Ідэя ўніверсітэта як праблема і тэма дыскусій інтэлектуальнай супольнасці Беларусі

15 сентября 2017

Артыкул «Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць» напісаны Таццянай Вадалажскай і Ўладзімірам Мацкевічам ў 2015 годзе.  У першай частцы тэкста высвятляліся сувязі паміж практыкамі і этасам, якія традыцыйна існавалі ва ўніверсітэтах, з асноўнымі ідэямі і нормамі паўставання грамадзянскай супольнасці. У другой частцы аўтары звярнуліся да аналізу існавання ўніверсітэтаў у закрытых грамадствах і палітыцы дзеючых беларускіх уладаў у дачыненні да ўніверсітэтаў. Трэцяя частка прысвечана аналізу практыкі “засваення” ідэі ўніверсітэта ў беларускім грамадстве праз дыскусіі і праблематызацыю з боку інтэлектуальнай супольнасці Беларусі.

Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць

Таццяна ВадалажскаяУладзімір Мацкевіч

III. Ідэя ўніверсітэта як праблема і тэма дыскусій інтэлектуальнай супольнасці Беларусі

Адным з найбольш істотных працэсаў у развіцці ўніверсітэцкіх норм і форм жыцця ў грамадстве з’яўляецца асэнсаванне самой ідэі ўніверсітэта, засваенне і свядомае практыкаванне ўзораў універсітэцкага ладу жыцця. Да пачатку 1980-х гадоў у Беларусі было толькі тры вышэйшых навучальных установы ў статусе ўніверсітэтаў: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ), Гомельскі дзяржаўны універсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт (ГрДУ). У познія савецкія часы распачалася мода на пераўтварэнне педінстытутаў ва ўніверсітэты. Але ўсведамленне адрознення педынстытутаў і ўніверсітэтаў было вельмі спрошчаным. Калі ВНУ, акрамя настаўнікаў, пачынала рыхтаваць яшчэ, напрыклад, і юрыстаў, то навучальная ўстанова станавілася больш “універсальнай”. І Гродзенскі педінстытут, пераназваны ў 1979 годзе ва ўніверсітэт, стаў першым такім прыкладам у Беларусі. У 1990-я гады перанайменні закранулі і іншыя ВНУ, але праектавання, грунтоўнай перапрацоўкі зместу адукацыі, дачыненняў паміж студэнтамі і выкладчыкамі, акадэмічнай супольнасцю і адміністрацыяй, універсітэтам і грамадствам амаль не было. Пачатак 1990-х гадоў можна разглядаць як “эпоху грундэрства” — утварэння недзяржаўных і прыватна-дзяржаўных устаноў, у тым ліку і ўніверсітэтаў. Сярод іх вылучаецца Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), які хоць і ўтвараўся без грунтоўнай і спецыяльнай распрацоўкі і шырокага абмеркавання ідэі ўніверсітэта, але ж арыентаваўся на класічныя і сучасныя ўзоры і прататыпы.

Нягледзячы на такі спрошчаны пераход да назвы “ўніверсітэт” у прасторы вышэйшых навучальных установаў, ідэя ўніверсітэта не была цалкам выключана з абмеркавання. Але яе распрацоўка мела свае спецыфічныя рысы. Па-першае, трэба ўзгадаць рэгулярнае з’яўленне тэмы не проста “універсітэта”, а “нацыянальнага ўніверсітэта” ў выступах і заявах прадстаўнікоў Таварыства беларускай мовы. Апошняе публічнае агучванне дадзенай прапановы было звязана з выказваннямі чыноўнікаў пра спрыянне беларускай мове ў адукацыі. У гэтым кантэксце ідэя ўніверсітэта не разглядаецца як такая, то бок не закранаюцца пытанні ані аўтаноміі, ані акадэмічных свабод. Тут універсітэт як установа вышэйшай адукацыі выступае сістэмным элементам для пераходу на беларускую мову ўсёй адукацыі. Неабходныя змены звязваюцца наўпрост з рашэннем на дзяржаўным узроўні, а сутнасць зменаў — пераход на беларускую мову навучання.

Больш змястоўныя і глыбокія з’яўленні тэмы ўніверсітэта ў інтэлектуальнай прасторы Беларусі можна падзяліць на дзве лініі: першая — гэта зварот да ідэі ўніверсітэта як такой, яе развіццё і разгортванне, асэнсаванне сучаснага стану і магчымасцей, пошук новых форм і зместу; другая — гэта ўзгадкі і зварот да ідэі ўніверсітэта як да інстанцыі апеляцыі, для ацэнкі і рэфлексіі, для разумення сітуацыі і палітычных ці грамадскіх учынкаў.

Узгадаем падзеі і працэсы з гэтых двух ліній паслядоўна.

У якасці першага грунтоўнага звароту ў гэты перыяд да ідэі ўніверсітэта можна зазначыць працу Цэнтра праблем развіцця адукацыі (ЦПРА) пры БДУ пад кіраўніцтвам Міхаіла Гусакоўскага (зараз цэнтрам кіруе Віктар Самахвал). ЦПРА ўзнік у 1997 годзе і быў адпачатку накіраваны на падрыхтоўку рэфармавання адукацыйнай сістэмы Беларусі. Яго заснаванне можна лічыць працягам тых высілкаў, якія з пачатку 1990-х гадоў рабіліся на глебе пошуку ідэй і рашэнняў, неабходных для рэфарм сістэмы адукацыі. Пачатак 1990-х гадоў увогуле быў адзначаны даволі шырокай дзейнасцю ў гэтай сферы, калі існавала шмат часовых і сталых груп і аддзелаў па даследаванні і праектаванні асобных аспектаў адукацыйнай рэфомы. У прыватнасці, у 1992—1996 гадах па замовах розных устаноў былі распрацаваныя некалькі канцэпцый змен сістэмы адукацыі, якія былі скіраваныя на розныя аспекты рэфармавання:

  • Канцэпцыя нацыянальнай школы (група пад кіраўніцтвам Мікалая Гусакоўскага, з удзелам Ігара Бабкова, Вячаслава Качаргіна, Юрыя Краснова, а таксама Алеся Анціпенкі, Уладзіміра Коласа, Вінцука Вячоркі, Лявона Баршчэўскага ды інш.);
  • Канцэпцыя аднаўлення гуманітарнай адукацыі і Аргпраект рэформы адукацыі Рэспублікі Беларусь (пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мацкевіча);
  • Канцэпцыя адукацыі і выхавання ў Рэспубліцы Беларусь і Дзяржаўная комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на перыяд да 2000 года (распрацаваная Нацыянальным інстытутам адукацыі на чале з Уладзімірам Пархоменкам)[1].

На жаль, ніводная з гэтых распрацовак не была сістэмна прынята да рэалізацыі, а змены ў адукацыйнай сферы мелі касметычны і неўпарадкаваны характар. Яшчэ нейкі час імпэт, матывацыя і зацікаўленасць магчымасцямі рэфармавання жылі сярод адмыслоўцаў, уцягнутых у гэтую праблематыку. З такіх адмыслоўцаў (перш за ўсё тых, хто распрацоўваў Канцэпцыю нацыянальнай школы) і быў створаны Цэнтр развіцця праблем адукацыі пры БДУ.

Але, нягледзячы на атрыманне фармальных магчымасцяў для практычнай і глыбокай распрацоўкі тэмы, запатрабаванасць ў сур’ёзных сістэмных распрацоўках з цягам часу станавілася ўсё менш, усё менш магчымасцяў і перспектыў было для ўвасаблення таго, што напрацоўвалася. Інтэлектуальны патэнцыял групы працаваў на незапатрабаваныя пытанні перабудовы ўсёй сферы адукацыі, пярлінай гэтай працы сталася канцэпцыя ўніверсітэта. ЦПРА распрацаваў ажно дзве канцэпцыі, па якіх прапаноўвалася скіроўваць рэформу беларускіх універсітэтаў з арыентацыяй на ідэю ўніверсітэта, а не на вырашэнне тэрміновых праблем кіравання. Гэта былі: Канцэпцыя некласічнага ўніверсітэта і Канцэпцыя праектнага ўніверсітэта[2]. Гэтыя канцэпцыі сталіся працягам у ланцугу распрацовак па “нацыянальнай школе” і “нацыянальным ліцэі”, і, у той жа час, у іх было ўключана шырокае кола сучаснай еўрапейскай праблематызацыі стану ўніверсітэтаў, а таксама былі прапанаваныя інавацыйныя практыкі, якія інтэгравалі міжнародны досвед у беларускую сістэму вышэйшай адукацыі. Напачатку 2000-х гадоў ЦПРА праводзіў шэраг канферэнцый, якія закраналі ідэю ўніверсітэта і спробы асэнсавання яе ў сучасных беларускіх умовах. Іх вынікі былі зафіксаваныя ў альманаху “В поисках нового университета” з серыі “Университет в перспективе развития”.

Больш шырокі ўплыў на агульны інтэлектуальны дыскурс зрабіла беспрэцэдэнтная выдавецкая серыя “Universitas” (“Идея университета”), у якую ўвайшлі пяць кніг: чатыры пераклады найбольш значных тэкстаў па асэнсаванні ідэі ўніверсітэта (Карла Ясперса[3], Біла Рыдынгса[4], Джона Генры Ньюмена[5], Хасэ Артэга-і-Гасета[6]) і адзін збор твораў супрацоўнікаў ЦПРА: “Университет как центр культуропорождающего образования” [7]. Трэба зазначыць, што кнігі класікаў развіцця ідэі ўніверсітэта адмыслова былі перакладзены супрацоўнікамі цэнтра для беларускай публікі.

На жаль, усе напрацоўкі фактычна засталіся ў межах ЦПРА і не выйшлі ні на ўзровень кіравання ўніверсітэтамі, ні ў шырокую публічную прастору. З цягам часу можна назіраць сыход праблематыкі ўніверсітэта з матэрыялаў і праектаў цэнтра. Усё большае месца ў працы займаюць пытанні педагогікі, метадаў і методык выкладання, кантролю і якасці ведаў і г.д. Страта накіраванасці на сістэмнае асэнсаванне і развіццё ідэі ўніверсітэта, а таксама яе нацыянальны і грамадска-палітычны складнік вывеў працу групы з публічнага інтэлектуальнага дыскурсу, звёўшы яе ў бок акадэмічных і вузкапрыкладных праблем.

Наступны зварот да асэнсавання і развіцця ідэі ўніверсітэта адбыўся ў межах працы Агенцтва гуманітарных тэхналогій (пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мацкевіча). Яна базавалася на падставах праграмы культурнай палітыкі[8]. Згодна з гэтай праграмай, універсітэт з’яўляецца часткай комплексу (трыяды): “універсітэт” — “партыя” — “газета”. Гэты комплекс звязвае паміж сабой грамадска-палітычную дзейнасць (“партыю”), сувязі з грамадствам і стымуляванне грамадскай думкі (“газету”) і, уласна кажучы, “універсітэт”, які засяроджвае на сабе выпрацоўку і трансляцыю крытычнага мыслення як у тэарэтычна-камунікатыўным аспекце, так і ў практычна-реалізацыйным. У гэтых рамках і адбылася распрацоўка ідэі ўніверсітэта, якая павінна быць прыдатнай не толькі для стварэння новых універсітэтаў, але і для рэфармавання ўжо існуючых вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі і іх эвалюцыі ў бок набыцця ў сабе ўніверсітэцкай сутнасці. Але адзначалася, што ніякая асобная арганізацыя ці ўстанова не здольна паўплываць на эвалюцыю іншых арганізацый ці ўстаноў, а тым больш на ўсю супольнасць беларускіх універсітэтаў без пасярэдніцтва і ўцягвання ў гэтую супольную працу іншых грамадскіх аб’яднанняў, рухаў і сродкаў масавай камунікацыі, у якіх жыве і транслюецца грамадская думка. Сучасная беларуская сітуацыя, у сваю чаргу, характарызуецца адасабленнем гэтых працэсаў як розных.

Разуменне гэтага паўплывала на прыцягненне да супольнай распрацоўкі ідэі ўніверсітэта і яе рэалізацыі ў Беларусі прадстаўнікоў некалькіх груп інтэлектуалаў і грамадскіх дзеячоў, якія наўпрост ці ўскосна былі звязаныя з пытаннямі навукі і адукацыі. Сярод іх былі адмыслоўцы ў галіне вышэйшай адукацыі і кіравання ўніверсітэтамі, навукоўцы і адмыслоўцы ў галіне паліталогіі, развіцця грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі, прадстаўнікі існуючых універсітэтаў, структур нефармальнай адукацыі і незалежных інтэлектуальных супольнасцяў.

У 2010 годзе была праведзена арганізацыйна-дзейнасная гульня “Распрацоўка праграмы і стратэгіі стварэння ўніверсітэта ў сучаснай Беларусі“ і пачаў працаваць амаль гадавы регулярны семінар. Праца гэтага семінара дазволіла перавесці ў рэалізацыйны план ранейшыя тэарэтычныя і канцэптуальныя напрацоўкі і стварыла падмуркі праграмы “Лятучы ўніверсітэт”[9]. Актуалізацыя тэмы спарадзіла цыкл публікацый Паўла Баркоўскага, дзе ён прапанаваў сваё даследаванне розных апектаў развіцця сучаснага ўніверсітэта і магчымасці ўвасаблення яго ў Беларусі[10]. Вынікі гэтага супольнага мыслення склалі кнігу “Университет: дискуссия об основаниях”[11], істотнай асаблівасцю якой была не толькі канцэптуальная прапрацоўка праблем сучаснага ўніверсітэта, але і фіксацыя праграмных і праектных падыходаў да рэалізацыі. Універсітэт быў асэнсаваны і запраектаваны ў кантэксце праблем і задач сучаснай Беларусі праз адмысловы місійны комплекс, які тычыцца развіцця некалькіх накірункаў: культывавання мыслення, новага зместу і тэхналогій адукацыі, ролі ўніверсітэта ў паўставанні нацыі і фармаванні нацыянальных эліт.

На гэтых падмурках сёння будуецца праца Лятучага ўніверсітэта. Прычым працяг тэмы і далейшая распрацоўка самой ідэі ўніверсітэта з улікам практыкі рэалізацыі з’яўляецца адным з накірункаў ягонай працы. Яна рэалізуецца ў адмысловых фарматах: рэгулярным універсітэцкім семінары і праектных сесіях, публічных лекцыях і спецыяльным курсе “Ідэя ўніверсітэта”, якія звяртаюцца да пытанняў канцэпцыі адукацыі, самакіравання, выбудовы стасункаў паміж універсітэтам і грамадзянскай супольнасцю.

Асэнсаванне і развіццё ідэі ўніверсітэта ў межах ініцыятывы “Лятучы ўніверсітэт” мае адваротную тэндэнцыю, у параўнанні з працай Цэнтра па праблемах развіцця адукацыі БДУ. Ад больш акадэмічных форм яно рушыць у бок асэнсавання супольнай практыкі, пошукаў магчымасцяў для прасоўвання самой ідэі ў больш шырокія колы. Тым не менш, трэба адзначыць, што ідэя ўніверсітэта і сёння не ахоплівае сабой шырокія колы патэнцыйна зацікаўленых людзей, а застаецца прыватнай тэмай для групы акадэмікаў і навукоўцаў. Да прычын гэтага становішча мы звернемся ніжэй, а тут разгледзім другую лінію, у межах якой пытанні ўніверсітэцкай аўтаноміі і акадэмічнай свабоды часцей патрапляюць у сродкі масавай інфармацыі і абуджаюць грамадскую свядомасць.

Як было зазначана раней, ідэя ўніверсітэта не з’яўляецца тэмай, якая цягнецца і разгортваецца ў беларускай публічнай, інтэлектуальнай і палітычнай прасторы як сталая. Часцей яна ўзнікае ў звязку з палітычнымі ці грамадскімі падзеямі і актуалізуецца праз іх. Так было з сітуацыяй “выгнання” ЕГУ, затым з канфліктамі паміж акадэмічнай супольнасцю і адміністрацыяй ЕГУ, а таксама са спробай уваходу Беларусі ў Балонскі працэс. Ва ўсіх гэтых выпадках узгадкі і апеляцыя да ідэі ўніверсітэта адбываліся ў больш шырокіх тэматычных кантэкстах: “сістэма адукацыі”, “правы чалавека”, “свабода выказванняў і свабода асацыяцый” і г.д. Падаецца, што для беларускага грамадства ўніверсітэцкі лад жыцця і нормы арганізацыі з’яўляюцца “другім узроўнем” усведамлення дэмакратычных практык, яны нібыта прыбудаваныя да адпаведных інстытуцый і існуюць там не як крыніца для развіцця, а як ягоны вынік.

Адзін з найбольш моцных “выбухаў” з’яўлення ў шырокай публічнай прасторы ідэі ўніверсітэта быў звязаны з закрыццём ЕГУ ў 2004 годзе. Зразумела, што большасць публіцыстычных матэрыялаў, заяў і ацэнак была звернута не на пытанні акадэмічнай свабоды, а на ўсведамленне барацьбы беларускага рэжыма з асяродкам незалежнага мыслення. Але сама сітуацыя — ціск на акадэмічную супольнасць са спробай прызначэння рэктара — вымушала грамадскую свядомасць звярнуць увагу на адзну з галоўных праяваў універсітэцкага жыцця і сутнасці ўніверсітэта, а менавіта — універсітэцкую аўтаномію.

У інтэлектуальнай прасторы ў гэты час з’яўляецца цэлы шэраг артыкулаў (Валерыі Касцюговай, Вольгі Шпарагі, Аляксандра Адамянца, Рыгора Мінянкова ды інш.), дзе палітычная сітуацыя з ЕГУ становіцца падставай не толькі ўзгадаць прынцыпы акадэмічнай свабоды, якія былі парушаныя, але і паглыбіцца ў асобныя аспекты ўніверсітэцкага жыцця, непасрэдна звязаныя з грамадзянскай супольнасцю. Так, Вольга Шпарага ў сваім артыкуле на сайце “Наше мнение” “Идея университета в Беларуси — Европейский гуманитарный университет”[12] звязала ідэю ўніверсітэта з ідэяй поліса, вызначыла “сапраўднасць” універсітэта праз належнасць яго да публічнай прасторы, то бок месца, дзе выказваюцца і артыкулююцца розныя пазіцыі, дзе яны сустракаюцца і спаборнічаюць адкрыта і публічна. Аўтар бачыла гэтыя рысы і праявы ў ЕГУ, называючы яго адзінай установай, якая мела права насіць імя “ўніверсітэт”.

Гэты перыяд дыскусій у інтэлектуальнай прасторы адзначаецца не толькі з’яўленнем ідэі ўніверсітэта і пошукам яе адпаведнікаў у рэальнай практыцы і жыцці ЕГУ, але і ўзнікненнем крытычных і рэфлексіўных захадаў да аналізу сітуацыі ў акадэмічнай супольнасці як такой. Напрыклад, Аляксандр Адамянц у адказ на папярэднія разважанні сцвярджаў, што сітуацыя камунікацыі ва ўніверсітэце, насамрэч, не мела дастатковай якасці, каб лічыць яго сапраўды палітычнай і публічнай прасторай[13]. Ён звярнуў увагу, найперш, на неабходнасць больш актыўнага прадстаўлення пазіцыі інтэлектуалаў у шырокім кантэксце. Зафіксаваў ён таксама і недастатковасць “мыслення пра ўніверсітэт”, паколькі ані выкладчыкі, ані студэнты не імкнуліся асэнсаваць месца ўніверсітэта ў грамадстве, гэтак сама як і сваё месца ва ўніверсітэце. Між іншым, і страту ЕГУ ён звязваў са слабай свядомасцю і салідарнасцю ў акадэмічнай супольнасці.

Пікам і своеасаблівым завяршэннем гэтай дыскусіі стаў адмысловы выпуск часопіса “Топас” у 2005 годзе, дзе да абмеркавання тэмы далучыліся Рыгор Мінянкоў, Мікалай Сямёнаў, Андрэй Лаўрухін ды інш. У гэтым нумары тэма была пашырана ад канкрэтнай сітуацыі “выгнання” да асэнсавання ўніверсітэта ў беларускай рэальнасці. Так, Вольга Шпарага ў сваім артыкуле даводзіла, што ўніверсітэт — гэта прастора свабоды, якая мае задачу трансляцыі на грамадства досведу свабоды, самарэалізацыі і выбару[14]. Найбольш разгорнуты артыкул па аналізе ідэі ўніверсітэта быў прадстаўлены Рыгорам Мінянковым, які разгледзеў шэраг праблем сучаснага ўніверсітэта, адной з якіях з’яўляецца пытанне пра магчымасць нацыянальнага ўніверсітэта. Магчымасць і мэтазгоднасць такой формы аўтарам былі выключаныя[15]. Водгукі гэтага ўяўлення пра сутнасць сучаснага ўніверсітэта мы можам назіраць у далейшай стратэгіі развіцця ЕГУ.

Пераезд універсітэта ў Вільню быў адзначаны як паўстанне акадэмічнай і ўніверсітэцкай супольнасці, як сцвярджэнне ў рэальнасці фундаментальных асноў еўрапейскага ўніверсітэта. І, разам з гэтым, дыскусія пра ўніверсітэт паступова знікае з публічнай інтэлектуальнай прасторы, і на нейкі час ЕГУ становіцца “ўвасабленнем” акадэмічных прынцыпаў, прынамсі, так ён пазіцыянуецца і прасоўваецца ў беларускім грамадстве. Але незавершанасць разумення і адсутнасць пастаяннай крытыкі і рэфлексіі спараджае праблемы. Наступным разам пытанне адпаведнасці рэальнага ўніверсітэта ідэі ўніверсітэта паўстала ў сувязі з канфліктам выкладчыкаў дэпартамента паліталогіі і адміністрацыі ЕГУ ў 2009 годзе. Выкладчыкі сцвярджалі, што былі парушаныя прынцыпы акадэмічнай свабоды, адміністрацыя аспрэчвала гэтыя абвінавачванні, апелюючы да непрымальнасці вынясення ўнутраных спраў на разгляд шырокага кола.

Гэтая сітуацыя канфлікта не спарадзіла больш глыбокага аналізу і паглыблення ў тэму, але чарговы раз “вынесла” на паверхню публічнай прасторы складанасць універсітэцкага жыцця, якое не абмяжоўваецца пытаннямі адукацыі і падрыхтоўкі ці працоўнымі адносінамі. Цягам некалькіх наступных гадоў крызісныя тэндэнцыі толькі ўзрасталі, і можна сказаць, што гэта сталася вынікам фактычнага “закрыцця” для абмеркавання і крытыкі тых прынцыпаў універсітэцкага жыцця, якія наўпрост звязаныя з сутнасцю грамадзянскай супольнасці. Пераезд за мяжу ва ўмовы дэмакратычна ўладкаванага грамадства не змаглі аўтаматычна даць неабходную якасць універсітэцкай супольнасці, бо ўзоры і практыку арганізацыі жыцця людзі прывезлі з беларускага грамадства мадэрнізацыйнага кшталту. У выніку, супольнасць ЕГУ аказалася няздольнай супрацьстаяць асноўным праблемам і заганам сучасных універсітэтаў — камерцыялізацыі і менеджарскаму дыктату.

Ужо ў 2013—2014 гадах назіраўся шэраг падзей, які кваліфікаваўся як крызіс і нават скасаванне ідэі еўрапейскага ўніверсітэта для Беларусі. Зноўку ў публічнай прасторы аднавілася дыскусія пра сутнасць універсітэта і пра яго місію для грамадства. Адным са штуршкоў стаўся даследчы артыкул Яраслава Крывога і Аластаіра Рабагліаці[16], дзе даводзілася неабходнасць трансфармацый ва ўніверсітэце дзеля выканання яго місіі для беларускага грамадства. У межах універсітэцкай супольнасці была створана платформа “За дэмакратычны ЕГУ”, дзе рабіліся спробы прапанаваць праграму трансфармацый універсітэта ў бок адпаведнасці яго базавым прынцыпам і заяўленай місіі. У публічным абмеркаванні, з аднаго боку, быў заўважны значна больш шырокі рэзананс і ўключэнне ў дыскусію больш шырокіх колаў — не толькі студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ, але і незалежных інтэлектуалаў і грамадскіх дзеячоў. З іншага боку, публічнае абмеркаванне было значна менш грунтоўным і ў вялікай ступені зведзеным (наўмысна ці не) да пытанняў працоўных адносін. Менавіта гэты аспект ствараў найменшую магчымасць для шырокай дзейнаснай салідарнасці. Тым не менш, нягледзячы на фактычную паразу тых сіл у ЕГУ, што трымаліся ідэі ўніверсітэта, вынясенне пытанняў пра яго далейшае існаванне адкрывала новыя магчымасці для інтэлектуальнага і дзейнаснага напружання ў беларускім грамадстве.

Асобна трэба разгледзець яшчэ адзін грамадскі працэс, які актуалізаваў ідэю ўніверсітэта ў грамадскай і інтэлектуальнай прасторы, а менавіта — дзейнасць Грамадскага Балонскага камітэта. Яна выразна характарызуе і адлюстроўвае сітуацыю з універсітэтамі ў грамадствах у стане мадэрнізацыі. На жаль, адукацыя як функцыя ўсяго грамадства па-ранейшаму застаецца недаацэненай навукоўцамі, палітыкай і грамадскай думкай. Праблемы адукацыі ніколі не з’яўляюцца галіновымі праблемамі, яны маюць палітычнае вымярэнне, то бок тычацца не толькі школ і Міністэрства адукацыі, а закранаюць інтарэсы ўсяго грамадства і нацыі. І, як гэта часта можна назіраць у Беларусі, лакальныя і асобныя праблемы вынікаюць з хібаў і заганаў агульнай палітыкі. Адзін з прынцыпаў палітыкі Рэспублікі Беларусь накіраваны на стварэнне т.зв. “агульных прастор” у межах розных інтэграцыйных працэсаў з Расіяй і іншымі постсавецкімі краінамі, кшталту агульнай гандлёвай прасторы, агульнай інфармацыйнай прасторы і г.д. У гэтым шэрагу знаходзіцца і агульная адукацыйная прастора. Гэты непрадуманы агульны ідэалагічны прынцып у палітыцы вядзе да замаруджвання і нават спынення развіцця ў асобных накірунках грамадскага жыцця і гаспадаркі. Датычна нашай тэмы можна канстатаваць, што Беларусь, імкнучыся да ілюзорнай мэты стварэння агульнай адукацыйнай прасторы з Расіяй і краінамі СНД, апынулася па-за працэсамі сусветнага еўрапейскага развіцця, аказалася выкінутай з еўрапейскай прасторы. Канкрэтнай праявай гэтага стаўся няўдзел у Балонскім працэсе, які хоць і тычыцца ўніверсітэтаў, але мае агульнапалітычнае вымярэнне і выходзіць далёка за межы галіны адукацыі. Беларусь жа на ўзроўні Міністэрства адукацыі запазычвала тыя ці іншыя адукацыйныя складнікі Балонскага працэсу, ігнаруючы ўсё астатняе. Прынамсі, тое, што тычыцца дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці, міжнароднага супрацоўніцтва і правоў чалавека. За дзесяцігоддзе існавання Балонскага працэсу краіны, якія да яго далучыліся, далёка прасунуліся не толькі ў галіне адукацыі, але і ва ўладкаванні рынку працы, развіцці стасункаў паміж людзьмі, міжнароднай мабільнасці, кіраванні ведамі і г.д. З вялікім спазненнем урад Беларусі ў 2011 годзе падаў заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу. На гэты момант у Беларусі ўжо існавала хоць і невялікая, але кваліфікаваная і кампетэнтная экспертная супольнасць, а таксама невялікія студэнцкія арганізацыі і кансалідаваныя структуры грамадзянскай супольнасці, якія ўсур’ёз паставіліся да ўдзелу краіны ў Балонскім працэсе. Быў створаны Грамадскі Балонскі камітэт, які ў 2012 годзе зрабіў альтэрнатыўны даклад аб стане ўніверсітэцкай адукацыі і звярнуў увагу на тое, што Беларусь, пагадзіўшыся на выкананне амаль усіх палажэнняў Вялікай хартыі ўніверсітэтаў, праігнаравала два найбольш істотныя палажэнні, а менавіта — тое, што тычыцца аўтаноміі ўніверсітэтаў і акадэмічных свабод.

У дакладзе Грамадскага Балонскага камітэта было абгрунтавана паказана, што ў Беларусі не забяспечана незалежнаць і аўтаномія ўніверсітэтаў ад дзяржавы, адсутнічаюць выбары кіраўніцтва ўніверсітэтаў, ліквідаваныя нават парасткі самакіравання (у прыватнасці, студэнцкае самакіраванне), адсутнічае свабода акадэмічнай супольнасці ў вызначэнні зместу адукацыі, тыпаў, форм і метадаў працы. У супрацоўніцтве і кааперацыі з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці Беларусі з дапамогай міжнародных асацыяцый і арганізацый, у якія ўваходзяць гэтыя беларускія структуры, Грамадскі Балонскі камітэт затрымаў прыняццё Беларусі ў Балонскі працэс да выканання беларускай дзяржавай фундаментальных прынцыпаў аўтаноміі ўніверсітэтаў і акадэмічнай свабоды[17]. Варта зазначыць, што гэты вынік быў дасягнуты невялікай групай людзей, грамадзян і арганізацый, перавагай якіх была не колькасць, а здольнасць да паразумення і салідарных дзеянняў.

Вынік гэтых дзеянняў — адтэрміноўка прыняцця Беларусі ў Балонскі працэс — меў даволі шырокі рэзананс і выклікаў шмат водгукаў у публічнай прасторы. Прычым трэба заўважыць, што сутнасць пытанняў, на якія звяртаў увагу Грамадскі Балонскі камітэт, была слаба ўсвядомлена грамадскасцю. То бок пытанні ўніверсітэцкай аўтаноміі і акадэмічных свабод заставаліся даволі абстрактнымі і малазразумелымі нават для людзей, якія ўключаныя ў выкладчыцкую і навуковую дзейнасць. Больш зразумелымі падаюцца эканамічныя выгады і тэхнічна-арганізацыйныя пытанні. Адной з галоўных тэм абмеркавання ў гэтым кантэксце стала непадрыхтаванасць акадэмічнай супольнасці да самакіравання, свабоды і самавызначэння. І, гледзячы на рэакцыю шырокіх колаў, трэба сказаць, што гэтае сцверджанне мае падставы. Ідэі і мэты Грамадскага Балонскага камітэта не знаходзяць шырокай падтрымкі ў калектывах асобных універсітэтаў, нават самых прасунутых (уключаючы ЕГУ), нават у тых, якія ўжо раней былі часткова ўдзельнікамі Балонскага працэса (БДУ і ГрДУ). Больш таго, сітуацыя з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам (узгаданая раней практыка забароны на прафесію) сведчыць пра тое, што як раз за апошнія гады гэты ўніверсітэт яшчэ больш адхіліўся ад прынцыпаў Вялікай хартыі ўніверсітэтаў.

Напрыканцы 2014 года быў падрыхтаваны наступны альтэрнатыўны даклад[18], дзе зноўку былі выкладзеныя тэзісы аб неадпаведнасці сітуацыі ў беларускіх універсітэтах прынцыпам, закладзеным у Балонскім працэсе. На жаль, за прайшоўшы час кола людзей і арганізацый, падтрымліваючых гэтую працу, фактычна не пашырылася. Тым не меньш, у сітуацыі, калі Беларусь была прынята з умовамі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (Балонскі працэс), менавіта Грамадскі Балонскі камітэт стаў той структурай грамадзянскай спольнасці, якая легітымна ўдзельнічае ў маніторынгу рэалізацыі Дарожнай мапы і дыялогу наконт вынікаў працэса рэформ.

Такім чынам, ідэя ўніверсітэта, нягледзячы на некалькі істотных захадаў на распрацоўку і распаўсюд, пакуль не з’яўляецца актуальнай і прынятай у беларускім грамадстве. Яе развіццё адбываецца па-за межамі афіцыйных устаноў ці груп, якія непасрэдна праектуюць і праграмуюць дзейнасць функцыянуючых універсітэтаў. А тое, што было напрацавана, пераведзена ў навукова-акадэмічны статус і адсунута ад рэалізацыі. Да сённяшняга дня носьбітамі ідэі з’яўляецца нешырокае кола інтэлектуалаў і чальцоў акадэмічнай супольнасці. Прычыны гэтага становішча трэба шукаць у месцы, ролі і самавызначэнні інтэлектуалаў у сучаснай Беларусі. Структура беларускага грамадства не надае ім месца і ролі ў адпаведнасці з іх функцыяй у адкрытым грамадстве. Кожны чалавек і грамадзянін, нават такі, які патэнцыйна можа быць прылічаны да інтэлектуалаў у Беларусі, застаецца “партыкулярным”, і абмежаваны адведзеным яму месцам у пэўнай арганізацыі ці карпарацыі. Якія б глабальныя ці агульнанацыянальныя праблемы і тэмы не ўздымаліся беларускімі інтэлектуаламі, грамадская свядомасць адводзіць ім адпаведнае партыкулярнае месца, маўляў, яны тычацца толькі тых, хто іх уздымае. Найбольш яскравым прыкладам гэтага можа стаць гісторыя ЕГУ. Падзеі і працэсы, якія адбываліся ва ўніверсітэце і з ім — ціск і выгнанне за мяжу, праблемы з акадэмічнай супольнасцю і захаваннем місіі ўніверсітэта ў перыяд працы ў выгнанні, — маюць агульны характар і агульнае значэнне менавіта таму, што яны тычацца падставовых пытанняў не толькі акадэмічнага жыцця, а рэалізацыі прынцыпаў свабоды і самавызначэння. Але ж прадстаўнікі і супрацоўнікі іншых ВНУ, Акадэміі навук і ў значнай ступені свабодныя інтэлектуалы разглядалі тое, што гавораць выкладчыкі ЕГУ, як іх прыватную справу, іх лакальную сітуацыю, не бачачы ў гэтым сваёй сітуацыі і сваіх праблем, не абагульняючы сваё прыватнае і іх прыватнае ў агульныя праблемы, якія могуць быць вырашаныя толькі ў нацыянальным маштабе. Тое самае можна казаць і пра праблему прыняцця Беларусі ў Балонскі працэс, якая, нягледзячы на свае значэнне не толькі для ўсіх, звязаных з адукацыяй і навукай, але і для самага шырокага кола грамадзян і грамадскіх суб’ектаў, тым не меньш, застаецца справай нешырокага кола людзей.

Апошняй хваляй увагі да тэмы ўніверсітэта стала актуалізацыя задачы стварэння нацыянальнага ўніверсітэта, інспіраваная Аляксандрам Мілінкевічам у 2015 годзе. Пасля даволі громкіх заяў у прэсе і шэрагу публічных сустрэч, ініцытыва перайшла ў “арганізацыйную форму”, калі Аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта стаў выпрацоўваць канцэпцыю ўніверсітэта і ягонай дзейнасці. Трэба сказаць, што нягледзячы на тое, што сутнасць “нацыяльнага” ў азначэнні новай ініцыятывы адразу вызвала шмат публічных выказванняў і спрэчак, яны не перайшлі ў сутнасную дыскусію, якая магла б дазволіць вызначыцца з тым, ці магчымы нацыянальны ўніверсітэт у сучаснай Беларусі, і якім ён павінен быць. Так ці інакш, у публічнай прасторы найбольш часта згадвалася ідэя беларускамоўнага ўніверсітэта як вызначэнне яго нацыянальнага характару. Спробы сфармуляваць іншае разуменне засталіся адзінкавымі і незаўважанымі[19]. Пры гэтым праца новай ініцыятывы не спыняецца, але канцэптуальная праработка адбываецца ў вузкім коле Аргкамітэта, а звонку можна ўбачыць толькі адбіткі гэтай працы, дзе зараз часцей за ўсё згадваецца сеткавы характар новага ўніверсітэта.

Па тэме: Таццяна Вадалажская. Пытанне Нацыянальнага ўніверсітэта

Яшчэ адной тэндэнцыяй стала ўзгадванне неабходнасці новых універсітэтаў для развіцця краіны, што можна пачуць у выказваннях бізнесоўцаў (апошнім часам – у межах абмеркавання магчымасці пераўтварэння Беларусі ў IT-краіну)[20]. Гэтая тэндэнцыя зноўку дае падставы для надзеі адносна магчымасці сур’ёзнага звароту да распрацоўкі і прасоўвання ідэі ўніверсітэта сярод інтэлектуалаў і грамадзянскай супольнасці. Але пакуль гэтая надзея вельмі асцярожная.

Можна меркаваць, што не вельмі высокая ўвага шырокай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасці да праблем, якія ўздымаюцца асобнымі групамі, тлумачыцца недастатковай кваліфікацыяй тых, хто гэтыя праблемы ўздымае, ці з недастатковай энергічнасцю іх дзеянняў. Такое тлумачэнне нельга пакідаць па-за ўвагай, але немагчыма ігнараваць і тое, што стан грамадзянскай і акадэмічнай супольнасці і нават больш вузкай супольнасці інтэлектуалаў сёння такі, што ён гасіць спробы абмеркавання самых істотных для нацыі пытанняў, у тым ліку пытання існавання ўніверсітэта. Гэта вяртае нас да замкнёнага кола сімбіёзу ўніверсітэта і грамадзянскай супольнасці ў мадэрных нацыях, чаго не маюць нацыі ў стане мадэрнізацыі. У развітых краінах менавіта ўніверсітэты гадуюць колы ўплывовых інтэлектуалаў, якія здольныя разгарнуць агульнанацыянальнае абмеркаванне істотных праблем. А ў нацыях у стане мадэрнізацыі грамадства не здольнае вырашаць агульныя праблемы, пакуль не створыць адпаведныя ўніверсітэты як адмысловыя штучныя асяродкі, якія, у сваю чаргу, здолеюць вярнуць грамадству магчымасць уздымаць агульныя праблемы і вырашаць іх.

________________________________________________________________

Усе главы тэкста «Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць»:

  1. Практыкі, нормы і этас грамадзянскай супольнасці ва ўніверсітэцкіх сценах
  2. Універсітэты ў закрытых грамадствах: прэвентыўная палітыка працы з універсітэтамі ў Беларусі
  3. Ідэя ўніверсітэта як праблема і тэма дыскусій інтэлектуальнай супольнасці Беларусі
  4. Універсітэт у грамадскай прасторы: альтэрнатыўныя практыкі акадэмічна-адукацыйнай працы і існавання акадэмічнай супольнасці

СПАМПАВАЦЬ УВЕСЬ ТЭКСТ АДНЫМ ФАЙЛАМ (PDF)

________________________________________________________________

[1] Мацкевич В., Жбанков М., Крупник С. Обзор проектов, идей и концепций реформирования образования в Беларуси // Беларусь: сценарии реформ. — Варшава, 2004. — С. 263—330.

[2] Концепции, разработанные Центром развития проблем образования БГУ: http://charko.narod.ru/index12.html.

[3] Ясперс К. Идея университета / Пер. с нем. Т.В. Тягуновой; ред. перевода О.Н. Шпарага; под общ. ред. М.А. Гусаковского. — Мн.: БГУ, 2006. — 159 с. — (Universitas).

[4] Ридингс Б. Университет в руинах / Пер. с англ. А.М. Корбута; под общ. ред. М.А. Гусаковского. — Мн.: БГУ, 2009. — 248 с. — (Universitas).

[5] Ньюмен Дж.Г. Идея Университета / Пер. с англ. С.Б. Бенедиктова; под общ. ред. М.А. Гусаковского. — Мн.: БГУ, 2006. — 208 с. — (Universitas).

[6] Ортега-и-Гассет X. Миссия университета / Пер. с исп. М.Н. Голубевой; ред. перевода А.М. Корбут; под общ. ред. М.А. Гусаковского. — Мн.: БГУ, 2005. — 104 с. — (Universitas).

[7] Университет как центр культуропорождающего образования. Изменение форм коммуникации в учебном процессеМ.А. Гусаковский, Л.А. Ященко, С.В. Костюкевич и др.: под ред. М.А. Гусаковского. — Мн.: БГУ, 2004. — 279 с. — (Universitas).

[8] Мацкевич В. Культурная политика. — 1994. — № 0.

[9] Комплекс падставовых для праграмы Лятучага ўніверсітэта ідэй распрацоўваліся з 1994 года ў межах “Канцэпцыі аднаўлення гуманітарнай адукацыі”, спачатку ў супрацоўніцтве з Праграмай аднаўлення гуманітарнай адукацыі Фонда Сораса, а потым — у супрацоўніцтве з РІПА (Рэспубліканскі інтытут прафесійнай адукацыі) і АПА (Акадэміі паслядыпломнай адукацыі).

[10] Барковский П. Об идее и миссии университета в будущей Беларуси // “Наше мнение”. — Ч. 1. — 03.11.2010: http://nmnby.eu/news/analytics/2917.html; Ч. 2. — 09.11.2010: http://nmnby.eu/news/analytics/2923.html.

[11] Мацкевич В., Барковский П. Университет: дискуссия об основаниях: Сб. статей / Под ред. Т.В. Водолажской. — Мн.: И.П. Логвинов, 2011. — 159 с. — (Серия “Universitas Ludens”): https://eurobelarus.info/files/22/86/Universitet_Diskussiya.pdf.

[12] Шпарага О. Идея университета в Беларуси — Европейский гуманитарный университет // “Наше мнение”. — 29.06.2004: http://nmnby.eu/news/analytics/299.html.

[13] Адамянц А. Молчание ягнят (к манифестации интеллектуальной позиции) // “Наше мнение”. — 04.07.2004: http://nmnby.eu/news/analytics/291.html.

[14] Шпарага О. Политическая топография Беларуси: солидарность, сообщества, университет // “Топос”. Философско-культурологический журнал. — 2005. — № 1. — C. 72—79.

[15] Миненков Г. Случай ЕГУ, или о перспективах современного белорусского общества // “Топос”. Философско-культурологический журнал. — 2005. — № 1. — C. 87—115.

[16] Yaraslau Kryvoi, Alastair Rabagliati. Optimising EHUs Impact On Belarus // Belarus Digest: http://belarusdigest.com/sites/default/files/ehuforbelarus.pdf.

[17] Альтернативный доклад и дорожная карта по включению Беларуси в ЕПВО и Дорожная карта интеграции беларусского высшего образования в Болонский процесс // Общественный Болонский комитет. — 10.12.2012: http://bolognaby.org/issledovanija-analitika/544-alternaty-d1-9eny-daklad-i-darozhnaya-karta-pa-d1-9eklyuchennyu-belarusi-d1-9e-epva-2.

[18] Готовность беларусского высшего образования присоединиться к ЕПВО. Альтернативный доклад, 2014 // Общественный Болонский комитет. — 12.12.2014: http://bolognaby.org/index.php/issledovanija-analitika/159-alternativnyj-doklad-gotovnost-belaruskogo-vysshego-obrazovaniya-k-priemu-v-epvo-2014.

[19] Вадалажская Т. Пытанне Нацыянальнага ўніверсітэта // Лятучы ўніверсітэт. — 03.05.2015: http://fly-uni.org/blogi/pytanne-nacyyanalnaga-%D1%9Eniversiteta/.

[20] Леонид Лознер. Мечтаю, чтобы в ПВТ 2.0 был создан современный университет // dev.by. ИТ в Беларуси. — 14.08.2017: https://dev.by/lenta/main/kolonka-loznera.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар