадставілі барацьбу Лукашэнкі супраць апазыцыі і, шырэй, супраць Захаду як змаганьне паміж прыхільнікамі Хрыста і фарысэямі (пад якімі меліся на ўвазе габрэі, амэрыканцы і эўрапейцы)[xxx]. Гэткі кшталт прапаганды, аднак, відавочна скіроўваўся на кансалідацыю традыцыйных Лукашэнкавых прыхільнікаў. Больш вытанчаная прадукцыя была створаная для нэўтральна настроеных грамадзян і разьлічаная на тое, каб адпудзіць іх ад палітычных альтэрнатываў. У пералік такой прадукцыі ўвайшлі сэрыя перадач «Беларусь: погляд звонку», у якіх вядомыя замежныя палітыкі, сьпевакі, артысты і спартоўцы хвалілі Лукашэнку, і дакумэнтальны сэрыял «Пятнаццаць», які засяродзіўся на паказе надзённых праблем, сацыяльных цяжкасьцяў, эканамічнага заняпаду, грамадзянскіх войнаў і да т. п., уласьцівых кожнай колішняй савецкай рэспубліцы, за выключэньнем Беларусі (натуральна, самым жахлівым выявілася жыцьцё ў балтыйскіх краінах, Украіне і Грузіі). Нарэшце, мэдыя-атака рэжыму была нацэленая і на групы, у якіх падтрымка ўлады была найніжэйшая, гэта значыць, моладзь і гарадзкое насельніцтва. Гэтай аўдыторыі адрасавалася ня столькі вэрбальная прапаганда, колькі разнастайныя тэлевізійныя шоў, канцэрты і выступленьні, якія спачатку мелі выгляд апалітычных відовішчаў, але ў меры набліжэньня выбараў ператварыліся ў прапагандысцкія оргіі з удзелам сьпевакоў зь Беларусі і ўсяго былога СССР, якія зноў і зноў агітавалі «за Беларусь», а таксама і больш канкрэтна «за Бацьку» (такі зваротак, відавочна, меў на мэце пазбавіць арганізатараў ад абвінавачаньняў у незаконнай агітацыі). У гэтай поп-прапагандзе была адна асабліва цікавая рыса: яна арганізоўвалася і падавалася ў  форме масавых мітынгаў з размахваньнем сьцягамі, і, калі не зважаць на колеры ды зьмест лёзунгаў, трохі нагадвала сцэны палітычна-музычных шоў, якія можна было назіраць падчас «Аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, з тым адрозьненьнем, што ў Беларусі шоў-бізнэс выканаў антырэвалюцыйную місію[xxxi].

На працягу кампаніі пераабраньня Лукашэнкі дзяржаўныя СМІ дасягнулі дасканаласьці ў інфармацыйнай драматургіі і мэдыйных паліттэхналёгіях, паведамляючы пра ўяўныя канфлікты і пагрозы, якія апраўдвалі рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў[xxxii]. Паколькі раней Лукашэнка пераабіраўся толькі адзін раз, а парлямэнцкія і мясцовыя выбары ніколі не прапаноўвалі выбаршчыкам рэальнага выбару ці драмы, зьвязаная з выбарамі інфармацыйная драматургія толькі зрэдку выкарыстоўвалася Лукашэнкам да кампаніі 2006 г. Гэтым разам, аднак, рэжым адчуў неабходнасьць ужыць паліттэхналёгіі на поўную моц. Адной з адметных мэтодык было «своечасовае папярэджваньне» грамадзтва пра магчымыя сродкі, якія можа скарыстаць апазыцыя падчас кампаніі, з дадаткам інфармацыі пра ейныя падступныя таемныя пляны. Напрыклад, афіцыйныя газэты апублікавалі разгорнутыя вытрымкі зь некаторых клясычных кніг па дэмакратызацыі, у тым ліку «Трэцяй хвалі» Сэм’юэла Гантынгтана (асабліва ягоныя інструкцыі па зьмене ўлады) і «Мэтадаў негвалтоўных дзеяньняў» Джын Шарп, або давалі дэталёвыя тлумачэньні сутнасьці флэшмобаў[xxxiii] і апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў, папярэджваючы, што мірныя мэтады зьмены ўлады і негвалтоўныя дзеяньні будуць толькі прыкрыцьцём для разбуральных і патэнцыйна крывавых акцый, якія апазыцыя плянуе ажыцьцявіць, каб захапіць уладу[xxxiv]. Мэта гэтых публікацый была празрыстай: пасеяць у грамадзтве недавер і страх перад апазыцыяй. Другім інструмэнтам інфармацыйнай драматургіі сталі прэвэнтыўныя выкрыцьці, пра якія было абвешчана супрацоўнікамі КДБ і дзяржаўнай прэсай. Напрыклад, арышт актывістаў «Партнэрства» (пра які сказана вышэй) суправаджаўся «выкрыцьцём» з боку КДБ, які сьцьвярджаў, што раскрыў пляны ініцыятараў назіраньня за выбарамі зрынуць уладу, маўляў, у дзень галасаваньня тыя арганізуюць выбухі ў цэнтры Менску, а ахвяр выкарыстаюць у якасьці апраўданьня за гвалтоўныя дзеяньні супраць уладаў. Гэты незвычайны спэктакль быў, аднак, кепска выкананы, паколькі пры канцы яго старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка паведаміў публіцы зусім неймаверныя рэчы; напрыклад, ён настойваў, што апазыцыя плянавала атруціць водаправод у Менску пры дапамозе дохлых пацукоў. Але паліттэхналёгіі спрацавалі куды лепш у другім выпадку, калі ўлады мелі справу з пратэстоўцамі, якія занялі цэнтральную плошчу Менску і заставаліся на ёй на працягу некалькіх дзён пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня. Афіцыйныя СМІ сфабрыкавалі відэакарцінкі аб прастытуцыі, наркаманіі і нават распаўсюджваньні інфэкцыйных захворваньняў на цэнтральнай плошчы Менску напярэдадні падаўленьня пратэсту. Гэты відэашэраг дапамагаў прыменшыць маштаб пратэстаў і забясьпечыць поўнае ўхваленьне грамадзянамі дзеяньняў міліцыі, якія не прымусілі сябе чакаць. У цэлым, зьвязваючы гвалт з апазыцыяй, дзяржаўная прапаганда рыхтавала грамадзкую думку да любых захадаў, якія маглі быць ужытыя ўладамі супраць апазыцыі. Дэзынфармацыя, працягнутая пасьля задушэньня пратэстаў на плошчы, дасягнула верху дасканаласьці: напрыклад, пасьля жорсткага разгону акцыі пратэсту 25 сакавіка 2006 г. у Менску СМІ перадалі рэпартажы аб супрацоўніках ПМСН і афіцыйных тэлежурналістах, зьбітых прыхільнікамі апазыцыі[xxxv].

Як гэтае новае кола прэвэнтыўных атак дапамагло Лукашэнкаву пераабраньню? З аднаго боку, 19 сакавіка 2006 г. не прынесла ніякіх сюрпрызаў: кіраўнік дзяржавы заявіў пра перамогу з 83 працэнтамі набраных галасоў, і высьветлілася, што грамадзтва ў цэлым пазытыўна ўспрыняло ягоную ідэю наконт стабільнасьці. Апазыцыя тым часам хоць і здолела кансалідаваць дэмакратычны электарат, але ня здолела захапіць шырэйшай аўдыторыі. Менш прадказальным, аднак, было тое, што абвяшчэньне афіцыйных вынікаў справакуе хвалю масавых пратэстаў, пачынаючы зь вечару ў дзень галасаваньня ў Менску, калі сама меней 20 000 чалавек сабраліся на галоўнай плошчы, нягледзячы на запалохваньні з боку КДБ, якія прагучалі за некалькі дзён да выбараў, што пратэстоўцы будуць трактавацца як памагатыя тэрарыстаў, аж да ўжываньня сьмяротнага пакараньня. Гэты стыхійны выбух быў часткова выкліканы неймавернымі афіцыйнымі вынікамі, але быў таксама і вынікам агульных высілкаў апазыцыі, прыкладзеных падчас выбарчай кампаніі, яе здольнасьці заваяваць давер у ядра антылукашэнкаўскага электарату і намаганьняў двух апазыцыйных кандыдатаў — лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандра Казуліна, якія здолелі правесьці энэргічную кампанію, нягледзячы на абмежаваньні і рэпрэсіі. Пратэсты працягваліся некалькі дзён у форме намётавага мястэчка, разьбітага на Кастрычніцкай плошчы, на ўзор «Аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне ў 2004 г.

Маштаб і напал пасьлявыбарнага пратэсту (якія трэба ацэньваць у кантэксьце надзвычай рэпрэсіўнай дзяржавы з выдатна адладжаным і добра вымуштраваным апаратам бясьпекі) пацьвердзілі, па-першае, што ўзмацненьне палітычных рэпрэсій адначасова міжвольна радыкалізавала дэмакратычны электарат у Беларусі, асабліва ядро апазыцыйных актывістаў, якія выявілі гатоўнасьць удзельнічаць у, на першы погляд, безнадзейных і нелягічных акцыях пратэсту. Па-другое, яны паказалі, што грамадзянская супольнасьць (ці яе актывісты), адданая ідэалам пабудовы дэмакратыі, не зважаючы на сур’ёзныя наступствы такой дзейнасьці (нават крымінальныя), можа самаадвольна арганізоўвацца, нават калі палітычныя лідэры і вулічныя арганізатары эфэктыўна нэўтралізаваныя арыштамі (варта заўважыць, што дзясяткі апазыцыйных актывістаў былі схопленыя і прыгавораныя да кароткіх тэрмінаў зьняволеньня за некалькі дзён да галасаваньня)[xxxvi]. Яшчэ адным адметным фактарам было станаўленьне Інтэрнэту як важнага альтэрнатыўнага сродку інфармацыі. Падчас найбольш вострых палітычных падзеяў, такіх, як зьбіваньне Казуліна байцамі ПМСН, дзень галасаваньня і пратэсты ў наступныя дні, колькасьць наведнікаў асноўных незалежных сайтаў, нягледзячы на спробы блякаваць іх, была ў некалькі разоў вышэйшая, чым звычайна. Аналягічна і стыхійныя акцыі пратэсту ў асноўным каардынаваліся праз Інтэрнэт. Ён зрабіўся таксама сродкам правядзеньня кампаніі ад імя «традыцыйнага» няўрадавага сэктару, нават калі гэта было вынікам практычнай немагчымасьці прадоўжыць такую работу легальна. Хоць Інтэрнэт па-ранейшаму лёгка мог быць заблякаваны рэжымам, аказалася, што апошні ня можа абмежаваць доступ назаўсёды і для ўсіх, а гэтага дастаткова для стварэньня шырокіх магчымасьцяў інфармаваць і арганізоўваць.

Аднак беларуская апазыцыя, з прычыны поўнага адхіленьня ад працэсу вэрыфікацыі вынікаў выбараў і фактычнай паразы ў выбарах, нават не спрабавала абвясьціць пра перамогу свайго кандыдата, сьцьвердзіўшы толькі, што адрыў Лукашэнкі ад яго супернікаў быў меншы. Так, не дасягнуўшы рэальнага буйнога палітычнага прарыву, яна не магла разьлічваць на працяглую грамадзкую падтрымку. Да таго ж сілы бясьпекі засталіся цалкам ляяльнымі да Лукашэнкі і заблякавалі плошчу, затрымліваючы тых, хто спрабаваў прыйсьці ці сысьці. У выніку ў пратэсьце працягвалі ўдзельнічаць некалькіх сотняў актывістаў. Ён завяршыўся на досьвітку 24 сакавіка, калі байцы ПМСН зруйнавалі гарадок і арыштавалі ягоных жыхароў. Апроч таго, дэманстрацыя непадпарадкаваньня і актыўнасьці таксама падкрэсьліла разрыў паміж дэмакратычнай субкультурай у Беларусі і рэштай грамадзтва. Спалучэньне страху, навеянага ўладамі на адну частку грамадзтва, і ляяльнасьці да рэжыму з боку другой яго часткі перашкодзіла росту прывабнасьці апазыцыі і колькасьці яе прыхільнікаў. У выніку вуліцы і плошчы Менску (цалкам адрозна ад Кіева ў лістападзе-сьнежні 2004 г.) засьведчылі столькі ж абыякавасьці мінакоў і нянавісьці ад прыхільнікаў рэжыму, колькі падтрымкі і салідарнасьці. Аказалася, што радыкалізацыя дэмакратычнай субкультуры будзе недаўгавечнай, пакуль гэтая субкультура даволі малая сама па сабе і абмежаваная ў сваіх рэсурсах ці, прынамсі, пакуль рэпрэсіі па-ранейшаму закранаюць толькі абмежаваны сэгмэнт грамадзтва. Істотна і тое, што лёгкасьць і рэзкасьць, зь якімі пратэст быў задушаны, даказалі, што рэжым захаваў здольнасьць даваць эфэктыўны адпор любому выкліку, кінутаму апазыцыяй. Таксама гэта дало зразумець грамадзтву, што асабістая цана за непаслухмянасьць толькі павялічылася.

Прэвэнтыўны аўтарытарызм у міжнародным кантэксьце

Як згадвалася вышэй, супрацоўніцтва паміж недэмакратычнымі рэжымамі зьяўляецца важнай характарыстыкай прэвэнтыўнага аўтарытарызму. Гэтая важнасьць вызначаецца, па-першае, усё больш інтэрнацыянальным характарам дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці, якія пераступаюць дзяржаўныя граніцы і абмежаваньні. Па-другое, дэмакратычныя прарывы ў блізкіх суседзяў заўсёды ствараюць новыя магчымасьці для падтрымкі апазыцыйных рухаў у засталых аўтарытарных дзяржавах (у выглядзе інфармацыйных і арганізацыйных рэсурсаў, што забясьпечваюцца спачуваючымі элітамі ў новых дэмакратыях, магчымасьцяў легальнай рэгістрацыі, публікацыі матэрыялаў і навучаньня актывістаў у суседніх краінах і г. д.). Важна і тое, што малыя аўтарытарныя рэжымы часта маюць патрэбу ў падтрымцы і прыкрыцьці з боку вялікіх, якія валодаюць большымі рэсурсамі і ўплывам на міжнароднай арэне. Пасьля нядаўняй адмовы ад дэмакратычных экспэрымэнтаў унутры краіны менавіта з такой пазыцыі, у прыватнасьці, зыходзіць Расея ў сваёй новасьпечанай палітыцы падтрымкі «аўтарытарнага Інтэрнацыяналу».

Варта заўважыць, што палітыка прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ўсё больш і больш нагадвае тую, якую ажыцьцяўляў Лукашэнка на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, і яна характарызуецца ўсё той самай лёгікай апярэджваньня. Хоць першапачаткова прыход Пуціна да ўлады адбыўся хутчэй у выніку дынастычнай пераемнасьці, чым празь перамогу на справядлівых прэзыдэнцкіх выбарах, ягоная папулярнасьць па-ранейшаму несумненная і недасягальная для тых, хто спрабуе кінуць яму выклік. Тым ня менш, ён палічыў за лепшае зьнішчыць незалежныя тэлеканалы, якія спрабавалі перашкодзіць ягонаму прыходу да ўлады ў 1999 г. Падобным чынам ён выдаліў выбарных кіраўнікоў суб’ектаў фэдэрацыі зь верхняй палаты парлямэнту ў 2000 г. і замяніў іх прызначанымі прадстаўнікамі ў 2004-м — нават нягледзячы на тое, што большасьць з тых, каго ён выдаліў, падтрымалі ягонае праўленьне. Нарэшце, у 2005-м ён пралабіяваў прыняцьце новага выбарчага заканадаўства, якое зрабіла амаль немагчымым для партый, непадкантрольных Крамлю, пераадолець мінімальны парог для ўваходу і ў парлямэнт, хоць вынайдзеная Пуціным «кіраваная дэмакратыя» ўжо пасьпяхова не дапусьціла іх у Дзяржаўную Думу на выбарах 2003 г.

Расейская эліта падтрымлівае аўтарытарныя рэжымы ў т. зв. «блізкім замежжы», бо мяркуе, што пашырэньне дэмакратыі можа зьменшыць сфэру ўплыву Расеі ў рэгіёне. Сіла, зь якой гэтае ўяўленьне ўплывае на расейскую замежную палітыку, выразна праявілася падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2004 г. ва Ўкраіне. Пасьля правалу спробаў не дапусьціць «Аранжавай рэвалюцыі» расейскія эліты яшчэ больш зацяліся ў сваім імкненьні скончыць з дэмакратыяй у іншых краінах СНД. Найбольш яскравы і сумнеўны прыклад новай ролі Расеі ў СНД — гэта, мабыць, поўная падтрымка ўзбэцкага прэзыдэнта Іслама Карымава пасьля разьні ў Андыжане ў траўні 2005 г. і выдача ўзбэцкіх апазыцыйных актывістаў, якія папрасілі ў Расеі палітычнага прытулку. Другі прыклад — гэта эканамічныя войны супраць тых дзяржаў былога СССР, што нядаўна перайшлі да дэмакратыі (такія, як «газавая атака» супраць Украіны, Грузіі і ў пэўнай ступені краін Балтыі ў сьнежні 2005 г., а таксама шматлікія эмбарга на пастаўкі прадуктаў з Грузіі і Малдовы ў 2006 г., прадстаўленыя кантраляванымі Крамлём СМІ як акты пакараньня за «каляровыя рэвалюцыі» і/або за імкненьне ўрадаў гэтых краін вызваліцца са сфэры ўплыву Расеі). І як найбольш далёкасяжны інтэграцыйны праект на постсавецкай прасторы беларускі-расейскі альянс лягічна становіцца нарожным каменем гэтага «аўтарытарнага Інтэрнацыяналу», нават дарма што ўзаемаадносіны паміж Крамлём і Лукашэнкам зь некаторага часу няпростыя.

Першы прыклад — гэта намаганьні, якія Расея прыкладае дзеля павелічэньня міжнароднай легітымнасьці постсавецкіх аўтарытарных рэжымаў, перш за ўсё беларускага, адзінай аўтакратыі ў СНД, якая знаходзіцца ў Эўропе і з гэтай прычыны найбольш сувора аналізуецца і крытыкуецца замежнымі наглядальнікамі. Група наглядальнікаў за выбарамі ад СНД, якую звычайна ўзначальвае колішні расейскі дарадца па нацыянальнай бясьпецы Ўладзімер Рушайла, шаблённа ўхваляе любыя выбары ў краінах СНД (за выняткам Украіны ці Грузіі). Апроч таго, Расея актыўна спрабуе падарваць уплыў міжнародных групаў наглядальнікаў, якія яна можа кантраляваць, у першую чаргу місію наглядальнікаў ад АБСЭ. На працягу апошніх двух гадоў Крэмль актыўна намагаўся замарозіць гэты кірунак дзейнасьці АБСЭ, пагражаючы заадно блякаваць фінансаваньне арганізацыі. Калі гэтыя спробы праваліліся, афіцыйныя асобы ў Маскве нядаўна пачалі праводзіць дыпляматычныя контратакі. Так, пасьля рэзкай заявы аб непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 19 сакавіка з боку АБСЭ міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў абвінаваціў эўрапейскіх назіральнікаў у «распальваньні масавых беспарадкаў» у Менску[xxxvii].

Другі прыклад — гэта роля Расеі ў палітыцы культурнага апярэджваньня, якая дапамагае ёй выйсьці за свае геаграфічныя межы. Тут варта згадаць, што многія акцыі падаўленьня дэмакратыі на прасторы былога Савецкага Саюзу (улічваючы становішча расейскай мовы, падкантрольныя Крамлю СМІ маюць велізарны ўплыў на фармаваньне грамадзкай думкі нават за межамі Расеі) адбываюцца пад лёзунгам барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. Гэты пасыл па-ранейшаму спрацоўвае ў выпадку з насельніцтвам былога Савецкага Саюзу, і ён не заўсёды ўспрымаецца як антызаходняя прапаганда, улічваючы той факт, што Расея далучылася да тактычнага саюзу з Захадам у 2001 г. акурат пад гэтым лёзунгам. У той час як практыка злоўжываньня антытэрарыстычнай рыторыкай дзеля прыкрыцьця недэмакратычнай палітыкі ў самой Расеі даўно вядомая, яе спэцслужбы пачалі дапамагаць іншым рэжымам усталёўваць у грамадзкай сьвядомасьці сувязь паміж дэмакратыяй і тэрарызмам. Так, амаль за год перад тым, як беларускі КДБ заявіў, што апазыцыя плянавала ажыцьцявіць выбухі падчас выбараў і нават атруціць ваду ў водаправодзе пры дапамозе дохлых пацукоў, дырэктар расейскага ФСБ Мікалай Патрушаў у траўні 2005 г. «выкрыў» намер Захаду выкарыстаць неназваныя тэрарыстычныя арганізацыі для фінансаваньня беларускай апазыцыі падчас падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў[xxxviii]. Неабходна згадаць, што падобныя галаслоўныя заявы на тэрарыстычную тэматыку былі зробленыя супраць апазыцыі і ў іншых постсавецкіх краінах, а наагул расейскія СМІ не шкадуюць намаганьняў для дыскрэдытацыі тых дзяржаў Эўразіі, якія нядаўна перайшлі да дэмакратыі, ня толькі перад жыхарамі самой Расеі, але і перад больш шырокай аўдыторыяй з усёй СНД. Яшчэ адной формай дапамогі ў культурным апярэджваньні зьяўляецца дапамога паліттэхнолягамі (чый правал у ходзе «Аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне стаў агульнавядомым) падчас розных унутраных прапагандысцкіх кампаній. Ня дзіўна, напрыклад, што галоўны крамлёўскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі, які цяпер вядзе прапагандысцкую перадачу на адным з расейскіх агульнанацыянальных тэлеканалаў, стаў частым госьцем у Беларусі, зрабіў ласкавую прапанову правесьці гутарку з Лукашэнкам, разрэклямаваў яго ў сваёй перадачы і быў, магчыма, прыцягнуты, поруч з расейскімі іміджавымі агенцыямі, да фармаваньня афіцыйнай прапагандысцкай лініі падчас і па завяршэньні выбараў[xxxix]. Цягам сакавіцкай выбарчай кампаніі расейскія СМІ дублявалі заявы афіцыйных беларускіх тэлеканалаў наконт пасьлявыбарных падзеяў, апісвалі спляжаныя спробы пратэсту ў Менску як дзеяньні групоўкі экстрэмістаў[xl].

Трэці прыклад — гэта дапамога ў тактычным апярэджваньні. У той час як найбольш сумнавядомымі падзеямі такога кшталту зьяўляюцца арышт і дэпартацыя з Расеі ўзбэцкіх актывістаў пасьля падзеяў у Андыжане, аналягічныя прыклады, хоць і зь менш сур’ёзнымі вынікамі, пачалі зьяўляцца і ў расейска-беларускіх адносінах. Так, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г. расейскія друкарні, разьмешчаныя ў Смаленску, адмовіліся друкаваць беларускія незалежныя выданьні, прымусіўшы некаторыя зь іх зусім прыпыніць выхад. Досыць цікава і тое, што расейскае пасольства ў Беларусі прыклала невялікія намаганьні для дапамогі ў вызваленьні расейскіх грамадзян, арыштаваных у Менску падчас пасьлявыбарных пратэстаў.

Апошні прыклад — гэта «братняя» эканамічная дапамога, дзеля таго, каб саюзьніку было лепш перажыць палітычныя буры. Так, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2006-га Расея замарозіла цэны на прыродны газ для Беларусі на ўзроўні невялікай долі ад цаны, якую плаціла Ўкраіна. Такое субсыдыяваньне Лукашэнкавага «эканамічнага цуду» дапамагло яму падтрымліваць істотныя паказнікі эканамічнага росту ў цэлым і павышэньня даходаў насельніцтва ў прыватнасьці, зрабіўшы прапаганду стабільнасьці галоўным матывам афіцыйнай выбарчай кампаніі. У той самы час гэты жэст, мабыць, азначаў сыгнал менш паслухмяным рэжымам, у тым ліку ва Ўкраіне, Малдове і Грузіі.

Высновы

Магчыма, Лукашэнку проста шанцуе больш за ўсіх у ажыцьцяўленьні стратэгіі апярэджваньня, але ягоны прыклад паказвае, як далёка такі працэс можа зайсьці і як глыбока гэта можа закрануць грамадзтва. Палітычныя зьмены ў такім разе могуць быць замарожаныя на вельмі працяглы час. Апроч таго, іншыя аўтакратычныя лідэры ў рэгіёне відавочна набіраюцца досьведу. Апошнія атакі НУА ў Расеі, таямнічыя забойствы лідэраў апазыцыі ў Казахстане і паказаныя па тэлебачаньні прызнаньні аб спробах учыніць пераварот акурат напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2005 г. у Азэрбайджане — усё гэта прыклады стратэгіі апярэджваньня, якая ўсё шырэй выкарыстоўваецца і ўдасканальваецца паўсюль у рэгіёне.

Апроч таго, «аўтарытарны Інтэрнацыянал» не абмяжоўваецца Расеяй і Беларусьсю, а наадварот, пашыраецца па рэгіёне і нават за яго межамі. Расейскі парлямэнт, напрыклад, у 2005 г. упершыню заснаваў уласную праграму фінансаваньня структур «грамадзянскай супольнасьці» як у Расеі, так і за мяжой, і фармальна прыватныя фонды, якія капіююць заходнія інстытуты прасоўваньня дэмакратыі, усё больш маштабна ўключаюцца ў фінансаваньне СМІ, вэрбоўку палітычных дзеячоў і нават заснаваньне палітычных партый у «блізкім замежжы»41. Захады для процістаяньня дэмакратычным уплывам знаходзяцца ў першых радках парадку дня такіх арганізацый, як АДКБ і ШАС. Апошняя нядаўна зноў пацьвердзіла сваё непрыманьне «ўмяшаньня» ва ўнутраныя справы дзяржаў-удзельніц пад маркай абароны правоў чалавека42 і ўхваліла адмысловую «антытэрарыстычную» палітыку, якая на справе палягчае выдачу палітычных апанэнтаў аднымі чальцамі гэтага альянсу другім43. Ёсьць таксама прыкметы актывізацыі супрацоўніцтва паміж роднаснымі рэжымамі ўнутры і звонку былога Савецкага Саюзу, што вынікае з інтэнсыфікацыі палітычных і эканамічных кантактаў некалькіх былых савецкіх рэспублік з Вэнэсуэлай і Іранам, а таксама са знамянальнай дэманстрацыі салідарнасьці падчас саміту Руху недалучэньня ў Гаване ў жніўні 2006 г.

Збольшага прэвэнтыўны аўтарытарызм, як здаецца, добра забясьпечаны ня толькі інструмэнтамі падаўленьня і фінансавымі сродкамі, але таксама і інтэлектуальнымі рэсурсамі. Аўтакраты могуць быць кемлівымі, і іх перавагай зьяўляецца тое, што наяўныя прэцэдэнты і сыстэматычныя дасьледаваньні працэсаў дэмакратызацыі даюць ім указаньні, як пазьбегнуць дэмакратыі ў сябе дома — калі не назаўсёды, дык на працяглы час. Яны таксама больш не сядзяць склаўшы рукі, а дэманструюць выбітныя здольнасьці да самаарганізацыі ў міжнародным маштабе і наладжваньня своеасаблівай самаабароны. Нарэшце, яны здольныя зрабіць палітыку апярэджваньня легітымнай і нават прыемнай для ўнутранай аўдыторыі. Што да сёньняшняга дня, цяжка прадказаць, калі і дзе прэвэнтыўны аўтарытарызм сканае і якія перашкоды стануцца для яго непераадольнымі. Хоць гэта на першы погляд можа здавацца агульным тонам артыкула, я б дапусьціў, што тры незвычайныя акалічнасьці, прадэманстраваныя падчас няўдалых пасьлявыбарных пратэстаў у Беларусі (а менавіта, радыкалізацыя дэмакратычнай субкультуры і, у шырэйшым сэнсе, часткі грамадзтва, якая зазнае рэпрэсіі; здольнасьць грамадзянскай супольнасьці да самаадвольнай арганізацыі; нарэшце, абмежаванасьць магчымасьці рэжыму кантраляваць доступ да інфармацыі), можна разглядаць як фактары, патэнцыйна здольныя затармазіць і нават перамагчы сілы аўтарытарнага апярэджваньня. На міжнароднай арэне апярэджваньне можа ўрэшце пахіснуцца ў выніку вычарпаньня фінансавых магчымасьцяў і, калі разглядаць шырэй, страты палітычнага ўплыву «ядра» дзяржаў, якія цяпер вядуць рэй у «аўтарытарным Інтэрнацыянале». У агляднай будучыні, аднак, наўрад ці даводзіцца чакаць, што мы станем сьведкамі чагось больш аптымістычнага, чым запаволеньне ці нават павяртаньне назад нядаўняй хвалі дэмакратызацыі.

______________________________________________________________________

Тэкст упершыню апублікаваны ў часпісе ARCHE, № 10.

Публікуецца паводле: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 26-46.

 

Кнігу  ««Код прысутнасці». Анталогія беларускага мыслення 2000-2015″ можна набыць у Акадэмкнізе і Кнігарні Логвінаў.

______________________________________________________________________

[i]                      Больш глыбокі аналіз ролі «дыфузіі» ў нядаўніх выбарчых рэвалюцыях можна знайсьці ў артыкуле Валеры Банс і Шэран Ўолчык «Bring down dictators: American democracy promotion and electoral revolutions in Postcommunist Eurasia». Гл. таксама іхны артыкул «Міжнародная дыфузія і посткамуністычныя выбарчыя рэвалюцыі», анансаваны ў спэцыяльным выпуску выданьня «Communist and Postcommunist Studies», 2006.

[ii]                     Асноўны даклад Валеры Банс на форуме Фішэра па «каляровых» рэвалюцыях у Ілінойскім унівэрсытэце.

[iii]                   L. Way,Authoritarian State-Building and the Sources of Regime Competitiveness in the Fourth Wave: The Cases of Belarus, Moldova, Russia and Ukraine. World Politics. № 57. 2005. P. 231—261

[iv]                   Як ні дзіўна, хоць пратэсты 1996—1997 гг. у Сэрбіі пасьля ануляваньня мясцовых выбараў, выйграных апазыцыяй, мусілі б даць Мілошавічу трывожны сыгнал, так ня сталася. Урэшце, ён жа дасягнуў перамогі, пасьпяхова вырашыўшы праблему пры дапамозе сваёй звычайнай гульні, разьдзяляючы апазыцыю зь сярэдзіны і кіруючы ёю. Ягоныя праціўнікі, аднак, ня толькі атрымалі горкія ўрокі са згубнай унутранай барацьбы, але добры досьвед таго, чаго аб’яднаная апазыцыя можа дасягнуць як падчас выбараў, так і на вуліцах.

[v]                     Прыкладаў прэвэнтыўных захадаў супраць дэмакратычных рухаў пасьля падзей ва Ўкраіне багата. Беларускі прэзыдэнт узмацніў сілы бясьпекі і ўвёў у дзеяньне новы закон, які дазваляе міліцыі страляць у вулічных пратэстантаў тады, калі прэзыдэнт палічыць гэта неабходным. У Казахстане галоўная апазыцыйная партыя апынулася па-за законам. Малдова, свайго роду постсавецкі арыгінал, але ўсё-такі напаўаўтарытарная краіна, забараніла доступ расейскім і беларускім наглядальнікам (мабілізаваным малдаўскай апазыцыяй) на свае парлямэнцкія выбары ў мінулым сакавіку. У Таджыкістане ўрад выдаў новыя інструкцыі, якія абмяжоўваюць кантакты паміж замежнымі і мясцовымі структурамі грамадзянскай супольнасьці. Нарэшце, у Расеі прэзыдэнт Пуцін нядаўна анансаваў хуткую забарону на фінансаваньне праектаў прамоцыі дэмакратыі з-за мяжы. Амаль усе ацалелыя эўраазіяцкія аўтакраты зрабілі публічныя заявы з абяцаньнямі не дапусьціць чарговай «каляровай» рэвалюцыі на сваіх тэрыторыях, характарызуючы падзеі, якія мелі месца па суседзтве, як тэрарызм і бандытызм.

[vi]                   Valerie Bunce and Sharon Wolchik, International Diffusion and Postcommunist Electoral Revolutions // неапублікаваны рукапіс, анансаваны ў спэцыяльным выпуску выданьня «Communist and Postcommunist Studies», 2006.

[vii]                  Valerie Bunce and Sharon Wolchik, International Diffusion and Postcommunist…

[viii]                Цытуецца паводле:  Lucan A. Way, Authoritarian State Building and the Sources of Political Liberalization in the Western former Soviet Union, 1992—2004 // World Politics, анонс (старонка 3 у рукапісе).

[ix]                   Christian Haerpfer, Electoral Politics in Belarus Compared // Contemporary Belarus: Between Democracy and Dictatorship / Elena Korosteleva, Colin Lawson, and Rosalind Marsh, eds. New York: RoutledgeCurzon, 2003. P. 85—89.

[x]                     Больш падрабязна шлях Лукашэнкі да ўлады апісваецца ў артыкуле Віталя Сіліцкага «Explaining Post-Communist Authoritarianism in Belarus» («Тлумачэньне посткамуністычнага аўтарытарызму ў Беларусі»), зьмешчаным у кнізе пад рэдакцыяй Алены Карасьцялёвай, Коліна Лоўсана і Разалінд Марш «Contemporary Belarus: Between Democracy and Dictatorship». Найлепшай расейскамоўнай крыніцай ёсьць кніга Аляксандра Фядуты «Лукашенко: политическая биография» (Москва: Референдум, 2005).

[xi]                   Каб прыцягнуць больш увагі выбаршчыкаў да рэфэрэндуму і атрымаць падтрымку зьменаў у Канстытуцыі, Лукашэнка ўнёс тры дадатковыя пытаньні. Два зь іх былі цалкам папулісцкія: выбаршчыкаў папрасілі адхіліць адмену сьмяротнага пакараньня і забараніць прыватную ўласнасьць на зямлю. Апошняе, чацьвертае пытаньне, мела на мэце далейшую ліквідацыю беларускага нацыяналізму: Лукашэнка прапанаваў скасаваць Дзень Незалежнасьці, які адзначаўся 27 ліпеня ў гонар прыняцьця ў 1990 годзе Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, і перанесьці галоўнае дзяржаўнае сьвята на 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску Савецкай Арміяй ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вярхоўны Савет унёс на плебісцыт тры свае пытаньні: аб ухваленьні альтэрнатыўнага праекту Канстытуцыі, які скасоўваў інстытут прэзыдэнцтва ў цэлым, аб заснаваньні прамых выбараў мясцовых кіраўнікоў і аб забароне непадкантрольных прэзыдэнцкіх фондаў.

[xii]                  Андрэй Екадумаў, Афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму 1996 году і дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў // Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001. Варшава: IDEE, 2001.

[xiii]                Першы склад якой быў прызначаны Лукашэнкам зь ліку 198 чальцоў старога Вярхоўнага Савету

[xiv]                Інфармацыю пра гэтыя падразьдзяленьні можна знайсьці ў кнігах Аляксандра Фядуты «Лукашенко: политическая биография» (Масква: Референдум, 2005), Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай «Случайный президент» (Масква, 2004).

[xv]                 Гэта былі не адзіныя страты апазыцыі ў 1999 г. Генадзь Карпенка, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, памёр 8 красавіка пры загадкавых абставінах нібыта ад інсульту ва ўзросьце 50 год. Хоць ніякіх верагодных сьведчаньняў аб датычнасьці да гэтага ўладаў не зьявілася, раптоўная Карпенкава сьмерць не магла настаць у больш зручны для Лукашэнкі час.

[xvi]                Матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне галасаваньня было наступнае: апазыцыйныя актывісты насілі выбарчыя урны ад дзьвярэй да дзьвярэй, просячы жыхароў прагаласаваць за аднаго з двух кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтве. Ганчар абвясьціў, што ў галасаваньні ўзялі ўдзел 53 % выбаршчыкаў, хоць незалежныя апытаньні засьведчылі, што на самай справе гэта зрабілі толькі 5 %. Апроч таго, з двух «кандыдатаў» на гэтых выбарах адзін знаходзіўся ў эміграцыі (лідэр БНФ Зянон Пазьняк), а другі — у астрогу, абвінавачаны ў карупцыі (былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір).

[xvii]               Згодна з паведамленьнямі СМІ, сьведчаньнямі, зробленымі былымі афіцэрамі КДБ, якія эмігравалі на Захад, і зьвесткамі міжнародных дасьледчыкаў, атрад быў створаны на аснове некалькіх спэцслужбаў і спэцыяльных апэратыўных падразьдзяленьняў у 1996 г. Гл. «Disappeared Persons in Belarus» («Зьнікненьні людзей у Беларусі»). Даклад Хрыстаса Пургурыдэса Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы 4 лютага 2004 году.

[xviii]             Апазыцыя паставіла пад сумнеў афіцыйныя вынікі, бо незалежныя апытаньні далі зразумець, што прынамсі 25 % галасоў былі дададзеныя на карысьць прэзыдэнта. Аднак нават гэтыя альтэрнатыўныя дадзеныя сьведчылі пра вялізарны разрыў паміж Лукашэнкам і ягоным галоўным супернікам Уладзімерам Ганчарыкам, які набраў усяго 15 %, згодна з афіцыйнымі, і 21 % — згодна з альтэрнатыўнымі данымі. Гл.: Белорусская газета. 2001. 12 лістапада.

[xix]                Белорусская деловая газета. 2004. 14 верасьня.

[xx]                  Белорусская газета. 2004. 19 красавіка.

[xxi]                У адным з найбольш характэрных выказваньняў ён папярэдзіў, што ў выпадку ягонага пройгрышу на сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбарах «мы страцім краіну». Гл. прамову Лукашэнкі на трэцім Усебеларускім народным сходзе 2 сакавіка 2006 г. (Советская Белорусcия. 2006. 3 сакавіка).

[xxii]               Лукашэнка, аднак, так і не падзяліў нацыяналізму сваіх апанэнтаў; мала таго, узмацняючы незалежніцкую рыторыку, ён працягваў наносіць цяжкія ўдары па ім. Так, у той самы пэрыяд беларуская мова была практычна выціснута зь дзяржаўнага тэлебачаньня, новыя падручнікі па гісторыі, напісаныя з адкрыта прарасейскіх пазыцый, былі ўведзеныя ў школьны ўжытак, а адзіны беларускамоўны ліцэй у Менску — Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй — быў закрыты. У 2004 г., калі Лукашэнка раскрытыкаваў панаваньне расейскай музыкі на беларускіх FM-станцыях і запатрабаваў увесьці квоты для мясцовых выканаўцаў, найбольш папулярныя беларускамоўныя рок-групы былі пазбаўленыя магчымасьці мець этэр на ўсіх радыёстанцыях, бо выступалі на акцыях апазыцыі (FM-станцыі ўрэшце запоўнілі этэр расейскамоўнай творчасьцю беларускіх эстрадных выканаўцаў, якія стварылі менш якасны заменьнік расейскай поп-музыкі).

[xxiii]             Паведамленьне аб правядзеньні рэфэрэндуму было абвешчана 7 верасьня, у дзень жалобы па ахвярах бэсланскай трагедыі ў Расеі. Натоўп моладзі, які сабраўся ў Менску для ўдзелу ў жалобным мітынгу, вымушаны быў замест гэтага назіраць абвяшчэньне Лукашэнкам рэфэрэндуму. Толькі адзін чалавек у натоўпе публічна выказаў асуджэньне; ён тут жа быў схоплены і асуджаны на дзесяць сутак арышту за дробнае хуліганства.

[xxiv]             Don Hill, Belarus: Election Officials Say Voters Back Lukashenka // Radio Free Europe/Radio Liberty. 2004. 18 кастрычніка. Даступна на rferl.org.

[xxv]             Незалежныя наглядальнікі і апазыцыйныя актывісты выявілі напоўненыя фальшывымі бюлетэнямі урны для галасаваньня, папярэдне запоўненыя бюлетэні, якія выдаваліся выбаршчыкам, і пратаколы падліку галасоў, падпісаныя напярэдадні выбараў. Інфармацыю пра загадзя падпісаныя пратаколы гл. на charter97.org; пра напоўненыя фальшывымі бюлетэнямі урны для галасаваньня — на oscepa.org; пра папярэдне запоўненыя выбарчыя бюлетэні — на charter97.org.

[xxvi]             Silitski, Vitali. They Knew Too Much: Leading Independent Thinktank Faces Attacks // RFE/RL Belarus and Ukraine Report. Vol. 6. № 48. 2004. 29 сьнежня. Даступна на rferl.org.

[xxvii]            Агляд найбольш адыёзнага такога дакладу, «Каляровыя рэвалюцыі на постсавецкай прасторы: сцэнар для Беларусі», можна прачытаць на расейскай мове тут: belgazeta.by.

[xxviii]         charter97.org.

[xxix]             Ягоны фільм «Нянавісьць: дзеці хлусьні» напужаў гледачоў чаргаваньнем кадраў, што дэманстравалі зьверствы нацыстаў, са сцэнамі, зьнятымі на апазыцыйных мітынгах, і відавочна паспрыяў ухваленьню пытаньняў аб сымболіцы і расейскай мове, а таксама замацаваў трывалую антыпатыю да БНФ сярод насельніцтва.

[xxx]               Гэтым разам, аднак, Азаронкава творчасьць выклікала пэўнае абурэньне праваслаўных вернікаў, і Беларуская праваслаўная царква нават ухілілася ад паказу ягоных фільмаў на фэстывалі хрысьціянскага кіно ў Менску ў красавіку 2006 г.

[xxxi]             Лукашэнка ня быў адзінотны ў выкарыстаньні падобнай тэхналёгіі: напрыклад, казаскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў пайшоў яшчэ далей і правёў «каляровую» кампанію па сваім пераабраньні ў студзені 2006 г.

[xxxii]            Wilson, Andrew. Virtual Politics: Faking Democracy in the Post-Soviet World. Yale University Press, 2005.

[xxxiii]          «Во славу Родины», напрыклад, назвала флэшмобы «інструмэнтам амэрыканскага імпэрыялізму».

[xxxiv]          Глядзі, напрыклад, артыкул «Тэхналёгіі дэстабілізацыі» ў газэце «Во славу Родины»: vsr.mil.by.

[xxxv]            Дзясяткі прыхільнікаў апазыцыі былі ў гэты дзень зьбітыя, трое зьніклі бязь вестак, і існавала боязь, што яны загінулі. Дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што пацярпеў толькі адзін пратэстовец і восем супрацоўнікаў міліцыі.

[xxxvi]          Асабліва адметнай была зьмена настрою сярод пасіўных праціўнікаў Лукашэнкі, гэта значыць тых, хто галасаваў супраць яго на выбарах, але лічыў за лепшае не далучацца да пратэстаў ці ня браць удзелу ў палітычнай актыўнасьці ўвогуле. Гэты настрой зьмяніўся ад чаканьня нейкіх дзеяньняў з боку палітычнай апазыцыі, каб пазбавіцца ад Лукашэнкі, да гатоўнасьці зьдзяйсьняць невялікія незалежныя акцыі самастойна. Гэты сэгмэнт апазыцыі, напрыклад, быў адказны за выбух у беларускай сталіцы пасьля выбараў нетрадыцыйных формаў пратэсту, такіх, як флэшмобы. Дзёньнікі і форумы ў Інтэрнэце былі поўныя стыхійных прапаноў і заклікаў да дзеяньня: заклікалі да публікацыяў самвыдаву, улётак ці стварэньня альтэрнатыўных ўэб-вузлоў на замену тым, што былі заблякаваныя цягам кампаніі.

[xxxvii]         Расейскі міністар замежных спраў абвінавачвае АБСЭ ў распальваньні пратэстаў // БелаПАН. 2006. 24 сакавіка.

[xxxviii]       Паведамленьне Беларускай агенцыі навін гл. тут: pravo.by

[xxxix]          Гл. сьціслую расшыфроўку інтэрвію тут: afn.by. Афіцыйныя беларускія СМІ віталі і высока ацанілі працу Паўлоўскага. Гл., напрыклад, sb.by.

[xl]                   Асаблівасьці асьвятленьня падзеяў расейскай вэрсіяй Euronews і істотныя разыходжаньні паміж ёю і іншымі моўнымі вэрсіямі былі адзначаныя ў некалькіх інтэрнэт-дзёньніках.

___________________________________________________________________

Віталь Сіліцкі – палітолаг. Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Мінску. Памёр у 2011 годзе. У 1994-м скончыў аддзяленне сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтым жа годзе атрымаў ступень магістра палітычных навук Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта (Будапешт). Тэма магістарскай працы: «The Political Aspects of the Privatization Process in Eastern Europe». У 1999 г. стаў доктарам паліталогіі Ратгерскі ўніверсітэта, Нью-Джэрсі, ЗША, абараніўшы працу «Constraints and Coalitions: Politics of Economic Reform in Central and Eastern Europe after Return of the Left».

Навуковыя інтарэсы тычыліся палітыкі эканамічных рэформаў, дэмакратызацыі на постсавецкай прасторы, электаральных рэвалюцый і прэвентыўнага аўтарытарызму, палітыкі ЕС на постсавецкай прасторы, адносінаў Беларусі з Расіяй і ЕС. Стаўся адным са стваральнікаў і першым дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Літва). Аўтар кніг «Отложенная свобода: посткоммунистический авторитаризм в Сербии и Беларуси» (апублікавана ў часопісе «Arche» ў 2002 г.), «Доўгая дарога ад тыранii: посткамунiстычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербii i Беларусi» (2015). Сааўтар «Historical Dictionary of Belarus» (супольна з Янам Запруднікам, Scarecrow Press, 2007).

«Лятучы» рэкамендуе таксама іншыя тэксты «Анталогіі беларускага мыслення 2000-2015»:

Код прысутнасці. Праклён і выратаванне беларускіх інтэлектуалаў

Міхаіл Баярын. Самабыцьцё

Уладзімір Мацкевіч. Тэхніка

Мікалай Сямёнаў. Дэсаветызацыя: сэнс, стратэгіі, поле дастасавання

Пётра Рудкоўскі. Адкрытае грамадзтва і спосабы яго замыкання

Андрэй Казакевіч. Пра калонію

Сяргей Дубавец. Праект Беларусь

Падзеі: