Час адвечнасці: Тэмпаральная семантыка ў эсэ І.Абдзіраловіча “Адвечным шляхам”. Частка 2

11 красавіка 2017

Іван Новік – філосаф, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Мінск).

ПАЧАТАК (1-я ЧАСТКА) ЭСЭ

Другую частку эсэ таксама распачынае гісторыя / гісторыясофія, але гэтым разам ужо агульнаеўрапейская. “Сучасныя еўрапейскія народы адтрымалі сваю культуру як спадчыну антычнай імперыі” [13]. Сучаснасць Еўропы не ёсць яе ўласнай сучаснасцю — яна не прыналежыць ёй, у яе інкруставана мінулае Еўропы іншай — Антычнай.

Антычнасць загінула дзеля рассінхранізацыі патрэбаў і жаданняў асобы, адзінкі, з аднаго боку, і дзяржавы, палітычнага, сацыяльнага ладу, з другога. Антычнасць не здолела вырашыць пытання аб “адносінах вечнага і смертнага, канечнага і бесканечнага” [13], пакінуўшы вярэду гэтых пытанняў у спадчыну сучаснасці. Суаднесенасць матэрыяльнага і ідэальнага, сінгулярнага і ўніверсальнага, індывідуальнага і сацыяльнага — усе гэтыя дыхатаміі Абдзіраловіч нанізвае на тэмпаральную лінію (вечнае / смяротнае).

Барбары пазычылі ў Антычнасці яе знадворнасць, навочнасць — тое, што бачна, і падуладна вызначэнню. Але падобнае выяўленае навонкі, адкрытае называнню і азначэнню “заўсёдна” [13] — пазбаўлена руху, мёртва. Форма прасторава ў супрацьлегласць жыццю і духу, якія належаць часу, плыні, развіццю. Дакладней, у “цвёрдай” [14] формы таксама ёсць свой час — але гэта час здранцвення і смерці.

“Адвечным шляхам”, фактычна, далучаецца да антыплатанічнай рэвалюцыі, распачатай Ніцшэ: форма, адметная візуальнасць, універсальнасць, супрацьпастаўленасць плыні часу і зменлівасці жыцця — усё гэта характарыстыкі эйдасаў. Абдзіраловічавы сімпатыі відавочна на баку тае чыстай множнасці, чыстага з’іначвання, якія Платон супрацьпастаўляў эйдытычнаму, свету ідэй. Бо ідэі — кажа Абдзіраловіч, — не толькі парадкаюць свет, і ўгрунтоўваюць чалавечыя веды і навуку, але ж, апынулася, з’яўляюцца прыдатным інструментам у руках палітыкаў і сацыяльных інжынераў, інструментам гвалту і прыгнечання.

Выклад еўрапейскай гісторыі ізноў разгортваецца ў той жа ітэратыўнай мадальнасці, з персаналізаванымі ўвасабленнямі культуры ў якасці яе актараў: “еўрапеец стараецца здзейсніць сваю прыхільнасць да цвёрдых форм”, “Усход рыпаецца ўзяць візантыйскую спадчыну”, “Захад карыстае багаццем рымскай культуры” [14] і д.п. Амаль увесь абзац, прысвечаны еўрапейскай гісторыі, рэалізаваны праз незакончанае трыванне і цяперашні час, нібы мы ўсё яшчэ з’яўляемся непасрэднымі сведкамі старання еўрапейца, рыпання ўсходу і д.п. Гэта гісторыя, якая не мае сваёй здзейсненасці і сваёй мінуласці, яна ўсё яшчэ прысутна і навочна. Мінулы час стасуецца выключна да адмоўнасці, паразы, адсутнасці і немені выніку: “адраджэнскі пратэст не здзейсніўся”, “старое аджыло, спарахнела”, “зноў усё, як быццам, замірае да новага спалоху”, “Усход спазніўся” [14-15].

Развагі аб прычынах духоўнай трагедыі Еўропы Абдзіраловіч будуе вакол яшчэ адной экзістэнцыяльна-тэмпаральнай катэгорыі — жыццё. Жыццё тут — 1) фенаменалагічны спод фізічнага часу, 2) індывідуальная гісторыя, 3) спарадкаванасць падзей у часе, інтэграваная вакол прынцыпаў вітальнасці і творчасці; 4) тое, што супрацьстаіць тагасветнаму, як пазбаўленаму зямной часовасці, тое, што супрацьстаіць смерці, як спыненню быцця ў часе.

“Немаль уся жыццёвая нядоля мае сваёй падставай неадпаведнасць жыццёвага зместу тым формам, у якія ён уложаны” [15]. Пражыты час успрымаецца як нялёсны, не свой і неаўтэнтычны, калі ён запаволены, затрыманы вонкавымі акалічнасцямі. Такімі вонкавымі акалічнасцямі і ёсць “формы жыцця”: паўтаральныя патэрны і фрэймы сацыяльнага і палітычнага ўзаемадзеяння (“сям’я, гаспадарства, суд, касцёл, партыя” [15]). Усе існыя формы жыцця створаны самім чалавекам, “у часе патрэбы” [15]. Але быўшы створанай дзеля канкрэтных мэтаў і ў канкрэтны час жыцця, форма адрываецца, адасабляецца ад гэтай сваёй жыццёвай і часавай лакалізацыі, выяўляе свае ўніверсальныя і па-зачасавыя апетыты. Творачы формы, чалавек пазычае ім сваю уласную жыццёвасць, і яны набываюць свае ўласнае люстраное жыццё, якое мацуецца за кошт жыцця сапраўднага — чалавечага.

Амаль увесь адцінак “Адвечнага шляху”, прысвечаны дыхатаміі жыццё / форма, разгортваецца ў своеасаблівым тэмпаральным модусе “заўсёднасці”. Амаль да кожнай выказанай тэзы можна падставіць “заўсёды”:

— {заўсёды} “жыццёвая нядоля мае сваёй падставай неадпаведнасць жыццёвага зместу тым формам, у якія ён уложаны” [15],

— {заўсёды} “формы жыцця нам не накідаюцца, мы самі творым іх” [15],

і д.п. Болей таго, Абдзіраловіч сам шчодра расстаўляе гэта “заўсёды” ў тэксце:

— “патрэбна ліючаяся, зменная, заўсёды адпаведная жыццёвым праявам форма” [15],

— “чалавек творыць заўсёды кахаючы” [15],

— “маральны закон, абычаёвае права … заўсёды мае адзнаку боскасці” [15],

— “калі чалавеку або грамадзе істнуючая форма здаецца карыснай, тады заўсёды эгаістычныя мэты аздабляюцца істнуючай формай” [15-16].

Фактычна, “заўсёды” тут — гэта своеасаблівая замена квантарам ўсеагульнасці. Гэта нейтральная адносна канкрэтнага часу, нелакальная, тэмпаральная квантыфікацыя, якая паклікана адпрэчыць канкрэтна-часавую прывязку, надаць тэзам універсальнасць. Такая “заўсёднасць” выступае найбольш пашыранай жанравай тэмпаральнасцю філасофскіх цверджанняў — часцей за ўсе акурат ў такой заўсёднасці разгортваюцца філасофскі тэкст і філасофская развага.

Мы лічым гэта вельмі сімптаматычным: 1) “Адвечным шляхам” пераважна абмінае гэтую звычайную (звычаёвую?) філасофскую часовасць, аддаючы перавагу зусім іншым тэмпральным мадальнасцям; 2) там, дзе такая ўніверсальна-нейтральная часовасць непазбежна, тэкст расквечваецца гэтымі шматлікімі “заўсёды”. Заўважым, Абдзіраловіч зусім не карыстае болей канвенцыйныя квантары ўсеагульнасці, кшталту:

{кожны / усякі} “чалавек творыць кахаючы”,

{усе} “маральныя законы маюць адзнаку боскасці”

і д.п.

Гэта не простая выпадковасць ці індывідуальнае лексічнае ўпадабанне. Абдзіраловіч дакладна акрэслівае і падкрэслівае гэту заўсёднасць, бо яна яму не да спадобы, бо акурат яна — аб’ект крытыкі эсэ. Не заўсёднае шукае Абдзіраловіч, але адвечнае: не нейтральнае, надчасовае, але прысутнае штомомант, унутры кожнага імгнення.

Формы жывуць запазычаным жыццём, сілкуюцца чалавечай любоўю ці сквапнасцю і запавольваюць жыццё сапраўднае — чалавечае і духоўнае. Сучасныя формы няўчасны і несвоечасовы: “свой” час касцёльнага ладу, дзяржаўнага і сацыяльнага спарадкавання, звычаяў, лозунгаў і дактрын, час, калі яны адпавядалі патрэбам і мелі наўпросты сэнс, — гэты час мінуўся. Але яны захаваліся да нашага часу ў выглядзе незразумелых, неразумных божышч, Малохаў, у імя няўцямнасці якіх ахвяруецца маладое жыццё. “Сколькі малохаў захавалася да нашага часу?” [16] — гэта пытанне не столькі Абдзіраловіча, колькі самога нашага часу, гэта начаснае пытанне нашага часу — Мадэрнасці. Бо ж гэта Мадэрнасць успрымае як кантрабанду спробу пранесці ў сёння сацыяльныя і ідэалагічныя формы, толькі дзеля іх асвечанасці традыцыяй. Наш, мадэрны, час ставіць заслону плыні гісторыі, і, падобна ўвішнаму мытніку, патрабуе дакладных рацый у неабходнасці пераносу ідэй, сацыяльных форм з мінулага ў сучаснасць. Уласны час Мадэрну, яго сапраўдная цяпершчына — гэта ўхронія, дзе кожнае ўстанаўленне мае свой дакладны сэнс і разумнасць. Абдзіраловіч нібы пазычае гэтае запытанне Мадэрну — ён таксама патрабуе асветы “цёмных малаасвечанах народаў” [16]; таксама шукае той кантаўскай сталасці духу, якая жыве ўласным розумам, без штучных мыліц чужых падказак; таксама патрабуе жыць без “прыхільнасці да рознага роду аўтарытэтаў, пашаны да пісаных законаў”, дзеля якіх чалавек “не робіць клопату ў кожным выпадку думаць, як трэба рабіць, і звяртацца да ўласнага сумлення” [17]. Але, вядома, “Адвечным шляхам” кіруецца не сцяжынай класічных мадэрнізацыйных праектаў, і тэмпаральная ўстаноўка эсэ – гэта не асветніцкая ўстаноўка ў чыстым відзе. Гэта, хутчэй, зварот крытыкі Мадэрнасці на саму сябе, асучасненне сучаснасці, Асветніцкая крытыка прымхаў і ідалаў — але прымхаў і ідалаў самога Асветніцтва. Бо пошукі адзіных, універсальных, “заўсёдных”, рацыянальных падстаў жыцця прамінулі ўласна само жыццё, рассінхранізаваліся з унутраным рытмам і “хронаметражам” чалавечага быцця. Быццё ў сваёй ісце зменліва, пратэічна, падобна “вулканічнаму грунту” [16], увагнаць яго ў адзіныя “заўсёдныя” формы можна толькі за рахунак яго інтэнсіўнасці і патэнцыяльнасці. Хто пражывае жыццё ў аднастайных, раз і назаўжды дадзеных формах, пражывае не свае жыццё, і не свой, аўтэнтычны час. Такім чынам спараджаецца ідэалогія сучаснасці — “духоўнае мяшчанства” [16]. Мешчанін — гэта “месціч”, жыхар гораду. Гораду як пераважнага локусу сучаснасці, месцу мадэрнасці, супрацьпастаўленаму вакольнай прасторы, і свайму alter ego — вёсцы, акурат на ўяўнай храналагічнай прамой. Але мешчанін жыве пустой сучаснасцю, яна не мае каранёў у яго унутраным быцці, не споўнена ўнутранымі сэнсамі і асэнсаваннем. Гэта сучаснасць, якая мае вонкавыя, прымусовыя механізмы распаўсюджання — моду, дысцыпліну і бюракратыю (“канцылярыю” [18]).

Адной з галоўных тэзаў “Адвечным шляхам” ёсць тая, што ідэі таксама маюць гісторыю і свае жыццёвыя цыклы. Ідэі нараджаюцца, развіваюцца і паміраюць — такую “жыццёвую” метафізіку Абдзіраловіч супрацьстаўляе метафізіцы платанічнай, дзе ідэі цалкам належалі несмяротнаму свету. Акурат смерцю ідэі ёсць яе пераўвасабленне ў застылую форму, акурат да гэтай смяротнасці ідэй невідушчы мешчанін, які не здольны ўбачыць як “у труне формул калісь святыя ідэі змарнелі, сплеснелі, што час прайшоў і вымагае новай творчасці” [18]. À Propos: заўважце гэты анакалуф[1], які Абдзіраловіч уводзіць у тэкст: час прайшоў, але ён жа вымагае творчасці — час мінае, знікае ў нябыце, але ён жа і застаецца тут, пры нас, патрабуючы змяняцца, развівацца. Ізноў: памылка з пункту гледжання моўных нормаў, і, ўсё ж, цалкам слушна, зыходзячы з сінтаксісу мыслення, захопленага парадоксамі часу.

“Духоўнае мяшчанства было заўсёды” — кажа Абдзіраловіч, было як патэнцыя, як адзін з модусаў тэмпаральнасці, як здавальненне і заспакаенне ў цяпер. Але сапраўднай азнакай часу духоўнае мяшчанства стала зараз: “у нашы часы такі духоўны светагляд зрабіўся блізка што агульным” [18].

Зараз духоўнае мяшчанства вызначае істу гісторыі і сучаснасці — падкрэслівае Абдзіраловіч, каб у наступным абзацы выгукнуць: “час пераканацца, што няма формаў універсальных …” [18]. “Нашы часы” гэта час агульнага панавання ўніверсальных нормаў, але гэта і час, калі наспела патрэба і магчымасць такую ўніверсальнасць аспрэчыць і зрынуць. Як прачытаць гэты ўрывак, пазбягаючы парадоксу? “Нашы часы”, як цяпер, сукупнасць наяўнага, азначаны і вызначаны панаваннем “духоўнага мяшчанства”; “нашы часы” як актуальнае, як кропка да пераходу ў прышласць, небылое, але шуканае — гэта час зрынання застылых форм.

“Упалі ўсе формы, якія хацелі панаваць над чалавекам” [18], “ляжаць разбітыя і растрэсканыя каля ног чалавека Малох рэлігіі, гаспадарства, пісанай маралі і яшчэ, і яшчэ” [19] — Абдзіраловіч кажа нават у мінулым часе, як аб меўшым месца. Але гэта адметны мінулы час — мінулы час прароцтва і адкрыцця, як у “упаў, упаў, Вавілоне, вялікая блудадзейка”. Гэта адметная, амаль рэлігійная, танальнасць урыўка нават падкрэслена стылістычна і сінтаксічна. Яшчэ адна форма “працы” з часам: будучае, шуканае і памыснае можа быць убачаным як былое, здзейсненае. Гэта будучае, перажатае як ужо былое, адсвечвае свабодай у сучаснасць, паняволеную застылымі формамі, зрынае “мёртвую ўладу струхлеўшых форм” [19] — дэспат нярушнай формы ўжо забіты, здранцвеўшая сучаснасць ужо разбіта плынню жыцця. Ізноў адзначым гэтую “мёртвую ўладу” (не ўлада мёртвага, да прыкладу, але мёртвая ўлада) — чарговае парушэнне моўных норм, матываванае сінтаксісам мыслення тэмпаральнасці.

Сучаснасць як цяпершчына — гэта час, калі ў “абедзьвух культурах Еўропы над жыццём здзекуецца форма”, гэта “нашы часы кулямёту і гумавай палкі” [19]. Цяпер “Адвечным шляхам” гэта не цяпер Пілсудскага і Леніна, ці Сярэдняй Літвы і БССР. Цяпер “Адвечным шляхам” будзе доўжыцца там і покуль, дзе і калі абапал Беларусі дзеіцца гісторыя зразумелая, але непрымальная для нас, покуль існуе само гэта “абапал”, як выразная альтэрнатыва; дзе і калі ўлада і дзяржава абапіраюцца на знешні і ўнутраны гвалт, вызначаны ім (згадаем дэфініцыю М. Вебера: дзяржава як адзіная арганізацыі, якая мае легітымнае права ўжыць гвалт).

Сучаснасць як актуальнасць, гэта плынь жыцця, непадпарадкаванага, вольнага ад кулямётаў і гумавых палак, жыцця зіхоткага, квітнеючага, падобнага да кроплі расы ў промнях ранішняга сонца[2].

***

Стаўкі падвышаюцца: першую частку пачынала беларуская гісторыя, другую — агульнаеўрапейская, трэцюю ж адчыняе гісторыя антрапалагічная. “Да нашай пары мэтай выхавання было навучыць жыццю: гэта значыць даць чалавеку гатовыя шаблоны …” [20] — Абдзіраловіч прыбірае ўсе пазнакі, маркёры канкрэтнай прасторавай і лакальна-культурнай суаднесенасці, запрашае прачытаць свае развагі ў якасці рэферэнтных да гісторыі чалавецтва як такога. Адначасова з гэтым узбуйненнем маштабу паскараецца рытм аповеду, расце яго інтэнсіўнасць. Сваю звычайную сцяжыну: ітэратыўнае мінулае — персаналісцкае зараз — дэанталагічная будучыня, Абдзіраловіч “прабягае” літаральна за дзве старонкі. Мінулае чалавецтва пададзена вельмі эскізна, начарна. “Адвечным шляхам” прапануе нам прачытаць антрапалагічную гісторыю, як гісторыю выхавання: “выхаванне імкнула…” [20]. Але канкрэтныя абрысы гэтай гісторыі выхавання / гісторыі чалавецтва не названы і не выказаны. Абдзіраловіч нібы пакідае задачу запаўнення гэтай лакуны на рахунак чытачу, а сам адразу пераходзіць да сучаснасці.

Яшчэ адно значэнне сучаснасці, імпліцытна прысутнае ў мінулых гістарычных экскурсах: сучаснасць як палетак, дзе родзіць насенне мінулага, ці дзе яно застаецца без плёну; сучаснасць як суд над мінулым, дзе суддзя і пацярпелы супадаюць — “да нашай пары мэтай выхавання было … і вось што выпрацавалі такія зданні” [20]. Будучыня ўраблялася шляхам выхавання пашаны да наяўнага і прызнанага, таму час толькі доўжыў саматоеснае, нерухомае і пазбаўленае творчасці бытаванне. “Наша пара” — час нядолі і рабства, можа цягнуцца яшчэ бясконца, але ён ўжо зараз можа стацца і часам азірнуцца назад і прызнаць аблуднасць пройдзеных сцежак.

Пошук аўтэнтычнай будучыні выяўляе лакальнасць іншага, сапраўднага часу — часу змен і зменлівасці, часу не наяўнага, але часу творчасці. Такі час зараз дзейнічае толькі “ў вольных далінах мастацтва і навукі” [20].

Творчасць і мастацтва — узор таго, якім мае быць жыццё, “вольная даліна” пасярод паняволенай сучаснасці, — выяўляюцца як прысутныя ў адметным “зараз” дыялогу. Тэкст “Адвечным шляхам” разгортваецца да чытача ў серыі пытанняў, адказаў, прызнанняў, запрашае яго ўбачыць мастака за працай: “сапраўды, што такое — мастацтва?” [20], “праўда, такой гармоніі паміж зместам і формай у жыцці няма” [21], “што далей бачым у мастацтве?”, “ці яно калі-небудзь задаволена …? — Не!” [21]. Мастацтва і мастак прысутнічаюць як непасрэдны, навочны рэферэнцыяльны гарызонт дыялогу Абдзіраловіча са сваім чытачом — яны тут і зараз. Праца мастака навочна, разгортваецца ўвачавідкі, покуль ідзе гутарка пра сутнасць ягонай творчасці, Абдзіраловіч разважае поруч з намі над гэтай сутнасцю, покуль доўжыцца праца мастака. Гэта і ёсць тое, што мы пазначалі як “персаналісцкае зараз” Адвечнага шляху. “Мы” — мастак, Абдзіраловіч, чытач, — сучасны, аднамомантны ў сваім асабістым усведамленні, засведчанні творчасці. Кожны з нас “прыйшоў у свет падзівіцца з яго хараства” [22], і менавіта зараз, калі мы, кожны паасобку, і ўсё ж супольна, дзівімся творчасцю і яе хараством, мы насапраўды знаходзімся ва ўласным, свомым “зараз”, а не ў пустэчы пазычанага “цяпер”, як вонкавай, фізічнай сумеснасці і ўнутранай, духоўнай самоты. З гэтага супольнага разумення і сумеснага засведчання прарастае сапраўдная сучаснасць, у якой магчыма сапраўднае паразуменне і асэнсаваная размова, нават калі яе рэплікі размежаваны амаль стагоддзем.

Да гэтага знойдзенага, здабытага “мы” Абдзіраловіч звяртаецца з серыяй заклікаў: “вось і мы ў нашым штодзённым жыцці павінны быць такімі тварцамі”, “хай не будзе … нічога нярухомага, святога”, “хай не будзе строгіх дырэктыў”, “хай не будзе “чалавекаў у футлярах” [21], “хай гучыць у сэрцы кожнага” [22] — акрэсліваючы, тым самым, будучыню гэтага мы, як экзістэнцыйны выклік.

У гэты момант тэкст “Адвечным шляхам” фактычна разрываецца, ці, нават, адрываецца ў іншую танальнасць, у іншую тэмпаральную мадальнасць — у спрадвечнае зараз міфу. Маецца наўвеце фантастычны, такі неразважлівы, але ж і такі сімпатычны, сімптаматычны для юнацкай беларускай філасофіі адцінак прысвечаны “Матцы-Матэрыі” і “Бацьке-Купале”. Засяродзіўшыся на ўласна тэмпаральнасці, зазначым: казаным ёсць нібы прадчассе — пачатак сусвету і самой магчымасці часу, але выказваецца яно ў граматычных формах цяперашняга часу і з перцэпцыйнага пункту гледжання наяўнага, адбывалага “на вачох”, ці, хутчэй, непасрэдна чутнага, бо асноўныя прэдыкаты тут — аўдыяльныя : “Поўна Яна [Матка-Матэрыя] смутку, поўна галасоў неясных, быццам шапаценне нераспушчанага лісця …”, “вось адхінаецца прадвечны туман”, “загрымяць грамніцы, патрасаючы выразным грукатам прадвечную безгалоснасць, — гэта прачхнуўся, вышаўшы з лана Маці, адвечны Купала, гэта яго павіншаванне сваёй матцы, гэта першая ласка сваёй жонцы” [22]. Тое, што было напачатку ўсяго, можа і мусіць быць пачутым зараз, паўтораным зараз, каб давесці як сваю праўдзівасць, так і ісціну гэтага “зараз”. Няма вечнага — як простай сумы імгненняў, ці як тагасветнага ў адносінах да смяротнага і зменлівага; ёсць толькі адвечнае і спаконвечнае, якое залучана кожным момантам, іманентна яму, якое чуваць у кожнае імгненне і якім кожнае імгненне паклікана.

Адцінку, прысвечанаму “Матцы-Матэрыі” і “Бацьке-Купале” наступнічаюць сацыяльна-палітычныя развагі, якія мы прамінем, бо тут тэкст адступае ад паслядоўнага прытрымлівання пэўных тэмпаральных мадальнасцяў, як галоўнага сэнсаспараджаючага механізму, абрастае кантэкстуальнымі дэталямі (дэмакратычны, сацыялістычны і камуністычны праекты і канкрэтная палітычная практыка, у якой яны адбіліся, досвед Кастрычніцкай рэвалюцыі і спробаў стварэння незалежнага беларускага ўраду і д.п.), якія перахопліваюць кіраванне логікай развінання тэксту і яго аргументацыі.

***

У апошняй, чацвёртай, частцы яшчэ раз сцісла паўтараецца тое ж тэмпаральнае і гістарычнае рушанне, якое мы прааналізавалі вышэй:

1) Ітэратыўная гісторыя рассінхранізаванасці асобы і грамады (“трудна было шукаючай адзінцы здаволіцца такімі абставінамі. Яна рвалася на волю, але там чакалі яе дзікія звяры, голад, небяспечнасць” [32]) і пробліскаў аўтэнтычнай свабоды і творчасці (“Беларускія сябрыны, паўночна-славянскія ватагі, чарнагорскія ўдружэнні, чэскія задругі то на лёгкіх чаўнох па рэках і морах, то сухім шляхам ідуць на новыя месцы, займаюцца промысламі, творачы сабе жыццё, якое ім здаецца лепшым” [32]);

2) Персаналісцкае зараз: “упэцканая ў селядцовым сосе” [33] кааперацыя ўсе ж адстойвае сваю годнасць і праўду ў дыялогу з сучаснасцю: “Кааперацыя ня кажа: “Я маю гатовую праўду: прыходзь і бяры”, яна толькі кажа: «Твары, творачы – руйнуем””, “сапраўдная кааперацыя адказвае яму: “Дурны хлопец, ці можна жыццю прадмаўляць гатовыя шляхі” [34].

3) Дэанталагічная будучыня, і будучыня як экзістэнцыяльны выклік: “Кожны павінен быць вольны ў сваіх жаданнях. Ніякіх прымусовых ахвяр, ніякіх багоў не павінна быць” [34]; будучыня не як надыходзячае, але як шуканае і прысутнае ўжо зараз і спрадвеку: “у гэтым – наша надзея, ў гэтым нагад на прадсвет і запраўдны жыццёвы кірунак” [35]; будучыня як прадвешчанае мінулае і цяперашняе: “і цяпер прабуджаныя да творчасці народныя масы, чуючы ў сабе прысутнасць Міравой душы, з пеўнасцю кажуць: «творачы — зруйнуем»”.

 


[1] Ад старажытнагрэцкага ἀνακόλουθον, стылістычная памылка, ці свядомы рытарычны / паэтычны прыём, звязаны з парушэннем сінтаксічных норм, калі адно слова выкарыстоўваецца ў розных значэннях, да прыкладу: “праходзілі дні і мінакі”.

[2] Ёсць легенда — нібы Канчэўскі стварыў у Вільні гурток вывучэння ёгі. У працяг гэтай легенды зазначым: абдзіраловічавы вобраз чалавечай душы як кропелькі, якая “зіхаціць нялічаным багаццем фарбаў” [19], (падазрона) падобны да “Павуты Індры” (Indrajāla) — будысцкага канцэпту-метафары, упершыню выкладзенага ў Аватамсака-сутры (Avataṃsaka Sūtra), якая прыпадабняе ўвесь свет і чалавечую свядомасць да бясконцай павуты, у кожным з перакрыжаванняў якой змешчана бліскучая перліна, што адбівае сваёй зіхоткай паверхняй усе астатнія каменні і ўсю павуту як такую.

“Лятучы” таксама рэкамендуе:

Цыкл публічных лекцый, прысвечаны спадчыне Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага)

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар