Глядзім “Дзве душы” з Ігарам Бабковым

13 кастрычніка 2016

26 красавіка гэтага года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля паводле аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

“Аповесць Максіма Гарэцкага “Дзве душы” – твор, які ў аднолькавай ступені можа лічыцца прыналежным літаратуры і філасофіі. Гэты няпросты, шматслаёвы, надзвычай глыбокі тэкст рэжысёр Мікалай Пінігін у Купалаўскім тэатры ператварыў у «сцэны», нібы ў калейдаскопе змяняючыя адзін аднаго эпізоды з жыцця герояў, малюючыя фрагментарную, але аб’ёмную карціну складанага і неадназначнага перыяду беларускай гісторыі” – піша інтэрнэт-журнал “Культпрасвет”.

Аб тым, ці атрымалася перадаць у пастаноўцы асаблівасці аповесці Максіма Гарэцкага, аб праекце нацыянальнага тэатра і яго важнасці «Культпрасвет» пагаварыў з Ігарам Бабковым.

Перад спектаклем. Чаканні

Думаю, што зварот да Гарэцкага для Мікалая Пінігіна зусім не выпадковы. Гарэцкі ў беларускай літаратурнай традыцыі – сакрэтны, патаемны аўтар, да якога не кожны дабіраецца, але той, хто дабіраецца, заўсёды ўзнагароджаны.

У тэатры ён не прысутнічаў таму, што вельмі складана перадаць самае істотнае ў яго творах: аўтарскую інтанацыю, тонкую, узнёслую, пяшчотную і метафізічную. Драматызаваць Гарэцкага практычна немагчыма. Можна пераказаць тэкст, раскласці яго на рэплікі, аднак самае важнае ― голас самаго аўтара, ягонае стаўленне да сваіх персанажаў.

Тое што робіць Пінігін у Купалаўскім тэатры, выходзіць за межы тэатральнага праекта і тэатральнасці як такой. Я б назваў гэта работай з беларускай традыцыяй, канструяваннем беларускай традыцыі, пры гэтым тэатр выступае хутчэй інструментам, а не самамэтай. Мне гэта надзвычай сімпатычна. Выхад за межы тэатральнасці – у прастору мыслення, у прастору культуры. Работа з ідэнтычнасцю, радыкальнае пашырэнне абсягаў беларускасці, у якія патрапляюць не толькі Купала з Макаёнкам, і Колас з Дударавым, як гэта было ў савецкія часы, але і Уршуля Радзівіл, і Міцкевіч і Браян Фрыл.

Пінігін трансфармуе  саму ідэю нацыянальнага тэатра і гэта прыгожы праект нават безадносна ўдаласці ці няўдаласці асобных спектаклей. Усе мы разумеем, што могуць быць сбоі, неда-інтэрпрэтацыі. Часам спрашчаецца фактура, мінімалізуюцца дадатковыя кантэксты. Але гэта не змяншае каштоўнасці праекта Пінігіна. Усё, што ён робіць, стратэгічна выстройваецца ў канон, і Гарэцкі тут цалкам неабходны аўтар. Таму я з цікавасцю чакаю, што атрымаецца.

Я думаю, што беларускі тэатр як з’ява ўвесь час ускладняецца. З’яўляюцца незалежныя студыі і тэатральныя праекты, новыя рэжысеры і новыя эстэтыкі. Новыя нішы і новыя фарматы. Той жа Свабодны тэатр Халезіна, які ў сваім жанры “актуальнага тэатра” фантастычна прыгожы і паспяховы. Альбо Тэатр Ч., які з’явіўся “ніадкуль”, але “ўсур’ёз і надоўга”. Гэтыя новыя праекты спрачаюцца, канкуруюць, крытыкуюць адно аднаго, і гэта нармальна.

Але Пінігін робіць класічны нацыянальны тэатр, і ўжо сама ідэя прадугледжвае пэўныя абмежаванні. Гэта трэба разумець. Мне здаецца, што крытыкі Пінігіна проста не патрапляюць у маштабнасць задачы, якую ён перад сабой ставіць. Зрэшты побач з Купалаўскім можа паўставаць шмат мабільных студыяў і праектаў, якія заточаны пад канкрэтнага рэжысера, іншы фармат, асаблівую ідэю. Менавіта гэтага сапраўды не хапае, а не вайны за сцэнічную пляцоўку ці правільную інтэрпрэтацыю.

Уражанні

Першыя ўражанні вельмі станоўчыя. Шчыра кажучы, я чакаў больш трафарэтна-асветніцкага спектакля, але ў гэтай пастаноўцы ёсьць Гарэцкі. Сама эстэтыка невялічкіх фрагментаў, тэатральных сцэнак надзвычай блізкая па духу да яго прозы. Яго ўлюблёным жанрам былі абразкі, у якіх адбівалася не столькі сюжэтнае дзеянне, колькі эмоцыя аўтара. Фантастычна трапная рэжысёрская знаходка – увядзенне ў спектакль самога аўтара. Перадача інтанацыі, пра якую я казаў перад спектаклем, ажыццяўляецца менавіта праз яго голас. І тое, што гэта позьні Гарэцкі, які з’яўляецца на сцэне з тачкай і ў арыштанскай робе – гэта таксама важная перспектыва.

Дзве душы

Сама ідэя дзвюх душаў, канешне, не ягонае вынаходніцтва. Гэты архетып вельмі стары і вельмі вядомы. Тут і старажытны блізнечы міф. І сюжэты падменаў і падваенняў. Калі чалавек выламліваецца са свайго звыклага кола і пачынае падарожжа ў часе і прасторы.

У творы Гарэцкага ўпершыню ў беларускай літаратуры з’яўляецца метафізічны герой. Чалавек, які не можа супасці з сацыяльным асяроддзем і культурнай маскай. Які намацвае абсалютна іншую пазіцыю. Нездарма потым стваральнік самага галоўнага тэкста беларускага мыслення (“Адвечным шляхам” — “Культпросвет”), Ігнат Канчэўскі ўзяў сабе ў якасці псеўданіма імя галоўнага героя “Дзвюх душаў” Ігната Абдзіраловіча.

Я думаю, што спектакль не проста атрымаўся. Гэта эфектнае і шыкоўнае відовішча. Шчыра скажу, я не быў падрыхтаваны да такога сцэнічнага вырашэння, асабліва калі ў другім дзеянні тэмп узмацніўся і закружылася крывавая карусель. Можна сказаць, што ў Пінігіна атрымаўся актуальны спектакль, з ясным антытаталітарным пасланнем. Не менш, а можа і больш актуальны, чым “Падпаленыя дзверы” Свабоднага тэатра.

Спектакль выканаў сваю непасрэдную функцыю на двесці працэнтаў: зацікавіў, пакінуў моцнае эмацыйнае ўражанне.

І ясна, што гэтая актуальнасць спектакля не ў новых сродках і інструментах. Не ў новай тэатральнай мове альбо рэжысерскіх знаходках. У часы, калі ўсё ламаецца, калі на чарзе новае сярэднявечча з выхадам на сцэну азлобленых масаў, нечакана актуальным выступае класічны гуманізм. Добры стары псыхалагічны тэатар, які не імкнецца “быць у трэндзе”. Які нікуды не спяшаецца, але заўсёды на сваім месцы.

Для каго

Думаю, што найлепш спектакль глядзець ужо пасля прачытання Гарэцкага. Тыя людзі, якія прыйдуць на “Дзве душы” з жаданнем “уводзінаў”, могуць расчаравацца. Падрыхтаваны чытач, які ведае Гарэцкага, прачытае ў спектаклі многа слаёў і алюзіяў, той, хто знаходзіцца па-за тэкстам, прачытае адзін, максімум два. Тут адбываецца не проста “інсцэніроўка”, але вельмі тонкая гульня ў Гарэцкага, і напрыканцы спектакля гэта становіцца ясна.

Навошта глядзець

Спектакль трэба проста глядзець. Не пытаючыся “дзеля чаго”, “навошта” і “што з гэтага атрымаецца”.