“Беларускі архіў вуснай гісторыі”: iнтэрв’ю з Iрынай Кашталян

01 кастрычніка 2014

Мост

Аляксандр Пяршай: Як найлепей вызначыць Ваш праект? Якiя яго мэты i хто ў iм прымае ўдзел?

Iрына Кашталян: Мы называем сябе Інтэрнэт-праектам “Беларускі архіў вуснай гісторыі”, які дзейнічае пры МГА “Гісторыка”. Праект быў пачаты ўвесну 2011 году і з’яўляецца першым у Беларусі, які ставіць на мэце праз арганізацыю on-line доступу да ўспамінаў сведкаў часу, паспрыяць аналізу і пераасэнсаванню савецкага перыяда гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы, новым міждысцыплінарным даследаванням па гэтай тэматыцы. Вуснагістарычныя дакументы ў межах яго збіраюцца з мэтай фармавання корпусу крыніц для міждысцыплінарных даследаванняў. Захоўванне і доступ адбываюцца з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Праект скіраваны на захаванне памяці ў першую чаргу пра савецкі (самы працяглы ў ХХ ст.) перыяд гісторыі Беларусі, у тым ліку па тэмах, якія з’яўляюцца актуальнымі і спрэчнымі, дапамаглі б дыскусіі ў грамадстве (антысавецкі супраціў, рэпрэсіі і г.д.). Калекцыйны падыход дае магчымасць выкарыстання ўспамінаў для распрацоўкі розных тэм, адукацыйных мерапрыемстваў і напісання артыкулаў.

Камплектаванне архіва адбываецца: з аднаго боку, шляхам збору і апрацоўкі ўспамінаў у межах экспедыцый, арганізаваных камандай архіву, з другога – праз перадачу дакументаў гісторыкамі, краязнаўцамі і іншымі зацікаўленымі асобамі і ўстановамі. Дакументы БАВГ выстаўляюцца паступова, пасля праходжання адпаведнай апрацоўкі. За 2011-2014 гады на захаванне ўзята больш за 40 калекцый ад 14 уладальнікаў, што складае больш за 800 інтэрв’ю, 2000 дакументаў (аб’ёмам 1,5 Тб). Але ў бліжэйшы час іх колькасць будзе значна павялічвацца, у тым ліку ў поўнай апрацоўцы, зручнасць карыстання ўдасканальвацца. Шырыня ахопу перыяда архівам выклікана тым, што сведкі часу, як правіла, не канцэнтраваліся толькі на нейкіх вузкіх гістарычных праблемах, а паведамлялі інфармацыю ў кантэксце ўсяго жыццёвага вопыта. Таму мэтазгодна максімальна прадстаўляць паведамляемую рэспандэнтам інфармацыю, што пашырыць магчымасці вывучэння розных перыядаў і пытанняў. Да таго ж адзначым, што гэта звязана і з тым, што самі ўладальнікі калекцый успамінаў даследавалі розныя тэмы ў ХХ ст., як напрыклад, пра хіпі другой паловы 1960-х гг.

Беларускі архіў вуснай гісторыі паставіў на мэце наколькі магчыма выратаваць унікальны вуснагістарычны матэрыял, паведамлены сведкамі гісторыі з Беларусі. Яго каманда працуе без цэнзуры, хто “правільны” сведка, а хто “не зусім такі”. БАВГ праз падтрымку тэматычных распрацовак спрабуе даць гісторыкам магчымасць займацца важнымі тэмамі незалежна ад палітычнай сітуацыі, якая склалалася на беларускай прасторы. Ёсць надзея, што беларускім даследчыкам гэта можа дапамагчы змяніць метадалагічны дыскурс у бок еўрапейскіх аналагаў, пашырыць арэал вывучаемай тэрыторыі, і гэта паспрыяе выйсцю Беларусі з рэгіянальнай ізаляцыі. У камандзе праекта гісторыкі, архівісты, праграмісты і іншыя неабыякавыя да захавання гістарычнай памяці ў Беларусі асобы. Іх удзел адбываецца ў залежнасці ад іх пажаданняў на розных накірунках працы праекта. Хтосьці ўдзельнічае ў экспедыцыях, хтосьці вырашае тэхнічныя пытанні партала, афармляе матэрыялы у базу дадзеных архіва і рыхтуе транскрыпцыі, хтосьці піша навуковыя тэксты на падставе сабраных матэрыялаў. Сярод асноўных задач архіва:

  • збор дакументаў вуснай гісторыі і фарміраванне пэўнага комплекса крыніц для гістарычных і міждысцыплінарных даследаванняў;
  • арганізацыя захоўвання, пошуку і выкарыстання вуснагістарычных дакументаў;
  • спрыянне захаванню памяці пра найноўшы перыяд гісторыі Беларусі;
  • метадычная і адукацыйная падтрымка ў правядзенні вуснагістарычных даследаванняў аматарамі;
  • папулярызацыя метада вуснай гісторыі.

А.П.: Як узнiкла iдэя пачаць працаваць у гэтым напрамку?

I.К.: Я калісьці пачала цікавіцца накірункам вуснай гісторыі, паўдзельнічаўшы ў праекце канца 90-х гг. “Гісторыя, якой няма ў падручніках”, пад кіраўніцтвам Ніны Стужынскай. Тады збіраліся сведчанні рэпрэсаваных – якраз такія, што давалі інфармацыю цяжка даступную ў звычайных архівах, якія паказвалі гісторыю рэпрэсій праз прызму погляду іх ахвяраў. І толькі з часам у мяне сфармавалася разуменне пра падыходы збору інтэрв’ю, яго апрацоўкі. Але значным штуршком да таго, чаму я зараз займаюся гэтым архівам, стаў нямецкі вопыт работы з анлайн архівамі ўспамінаў, які даў магчымасць пабачыць зручнасць арганізацыі працы з такімі крыніцамі, створанымі ў іншых краінах. Архівы ШОА і астрабайтэраў таму добры прыклад.

Адсутнасць падобнага даследчага прадукта ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі і наштурхнула на ідэю стварыць гэты праект. Як таксама і праблема скарачэння магчымасцяў зафіксаваць сведчанні рэспандэнтаў аб першай палове ХХ ст.(цяпер мяжа праходзіць фактычна па польскім часе і пачатку ІІ Сусветнай вайны), недаступнасць і знікненне ўжо створанага вуснагістарычнага матэрыялу, недахоп даследаванняў з выкарыстаннем такога тыпу крыніц. У Варшаве ў лістападзе 2010 г. мы паразмаўлялі з прафесарам Алесем Смаленчуком на канферэнцыі для адукатараў і гісторыкаў пра неабходнасць стварэння такого праекта. Ён таксама даўно цікавіўся накірункам, а таму падтрымаў ідэю. Мы перамовілі з іншымі спецыялістамі ў галіне вуснай гісторыі, а таксама з праграмістамі і пачалі сваю працу з красавіка 2011 года. Нашай мэтай стала стварыць агульную архіўную платформу, якая б дапамагла вырашаць ранейзгаданыя мной праблемы, дала доступ да корпуса вуснагістарычных крыніц зацікаўленым, без навязвання ім ацэнкі, а для таго, каб падштурхнуць да далейшага аналізу гістарычнага мінулага Беларусі.

А.П.: Як Вы разумееце термiн «вусная гiсторыя» у межах гэтага праекту? Якiя сэнсавыя кампаненты Вы акцэнтуеце?

I.К.: Паняцце “вусная гісторыя” апошнімі гадамі часта гучыць ў гуманістыцы. Вусная гісторыя агулам – гэта навуковы накірунак, які даследуе як мінулае, так і асаблівасці сацыяльнай памяці пра яго, шляхам запісу, архівізацыі і аналізу інтэрв’ю з сведкамі і/або ўдзельнікамі мінулых падзеяў. Важным кампанентам з’яўляецца наступная інтэрпрэтацыя вуснай крыніцы даследчыкам. У штодзённасці мы выкарыстоўваем найбольш традыцыйнае разуменне вуснай гісторыі як “запісаных у аўдыё ці відэафармаце ўспамінаў аб падзеях мінулага яго відавочцаў”. Калі нейкая з кампанентаў такой расшыфроўкі паняцця адсутнічае, значыць, гэта не вусная гісторыя.

А.П.: Вусная гiсторыя як канцэпт i як даследчая метадалогiя «прымаецца» далека не на ўсiх кафедрах. У межах (альбо па-за межамi?) якiх дысцыплiн мажлiва пазiцыянаваць гэты праект? Цi вусная гiсторыя ўвогуле выкладаецца на Беларусi?

I.К.: Вусная гісторыя як міждысцыплінарны накірунак, на жаль, недаацэньваецца беларускай навукай, бо патрабуе перагляду ранейшых падыходаў савецкага часу, што з цяжкасцю адбываецца ў нашай краіне. На фармальным узроўні можна сказаць, што яе існаванне прызнаецца, бо яе як метад вывучаюць у межах адпаведных курсаў па падрыхтоўцы спецыялістаў па гісторыі. Аднак часцей за ўсё далей за інфармаванне студэнтаў справа не ідзе, бо на ўзроўні манаграфій і дысертацый вусную гісторыю выкарыстоўваць не заахвочваюць, жадаючыя яе выкарыстаць крытыкуюцца.

На цяперашні момант у Беларусі не абаронена ні адной дысертацыі з выкарыстаннем вуснагістарычных крыніц, апублікавана толькі адна манаграфія, крыніцавым базісам якой сталі ўспаміны простых людзей.  Міждысцыплінарны падыход пакуль не карыстаецца папулярнасцю ў беларускіх даследчыкаў. Такая сітуацыя істотна адрозніваецца ад становішча ў найбольш аўтарытэтных па стане навукі эўрапейскіх краінах, дзе рэдкае даследаванне па гісторыі ХХ ст. абыходзіцца без выкарыстання ўспамінаў з ужо існуючых ці ствараемых самімі даследчыкамі калекцый.

Важнай праблемай застаецца негнуткасць сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў, якая фактычна выключае даследаванні ў межах некалькіх дысцыплін, бо гэта не ўкладаецца ў праграмы кафедраў універсітэтаў. Пры гэтым метадам вуснай гісторыі ўжо даўно карыстаюцца краязнаўцы, якія па-іншаму не могуць здабыць звестак па лакальнай гісторыі. Праблема ў іх іншая: яны часта не валодаюць метадалогіяй, якая б дазваляла ствараць вартыя навуковага даверу крыніцы. Тым не менш, мы чуем усё больш выступаў на канферэнцыях, якія грунтуюцца на вывучэнні вуснагістарычных крыніц. Гэтаму спрыяе і заходні прыклад. Маладыя навукоўцы, якія ўдзельнічаюць у еўрапейскіх семінарах, праходзяць стажыроўкі пры польскіх, нямецкіх універсітэтах, пераймаюць іх вопыт.

Адзначым, што вусная гісторыя актуальна для шмат якіх спецыяльнасцяў – гісторыя,  філасофія, лінгвістыка, журналістыка і г.д. Спадзяемся, што наша архіўная платформа адыграе ролю дадатковага стымула для ўзнікнення новых міждысцыплінарных праектаў, напрыклад, па праблемах памяці, ідэнтычнасці, у тым ліку і міжнародных, звязаных з беларускай тэматыкай. Хаця б  прадстаўленнем доступа да масавага корпуса вуснагістарычных крыніц.

А.П.: 1939 г. падаецца сэнсазазначальным элементам Ваша праекту. Чаму быў абраны менавiта гэты часавы маркёр? 

I.К.: Гэта толькі падаецца, хаця мы сапраўды зрабілі шмат па гэтай тэме за апошнія тры гады (тры экспедыцыі ўздоўж усёй мяжы, рубрыка, канферэнцыя, конкурс для школьнікаў і г.д.). Мы займаемся рознымі тэмамі ў залежнасці ад наяўнасці працоўных груп. Ёсць актывісты, якія займаюцца праблемамі 1939 году (гэта дата сёлета вельмі актуальна), маюцца групы, якія вывучаюць голад у БССР, тэму астарбайтэраў, яўрэйскае жыццё беларускіх мястэчак і г.д. А ў архіў прымаюцца адабраныя ўспаміны яшчэ больш шырокага тэматычнага спектра: як сабраныя ўдзельнікамі каманды праекта, так і энтузіястамі-гісторыкамі, якія гатовыя імі падзяліцца.

А.П.: На якiя тэмы Вашыя iнфарманты не «жадаюць» размаўляць? I, на Ваш погляд, чаму? 

I.К.: Рэспандэнты не “жадаюць” размаўляць на траўматычныя тэмы, у тым ліку тыя, якія па іх меркаванні могуць стварыць наступныя праблемы іх нашчадкаў. З-за апраўдання камуністычнага рэжыму цяперашнім афіцыйным кіраўніцтвам, стварэння міфаў у ідэалогіі, напрыклад, пра паводзіны насельніцтва падчас вайны, сведкі часу могуць баяцца распавядаць пра стратэгіі паводзін, якія не ўкладаюцца ў прэзентацыю светлага савецкага мінулага Беларусі, пра выкарыстанне савецкай уладай рэпрэсіўнай палітыкі.

А.П.: Цi можна лiчыць Ваш праект канструяваннем альтэрнатыўнай, «малой» гiсторыi Беларусi?

I.К.: Мы бы не хацелі браць на сябе  смеласць браць на сябе такую адказнасць. Хутчэй мы бярэмся дапамагчы (у першую чаргу вуснагістарычнымі крыніцамі) высвятленню праблемных пытанняў у гісторыі, пошуку новых ракурсаў разгляду даўно быццам бы вядомых тэм. Асноўная нашая функцыя – ратаванне крыніц, інфармацыі, без якой разгляд мінулага Беларусі не будзе ўсебаковым. Такім чынам мы спрабуем захаваць сапраўдную гісторыю, а не канструяваць…

А.П.: Што з’яўляецца найвялiкшай перашкодай у працы з вусная гiсторыяй? 

I.К.: Выкарыстанне ўспамінаў патрабуе ўліку і мінусаў іх суб’ектыўнасці. Таму важна шукаць у іх не столькі факты, колькі сэнсы, якія ім надаваліся. Асноўная праблема аналіза водкліку на падзеі мінулага палягае ў свядомай ці несвядомай мадэрнізацыі яго ў перцэпцыі рэспандэнта ў катэксце цяперашніх ведаў і эмоцый. Падобныя праблемы існуюць з назвамі месц, датамі і імёнамі. Праблема адноснасці часу ва ўспамінах, таксама звязана са станам памяці і мадэрнізацыяй успрыняцця падзей. Яно не заўсёды абмежавана часавымі межамі, бывае, што размыта па перыядзе ад некалькіх год і больш. Напрыклад, рэспандэнт узгадваў штосьці як даўняе, гэта магло быць да вайны ці адразу пасля вайны, а як штосьці нядаўняе тое, што адбылося ў 1960-х гг. Таму важна вывучаць логіку ў дзеяннях, а не фактуру, аднак часам і яе знайсці цяжка. У працэса ёсць і адваротны бок, калі чалавек, які раней не разумеў чаму нехта рабіў тады так і так, пасля пачынае больш разумець яго логіку паводзін.

Трэба ацаніць і абысці падводныя камні інтэрв’ю – пераказванне чужых гісторый і інфармацыі з публікаваных крыніц, стэрэатыпаў (стаўленне да яўрэяў, заходнікі-усходнікі, паводзіны пад акупацыяй, праваслаўныя каталікі як  рускія і палякі, далучылі Заходнюю Беларусь – асвабадзілі). Калі чалавека пытаешся ў межах таго, пра што ён раней гаварыў, пісаў – ён ўпэўненей сябе паводзіць, але нярэдка выкарыстоўвае для іх шмат агульных і патэтычных слоў. Спрабуе пазіцыянаваць сябе як усё ведаючага, у тым ліку надзяляючы шмат увагі прачытанаму. На падставе гэтага за свае могуць выдавацца чужыя думкі, міфалагізацыя вышэйшых асоб, няма ўпэўненасці, што асоба транслюе сапраўды сваё меркаванне і досвед. Ёсць тэндэнцыя да занадта глабальных і адначасова суб’ектыўных высноў. Гэта праблема г.зв. прафесійных сведкаў, людзей, якія ўжо не першы раз даюць інтэрв’ю, чые успаміны ўжо структураваны. Аднак абысці гэтую праблему дапамагае вузкаспецыялізаваны апытальнік, большая частка пытанняў якога раней не задаваліся шырокім колам. Таму нават таму хто магчыма часта выступаў на публіцы, даводзіцца разважаць на такім сваім досведам.  І гэта таксама крыніца для аналізу, бо паведамляецца яшчэ не зусім адцэнзураваная ўнутрана інфармацыя. Часам адгалоскі цэнзуры можна заўважыць па прыкметах, калі чалавек  папраўляе памылку. У першую чаргу калі гэта датычыць канкрэтных асоб, пытанняў “абялення сябе і іншых” сведкамі, зглажвання канфліктных вуглоў.

А.П.: Як i калi мажлiва назнаёмiцца з вынiкамi Ваша працы у гэтым праекце? 

I.К.: Асноўны вынік – гэта выстаўленыя на нашым партале новыя архіўныя матэрыялы для адукатараў і даследчыкаў, а таксама створаныя тэматычныя рубрыкі, у перспектыве з’яўленне друкаваных выданняў. Вынікі мы таксама прэзентуем на розных прэзентацыях, семінарах і трэнінгах, якія праводзяцца намі па розных гарадах Беларусі. Інфармацыю пра іх можна знасці ў навінах нашага партала.

Ірына Кашталян, гісторык, каардынатар інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”.

Падзеі:
Тэмы: