Дэлібэратыўная дэмакратыя ў Беларусі – падвойная ўтопія

13 красавіка 2016

Пётр Рудкоўскі

Першая частка: Дэлібэратыўная дэмакратыя: ідэя і асноўныя пастулаты”

Гэты артыкул уяўляе сабой працяг папярэдняга (Дэлібэратыўная дэмакратыя – ідэя і асноўныя пастулаты), але яго можна чытаць незалежна, гзн. для яго адэкватнага зразумення неабавязкова чытаць папярэдні артыкул. У прапанаваным ніжэй тэксце маю намер разважыць канцэпцыю дэлібэратыўнай дэмакрытыі ў аднясенні да Беларусі і зрабіць гэта ў той танальнасці, якую задалі ініцыятары гэтай серыі публікацый – успрыняўшы гэту канцэпцыю як адну з утопій, гзн. адно з неіснуючых месцаў, у якім можна, з дапамогай уяўлення, памясціць Беларусь і паглядзець, наколькі яна там пасуе.

Спачатку з дапамогай шэрагу прыкладаў беларускай дэлібэрацыі паспрабую абрысаваць фактычны стан дэлібэратыўных практык у нашай краіне, пазней укажу на два фактары, адказныя за панаванне выяўленых практык, а затым – у якасці падагульняльных высноў – растлумачу, у якім сэнсе дэлібэратыўная дэмакратыя ў Беларусі з’яўляецца «падвойнай утопіяй».

1. Асаблівасці дэлібэрацыі ў публічнай прасторы Беларусі 

Дзеля стварэння прыблізнага ўяўлення аб спецыфіцы дэлібэратыўнага вымярэння беларускага грамадства прадстаўлю і пракаментую серыю прыкладаў аргументацыйных стратэгій, якія былі прыменены ў ходзе публічных дэбатаў, што адбываліся ў розных ідэалагічна-палітычных кантэкстах. Прынамсі некаторыя з гэтых прыкладаў заслугоўваюць  больш разгорнутага аналізу, але, паколькі ў гэтым артыкуле яны выконваюць перадусім ілюстрацыйную функцыю, абмяжуюся толькі кароткім каментаром.

Прыклад #1. У адным са сваіх артыкулаў Юры Дракахруст згадвае, як Вячаслаў Оргіш, доктар філасофскіх навук, падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 году заклікаў сацыёлагаў, каб тыя «прадказвалі перамогу дэмакратыі і звяржэнне дыктатуры»[1]. Інакш кажучы, філосаф жадаў, каб сацыёлагі зыгнаравалі дадзеныя, якія вынікаюць з вывучэння грамадскай думкі, а замянілі іх канстатацыямі, якія вынікаюць з уяўлення такой рэчаіснасці, якой яна павінна быць.  

Прыгаданне казусу пятнаццацігадовай даўнасці прадыктавана перадусім ягонай яскравасцю. Тэндэнцыя ж, якую ён ілюструе – ігнараванне фактаў на карысць павіннасцяў, –  нязменна ўтрымліваецца ў беларускай публічнай прасторы. Заўважыў яе вядомы польскі сацыёлаг, знаўца беларускіх рэаліяў, праф. Рышард Радзік. «Беларускія апазіцыйныя эліты – піша аўтар у адным з артыкулаў – схільныя бачыць рэчаіснасць такой, якой яна “павінна быць”, замест таго, каб даследаваць яе такой, якой яна ёсць насамрэч»[2].

Прыклад #2. Прачытайма наступнае разважанне:

У кожнай сучаснай дзяржаве кожны нармальны грамадзянін ад пачатку нацыяналіст. Быць нацыяналістам – гэта нармальны стан чалавека. Чалавека без свайго нацыянальнага пачатку на Зямлі проста не існуе. (…) Я нарадзіўся беларусам. І змяніць гэтага я не дам рады. Але калі гэта так, калі Госпад даў мне жыццё ў гэтай нацыі, то значыць так трэба, і ў гэтым маім нацыянальным існаванні і ёсць Найвышні сэнс. І калі я ўразумеў свой кон і магу нешта зрабіць для свае нацыі, то я мушу ісці гэтым нялёгкім шляхам[3].

Прыведзены тут пасус паходзіць з выдадзенай у 2009 г. кнігі Анатоля Астапенкі И где зародилися и ускормлены суть побозе, якая з энтузіязмам была прынята ў многіх апазіцыйных асяродках. Зацытаваны фрагмент з’яўляецца добрым прыкладам мыслення ў катэгорыях наканавання, што зноў жа з’яўляецца характэрнай рысай беларускіх публічных дэбатаў. Як апазіцыйны, так і афіцыйны дыскурс моцна прасякнуты ідэяй «гістарычнага наканавання», «кону», «прадвызначэння». Тое ці іншае «наканаванне» часам прыпісваецца беларускаму народу, часам – ключавым постацям (напр. Аляксандру Лукашэнку), а часам – беларусам, узятым індывідуальна. Іншым прыкладам наканавальніцкага мыслення з’яўляецца выказванне Лукашэнкі падчас семінара для чыноўнікаў у 2003 годзе, які стаў вуглавым каменем таго, што сёння мянуем «беларускай дзяржаўнай ідэалогіяй»: «Беларусь гісторыяй, лёсам і становішчам, найвідавочней, паклікана выканаць ролю лідэра ўсходнеславянскай цывілізацыі»[4].  

Прыклад #3. У снежні 2014 году ў рэдакцыі «Советской Белоруссии» адбылася дыскусія пад назвай История уполномочена заявить[5], з удзелам пяці «эстаблішмэнтавых» гісторыкаў[6]. Калі прыгледзімся аргументацыйнаму аспекту абмеркавання, то можам заўважыць, што большасць абгрунтавальных выказванняў падпадае пад такую схему:

(1) …як казаў Ам.

дзе «А» – гэта якаясь аўтарытэтная постацькласік, а «м» – дасціпнае выказванне афарыстычнага характару. Варта дадаць, што выраз «як казаў» можа мець розныя варыяцыі, напр.: «як слушна заўважыў», «не трэба забываць словы знакамітага вучонага» ітп. Напрыклад:

(2) «Як казаў Блок, гісторык – гэта следчы» (Ходзін).

(3) «Не трэба забываць словы знакамітага сацыёлага Талкота Парсанса аб тым, што сапраўдныя перавароты адбываюцца ў галовах людзей» (Ходзін).

Тут – цытата з Вебера, там – з Цыцэрона; адзін казырнуў словамі Ранкэ, іншы – у адказ прывёў Блока, а ў прыдачу – Парсанса. Беларуская гуманістыка ў сваім аргументацыйным вымярэнні знаходзіцца на ўзроўні цытавання крылатых выразаў; падобнае можна сказаць і пра пазаакадэмічную дэлібэрацыю.

Прыклад #4. Прыгледзьмася выказванню, напатканаму ў тэксце аднаго аўтарытэтнага філосафа:

(4) «Дыскурс Беларусі і ідэя Беларусі – гэта дзве варожыя рознасці»[7].

Такога тыпу выказванні часта цытуюцца і тыражуюцца як цікавыя, мудрыя і арыгінальныя. Мала хто задумваецца над тым, які дакладна сэнс месціцца ў такім выказванні і ці ўвогуле ёсць у ім які-кольвечы сэнс. Тымчасам дастаткова элементарнай лагічнай адукацыі, каб заўважыць, што выказванне (4) – гэта прыклад бессэнсоўнага ў лагічным плане сказу. Гляньма:

(4′) 

(а) Дыскурс Беларусі – гэта рознасць А.     

(б)  Ідэя Беларусі – гэта рознасць Б.

(в)  Рознасць А і рознасць Б знаходзяцца ў стасунку варожасці адна да другой.

Што значыць, што нейкі дыскурс з’яўляецца рознасцю? Слова «рознасць» ёсць дэрыватам ад прыметніка «розны», а «розны» – гэта рэляцыйны прыметнік, сэнс якога зводзіцца да наступнага: X адрозніваецца ад у аспекце F. У звязку з гэтым:

(4′)

(а’) Дыскурс Беларусі – гэта стасунак паміж нейкім Х і нейкім Y, якія

адрозніваюцца паміж сабой у аспекце F.

Тое ж самае адносіцца і да «ідэі Беларусі як рознасці». Акрэсліванне «дыскурсу» як «стасунку» з’яўляецца катэгарыяльнай памылкай. Больш карэктна было б акрэсліваць дыскурс як сукупнасць нейкіх элементаў, паміж якімі існуюць такія-і-такія стасункі, а не як стасунак або стасункі.

Звернем яшчэ ўвагу на спосаб ужыцця слова «варожыя». Згодна з логікай дадзенага выказвання маем нешта такое: паміж стасункам адрознення А і стасункам адрознення Б існуе стасунак варожасці. Якім чынам стасункі могуць варагаваць?

Прыклад #экзэмпліфікуе частую ў беларускіх грамадска-філасофскіх дэбатах тэндэнцыю да гіпастазавання або персаніфікацыі абстракцый. Падчас як у мастацкім творы гэты прыём можа мець станоўчае значэнне, яго стасаванне у філасофскім ці сацыялагічным дыскурсе амаль заўсёды з’яўляецца заганай, паколькі выбівае дыскусію з рацыянальна-аргументацыйнай каляіны і пераносіць яе ў эстэтычна-пачуццёвую каляіну.

Прыклад #5. Яшчэ адна проба разважанняў філасофскага характару:

Твань – блявоціна чорта – сумесь цвёрдай зямлі і цечнай вады, ідэальная мадэль Хаосму як пачатку і канца ўсіх шызафрэнічных дыскурсаў, замяшаных на аральна-анальна-генітальнай фізіялогіі[8].

«Твань», «блявоціны чорта», «шызафрэнічныя дыскурсы», «быццё замяшаным на аральна-анальна-генітальнай фізіялогіі», «Хаосм» – такая «тэрміналогія» дазваляе хіба што толькі ідэнтыфікаваць эмацыйны стан аўтара; яна не дае магчымасці крытычна ацаніць змест выказвання, паколькі невядома, што аўтар тут хацеў сказаць. Злоўжыванне паэтычнай экспрэсіяй – гэта чарговая рыса беларускіх публічных дэбатаў. Калі да такой экспрэсіі  дадаецца яшчэ дэмаскатарска-прароцкі або іранічны тон – таксама частая рыса дэбатаў у Беларусі – то дыскусія становіцца сапраўдным… хаосмам (не ведаю, што гэтае слова значыць, але здагадваюся, што нешта вельмі-вельмі кепскае, таму яно тут цалкам да месца).

Прыклад #6. Прыгледзьмася такому выказванню:

Чалавецтва ўжо не можа рухацца па пуцявінах, закладзеных у культурных матрыцах тэхнагеннай цывілізацыі[9].

Дыскусіі ў Беларусі перапоўнены канстатацыямі глабальнага характару, то бок такімі, якія адносяцца да цэлых культур, эпох або ўсяго чалавецтва. «Мадэрнізм сканаў», «Хрысціянства вычарпала свае магчымасці», «Заходнееўрапейская цывілізацыя старэе» – гэткія канстатацыі дужа часта з’яўляюцца на вуснах беларускіх дыскутантаў. Такія выказванні гучаць незвычайна і могуць спараджаць трымценне або энтузіязм. Праблема, аднак, у тым, што яны адносяцца да з’яў настолькі маштабных і настолькі ўнутрана дыферэнцыяваных, што амаль немагчыма ацаніць гэтыя выказванні ў аспекце праўдзівасці, фальшывасці або праўдападабенства.

З дапамогай шасці прыкладаў я паспрабаваў абазначыць шэраг праблем, якія, водле маіх назіранняў, даволі часта з’яўляюцца ў беларускай дэлібэратыўнай прасторы: (1) ігнараванне фактаў на карысць павіннасцяў, (2) наканавальніцкае мысленне (argumentum ad praedestinationem), (3) жангляванне цытатамі з класікаў, (4) гіпастазаванне і персаніфікацыя абстракцый, (5) злоўжыванне паэтычнай экспрэсіяй ды (6) злоўжыванне глабальнымі канстатацыямі. Зазначу, што маёй мэтай не было прадстаўленне вычэрпнага спісу ўсіх істотных праблем беларускай дэлібэратыўнай прасторы; галоўнай мэтай было абазначэнне праблемнага поля канцэпцыі дэлібэратыўнай дэмакратыі, прасцей кажучы, паказанне, штодэлібэратыўная дэмакратыя магла б рабіць у Беларусі.

Дзеля паўнаты аналізу пажадана было б растлумачыць, у чым дакладна палягае праблемнасць прыведзеных вышэй шасці фрагментаў дэлібэрацыі. Каб пазбегнуць празмернага расцягвання гэтага артыкула, абмяжуюся кароткімі заўвагамі, застаючыся гатовым прадставіць – калі будзе такая патрэба – больш разгорнутыя паясненні.

Казус (1) –  ігнараванне фактаў на карысць павіннасцяў – грунтуецца на заганнай схеме разумавання: «Х ёсць, таму што Хпавінна быць». Прыблема тыпу (2) нярэдка аналізавалася філосафамі аналітычнай або рацыянальна-крытычнай традыцыі[10]Argumentum ad praedestinationem выклікае засцярогі як лагічнага, так і этычнага плану. Лагічнага – паколькі абапіраецца на досыць праблемнай перадпасылцы, што грамадска-культурная рэчаіснасць прадвызначана нейкай вышэйшай сілай (гістарычнымі законамі, «конам» ігд.); этычнага – паколькі argumentum ad praedestinationem мінімалізуе асабістую адказнасць чалавека за культурныя і грамадска-палітычныя працэсы, перакідвае гэту адказнасць на «вышэйшыя сілы». Праблемнасць выказванняў, што падпадаюць пад катэгорыі (4), (5) і (6), заключаецца перадусім у іхняй цьмянасці, гзн. немагчымасці адназначнага распазнання ягонага зместу і суаднясення з рэчаіснасцю або іншымі выказваннямі. Цьмянасць, эзатэрычнасць выказванняў зазвычай спараджае сітуацыю, калі адрасат вымушаны альбо бескрытычна пагадзіцца імі, або адкінуць іх на эмацыйнай аснове. Такім чынам, моўны эзатэрызм ускладняе, а то і ўвогуле паралізуе рацыянальную дыскусію.

Магчыма, больш паясненняў патрабуе казус (3). Цытаванне аўтарытэтаў – гэта нармальная з’ява ў ходзе рацыянальнай дыскусіі. Сам факт такога цытавання не з’яўляецца праблемай. Варта тут, аднак, удакладніць, у чым палягае рацыянальнаяспасылка на аўтарытэт. У рацыянальнай аргументацыі спасылка на аўтарытэт абапіраецца на прэзумпцыі  кампетэнцыі (ПК), якую можна эксплікаваць наступным чынам:

(ПК) Калі А стаў аўтарытэтам (класікам) у галіне Г, то існуе высокая верагоднасць таго, што выказванні А датычныя галіны Г маюць высокую эпістэмічную вартасць.

Такая прэзумпцыя карысная, але да той пары, пакуль яна не дагматызуецца. Але яна не дае нам дазволу на аўтаматычнае адкідванне або прыманне тэзы толькі на той падставе, што нешта прамоўлена аўтарытэтам А.

Спасылка на аўтарытэт можа мець іншы характар, а менавіта, можа яна абапірацца на догме беспамылковасці (ДБ), якую можна эксплікаваць такім чынам:

(ДБ) Калі А з’яўляецца аўтарытэтам у галіне Г, то ўсё, што кажа А датычна Г, не падлягае аспрэчанню.

Матывы прыняцця такой догмы могуць быць розныя. За ёй неабавязкова мусіць стаяць  перакананне, што ўсё, што кажа А, з’яўляецца праўдзівым. Гэтая догма можа быць рудыментам пераканання (магчыма, падсвядомага), што ў сферы навуковага пазнання існуе строгая  іерархія: «Вялікія Навукоўцы» займаюцца ўстанаўленнем таго, што праўдзівае і фальшывае, рацыянальнае і ірацыянальнае, а «малыя навукоўцы» ўсяго толькі рэтранслююць заключэнні «Вялікіх». Такое стаўленне да аўтарытэту можна перадаць такім чынам: Калі А з’яўляецца аўтарытэтам, то хто мы такія – шэрыя адэпты навукі – каб ставіць пад сумнеў правамоцнасць таго, што кажа А. Хай гэтым займаюцца Вялікія Навукоўцы.

У беларускай дэлібэратыўнай прасторы часта дае аб сабе знаць гэтае другое – дагматызаванае – стаўленне да аўтарытэтаў. Гэткае стаўленне і быў пакліканы экзэмпліфікаваць прыклад #3. Частата спасылак і спосаб спасылання (прывядзенне кароткага выказвання афарыстычнага характару) даюць падставы бачыць тут дагматызаванае стаўленне да аўтарэтытаў-класікаў.

Варта з гэтай нагоды прыкмеціць, што ад дагматызму да нігілізму – адзін крок. Успрыманне навуковага аўтарытэту як крыніцы ісціны, можа, як правіла, лёгка змяніцца на ўспрыманне яго як «фальшывага прарока» – дастаткова, што з’явіцца нейкі новы Вялікі Навуковец, які аспрэчыць погляды папярэдняга аўтарытэту. А паколькі ў пару экспансіі і дыферэнцыяцыі медыйнай прасторы працэс з’яўлення аўтарытэтаў і працэс іх «скідвання» неймаверна паскорыўся, многія прымаюць погляд, што «ўсе аўтарытэты з’яўляюцца фальшывымі прарокамі» – погляд не ў меншай ступені ірацыянальны, што і яго антыпод: «усе аўтарытэты – гаранты ісціны».

Знаходжанне выпадкаў парушэння прынцыпаў рацыянальнай аргументацыі само па сабе не значыць, што дэлібэратыўная сфера знаходзіцца пад пагрозай. Я схільны, аднак, цвердзіць, што пералічаныя вышэй праблемы з’яўляюцца тыповымі для беларускай абмеркавальнай прасторы. У тэкстах беларускіх філосафаў і гуманітараў, не кажучы пра палітыкаў і журналістаў, вельмі лёгка напаткаць псеўдаргументацыйныя звароты, тыпу argumentum ad praedestinationem або бескрытычнае argumentum ad auctoritatem. Яшчэ лягчэй напаткаць цьмяныя і заганныя ў сінтаксічным плане разважанні. У той жа час цяжка знайсці разважанні, якія адпавядалі б прынцыпам рацыянальнай аргументацыі, гзн. разважанні, дзе тэза або прапанова сфармулявана ясна, аргументы (падставы) ідэнтыфікавальныя і дзе няма ідэалагічнай клаўзулы, што ўсякая спроба крытычнай ацэнкі дадзенага погляду азначае заняцце варожай пазіцыі ў стасунку да нейкага вызвольнага праекту.

2. Савецкая спадчына і кантынентальная філасофія – фармальвальнікі дэлібэратыўнага этасу ў Беларусі

Прадстаўлены ў папярэднім параграфе стан рэчаў абумоўлены гістарычна-культурнай спецыфікай беларускай публічнай прасторы. Гэта прастора фармуецца як прадукт двух фактараў: (1) трываласці савецкіх навыкаў дыскутавання і (2) дамінацыі крытычных тэорый у беларускай гуманістыцы.

2.1. Рудыменты савецкага марксізму

Стыль вядзення публічных дэбатаў у сучаснай Беларусі ўсцяж моцна пазначаны савецкімі манерамі дыскутавання. Аргументацыйная спецыфіка савецкай дэлібэрацыі, гэтаксама як і метадалагічная спецыфіка савецкай гуманістыкі, да гэтага часу не аналізавана належным чынам. Можна, напрыклад, пачуць, што «ў БССР дамінавала пэўная версія нэапазітывізму»[11] або што савецкая навука была выключна арыентавана на прыродазнаўства і характарызавалася адмаўленнем якой-кольвечы вартасці філасофіі і гуманітарным навукам. Такія сцвярджэнні з’яўляюцца праявай глыбокага непаразумення вакол таго, якімі былі базавыя ўстаноўкі «марксісцка-ленінскага падыходу» і як гэтыя ўстаноўкі працавалі ў практыцы. Іншыя спробы асэнсавання спараджаюць надзвычай эпатажныя канстатацыі тыпу: «За 70 год камуністычнага панавання беларусам было забаронена думаць»[12]. Калі забраць драматызм выказвання, то нічога змястоўнага ў ім не застанецца.

Тут не месца, каб падрабязна характарызаваць савецкія інтэлектуальныя традыцыі;  абмяжуюся ўсяго толькі кароткай характарыстыкай тых аргументацыйных установак, якімі моцна пазначана дэлібэратыўная прастора ў сённяшняй Беларусі. Я б выдзеліў пяць такіх установак: (1) змяшанне парадку рэчаў і парадку паняццяў; (2) ігнараванне фактаў на карысць павіннасцяў; (3) нявер’е ў магчымасць аб’ектыўнае веды; (4) падмена логікі «дыялектычным метадам»; (5) падмена аргументацыі мастацтвам палітычнага дэмаскавання інтэлектуальных апанентаў.

1. Змяшанне парадку рэчаў і парадку паняццяў (гегельянскі кампанент марксізму). Марксізм у метадалагічным плане – гэта ў значнай ступені гегельянства. Пра гегельянскі кампанент марксізму напісана ўжо шмат літаратуры – як прыхільнікамі марксізму, так і яго крытыкамі[13]. Галоўная гегельянская складовая марксізму – гэта перакананне, што можна апісваць рэчаіснасць з дапамогай тых самых катэгорый, з дапамогай якіх апісваем акты чалавечага пазнання (напр. «агульнасць быцця» ← «агульнасць паняцця»; «супярэчлівасць быцця» ← «супярэчлівасць паміж выказваннямі» і пад.). Немагчыма рацыянальна дыскутаваць, калі розніца паміж парадкам паняццяў і парадкам рэчаў ігнаруецца. Ёсць радыкальная розніца паміж, напрыклад, выказваннем «Кот скраў каўбасу» і выказваннем «Паняцце ката скрала каўбасу».

2. Ігнараванне фактаў на карысць павіннасцяў (фіхтэанскі кампанент). Не трэба забываць таксама пра іншую важную складовую марксізму – «фіхтэанскую»[14]. «[Ф]іласофія Фіхтэ (…) уводзіла верхавенства практычнага – а ў гэтым выпадку гэта значыла: маральнага – пункту гледжання ў эпістэмалогіі. (…) Чалавечае пазнанне прадвызначаецца ў сваім змесце практычнай перспектывай, гэта значыць, рэляцыя чалавека да свету палягае не ва ўспрыманні, а ў творчасці: свет нам дадзены як прадмет павіннасці» – прыкмячае Лешак Калакоўскі[15]. Гісторык філасофіі Уладыслаў Татаркевіч перадае галоўны пасыл філасофіі Фіхтэ наступным чынам: «Рэальны свет паўстаў як прадукт імкнення да ідэалу і таму вызначальнікам ягонай прыроды з’яўляецца ідэал; не тое, што існуе, а тое, што павінна існаваць»[16] (курсіў дададзены).

Вось скуль вядзе радавод крытыкаваная Рышардам Радзікам (гл. папярэдні параграф) схільнасць беларускіх інтэлектулаў глядзець на сацыяльную рэчаіснасць праз прызму таго, што павінна быць. Цераз савецкі марксізм, санкцыянаваная заходнееўрапейскімі крытычнымі тэорыямі, гэтая ірацыянальная ідэя нямецкага ідэаліста – падмена фактаў павіннасцямі –  перавандравала ў беларускую дэлібэратыўную прастору ХХІ стагоддзя і раз-пораз дае аб сабе знаць не толькі ў палітычнай, але і акадэмічнай сферы.

3. Адмаўленне магчымасці аб’ектыўнае веды. Стаўленне савецкіх ідэолагаў да ідэі аб’ектыўнай веды – гэта адна з тэмаў, вакол якой паўстала шмат непаразуменняў. Рэч у тым, што на рытарычна-прапагандысцкім узроўні абавязвала ленінская тэза, што «пазнанне ёсць адлюстраваннем» аб’ектыўнага стану рэчаў. Аднак на метадалагічным і аргументацыйным узроўні савецкі марксізм (як, зрэшты, і марксізм заходні) характарызаваўся глыбокай пагардай да эмпірызму і звязанай з ім ідэі аб’ектыўнага, апалітычнага пазнання (дастаткова згадаць пра кар’еру, якую ў савецкай філасофіі зрабіў пагардлівы зварот-кляймо «паўзучы эмпірызм»)[17].

4. Падмена логікі «дыялектычным метадам». Адзін з найбольш уплывовых савецкіх філосафаў Абрам Майсеевіч Дэборын зацята змагаўся за тое, каб «дыялектыка» – не платонаўская і не схаластычная, а менавіта гегельянская (злёгку мадыфікаваная) – замяніла фармальную логіку. Фармальная логіка – даводзіў Дэборын у кнізе Матэрыялістычная дыялектыка і прыродазнаўства – служыць толькі будаванню «метафізічных сістэмаў». Марксізм жа паспяхова «пераадолеў» гэту вераломную служку метафізікі – трыумфальна канстататаваў гэты ж філосаф.

Што ж, трэба прызнаць, што і сапраўды, калі не ва ўсёй навуцы, то прынамсі ў філасофіі і гуманістыцы марксізм паспяхова пераадолеў логіку. А наступствы гэтага  «пераадолення» і дасёння відаць у беларускай гуманістыцы.

5. Падмена аргументацыі мастацтвам палітычнага дэмаскавання інтэлектуальных апанентаў. Гэтая ўстаноўка суправаджае ці не ўсе публічныя дэбаты ў Беларусі і з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных спосабаў блакавання рацыянальнай аргументацыі.    

Пералічаныя вышэй устаноўкі яскрава прасочваюцца ў постсавецкай публічнай прасторы Беларусі, прычым як у «афіцыёзным» абшары, так і «арыентаваным-на-заходнія-стандарты». Найбольш жывучымі і найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца, бадай, устаноўкі (3) і (5), а заўважыць іх можна ў самых розных інкарнацыях. Цытаваная ў папярэднім параграфе заява Анатоля Астапенкі, што сапраўдным даследнікам беларускага нацыяналізму можа быць толькі беларускі нацыяналіст, пастулат «эпістэмалогіі гледзішча»[18], які актыўна падтрымліваецца большасцю крытычных тэорый, а таксама адзін з галоўных аргументаў увядзення ў Беларусі дзяржаўнай ідэалогіі[19] – усе гэтыя, здавалася б, такія розныя ідэі выдатна суадносяцца з устаноўкай (3). Пагардлівыя заўвагі адносна ідэі аб’ектыўнае веды ў савецкіх дыскурсах былі зазвычай прэлюдыяй да сфармулявання палажэння, што толькі пралетарская навука характарызуецца адэкватным светаўспрыманнем. Падобны прыём можам заўважыць у Астапенкі, прыхільнікаў фемінізму і беларускіх дзяржаўных ідэолагаў.

Трываласць саветызму ў дэлібэратыўнай прасторы тлумачыцца не толькі і не столькі фактам існавання аўтарытарнага рэжыму заснаванага на савецкіх традыцыях, а перадусім дамінацыяй тзв. крытычных тэорый у беларускай гуманістыцы. Розніца паміж заходнееўрапейскімі крытычнымі тэорыямі і савецкім марксізмам па вялікмі рахунку касметычная, таму адэпты «крытычна-тэарэтычнага» падыходу не мусілі кардынальна мяняць савецкія ўстаноўкі, якія яны ці то самі паспелі набыць у савецкі перыяд, ці ўспадкавалі ад сваіх навуковых кіраўнікоў і рэцэнзентаў. Давайце цяпер прыгледзімся гэтым тэорыям.  

2.2. Крытычныя тэорыі і іх «ўклад» у фармаванне беларускай дэлібэрацыі

Гаворка тут ідзе аб сукупнасці грамадскіх канцэпцый, якія ў сваіх тэарэтычных пабудовах непасрэдна або апасродкавана спасылаюцца на Маркса, часам таксама на Ніцшэ і Фройда, і якія асаблівы націск кладуць на «эмансіпацыю» і «вызваленне» людзей і цэлых грамадстваў ад рознага роду «прыгнёту». Сямейства крытычных тэорый даволі вялікае; адносяцца да яго розныя нэа- і постмарксісцкія плыні палітычнай філасофіі, гендарныя даследаванні, квір-даследаванні, посткаланіялізм, шэраг постмадэрністычных плыняў, крытычны аналіз дыскурсу, а нават адна з разнавіднасцяў дэлібэратыўнай дэмакратыі – тая, што культывуецца ў традыцыі Габермаса, больш вядомая пад назвай канцэпцыі «публічнай сферы» (Öffentlichkeit).

Паспрабую – таксама ў вялікім скарачэнні – схарактарызаваць тыя пастулаты крытычных тэорый, якія найбольш рэлевантныя для беларускай публічнай прасторы. Можна іх прадставіць у трох пунктах:

1. Няма ўніверсальных стандартаў вызначэння праўдзівасці ці фальшывасці, аргументаванасці ці беспадстаўнасці, слушнасці ці няслушнасці поглядаў, інтэрпрэтацый або канцэпцый. Гэты пастулат утварае перадпасылку для тзв. эпістэмалогіі гледзішча (standpoint epistemology)[20], згодна з якой той пункт гледжання, які апраўдвае наша[21] змаганне за вызваленне, і з’яўляецца адэкватным пунктам гледжання.

2. Паноўная група канструюе і ўзнаўляе ўласную грамадскую пазіцыю. Падпарадкаваная ж група (несвядома) карыстаецца дыскурсіўнымі прыёмамі, спароджанымі і навязанымі паноўнай групай, замацоўваючы, такім чынам, стан уласнага падпарадкавання[22].

Тут варта дадаць, што большасць крытычных тэарэтыкаў спавядае дактрыну Мішэля Фуко, якая вучыць, што панаванне і падпарадкаванне ажыццяўляюцца з дапамогай дыскурсу, а нават больш: дыскурсы, а не асобы, з’яўляюцца сапраўднымі суб’ектамі панавання. Гэта дыскурсы, а не асобы ці групы асоб, канструююць сацыяльную рэальнасць, у тым ліку і насяляючых яе людзей, а прынамсі іх ролю і тоеснасць[23].

3. Асноўная задача крытычнай тэорыі – выкрыць і дэмаскаваць «паноўны дыскурс». Т’ён ван Дэйк, вядучы прадстаўнік крытычнага аналізу дыскурсу, называе гэта «дысідэнцкім даследаваннем»[24]. А паколькі дыскурс ёсць сапраўдным суб’ектам улады і галоўным канструктарам рэальнасці, то барацьба з паноўным дыскурсам аўтаматычна азначае барацьбу з уладай і ўстанаўленне новай рэчаіснасці.

Няцяжка, мяркую, заўважыць, што галоўныя ўстаноўкі крытычных тэорый выдатна суадносяцца з ўстаноўкамі савецкага марксізму. Няцяжка таксама зразумець, якога тыпу ўплыў яны аказваюць на беларускую дэлібэратыўную прастору. Крытычныя тэорыі перадусім пацвярджаюць і замацоўваюць успадкаваную з савецкіх часоў ідэалагему, што няма аб’ектыўнага пазнання і няма аб’ектыўных крытэраў ацэнкі таго ці іншага погляду.

Ёсць, аднак, нешта новае, што крытычныя тэорыі ўносяць у дэлібэратыўную прастору. Гэтым «новым» ёсць сугестыя, што… дэлібэрацыя насамрэч немагчымая. Яна немагчымая, паколькі галоўнымі суб’ектамі грамадска-палітычнага жыцця з’яўляюцца не чалавечыя асобы, а «дыскурсы», «фрэймінгі», «сістэмы» або «культуры». Як трапна прыкмячае Грэхам Гуд,  «міжасабовая камунікацыя (…) анулёўваецца сацыяльным канструктывізмам. Згодна з канструктывістычным спосабам мыслення, няма чагось такога, як перадача нейкага пасылу ад аўтара да чытача праз пасярэдніцтва тэксту.  Камунікацыя адбываецца паміж сістэмай і сістэмай, а не асобай і асобай»[25]. Пад словазлучэнне «сацыяльны канструктывізм» можам смела падставіць словазлучэнне «крытычныя тэорыі», паколькі канструктывізм з’яўляецца адным з апорных пунктаў любой крытычнай тэорыі. У іншым месцы Гуд дадае (ужо непасрэдна пад адрасам крытычных тэорый): «[З]апускаецца тэорыя, што гэта дыскурс прамаўляе, а не індывідуальны чалавек. Такі спосаб тэарэтызавання, які мае мала супольнага з радыкальным пратэстам супраць карпаратыўнай улады, дапамагае дэгуманізаваць грамадства падобным чынам: яго ўзнёслая прапаганда вельмі падобная да бюракратычнай, дырэктарскай гаворкі. [Крытычная] тэорыя – гэта элемент згубнага ўцякання ад канкрэтыкі ў нашай культуры, асабліва ў выкарыстанні мовы»[26].

Паколькі для дэлібэратыўнай дэмакратыі[27] момант міжасабовай камунікацыі з’яўляецца ключавым, зразумела, што шляхі дэлібэратыўнай дэмакратыі і крытычных тэорый разыходзяцца. Дзеля яснасці падкрэслю, што я не адмаўляю (як і Гуд не адмаўляе) таго, што «дыскурсы» або «фрэймінгі» выконваюць важную ролю ў трансфармацыі грамадства. Дэлібэратыўная дэмакратыя не адмаўляе важнасці дыскурсіўнага вымярэння, наадварот, падкрэслівае яго агромністую значнасць. Але паміж «дэлібэратыўна-дэмакратычным» і «крытычна-тэарэтычным» разуменнем дыскурсу ёсць істотная розніца, якую можна перадаць наступным чынам:

Крытычна-тэарэтычнае разуменне:

(а) Дыскурсы канструююць рэальнасць (а не рэпрэзентуюць яе).

(б) Змена дыскурсу вядзе да змены рэальнасці.

Дэлібэратыўна-дэмакратычнае разуменне:

(а) Дыскурсы з’яўляюцца поліфункцыянальнымі: яны могуць рэпрэзентаваць рэальнасць, могуць таксама прасоўваць такія ці іншыя ацэнкавыя пазіцыі адносна рэальнасці, могуць падштурхоўваць да тых ці іншых дзеянняў адносна рэальнасці, і могуць, нарэшце, канструяваць рэальнасць (дакл. могуць пабуджаць да выканання такіх моўных актаў, якія вядуць да ўстанаўлення новай рэчаіснасці).

(б) Гэтая першая – рэпрэзентавальная (асэртыўная) – функцыя дыскурсу з’яўляецца фундаментальнай. Чым больш адэкватна чалавек успрымае (і апісвае) рэчаіснасць, тым большыя ў яго шанцы эфектыўна паўплываць на змену рэчаіснасці, тым большыя ў яго магчымасці адэкватна ацаніць рэальнасць, тым больш ён аўтаномны ў фармуляванні ацэнак адносна наяўнай рэчаіснасці і тым менш падатлівы на маніпуляцыю.

(в) Крытычная дыскусія з’яўляецца, па-першае, найлепшым спосабам дасягнення як мага больш адэкватнага ўспрымання рэчаіснасці, па-другое, найлепшым спосабам выпрацоўкі адэкватнай ацэнкі распазнанай рэчаіснасці, па-трэцяе, найлепшым спосабам адшукання аптымальных спосабаў змены рэчаіснасці (у выпадку, калі рэчаіснасць распазнана як дрэнная) або спосабаў захавання рэчаіснасці (калі распазнана як добрая).

3. Падагульненне і высновы

Дэлібэратыўная дэмакратыя з’яўляецца цікавай соцыяпалітычнай канцэпцыяй, якая можа трактавацца і як інструмент канцэптуалізацыі публічнай прасторы, і як нарматыўная мадэль. Нарматыўная складовая дэлібэратыўнай дэмакратыі грунтуецца на перакананні (а) рацыянальная аргументацыя магчымая ў публічнай прасторы; (б) пашырэнне абшару рацыянальнай аргументацыі мае пазітыўныя наступствы для грамадскага жыцця: спрыяе ўмацаванню індывідуальнай свабоды і сцвярджэнню аўтаноміі чалавечай асобы.

Ідэал дэлібэратыўнай дэмакрытыі – сітуацыя, калі адзінай формай персвазіі з’яўляецца рацыянальная аргументацыя – ёсць утопіяй, прычым утопіяй абсалютнай. Ніколі на зямлі не паўстане такое грамадства, дзе ўсе акты персвазіі будуць абапірацца толькі на рацыянальнай аргументацыі. Але перспектыва асімптотнага набліжэння да ідэалу дэлібэратыўнай дэмакрытыі не з’яўляецца ўтопіяй, ва ўсякім разе не з’яўляецца ўтопіяй абсалютнай. Калі дынаміка пашырэння «шляхетнай персвазіі» будзе дадатнай, то ўжо гэта будзе вялікім дасягненнем. У гэтым сэнсе дэлібэратыўная дэмакратыя з’яўляецца рэалізавальнай утопіяй.

Што ж тычыцца Беларусі, то тут прыходзіцца паставіць пытанне: Ці сама перспектыва набліжэння да дэлібэратыўнай утопіі не з’яўляецца ўтопіяй? Інакш кажучы, ці ёсць сэнс марыць – не пра паўсюднае панаванне рацыянальнай аргументацыі (гэту мару  трэба «з парогу» адкінуць!), а прынамсі – пра нейкую перспектыву пашырэння дэлібэратыўнага этасу? На дадзены момант, бадай, сама такая перспектыва здаецца ўтопіяй. Справа ў тым, што ў беларускай публічнай прасторы пануе догма, што рацыянальная аргументацыя – аналагічна як аб’ектыўная веда – немагчымая ў прынцыпе. Трываласць гэтай догмы  абумоўлена двума фактарамі: (а) рэліктамі савецкага мінулага, калі сіла аргументацыі і аб’ектыўнасць даследавання вымяралася ступенню лаяльнасці да палітычнай лініі; (б)  папулярнасцю тзв. крытычных тэорый, якія мэтанакіравана і сістэматычна змагаюцца з ідэяй аб’ектыўнай веды і ідэалам рацыянальнай дыскусіі.

Але ніякая ірацыянальная догма не вечная, таму нельга выключаць, што і догма аб «немагчымасці рацыянальнай аргументацыі» таксама занепадзе або прынамсі паслабіцца. Вось тады перспектыва аздараўлення дэлібэратыўнага вымярэння беларускага грамадства займее шанец перастаць быць утопіяй.

 


[1]    Артыкул Дракахруста быў апублікаваны ў зборніку пад рэдакцыяй Алега Манаева Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность. — Новосибирск: Водолей, 2004.

[2]    Р. Радзик. Геополитические перспективы Беларуси: взляд из Польши // Беларусь и «большая Европа»: в поисках геополитического самоопределенияПод ред. проф. Олега Манаева. — Новосибирск: Водолей, 2007. С. 110.

[3]    Анатоль Астапенка. И где зародилися и ускормлены суть по бозе. Дослед беларускага нацыяналізму, Санкт-Пецярбург: Неўскі Прастор 2009. C. 19.

[4]    Доклад Президента А. Г. Лукашенко на постоянно действующем семинаре руководящих работников республиканских и местных государственных органов по вопросам совершенствования идеологической работы // Советская Белоруссия, 28 марта 2003 г.

[5]    Людмила Габасова, Иван Кириленко. История уполномочена заявить // «Советская Белоруссия» №235 (24616). Среда, 10 декабря 2014.

[6]    У дыскусіі ўзялі ўдзел: Вячаслаў Данілавіч (НАН), Марат Жылінскі, намеснік старшыні Камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, Ігар Марзалюк (Магілёўскі ўніверсітэт), Вадзім Гігін, галоўны рэдактар «Беларускай думкі» і Сяргей Ходзін (БДУ).

[7]    Выказванне паходзіць з тэксту Валянціна Акудовіча Разбурыць Парыж // Фрагмэнты, № 9 http://old.knihi.com/frahmenty/9akudovich.htm Дата доступу: 13 XII 2014.

[8]    Выказванне ўзята з тэксту Сяргея Санька Off Grammatology // Фрагмэнты, Вясна (№ 11), 2006.

[9]    Выказванне ўзята з тэксту Часлава Кірвеля Движение к духовно-экологической цивилизаци как способ исторической самореализации восточно-славянский народов // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы. Серыя 1, 2001/2. С. 33.

[10]  Займаўся гэтым, напрыклад, Карл Попэр, гл. The Open Society and its EnemiesVol 1 (The Ascendance of Plato). —  London: Rotledge, 1945. Chapter 1: Historicism and the Myth of Destiny.

[11]  Такая канстатацыя з’явілася ў Алеся Смалянчука, гл. Замест прадмовы: Антрапалагічная гісторыя і беларуская гістарыяграфія // Homo historicus, 2008 (Вільня: ЕГУ). С. 12.

[12]  Аўтарам гэтага выказвання з’яўляецца Валянцін Акудовіч, а прамоўлена яно было падчас канферэнцыі “Інтэлектуальная сітуацыя Беларусі: абставіны і самавызначэнне мыслення”, якая мела месца ў снежні 2012 году.

[13]  Гл. K. R. Popper. What is Dialectic? // Mind. New Series. Vol. 49, No. 196 (Oct., 1940). Пад тым самым загалоўкам, але ў больш  разгорнутай версіі, гэты артыкул з’явіўся ў якасці аднаго з раздзелаў кнігі Попэра  Conjectures and Refutations. The growth of scientific knowledge. — New York: Basic Books, 1962. L. Kołakowski. Główne nurty marksizmut. I. Powstanie. — Warszawa: PWN 2009, раздзел І;  K. B. Anderson, Lenin, Hegel, and Western Marxism: A Critical Study. — University of Illinois Press, 1995, асабліва раздзел І (The Crisis of World Marxism in 1914 and Lenin’s Plunge into Hegel) і IV (Lenin’s Discussions of the Dialectic).

[14]  Гэты кампанент шырока абмяркоўвае Лешак Калакоўскі ў цытаванай вышэй працы (Główne nurty…  раздзел І).

[15]  Główne nurty… С. 53.

[16]  Władysław Tatarkiewicz. Historia filozofii, t. II. Warszawa: PWN 1993. С.156.

[17]  Больш падрабязна я абмяркоўваў гэту тэму ў сваім блогу на ўэб-старонцы Лятучага Універсітэту Аб’ектывізм як аб’ект пагардыhttps://fly-uni.org/blog/content/abektyvizm-yak-abekt-pagadry Дата доступу: 31 ІІІ 2016.

[18]  Тзв. standpoint epistemology, гл. наступны падпараграф.

[19]  Прыкладам, Уладзімір Мельнік апраўдвае ўвядзенне ў Беларусі дзяржаўнай ідэлогіі тым, што няма і не можа быць такой сацыяльна-палітычнай тэорыі, канцэпцыі ці дактрыны, якая была б ідэалагічна нейтральнай, гзн. пазбаўленай якой-кольвек сувязі з тымі ці іншымі інтарэсамі сацыяльных групаў, гл. Государственная идеология Республики Беларусь.Концептульные основы. – Минск: ТЕСЕЙ, 2004. С. 45.

[20]  Гэта ідэя вядомая таксама пад назвамі: «цывілізацыйная логіка», «эпістэмалагічныя правы», «сітуяваная веда», «эпістэмалогія перспектывы», «цывілізацыйныя эпістэмалогія».

[21]  Займеннік «наша» можа падразумяваць што заўгодна, але зазвычай падразумяваюцца тут такія рэчы, як: феміністычнае змаганне, змаганне сэксуальных меншасцяў, змаганне народаў, якія у мінулым былі каланізаваны еўрапейцамі.

[22]  D. Mumby, R.P. Clair. Organizational discourse // Discourse as social interaction. Edited by T.A. Van Dijk.  — London (UK) & Thousand Oaks (CA): Sage, 1997. С. 195.

[23]  Пар. W. Brown. Power after Foucault // The Oxford Handbook of Political Theory. Edited by John S. Dryzek, Bonnie Honig and Anne Phillips. — Oxford: Oxford University Press, 2006. С. 65-66.

[24]  T. A. van Dijk. Critical Discourse Analysis // The Handbook of Critical Analysis. Edited by Deborah Schiffrin et al. — Blackwell Publishers, 2001. С. 352.

[25]  G. Good. Humanism Betrayed: Theory, Ideology and Culture in the Contemporary University. — Montreal: McGill-Queen’s Press 2001. C.  53.

[26]  Тамсама. С. 59.

[27]  Нагадаю, што маецца тут на ўвазе дэлібэратыўная дэмакратыя ў «аналітычнай», а не «габермасаўскай» версіі.

Персоны:
Тэмы: