Беларусь у Балонскім працэсе: крок наперад, два назад?

12 кастрычніка 2017

Наша краіна да траўня 2018 г. павінна  выканаць шэраг абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе, далучыўшыся да Балонскага працэсу. Аднак з 2015 года Беларусь не здолела нават наблізіцца да выканання іх пераважнай часткі.

Ad hoc камісія Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і Грамадскі Балонскі камітэт падрыхтавалі справаздачу аб маніторынгу імплементацыі Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі. Пра асноўныя вынікі маніторынгу Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавёў сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў.

Ні адно з абавязацельстваў, узятых беларускім бокам у 2015 годзе, не выканана цалкам і ў прызначаны тэрмін. Са спісу найбольш чаканых грамадскасцю пераменаў рэалізаваны альбо знаходзяцца ў працэсе рэалізацыі толькі патрабаванні Дарожнай карты, якія датычацца балонскай архітэктуры вышэйшай адукацыі (пераход да трохпрыступкавай сістэмы бакалаўр-магістр-кандыдат навук) і бясплатнай выдачы дадатка да дыплома еўрапейскага ўзору (Diploma Supplement).

Што ж да стварэння нацыянальнай рамкі кваліфікацый, незалежнага агенцтва кантролю якасці адукацыі, адмены практыкі размеркавання выпускнікоў вну, пераадолення дыскрымінацыі студэнтаў прыватных вну ў частцы прадастаўлення фінансавай дапамогі (ільготных крэдытаў) – усе гэтыя пункты засталіся не выкананымі. Тое ж датычыцца і зменаў у сістэме выдачы дазволаў на паездкі з мэтай падаўжэння тэрмінаў знаходжання выкладчыкаў і студэнтаў у краінах ЕПВА без неабходнасці атрымання дазволу міністэрства, гарантый акадэмічнай свабоды і пашырэння інстытуцыйнай аўтаноміі, уключаючы пашырэнне студэнцкага ўдзелу ў кіраванні вну, а таксама забеспячэння правоў студэнтаў і выкладчыкаў на стварэнне і рэгістрацыю арганізацый ды адмены артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу.

Па тэме:

Уладзімір Дунаеў: Наша краіна пакуль адстае нават ад адсталых

 

Такім чынам, з дзевяці значных для шырокай грамадскасці абавязацельстваў Дарожнай карты беларускія ўлады могуць выканаць толькі два і толькі ў тым выпадку, калі да траўня 2018 года будзе прыняты Кодэкс аб адукацыі ў новай рэдакцыі. Аднак вельмі мала шанцаў, што гэта адбудзецца, паколькі перадача гэтага законапраекта ў Нацыянальны сход адкладзеная на нявызначаны тэрмін.

– Адтэрміноўкі ў прыняцці Кодэкса з’яўляюцца сімптомамі таго, што сітуацыя ў адукацыі ўвогуле і ў вышэйшай адукацыі ў прыватнасці пагоршылася, – мяркуе Уладзімір Дунаеў. – Трэба прызнаць, што два папярэднія міністры (Сяргей Маскевіч і Міхаіл Жураўкоў) пры ўсёй нашай крытыцы і прэтэнзіях да іх рабілі крокі ў напрамку рэфармавання вышэйшай адукацыі, чаго ніяк нельга сказаць пра новага міністра, які, відаць, прызначаны для таго, каб пераламіць гэты трэнд на мадэрнізацыю.

Па тэме:

Quo vadis: Беларусь в Болонском процессе

Па словах Уладзіміра Дунаева, вышэйшая адукацыя знаходзіцца на перыферыі ўвагі Ігара Карпенкі, а ў грамадства ўкідваюцца пытанні сярэдняй адукацыі, прычым не самыя фундаментальныя: пачынаць заняткі ў школах а 8-ай ці а 9-ай гадзіне, выкарыстоўваць 5- альбо 10-бальную сістэму ацэнкі і г.д. Усе гэтыя пытанні на якасць адукацыі ніяк не ўплываюць.  

Аўтары справаздачы адзначаюць, што адсутнасць прагрэсу назіраецца менавіта ў тых галінах, якія і раней выклікалі моцную трывогу ў членаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, што паслужыла ў 2012 годзе прычынай пераносу разгляду заяўкі Беларусі на ўступленне ў ЕПВА.

Яшчэ напачатку года эксперты прагназавалі, што калі будзе прыняты Кодэкс аб адукацыі ў тым выглядзе, у якім яго абмяркоўвалі ў лютым, то выкананне Дарожнай карты магчыма на ўзроўні 30%. Сёння яны канстатуюць, што ніводзін значны пункт дакумента не выкананы.

Балонскі ўніверсітэт

– Мы бачым, што абвастрылася сітуацыя з акадэмічнай свабодай, правамі студэнтаў. Акадэмічныя рэпрэсіі ўзмацніліся да такой ступені, што польскі ўрад быў вымушаны прызнаць іх наяўнасць і вярнуцца да праграмы падтрымкі рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў – праграмы Каліноўскага. Самы трывожны сімптом, што там, дзе было шмат спадзяванняў на мадэрнізацыю і павышэнне якасці адукацыі, цяпер няма ні чаканняў, ні ўвагі з боку грамадства.

Нягледзячы на тое, што рэфармаванне сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі апошнім часам замарудзілася, эксперты лічаць, што сітуацыю можна выправіць, працягнуўшы для нашай краіны дзеянне Дарожнай карты на два – тры гады з захаваннем міжнароднага кантролю за яе выкананнем.

– Пэўныя крокі прадпрымаюцца, іншая справа, што яны датычацца спецыфічнай інструментальнай сферы і фактычна не закранаюць каштоўнасці, што і з’яўляецца асноўным адрозненнем беларускай сістэмы адукацыі ад еўрапейскай. У тым, што цяпер адбываецца, можна бачыць пэўны адкат назад, але я б не разглядаў яго як безнадзейны, калі міжнародная і грамадская ўвага да гэтай сферы захаваецца і будзе некаторы ціск на беларускія ўлады з тым, каб яны выконвалі свае абавязацельствы.

Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Персоны:
Падзеі:
Тэмы: