Біяграфічны наратыў – крыніца, дзе нараджаецца пачуццё сваёй унікальнасці

14 снежня 2015

16 снежня ў межах серыі “Галоўнае пытанне” Лятучы ўніверсітэт ладзіць лекцыю Ірыны Махоўскай “Жыццё як гісторыя ці гісторыя пра жыццё: як паразумецца з мінулым”. Напярэдадні з лектарам пагутарыла каардынатар Лятучага ўніверсітэта Тацяна Вадалажская.

Тацяна Вадалажская: Хацелася б пачаць з Вашага асабістага шляху даследчыка да вуснагістарычнага метаду. Калі Вы пачалі яго выкарыстоўваць? Што падштурхнула і што дала гэтая практыка?

Ірына Махоўская: Як этнолаг падчас палявых даследаванняў традыцыйнай культуры я заўсёды працавала з гістарычнымі сюжэтамі ва ўспамінах маіх суразмоўцаў, больш таго, трансфармацыю культурных практык немагчыма даследаваць без гістарычнага кантэксту. Зварот менавіта да вуснагістарычных сюжэтаў адбыўся падчас экспедыцыі ў мястэчка Мір. Тут у мясцовых жыхароў надзвычай яскрава выражана пачуццё свайго дачынення да вялікай гісторыі: Мірскі замак, князі Святаполк-Мірскія, ешыва, міжваенная Польшча і іншыя топасы памяці абавязкова фігуравалі ў размовах с міранамі, будучы для іх крыніцай пачуцця ўнікальнасці малой радзімы і, у пэўнай меры, сваёй асабістай унікальнасці. Там нарадзілася ідэя запісаць гэту прамоўленую гісторыю, прычым запісаць менавіта словамі інфармантаў, стварыўшы агульны хор галасоў, калектыўны расказ міран пра гісторыю свайго мястэчка.

Нам удалося зафіксаваць вельмі цікавыя сведчанні па тэмах, якія рэдка трапляюць у традыцыйнае поле “вялікай гісторыі”. Напрыклад, мы запісалі ўспаміны людзей, якія былі непасрэднымі сведкамі штодзённага жыцця замка: княжацкага рымара, пакаёўкі Міхаіла Святаполк-Мірскага, члена пажарнай дружыны князя Васіля, дачкі кіруючага князя Мікалая Царука, дачкі княжацкага повара і інш. Гэтыя людзі ніколі б не пакінулі мемуары, іх успаміны пэўны час пражылі б у сямейнай памяці і, з вялікай доляй верагоднасці – зніклі. Шанцаў ператварыцца ў гістарычную крыніцу інакш як праз вусную гісторыю яны не мелі. Таму я цешуся, што з’явіўся такі своеасаблівы помнік памяці міран аб Міры – кніжка “Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. [1]  

Т.В. Адной з самых цікавых частак вусных расповядаў з’яўляецца нязмушаны аповед пра “сваё жыццё”. Але, напэўна ж, чалавек не маючы асаблівых патрэбаў, не ўспрымае сваё жыццё як наратыў. Таму можна сказаць, што неабходнасць нешта распавесці “інтэрв’юэру” прымушае яго рабіць гэтую працу адмыслова, тут і цяпер.  З вашага досведу:  ці выбудоўваюць людзі свой наратыў “лагічна” у адну лінію, дзе ёсць паслядоўнасць, прычыны і вынікі, ці часцей гэта шырокая плынь жыцця, якая не мае больш-менш строгай выбудовы?

І.М. Калі казаць пра храналагічную паслядоўнасць, то яе, безумоўна, няма. Часцей за ўсё чалавек, канешне, пачынае з найбольш ранніх успамінаў, з паходжання сям’і, з дзяцінства, але ў спантаннай гаворцы “пераскоквае” на нейкія падзеі, вяртаецца да ранейшых, нітка ўспамінаў раскручваецца падчас размовы. Адбываецца такая  самастымуляцыя, і тое, што знаходзілася ў латэнтнай памяці, актуалізуецца. Але гэта заўсёды наратыў, жыццё прамаўляецца як апавяданне – штосьці, што мае пачатак, развіццё і развязку, вынік. Таму адбор сюжэтаў, іх інтэрпрэтацыі пакліканыя стварыць асэнсаваную лагічную паслядоўнасць жыцця, абумоўленую абставінамі, падзеямі, лёсам і інш, і інш…

Т.В. А ці былі ў Вас выпадкі, калі Вы маглі параўнаць біяграфіі аднаго і таго ж чалавека, складзеныя ў розныя гады? Ці ёсць там пераасэнсаванне? Ці бываюць вельмі сур’ёзныя адрозненні?

І.М. Адрозненні ёсць, і гэта заўсёды вынік некалькіх фактараў. Па-першае, кожны расказ пра жыццё ёсць ужо іншы расказ, кожны раз, калі мы яго паўтараем, ствараем новыя сэнсы, адкрываем нешта новае для саміх сябе. Па-другое, важна, для каго распавядаецца гісторыя жыцця. Прыкладам, гісторыя ветэрана, расказаная школьнікам, гісторыя дзядулі, расказаная ўнукам і гісторыя “сведкі стагоддзя”, расказаная гісторыку, з вялікай долей верагоднасці будуць мець адрозненні не толькі на ўзроўні выбару важных фактаў, але і на ўзроўні іх інтэрпрэтацый. Па-трэцяе, уплываюць актуальныя гістарычныя ўмовы, грамадскі дыскурс. Асабліва гэты фактар актуальны ў выпадку расказаў пра траўматычны вопыт. Ахвяры палітычных рэпрэсій, зняволеныя пачынаюць распавядаць пра свой вопыт адносна адкрыта, толькі калі афіцыйна, на заканадаўчым узроўні і на ўзроўні грамадскага дыскурса адбываецца працэс легалізацыі іх вопыта. Чалавек распавядае пра сябе тое, што можа быць зразумелае і прынятае ў гэты час, у гэтых абставінах і гэтым слухачом.

Афіцыйная біяграфія і біяграфія для “унатранага спажывання” могуць значна адрознівацца. Тут паказальным фактам з’яўляецца ўспрыняцце нашай кніжкі пра Мір некаторымі нашымі рэспандэнтамі. Тыя факты і інтэрпрэтацыі свайго жыцця, якія былі выбраныя для размовы з гісторыкамі, падаліся нерэлевантнымі афіцыйнай версіі біяграфіі. Хоць, вядома, што інтэрв’ю ад пачатку ўспрымаецца як публічная размова, бо даследчыкі запісваюць успаміны людзей, каб расказаць аб іх іншым, таму тэмы, падзеі, інтэрпрэтацыі гучаць тыя, што адпавядаюць уяўленню чалавека аб публічным. Тым не менш, некалькі чалавек, пабачыўшы свае словы ў кніжцы, сказалі: “мы так не казалі”. Гэта не ўнікальная сітуацыя, у публічнай прасторы людзі імкнуцца да адпавядання афіцыйна ўхваленай версіі падзеяў, баяцца паказацца іншымі, да і, маючы страшны рэпрэсіўны савецкі вопыт за плячыма, проста баяцца наступстваў сваіх словаў, нават вельмі аддаленых ад тэм вялікай палітыкі.

Пераасэнсаванне свайго жыцця, падзей, учынкаў адбываецца пастаянна, тут уплывае ўзрост, вопыт, знешнія абставіны. Наўрад ці я сутыкалася з кардынальным пераасэнсаваннем усяго жыцця, але асобныя аспекты вопыта набываюць іншыя сэнсы, напрыклад, у выніку змянення гістарычнага, палітычнага дыскурса.  У маім досведзе самыя маштабныя выпадкі пераасэнсавання свайго вопыта датычаць перагляду сваёй гісторыі савецкасці. У розных танальнасцях ад недаўменнага (“Як мы маглі ў гэта верыць?”), іранічнага (“беглі на гэтыя сходы”) да поўнага перагляду грамадскай пазіцыі (“Пасля перабудовы мы як на свет нарадзіліся”).

Т.В. Калі прыняць версію, што гісторыя праз расповед пра біяграфію непасрэдна выбудоўваецца, а не праяўляецца, тады ўзнікае цэлы шэраг пытанняў пра тое, як гэта адбываецца і якія наступствы мае. Вось, напрыклад, даследчык задае тэму і ў залежнасці ад яе (з арыентацыяй на яе) канструюецца гістарычная перспектыва. А далей чалавек яе не толькі распавядае даследчыку,але і карыстаецца сам, то бок такая версія выбудовы сваёй гісторыі потым ужо транслюецца як самастойнаяЦі можна разглядаць біяграфічны расповед як сваеасаблівае гуманітарнае практыкаванне, у якім набываецца асэнсаванасць,магчыма, нават выбудоўваецца ідэнтычнасць. Ці сустракаліся ў вашай практыцы выпадкі, калі людзі самі нешта разумелі пра сябе падчас расповеду?

І.М. Так, біяграфічныя расказы, як камунікатыўныя дзеянні, спалучаюць, з аднаго боку, рэагаванне на актуальную сітуацыю, з іншага боку, выкарыстоўваюць ўжо правераныя і адпрацаваныя мадэлі вербалізацыі свайго вопыту. Часцей за ўсё адразу заўважна, ці мае чалавек вопыт публічных расповедаў пра сваё жыццё. Чым больш стылістычна прадуманы і сюжэтна выбудаваны фрагмент біяграфіі, тым больш верагодна, што гэта гісторыя не раз актуалізавалася ў пэўнага роду камунікацыях. Напрыклад, нейкі забаўны выпадак з сямейнай гісторыі, які любяць успамінаць падчас сямейных застолляў, пераказваюць дзецям. Часам гэтыя гатовыя мадэлі вылучаюцца мовай. Напрыклад, ветэран вайны, які шмат разоў выступаў перад школьнай аўдыторыяй з успамінамі пра ваенныя падзеі, у расказе пра сваё жыццё, дайшоўшы да ваенных сюжэтаў, цалкам пераходзіць на афіцыйную мову, ужываючы канструкцыі і вобразы, абсалютна не характэрныя для звычайнай манеры маўлення.

Выбудоўванне ідэнтычнасці непасрэдна падчас інтэрв’ю зноў жа залежыць ад ступені дасведчанасці чалавека ў вербальнай самапрэзентацыі. Чысты вопыт асэнсавання свайго жыцця наўпрост перад вачыма збіральніка магчымы пры мінімальнай такой дасведчанасці. Як правіла, у людзей ёсць вопыт аповядаў пра асобныя жыццёвыя сюжэты, штосьці ўспамінаецца ў размовах з сябрамі, суседзямі, штосьці расказвацца дзецям. Да таго ж, практычна кожны савецкі чалавек меў вопыт складання афіцыйнай аўтабіяграфіі. Часцей можна казаць пра выбар рэспандэнтам жанра аўтапрэзентацыі, з якім, праўда, могуць зусім не суадносіцца пэўныя сюжэты.

Т.В. Па выніках даследавання ўспамінах пра часы перабудовы вы казалі пра рознае ўспрыманне часу. Ці можна казаць, што нейкія падзеі ёсць абавязковым элементам беларускіх біяграфій, як бы рэперамі жыцця, незалежна ад асобы? Што фармуе такія рэперы(калі яны ёсць)?

І.М. Біяграфія выбудоўваецца ў адпаведнасці з сацыяльна ўхваленай мадэллю нармальнага, паспяховага ці прыстойнага жыцця. Гэтая мадэль прадугледжвае пэўныя абавязковыя структурныя элементы, якія гучаць ў апісанні жыцця заўсёды, ці прамаўляецца/тлумачыцца іх адсутнасць. У беларускіх біяграфіях (гэта не ўнікальная беларуская спецыфіка) гэта адукацыя, праца, шлюб, дзеці і іх адукацыя, сем’я і кар’ера. Дарэчы, такія ж пункты (акрамя паспяховасці дзяцей) з’яўляюцца абавязковымі элементамі афіцыйнай аўтабіяграфіі. То бок, гэта структура, якая напаўняецца самым розным зместам, але, з большага, гісторыі поспеху ўтрымліваюць усе гэтыя элементы.

Т.В. Наколькі тыя сацыяльныя і гістрычныя абставіны, якія мы традыцыйна разумеем як “вялікую гісторыю” (войны, рэвалюцыі, палітычныя падзеі …), уцягнуты ў гэтыя расповеды, наколькі ўплываюць на жыцце ці на ягонае апісанне. Можа, з Вашай практыкі можна зразумець нейкія заканамернасці такога ўспрыняцця грамадскіх падзей у асабістым жыцці?

І.М. Аб татальнай уцягнутасці ў гістарычны працэс можна казаць, толькі калі гістарычныя падзеі закранаюць сферу першаснага ў забеспячэнні жыцця чалавека, то бок безапаснасць для жыцця і магчымасць без надзвычайных намаганняў задаволіць базавыя патрэбы ў ежы, жыллі і прадметах першай неабходнасці. Напрыклад, перажыўшыя вайну ніколі не абмінаюць яе ў сваіх расказах пра жыццё. Больш таго, сітуацыя скрайняй фрустрацыі становіцца меркай усім іншым падзеям – мінулым і будучым.

Па-за сітуацыяй пагрозы сферы жыццязабеспячэння ўцягнутасць чалавека ў працэсы вялікай гісторыі значна вар’іруецца ў залежнасці ад яго грамадзянскай пазіцыі, уяўленняў аб правільным, прэстыжным, годным. І тут наўрад ці магчымыя татальныя абагульненні, можна казаць толькі аб значна меншым маштабе экстрапаляцый асабістага свету ў гістарычны кантэкст.

Т.В. Немагчыма не ўзгадаць Алексіевіч з яе літаратурным метадам, які вельмі блізкі да вуснай гісторыі. Як вы думаеце, ці адаб’ецца нобелеўская ўзнагарода на інтарэсе да вуснай гісторыі? Алексіевіч казала, што мы маем шмат “непрагаворанай гісторыі”, “непраслуханай”. Як Вы думаеце, што нам (грамадству ці асобным людзям) можа даць развіццё гэтай практыкі – як слухання, так і прагаворвання? Ці можам мы праз гэта ўбачыць сябе неяк па-іншаму? Можа, у Вас ёсць думкі пра тое, якімі мы сябе ўбачым у нашым расповедзе пра жыццё?

І.М. Надзвычай важна і слуханне, і прагаворванне для разумення саміх сябе. Людзі часам не адразу ідуць на кантакт са збіральнікам, ацэньваючы сваё жыццё як нецікавае, не дастойнае ўвагі, не дастаткова ўнікальнае для трансляцыі. Для іх важна фармаванне разумення, што кожны прыватны вопыт ёсць каштоўным, і ў гэтым сэнсе Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч – лепшы аргумент на карысць гэтай каштоўнасці. Гэта ўвогуле спосаб пабачыць за лесам дрэвы.

Вусная гісторыя ў Беларусі вельмі павольна ўваходзіць у акадэмічнае асяроддзе, але цікавасць да метада ёсць і будзе расці. Толькі хацелася б, каб гэту нішу занялі прафесійныя навукоўцы – гісторыкі, антаполагі, сацыёлагі, бо тэматычнае поле вуснай гісторыі, якая працуе з эмоцыямі, пачуццямі і ўспрыняццямі, прывабнае для ацэначных маніпуляцый. А што да таго, якімі будуць нашыя расповяды пра сваё жыццё, вось, можа, якраз самая вялікая падзея беларускай гісторыі пачатку 21 стагоддзя – Нобель Святланы Алексіевіч – стане тым самым рэперам, ад якога ў расповедах пра жыццё будзе будавацца людзьмі ўспрыяцце важнасці і каштоўнасці свайго жыцця, свайго вопыта для вялікай гісторыі.

1. Гутарка ідзе пра кнігу: Ірына Раманава, Ірына Махоўская. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. Вільня, 2009.

Падзеі:
Тэмы: