Канспект лекцыі “Жыццё як гісторыя ці гісторыя пра жыццё: як нам паразумецца з мінулым”

23 лютага 2016

Цыкл адкрытых лекцый Лятучага Ўніверсітэта “Галоўнае пытанне”

Адкрытая лекцыя Ірыны Махоўскай 16 снежня 2015 г., Мінск

Ірына Махоўская:

Я б хацела пачаць са словаў П’ера Бурдзьё аб тым, што Гісторыя жыцця – гэта адно з тых паняццяў здаровага сэнсу, якія незаконным шляхам трапілі ў навуковы свет.

Казаць пра гісторыю жыцця – азначае дапускаць, што жыццё – і ёсць гісторыя і ўяўляе сабой непарыўную сукупнасць падзеяў нейкага індывідуальнага існавання, якая была задумана і як гісторыя, і як расказ пра гэту гісторыю.

У канцы ХХ стагоддзя ў гуманітарнай навуцы адбываецца сапраўдны рэнэсанс біяграфічных даследаванняў, прычым, не толькі ў гісторыі. Сацыялогія, літаратуразнаўства, ну і, вядома, навукі, традыцыйна завязаныя на біяграфічны метад – антрапалогія і вусная гісторыя – перажываюць усплеск цікавасці да вывучэння гісторый жыцця.

Незвычайная цікавасць гісторыкаў да біяграфіі звязана, у першую чаргу, з новымі магчымасцямі гэтага жанру, якія адкрыліся дзякуючы антрапалагічнаму павароту ў гуманітарных навуках. Пры дапамозе біяграфічных даследаванняў гісторыкі спадзяваліся ўхапіць індывідуальнае ў гісторыі, чалавечае яе вымярэнне, якое раствараецца і знікае ў змене сацыяльных фармацый, эпох і парадыгмаў.

Яшчэ ў 1980-я гады Адольф Людтке, адзін з заснавальнікаў гісторыі штодзённасці, казаў, што тая гісторыя, якая існуе ў акадэмічных колах, адбываецца за спінамі людзей, здзяйсняецца як быццам бы без іх на тое волі і жадання – сама па сабе. Дзе ж тады застаецца чалавек? Да гэтай тэмы ён звяртаецца перш за ўсе ў сувязі з вывучэннем нацыянал-сацыялізму ў Германіі і паказвае, што для таго, каб зразумець, як функцыянавала гэтая сістэма, недастаткова вывучаць палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы пасляваеннай Еўропы. Гэтая злачынная сістэма трымалася не толькі на рэпрэсіўных дзяржаўных механізмах. Яна не існавала без згоды і ўдзелу на тое людзей, самых простых, так званых «звычайных мужчын».

Зварот да біяграфій як метада збору сацыяльна значнай інфармацыі з’яўляецца адлюстраваннем пэўных гістарычных змен у сацыяльным жыцці: працэсу субъектывацыі і індывідуалізацыі жыцця, інтэрналізацыі постматэрыяльных каштоўнасцяў, тэндэнцыі прыватызма і г.д. У рэчышчы гэтага працэсу біяграфія, па М.Колі, становіцца цэнтральным сацыяльным вымярэннем.

Непасрэдна біяграфічны метад пачынае праспрацоўвацца і прымяняцца з 20-х гг. ХХ стагоддзя ў ЗША і Польшчы. У ЗША пачатак быў пакладзены вялікім даследаваннем аб польскіх сялянах ў Еўропе і Амерыцы, якія правадзіліся ў 1918-1920 гадах Уільямам Томасам і Фларыянам Знанецкім. Высунуты тэзіс пра развал сельскай абшчыны і індывідуалізацыі вядзення гаспадаркі грунтаваўся на вывучэнні ліставання і гісторыях жыцця польскіх эмігрантаў у ЗША.

Яны развілі свае гістарычныя здагадкі ў тэорыю, згодна з якой у сацыялогіі павінны ўлічвацца аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары ўздзеяння: калі не браць пад увагу аналіз «свету уяўленняў» асобных людзей, нельга растлумачыць, чаму розныя людзі па-рознаму рэагуюць на адзін і той жа феномен. Гэтыя разважанні пазней сталі вядомыя як «тэарэма Томаса» ці як «гуманістычны каэфіцыент».

У цэнтры біяграфічнага даследавання – вывучэнне ўсяго жыцця чалавека, яго ўнутранай дынамікі, яго «убудаванасці» ў соцыум, суб’ектыўнага вопыту, паводзінаў, дзеянняў чалавека. Іншымі словамі – гэта шырокая тэматызацыя суб’ектыўнасці. Асаблівасць біяграфічнага метаду ў тым, што ён ахоплівае спосабы вымярэння і ацэнкі жыццёва-гістарычных сведчанняў, расказаных з пункту гледжання тых, хто гэтае жыццё пражыў.

Пры гэтым біяграфічнае даследаванне мае свае нарматыўныя патрабаванні:

  • Яно павінна даваць погляд на жыццё індывіда ў цэлым;
  • Улічваць ўзаемасувязь індывідуальнай гісторыі жыцця і гісторыі грамадства;
  • Асэнсоўваць інтэрпрэтацыйную актыўнасць актараў штодзённасці.

Плюсы біяграфічнага метаду ў тым, што ён можа даць даследчыкам погляд на складанасць сацыяльнай рэчаіснасці, якая не прадстаўлена ў сацыялагічных паняццях і тэорыях. Некаторыя сацыяльныя працэсы недаступныя назіранню даследчыкаў, паколькі ў іх недапушчальны ўдзел чужых, напрыклад, у рознага кшталту закрытых групах (крымінальным асяродку і інш.). Далей – толькі ўдзельнікі могуць паведаміць аб змястоўных працэсах (вопыт навучання ў інстытутах адукацыі, службы ў арміі, удзел у вялікіх гістарычных падзеях), акрамя таго біяграфічны метад робіць даступнай працэсуальнасць сацыяльнага жыцця.

У сучасных сацыяльных навуках склаўся цэлы шэраг тэрмінаў, якія характарызуюць «гісторыі аб асабістым вопыце» – гэта, бадай, найбольш шырокае вызначэнне біяграфіі. Найбольш істотнымі ў дадзеным выпадку з’яўляюцца паняцці «асабісты наратыў» і «біяграфічнае інтэрв’ю».

У традыцыйным разуменні наратыў вызначаецца як тэкст, які апісвае нейкую паслядоўнасць падзей; тое ж, што гісторыя, расказ, апавяданне.

Д.Шыфрына вызначае наратыў як «форму дыскурсу, праз якую мы рэканструюем і рэпрэзентуем мінулы вопыт для сябе і для іншых».

Васьмідзесятыя гады ХХ стагоддзя адзначылі сабой пачатак «наратыўнага павароту» ў сацыяльных навуках, звязанага з усведамленнем важнасці апавядання ў чалавечым жыцці. Лейтматывам павароту стала сцвярджэнне, што функцыянаванне розных формаў ведаў можна зразумець толькі праз разгляд іх наратыўнай, апавядальнай прыроды.

Ф.Шюце лічыць, што апавяданні (гісторыі) – звычайны і шырока распаўсюджаны ў паўсядзённым жыцці сродак паведамлення іншым людзям таго, што тычыцца нас саміх або намі перажыта, г.зн. мы звяртаемся да гэтай формы як да сродку для перадачы інфармацыі. Таму можна казаць аб апавяданнях як аб паўсядзённай, звыклай форме камунікацыі, як аб «элементарным інстытуце чалавечай камунікацыі».

Біяграфічнае інтэрв’ю можа быць некалькіх відаў. Лейтматыўнае інтэрв’ю часта абгрунтоўваецца тым, што рэспандэнт можа кантралявана падысці да пэўнай тэмы. Усе апытаныя выказваюцца на аднолькавыя тэмы, якія асабліва цікавяць даследчыка, што дае аснову для змястоўнага параўнання. У гэтым выпадку можна каналізаваць стараннасць апавядальніка і схільнасць да апавядання.

Найважнейшае пярэчанне супраць лейтматыўнага падыходу ў біяграфічным інтэрв’ю разглядае гэтую перавагу як недахоп: лейтматыў можа стаць «са сродку дасягнення інфармацыі сродкам блакавання інфармацыі», калі інтэрв’юер строга яго прытрымліваецца і адразае ў размове іншыя тэмы, акрамя найважнейшай.

Гэтых недахопаў пазбаўлена наратыўнае інтэрв’ю, звязанае з імем Фрыца Шютце і Габрыэлы Разэнталь.

Тут рэспандэнта (як толькі дасягнуты даверлівы і расслаблены клімат у размове) для пачатку просяць распавесці падрабязна сваю гісторыю жыцця па сваіх рэлевантных крытэрыях, усё, што важна. Падчас гэтай першай фазы аповеду інтэрв’юер слухае, дэманструе цікаўнасць і спрабуе падтрымліваць стараннасць інфарманта.

Як толькі інфармант заканчвае аповед пра сваё жыццё, інтэрв’юер распытвае аб асобных, якія засталіся незразумелымі, момантах, але так, каб па магчымасці стымуляваць новыя апавяданні.

Бліжэй да канца інтэрв’ю можна спытаць пра асабістыя ацэнкі інфарманта пра сваё жыццё, пра ўласныя тэорыі інфарманта наконт значэнняў, прычынаў, абгрунтаванняў і г.д.

Галоўны сэнс гэтых правілаў у тым, каб праз стымуляванне апавяданняў (не паведамленняў, не аргументаў, не рацый) захаваць дакументальны змест гісторыі жыцця так, каб хутчэй дасягнуць адпаведнасці інтэрв’ю-аповеду таму, як гэта адбывалася «тады». Відавочна, што гэты метад інтэрв’ю лепш дапамагае чалавеку прадставіць сваю гісторыю жыцця па сваіх уласных крытэрыях і рэлевантнасцях, так бы мовіць, замерыць «натуральны» матэрыял дадзеных.

Апавядальнік расказвае гісторыю пра падзеі свайго жыцця так, як гэтыя падзеі былі ім перажыты, зыходзячы з той рэлевантнасці, якую яны маюць для самога расказчыка.

Такім чынам, можна казаць аб гамалогіі формы аповеду структуры жыццёвага вопыту. Неабходна падкрэсліць, што гаворка ідзе менавіта пра гамалогіі са структурай жыццёвага вопыту, а не з «сапраўднымі падзеямі», якія апісваюцца ў расказе. Але казаць пра такую гамалогію і адпаведна аб поспеху наратыўнага інтэрв’ю, як мяркуе Ф.Шютце, можна толькі ў выпадку, калі, па-першае, рэспандэнт апавядае пра падзеі з свайго (а не чужога) жыцця; па-другое, калі ён пазбаўлены магчымасці папярэдне спланаваць і падрыхтаваць сваё апавяданне, г.зн. калі гаворка ідзе пра аповед-экспромт.

Паколькі пастулюецца адпаведнасць структуры жыццёвага вопыту і структуры аповеду, прынцыповае значэнне надаецца таму, як ён будуецца і якія прынцыпы і правілы дазваляюць апавядальніку рабіць яго сувязным і зразумелым для слухача.

(Аўта)біяграфію, згодна з Ю.Хабермасам, можна разглядаць як адну з формаў камунікатыўнага дзеяння. Хабермас, даследуючы жыццёвы свет, вылучае чатыры тыпы сацыяльнага дзеяння, якія традыцыйна былі асноўнымі прадметамі сацыялогіі: стратэгічнае, нарматыўнае, драматургічнае і камунікатыўнае. Для метадалогіі біяграфічнага даследавання жыццёвага свету найбольш важным аказваецца камунікатыўнае дзеянне, бо менавіта яно прадугледжвае ў якасці абавязковай умовы двух удзельнікаў камунікацыі, якія імкнуцца дасягнуць ўзаемнага разумення. Гэта значыць, у пэўным выпадку камунікатыўнага дзеяння, у сітуацыі біяграфічнага апавядання, аўтар будуе свой аповед так, каб быць зразуметым адрасату, выкарыстоўваючы інтэрсуб’ектыўны вопыт, тыпізацыю, фонавыя веды і г.д. І мову, якая апісвае жыццё як дарогу. Мова прадстаўляе жыццё як дарогу са сваімі скрыжаваннямі, ямінамі і ўхабамі, шлях, які трэба прайсці, як рух наперад, у адзін бок, як нешта, што мае пачатак, этапы і канец, які разумеецца як мяжа ці як мэта. Жыццё, арганізаванае як гісторыя, раскручваецца ў храналагічным парадку, у той жа час – лагічным парадку, дзе адпраўны пункт, пачатак закладае асноўны сэнс існавання – дасягнуць мэты, што адначасова і мяжа, завяршэнне.

Ф.Шютцэ вылучае і аналізуе імпліцытныя правілы вуснай камунікацыі, пастулаты ці максімы, якія адносяцца, у першую чаргу, да працэса апавядання. Асаблівы акцэнт зроблены на трох з іх:

• Цэласнасць і скончанасць. Апавядальнік адчувае неабходнасць заканчваць пачатае апавяданне асобных сюжэтаў і эпізодаў свайго жыцця (даводзіць іх да завяршэння) і рабіць зразумелай іх узаемасувязь для слухача. Таму ўсе важныя і істотныя для жыццёвага вопыту апавядальніка падзеі выкладаюцца ў іх цэласнай узаемасувязі, а кожны канкрэтны эпізод атрымлівае скончаны выгляд.

• Згушчэнне. Паколькі апавядальнік разумее, што ў яго распараджэнні абмежаваная колькасць часу, ён вымушаны спыняцца толькі на тых абставінах і падзеях свайго жыцця, якія ён лічыць найбольш значнымі і якія маюць вырашальнае значэнне. Неабходнасць селекцыі інфармацыі такім чынам выяўляецца ў тэндэнцыі з боку рэспандэнта паведамляць слухачу найбольш рэлевантную для свайго жыццёвага вопыту інфармацыю пра падзеі, сувязі і наступствы гэтых падзей, іншымі словамі – інфармацыю, якая адказвае крытэру “істотна”.

Дэталізацыя. Неабходнасць дэталізацыі з’яўляецца аспектам патрабавання цэласнасці і скончанасці. Уводзячы новую тэму або кажучы аб якіх-небудзь пэўных падзеях (персонах, з’явах, сувязях паміж падзеямі і г.д.) апавядальнік адчувае неабходнасць удакладніць і растлумачыць канкрэтныя абставіны (часовыя, прасторавыя, каузальные), спадарожныя дадзенай падзеі. Таму падзеі, аб якіх гаворыцца, выкладаюцца ў гістарычнай паслядоўнасці і ўзаемаабумоўленасці адзін з адным і з жыццёвым вопытам апавядальніка.

Будучы вербалізаванай формай рэпрэзентацыі вопыту, біяграфія «складаецца» з апорай на агульны наратыўны багаж чалавека. Іншымі словамі, апавядальнік, які мае практыку публічнага апавядання пра сваё жыццё, карыстаецца ў выпадку інтэрв’ю ужо знаёмымі яму мадэлямі. Чалавек, які не валодае такім вопытам, з непазбежнасцю сутыкаецца з неабходнасцю брыкалажа, то бок склейвання уласнай біяграфіі з «падручнага матэрыялу» – розных гісторый, якія ў звычайным жыцці незвязаныя ў адзінае цэлае і распавядаліся ці існавалі ў розных кантэкстах.

«Звычайны чалавек», які распавядае сваё жыццё, валодае абмежаваным рэпертуарам гісторый, якія складаюць для яго падручны матэрыял. Элементы гэтага рэпертуару не былі сабраныя, або нават адабраныя, з мэтай стварэння біяграфіі. Вусная біяграфія «звычайнага чалавека» з’яўляецца жанрам штучным і эклектычным па азначэнні. Чым больш сюжэтна і стылістычна прапрацаваным выглядае фрагмент такой біяграфіі, тым больш падстаў меркаваць, што ён складае самастойную гісторыю, якая абмяркоўваецца і, значыць, запатрабаваная ў асяроддзі інфарманта.

Большасці людзей, якія арыентаваныя на паўсядзённую вусную камунікацыю і не валодаюць вопытам публічных выступленняў, не толькі не знаёмы жанр вуснай маналагічнай біяграфіі, але і само абмеркаванне асаблівасцяў асабістай біяграфіі – таксама нязвыклая тэма для размовы.

Аповед пра сваё жыццё асацыюецца для большасці маіх рэспандэнтаў менавіта з жанрам публічнага выступу. З гэтым звязаныя і ўсе сумненні, якія ўзнікаюць у расказчыкаў ў сітуацыі інтэрв’юіравання: яны не лічаць сваё жыццё досыць цікавым для іншых людзей, не лічаць яго годным пераказу. З пункту гледжання інфармантаў, жыццё, пра якое можна расказваць, павінна быць унікальнае, у той час як сваё ўласнае жыццё яны такім не лічаць.

У момант аповеду актуалізуецца выдзеленая вобласць жыццёвага свету, рэлевантныя тут-і-цяпер сітуацыі апавядання. Мэта і план апавядання вызначаюцца сітуацыяй, залежаць ад жанру (аўтабіяграфія, успаміны, сямейная хроніка і інш.) і спосабу камунікацыі (вуснага ці пісьмовага).

У нарматыўнай рамцы можна вылучыць два вымярэнні. У біяграфічным апавяданні адбываецца суаднясенне са змястоўнай нормай сацыякультурнага вопыту і з фармальнай нормай жанру біяграфічнага апавядання. Напрыклад, наратар ў сваім апавяданні пазіцыянуе сябе як аднаго са шматлікіх людзей (такіх, як усе, нічым не адметнага і інш.). Альбо як станоўчага, або адмоўнага, сноба, не такога, як усе. Гэтым самым расказчык так ці інакш убудоўвае ўласнае жыццё ў рамкі гістарычнай сацыяльнай сітуацыі.

У фармальным плане нарматыўная рамка стандартызуе вопыт, разуменне, сам паток жыцця ў сацыяльна прымальныя формы аповеду, абмяжоўвае ўтрыманне формай. У гэтым плане жанр біяграфічнага апавядання можа аказваць вырашальны ўплыў на змест жыцця.

Нарэшце, аўтабіяграфічнае апавяданне як камунікацыя залежыць ад адрасата. Патэнцыйным адрасатам можа выступаць сам апавядальнік альбо аўдыторыя рознага маштабу.

Апісаннне жыцця аднаго і таго ж чалавека, пры іншых роўных умовах, можа адрознівацца ў залежнасці ад канкрэтнага адрасата. Калі апавяданне будзе прызначацца для маладога чалавека, то жыццяпіс можа быць прадстаўлены з асветніцкі-стомленым ментарскім пафасам, для іншага чалавека – як гісторыя поспеху, а для трэцяга – як «гісторыя бедстваў».

Практыка маўлення служыць не толькі забеспячэнню патрэбы паразумення ў працэсе камунікацыі, але і самапаразумення людзей. Калі чалавек выкладае сваё жыццё на старонках дзённіка, то ў канчатковым плане ён арыентуецца на сябе ў будучыні як адрасата гэтага тэксту.

Аповед пра жыццё будзе вар’іравацца як па форме, так і па змесце ў залежнасці ад сацыяльнай якасці рынку (П.Бурдзьё), на якім ён прапаноўваецца, а само даследаванне непазбежна ўнясе свой уклад у вызначэнне фармаванага дыскурсу.

Але уласна аб’ект гэтага дыскурсу, то бок публічнае прадстаўленне або наданне афіцыйнага статусу прыватнаму прадстаўленню уласнага жыцця, уносяць дадатковыя абмежаванні і асаблівую цэнзуру.

Такім чынам, законы афіцыйнай біяграфіі, відаць, будуць навязваць сябе за межамі афіцыйных сітуацый праз несвядомыя дапушчэнні, выяўляючыся ў імкненні да храналагічнага парадку. Іншымі словамі, аповед пра жыццё імкнецца ў значнай ступені наблізіцца да нарматыўнай мадэлі афіцыйнага прадстаўлення асобы (пасведчання, анкеты, афіцыйнай біяграфіі і г.д.).

Штодзённасць толькі на першы погляд здаецца светам «цвёрдай» рэальнасці, на справе яна выкідвае клішэ, якія змяшчаюць у свядомасць «культурныя медыятары» – школьныя настаўнікі, прапагандысты, цывільныя і вайсковыя.

Згодна з П.Бурдзье, паспрабаваць зразумець жыццё як унікальную і самадастатковую серыю паслядоўных падзей, якія не маюць іншых сувязяў акрамя асацыявання з нейкім «аб’ектам», які валодае адзінай канстантай ў выглядзе імя ўласнага, амаль таксама абсурдна, як надаць сэнс паездцы ў метро, не прыняўшы да ўвагі яго схему, інакш кажучы – матрыцу аб’ектыўных адносін паміж рознымі станцыямі.

Сёння большасць даследчыкаў схіляецца да высновы, што ў вуснай гісторыі так і не атрымалася выявіць ніякай «сапраўднай памяці», як нейкай асаблівай, альтэрнатыўнай карціны. Гэта канстатавалі, як толькі высветлілася, у якой значнай ступені на інфарманта аказваюць ўплыў ўстаноўкі той самай «афіцыйнай версіі» мінулага, проціяддзем ад якой лічылі вусную гісторыю яе бацькі-заснавальнікі. Не атрымалася сысці ад уладных, дамінуючых дыскурсаў, і, відавочна, праўда вуснай гісторыі не ў яе фактычнай дакладнасці, у вусных крыніцах можа весціся гаворка пра каштоўнасці, адносіны, вераванні, пачуцці. Чалавек стараецца будаваць наратыў ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі аб норме, аб належнай іерархіі.

Ўзаемадзеянне – тое, што адбываецца ў рамках інтэрв’ю, прадугледжвае выбудоўванне адносін паміж інфармантам і даследчыкам, але не толькі. Яно па неабходнасці ўлічвае дачыненне абодвух удзельнікаў камунікацыі да больш шырокіх супольнасцяў. Інтэрв’ю ўсталёўвае напаўпублічны рэжым камунікацыі, і абодва суразмоўцы ведаюць пра гэта. Як падкрэслівае Томас Трызайс, даследчык слухае не толькі для таго, каб даведацца самому, але і для таго, каб распавесці іншым.

Разам з тым рэспандэнт з’яўляецца прадстаўніком асаблівай супольнасці і дзеліцца ў інтэрв’ю пэўнымі поглядамі і ацэнкамі, якія выказваюць яго веды і інтэрпрэтацыі мінулага (і сучаснасці). Луіза Пасерыні сцвярджае, што вусныя гісторыі не толькі даюць багацце інфармацыі пра мінулае, але і з’яўляюцца адлюстраваннем пэўнай культуры, дазваляючы разумець, як індывід уяўляе сваё месца ў грамадстве.

Вельмі важнымі для аналізу аказваюцца абмежаванні публічнага дыскурсу, якія дзейнічалі ў мінулым, у савецкі перыяд. У савецкім грамадстве, дзе, па словах Інгрыд Освальд і Віктара Варанкова, «кожны чалавек меў дзве зусім розныя біяграфіі», яны адрозніваліся адна ад адной тым, што выбраныя факты, інтэрпрэтацыі і віды прэзентацыі ўплывалі на аўтабіяграфічную справаздачу.

Нормы звычайнай гаворкі былі шмат у чым дэтэрмінаваны ідэалагічнай (партыйнай) рыторыкай. Як адзначае Наталля Казлова ў сваёй працы пра дзённікі і лісты савецкага перыяду, для звычайнага савецкага чалавека прытрымліванне сродкаў і правілаў нарматыўных маўленчых практык азначала выкананне ўстаноўленага парадку, у якім партыя прапаноўвала коды для расшыфроўкі асабістага досведу.

У той жа час у адказ на гэтыя абмежаванні развівалася другая сфера інтэрсуб’ектыўнасці камунікацыі, дзе можна было абмяркоўваць важныя тэмы ў прыватнай абстаноўцы. Я мяркую, што аналіз дзеяння такога маральнага асяроддзя павінен абавязкова ажыццяўляцца пры працы з наратывам, у прыватнасці, для таго, каб зразумець яго магчымыя межы і тое, як людзі вызначаюць сваё месцазнаходжанне ў рамках публічнага дыскурсу.

Тут крыецца яшчэ адна складанасць біяграфічнага даследавання. Калі мы збіраем працяглыя прыватныя наратывы, развіваецца інтымнасць, якая робіць невідавочным размежаванне паміж «даследаваннем» і «асабістымі адносінамі».

Выпадкі, калі разуменне мяжы паміж прыватным і публічным аказвае ўплыў на выкладанне падзей, – тэма важных разважанняў. Такія выпадкі маркіруюцца просьбамі выключыць дыктафон або якім-небудзь іншым спосабам выключыць асобныя эпізоды з аповеду пра сваё жыццё.

Такія выпадкі часта суправаджаюць расповед пра дэпрывацыйны, траўматычны вопыт. Напрыклад, даследчыкі апісваюць цяжкасці запісу ўспамінаў пра ваенны жаночы вопыт. Тэмы сэксуальнасці, адносінаў паміж паламі, напрыклад, у партызанскіх атрадах не пасуюць лагічна ды тэмаў не толькі савецкай маралі, але і псуюць вобраз партызана. У выніку жанчыны просяць не ўключаць у запіс расказ пра асаблівасці жаночага партызанскага вопыту.

Аніка Вальке ў сваёй працы «Памяць, гендэр і маўчанне: тонкая грань паміж публічным і прыватным» распавядае пра такі вопыт.

Спецыфічная мэта стратэгіі вуснай гісторыі, – сцвярджае яна, – складаецца ва ўключэнні ў памяць дакладнага, арыгінальнага голасу маргіналізаваных групаў. Аднак яе суразмоўца была ўпэўненая ў тым, што такі падыход псуе яе рэпутацыю і не з’яўляецца рэлевантным, паколькі дыскрэдытуе дасягненні яе самой і ўсёй групы, якую яна прадстаўляе.

То бок, відавочна, што стаўленне да аповеду пра асабістае жыццё падчас інтэрв’ю адрозніваецца ад стаўлення да тэксту, які публічна транслюе гэты аповед. Выказванні ў прыватнай кватэры і цытаванне гэтых выказванняў у публікацыі ў форме кнігі распадаюцца на тое, што можна адкрываць для публічнага абмеркавання, і на тое, што лепш пакінуць закрытым.

Пры гэтым мяркуецца, што ў публічнай і прыватнай сферах розныя нормы дэтэрмінуюць формы артыкуляцыі, уключаючы граматычныя правілы, выбар слоў і прадстаўленне такіх падрабязнасцяў, як прозвішчы або даты. Інфармантка Анікі Вальке вызначае гутарковую мову і інфармацыю аб асабістым і інтымным жыцці чалавека як элементы прыватнасці і ў сувязі з гэтым выключае іх з публічнай справаздачы пра сваё жыццё.

У сваіх палявых даследаваннях я сутыкаюся з такімі адрознымі тэкстамі ў залежнасці ад мэтавай аудыторыі ўвесь час. Напрыклад, цудоўны быў інфармант у Міры, расказ падрабязны, поўны бытавых момантаў, даволі крытычны да сітуацыі, бо ў якасці максімы жыццёвай пастуліруецца свая датычнасць да князя Святаполк-Мірскага. Усё вельмі прагматычна, пакуль мой суразмоўца не пачынае цытаваць свой ліст з фронта, куды ён трапіў пасля вызвалення Беларусі. Афіцыйныя  штампы “добьем фашистскую гадину в ее логове” відавочна транслявалі деманстрацыю лаяльнасці савецкаму рэжыму, маючы ў бэкграундзе падмочаную рэпутацыю княжацкага парабка і чалавека, які жыў пад акупацыяй. Мовы розныя абсалютна.

Наступны важны момант і збору, і аналізу біяграфічнага наратыва – спосабы самапрэзентацыі наратара

Усякае аўтабіяграфічнае апавяданне – сувязь мінулага і будучыні, самапрэзентацыя, тлумачэнне і апраўданне сённяшняй ідэнтычнасці. Гэта шоў, некаторая деманстрацыя: Я – такі і такі. І справа не ў тым, ці кажа інфармант аб рэальных падзеях, ці кажа ён праўду – гэта яго праўда, яго рэальнасці. Важна, што ён дэманструе тое, што павінны ўбачыць іншыя, у прыватнасці, даследчык.

У гэтым сэнсе вельмі плённыя не традыцыйныя тэматычны і структурны аналіз наратыву, а інтэракцыйны і перфарматыўны віды аналізу.

У тэхніцы інтэракцыйнага аналізу акцэнт робіцца на працэс сумеснага стварэння сэнсу ў ходзе дыялогу паміж апавядальнікам і слухачом. Такі падыход у прынцыпе здымае пытанне аб «хлусні» або «хітрасці» інфарманта і дазваляе зразумець механізмы чакання, разумення, камунікацыі і сэнсанараджэння паміж апавядальнікам і слухачом як прадстаўнікамі пэўных груп. Паўзы, запінкі і разнастайныя паралінгвістычныя фігуры інтэракцыі пры гэтым складаюць не другасны, а роўны з сэнсавым узровень тэксту.

Перфарматыўны аналіз, натхнёны вядомымі працамі І. Гофмана, адштурхоўваецца ад метафары біяграфічнага наратыву як прамовы-на-сцэне, і можа вывучаць розныя аспекты гэтага прадстаўлення: актараў, устаноўкі, дзеянні, дыялогі ўдзельнікаў, а таксама рэакцыю аудыторыі.

Таму важна аналізаваць біяграфічнае інтэрв’ю як сцэнічнае прадстаўленне, аналізаваць драматургічны кантэкст. Публічная інсцэніроўка – нават калі гэта зносіны з даследчыкам – продаж уласнага іміджу. Даследаванне тэхнік і прыёмаў гэтай інсцэніроўкі дазваляе зразумець, якім чынам чалавек падтрымлівае або змяняе сваю ідэнтычнасць, зразумець яго свет.

Задумваючыся не толькі над тым, што і як кажуць рэспандэнты, але таксама над тым, пра што, як і чаму яны маўчаць, відавочна, што ўся так званая «вялікая» гісторыя, пра якую яны быццам бы ўспаміналі, у выніку аказвалася не больш чым фонам для выпакутаванай асабістай гісторыі сябе: шчасліўца або пакутніка, героя ці ахвяры.

Перфарматыўны аналіз таксама выводзіць нас да прадстаўлення пра сюжэт, што вельмі важна для карэктнага разумення учынкаў. У свой час Дж. Брунер, карыстаючыся тэрміналогіяй рускіх структуралістаў, разглядзеў у вусных біяграфічных гісторыях фабулу (нейкая міфічнае, трансцэндэнтальнае ўтрыманне гісторыі), сюжэт (рэалізацыю фабулы ў канкрэтных абставінах) і жанр (шэраг лінгвістычных сістэм для складання тыпу апавядання).

У канчатковым выніку, успомнім, што, згодна з Х. Уайтам, любая сюжэтная гісторыя можа быць прадстаўлена ў чатырох магчымых формах: як раман, як трагедыя, як камедыя ці сатыра.

Спроба прымяніць сюжэтны аналіз была зроблена ў вуснагістарычным даследаванні, прысвечаным вывучэнню памяці пра перабудову і стратэгій  адаптацыі ў транзітным грамадстве.

Умоўна нашых інфармантаў можна падзяліць на дзве групы. Першая – большасць – гэта тыя, хто прытрымліваўся пасіўных практык адаптацыі да радыкальных сацыяльных зменаў, у першую чаргу, яны былі арыентаваныя на актывізацыю ўнутраных рэсурсаў: эканомія, назапашванне, максімальнае выкарыстанне хатняй гаспадаркі і г.д. Другая група – меншасць – гэта тыя, хто актыўна выкарыстоўваў новыя магчымасці, змяніўшы сферу дзейнасці ці знайшоўшы дадатковыя вонкавыя актыўнасці, якія значна палепшылі эканамічнае становішча і, увогуле, змянілі якасць жыцця. Ва ўмовах правінцыі гэта, перш за ўсе, прадпрымальніцтва: дробная вытворчасць і гандаль.

Наратыў першай групы адносна перабудовы вылучаецца значным падабенствам, гэта ў цэлым расказ пра практыкі выжывання – як вельмі цяжка перажылі і шмат нацярпеліся. Тут пераважае пафас ахвярнасці, непераадольнасці знешніх умоў, дэманстрацыя тактык сыхода, калі чалавек арыентуецца на свае ўнутраныя рэсурсы, уменне эканоміць, абмяжоўваць свае патрэбы, самаахвярна пакутаваць у чэргах. У наратыве гэтай групы, умоўна – “уцекачоў”, у большасці выпадкаў сустракаюцца абсалютна  ідэнтычныя па будове і лексіцы падсюжэты “развалілі вялікую краіну”, “можна было паехаць куды хочаш”, “вырубілі вінаграднікі” і г.д. Як правіла, гэтыя сцверджанні супярэчаць рэальным фактам жыцця нашых суразмоўцаў, у адказах на прамыя пытанні адзінкі хацелі б вяртання “вялікай краіны”, і гэта сёння яны і іх дзеці “едуць, куды хочаш”, але такія міфалагізаваныя сюжэтныя лініі неабходныя для пабудовы выбранага жанра рэпрэзентацыі свайго жыцця.

Наратыў другой групы будуецца вакол тэмы “Перабудова – пачатак новага жыцця, новых магчымасцяў, шанцаў на асабістую рэалізацыю” :

Анатолій Т.: Я вам скажу одну вещь такую. Перестройка как бы не сломала меня, но у меня появился шанс стать человеком

Надзея Р.: “Когда пришла перестройка и от нас потребовался труд больший, чем требовался на работах, мы все, у меня 4 сестры, мы никто не пропал”.

Валянціна М-ч.: Мы на свет народились после перестройки. Даже при нынешних временах, когда нас жмут с налогами, и нас ущемляют где-то в правах, мы все равно радуемся, что существует эта система.

Прадстаўнікі гэтай групы дэманструюць наратыў, умоўна, “паляўнічых”, якія прыпісваюць змены ў сваім жыцці, у першую чаргу, сабе, сваёй актыўнасці, смеласці, прадпрымальнасці і разглядаюць перабудову як стварэнне ўмоў свабоды дзейнасці. Тут перабудова – асобна, крызіс, які яны не заўважылі за працай – асобна.

Падчас працы над праектам мы сутыкнуліся з масавымі памылкамі ў даціроўцы перабудовы, хоць на момант запісу інтэрв’ю ад гэтай гістарычнай падзеі нас аддзяляла толькі 24 гады. Пачатак перабудовы ў шматлікіх (вельмі шматлікіх, каб аднесці гэта да выпадковых памылак у памяці асобных людзей) расказах быў аднесены да пачатку 1990-х гадоў.

Успамінае Таццяна Г.: «В это время еще нормально было. Тогда было полтора года декрета, в 1988 я вышла на работу. … А потом пошла перестройка, ой, что там творилось тогда!»;

Валянціна М.: «Просто, когда уже пошла перестройка, цех закрыли (в 1990 г.), потому что он стал ненужным. Я 20 лет проработала. Перестройка началась – и  все»;

Галіна Д.: “Вот такое было время, я так жалею, почему, вот бедный Бондарчук умер (у 1994 годзе – І.М.), когда началась эта перестройка, как он поставил фильм «Война и мир» – ну никто ж так не ставил, ни американцы, никто»

Валянціна М.: Нам еще повезло. Перед самой перестройкой в 1989 году получили квартиру. Почти она уже начиналась. А потом бы уже не получили. Вообще»

Галіна В.: Конечно, было трудно. Я сама осталась без работы. Наде было лет 10. В каком это году была перестройка, в 1993?

Анатолій Л.: «В 89-м году здесь организовали новый колхоз, и я пошел заместителем председателя колхоза.  Это 1989, 1990-й год. Было. Это перед самой перестройкой, перед самым кризисом.

Алясандра Партэлі, вывучаючы падобныя зрухі ў памяці, у сваёй рабоце “Смерць Луіджы Трастулі: памяць і падзея” прыводзіць наступнае тлумачэнне: “Прычыну калектыўнай памылкі трэба шукаць хучэй не ў самой падзеі, а ў тым значэнні, якое тады надавалі ёй удзельнікі падзей, у іх адносінах да наступных гістарычных падзей і ў актыўнасці іх памяці і ўяўлення”. Такое тлумачэнне цалкам верагоднае. Перабудова была ўспрынятая як маштабная, важная падзея. Але ў практыках камемарацыі моцнае ўражанне, якое пакінула перабудова, патрабавла прывязкі да суразмерных па маштабу сацыяльных трансфармацый. Тое, што адбылося некалькімі гадамі пазней, запатрабавала не толькі адмаўлення ад звычных патэрнаў паводзінаў, але і значных зменаў патэрнаў мыслення. Перабудова як сімвал глабальнага пераўтварэння жыцця і як увасабленне ўсяго наступнага вопыта была прывязаная не да мала паўплываўшых на асабістае жыццё палітычных свабод, а да змяніўшых акаляючае асяроддзе эканамічных пераменаў.

Цікава, што памылкі ў даціроўцы перабудовы адносяцца выключна да першай групы і зусім не сустракаюцца ва ўспамінах “пераможцаў” ці “паляўнічых”. Відавочна, гэта пацвярджае тэзіс В.Нурковай аб тым, што сама біяграфічная памяць ў розных групах існуе як бы ў дзвюх, часткова аб’яднаных сістэмах семантычных каардынат. Для “уцекачоў” гэта сэнсавая сістэма фіксацыі падзеі, адчуванне прыемнага-непрыемнага. “Паляўнічых” цікавіць у большай ступені кагнітыўны аспект падзеяў, звязаны з факталагічным, інфармацыйным бокам, сістэмай ведаў. Такім чынам, перабудова, звязаная ў памяці з вялікімі чаканнямі, была аб’яднаная з перыядам вялікага расчаравання, і гэта наслаенне ляжыць цалкам у эмацыйнай плоскасці. Такое зліццё стварыла завершаны наратыўны сюжэт, характэрны для стылістыкі “уцекачоў”: гісторыю пра вялікі падман ці пра вялікае расчараванне. Такім чынам,  мы атрымалі два розных перабудоўчых наратыва: наратыў рэалізаваных магчымасцяў і наратыў падманутых чаканняў.

Тут можна працытаваць расейскую даследчыцу Разалію Чарапанаву, якая кажа, што “верыць паведамленням пра «вялікую» гісторыю, што называецца, «напрамую», не робячы папраўку на самаканцэптуалізцыю ўласнага жыцця чалавека, было б, відаць, амаль гэтак жа неасцярожна, як верыць тэатральным дэкарацыям, якія малююць эканамічнае і сацыяльнае развіццё Італіі часоў Рамэа і Джульеты”.

Як гэта ні банальна, але, відаць, для чалавека галоўнай заўсёды сапраўды выступае трагедыя яго ўласнага жыцця. Яна можа быць асэнсаваная ў аптымістычна-гераічным дыскурсе і такім чынам упісана ў «гісторыю краіны», а можа быць асэнсаваная і ў пакутліва-ахвярным ключы, і тады агульная «гісторыя краіны» таксама будзе выглядаць інакш.

Такім чынам, падсумоўваючы, можна сказаць, што б мы не шукалі, што б нам чалавек не распавядаў, ён заўсёды распавядае свой погляд на жыццё.

Пытанні і каментары слухачоў пасля лекцыі

Пытанне:  К какой научной дисциплине относится то, о чем Вы сейчас рассказывали? Это уже как-то формализовано? И применяется ли  в исследованиях математический аппарат?

І.М. Біяграфічнае інтэрв’ю – гэта здабытак цэлага шэрагу дысцыплін, якія працуюць з чалавечым досведам. У першую чаргу, гэта вусная гісторыя, сацыялогія,  непасрэдна гісторыя  і антрапалогія. Што тычыцца выкарыстання матэматычнага аппарату, справа ў тым, што біяграфічнае інтэрв’ю – гэта якраз спроба адыйсці ад масавага матэрыялу і знайсці чалавечае , індывідуальнае вымярэнне, знайсці ўнікальнасць.

Пытанне: Мяне цікавіць юрыдычны аспект вуснагістарычных даследаванняў. Зараз вельмі актыўна абмяркоўваецца досвед нашых суседніх краінаў.  А як Вы сёння працуеце,  як складаеце дамовы з інфармантамі? Я сама займаюся этнаграфіяй, і цікава было б пачуць Вашае меркаванне, што нас чакае ў вырашэнні гэтых пытанняў.

І.М. Думаю, прадстаўнік самага маштабнага праекту сучаснай вуснай гісторыі – Архіва вуснай гісторыі – Андрэй Мастыка, які тут прысутнічае, можа распавесці больш падрабязна пра гэта. Вусная гісторыя сёння працуе з абавязковымі дамовамі, якія фіксуюць згоду інфарманта на трансляцыю матэрыялаў інтэрв’ю. Гэта насамрэч не надта звальняе нас ад далейшых праблем,  пра што я ўжо ўзгадвала падчас лекцыі.

Пытанне: А калі, напрыклад, інфармант мае сур’езныя прэтэнзіі – што потым?

І.М. Не, у нас не было такіх прэцэдэнтаў. Калі казаць пра правы даследчыка, то адзінае, што забяспечвае іх, гэта дамова на далейшае выкарыстанне, трансляцыю, размяшчэнне інтэрв’ю. Таму яна неабходная. Канешне, гэта ў нечым абмяжоўвае, бо інфармант тады ўжо разумее, што гэта размова “у знешні свет”.

Пытанне: Калі Вы называлі дысцыпліны, здабыткам якіх сталася біяграфічнае інтэрв’ю, Вы чамусьці не ўзгадалі псіхалогію, у той час як тэрміналогія, якую Вы выкарыстоўваеце, Ваш расповед цалкам кладзецца ў гэты наратыў псіхалогіі. А пытанне маё вось у чым. Калі ты псіхолаг, то расповед застаецца часткай прыватнай гутаркі, не транслюецца далей.  З індывідуальнай тэрапіяй зразумела,  але ж з даследаваннямі іншая справа. Што Вы робіце з Вашай практыкай і тымі матэрыяламі, што з’яўляюцца ў выніку? Калі гэта гісторыя аднаго чалавека, то якая з гэтага  выгода для грамадскасці?

І.М. Так, сапраўды, псіхалогія –  галіна, якая вельмі актыўна працуе з асабістым досведам. Псіхалагічныя метады – гэта тое, што было запазычана, калі стала зразумела, што структурныя метады не даюць тых вынікаў, якія чакаюць.  Што тычыцца таго, якая карысць з нашых даследаванняў… У выніку такіх асабістых расповедаў складаецца карцінка “гісторыі знізу”, якая малюе зусім іншы свет, у адрозненні ад гісторыі, якая напісана па паведамленнях, законах і г.д. У рэальным жыцці гэтыя законы маглі зусім па-іншаму ўспрымацца, выконвацца ці не… Менавіта ў адказ на такую массавую гісторыю і ўзніклі такія метады, якія б дазволілі знайсці чалавека ў гісторыі. Нашыя даследаванні – гэта спробы пошуку ў гісторыі чалавека.

Пытанне: А Алексиевич тоже использует такие методы? Она же тоже опирается на интервью…

І.М. Канешне, вуснагістарычны жанр там прысутнічае, але гэта не навуковае даследаванне, гэта  ўсё ж такі літаратура – тое, што паддаецца далейшай апрацоўцы, у той час як у навуковым даследаванні самі выказванні не кранаюцца. Алексіевіч перакладае гэтыя інтэрв’ю на літаратурную мову, яна іх групуе і прадстаўляе потым агульны досвед. У творах Алексіевіч паказана эпоха – з яе вялікімі пытаннямі, праблемамі.  Што тычыцца навуковага даследавання, то тут у кожнага з варыянтаў свае задачы, кожнае даследаванне шукае нешта сваё. Тут могуць быць зусім розныя падыходы і розныя высновы.

Пытанне: Я так разумею, што і абагульненне ў даследаваннях прысутнічае, і нівеліроўка індывідуальных гісторый – так?

І.М. Не заўсёды, гэта залежыць ад задачаў канкрэтнага даследавання.

Ірына Раманава: Можна, я ўдакладню, як гэта выглядае ў публікацыі? Калі цытуецца нейкі кавалак, абавязкова ўказваецца аўтар гэтага выказвання. Калі нельга назваць прозвішча, то хаця б імя. Напрыклад: “Марыя, настаўніца, 47 гадоў, жыхар вёскі…” Вельмі важна, хто гэта, колькі ёй гадоў, чым займаецца. Пасля прыводзіцца цытата. Нічога нельга ўкласці ёй са слоў іншага інфарманта, як і нічога нельга вынуць з яе слоў. Такім чынам захоўваецца гэтая індывідуальнасць і адбываецца індывідуалізацыя.

Пытанне: Вы казалі, што біяграфічны аповед залежыць шмат ад якіх абставінаў. А ці спрабавалі Вы выкарыстаць гэта на сваю карысць – наўмысна выставіць нейкую прызму, пэўным чынам задаўшы нейкія абставіны, якія б дазволілі Вам атрымаць патрэбную інфармацыю? Напрыклад, прадставіцца кімсьці такім, каму б з большым даверам расказалі тое, што Вас цікавіць? Ці гэта забаронена?

І.М.  Не, такім не карысталіся – тут магу толькі ўяўляць, якімі б былі гэтыя расповеды, калі б расказвалі не нам… Калі казаць пра гісторыю жыцця, то гэта вельмі цэласны наратыў. У нас быў цудоўны інфармант – Аляксандр Шпак, які распавядаў пра вельмі драматычнае жыццё праз прызму  “як мне пашанцавала”. У яго пастаянна гучалі такія рыпрызы: “і тут мне вельмі пашанцавала”, “Ну,  вы чулі – дзіва!” Для яго жыццё было як такое “дзіва”. Хто яго ведае, як бы ён распавядаў тое ж самае свайму суседу? Магчыма, інакш… Але ж зараз мне нават цяжка ўявіць, кім бы можна было б прадставіцца, каб неяк паўплываць на гэты наратыў…

Пытанне:  Возьмем такую з’яву – акторства. Ці магчыма так падмануць даследчыка, каб гэты такі цэласны наратыў “прайграць”? Ці гэта немагчыма, бо падсвядомае ўсё роўна выйдзе навонкі? Як тут адшукаць сапраўдную біяграфію?

І.М. Тут пытанне ў тым, што мы шукаем. Мы хочам вывесці інфарманта на чыстую ваду? Ці ўсё ж прымаем яго аповед такім, якім ён яго прадстаўляе? Часцей за ўсё на факталагічным узроўні адбываецца маніпуляцыя фактамі дзеля таго, каб стварыць пэўны вобраз. З нашага “перабудоўчага” даследавання памятаю такі прыклад: жанчына распавядала пра тое, як цяжка было перажыць гэтыя часы Перабудовы – і што працы не было, і што дзіця малое, і што галодныя былі, і што ў чэргах стаялі, і г.д. Але з аналізу іншых момантаў біяграфіі высвятляецца, што гэтае “грудное дзіця” у той час было ўжо амаль падлеткам 14 год, а жанчына працавала ў бальнічнай сталоўцы і яшчэ і суседзяў падкармлівала. Вось такія накладкі, як правіла, існуюць, калі інфармацыя “нацягваецца” для стварэння вобразу. Але зноў жа пытанне: што шукаем? Ці ёсць тут неабходнасць выкрываць інфарманта? Ці патрэбна нам вывучаць гэты перфоманс і спосаб яго падачы? Магчыма, аналізуючы гэты наратыў, мы задаемся пытаннямі: чаму ён так сябе прадстаўляе? На якія пытанні адказвае чалавек, рэалізуючы сябе такім чынам? Бо ўсё ж такі гэта форма самаапраўдання, магчымасць расказаць сабе і іншым, чаму я так паступіў, чаму выбраў менавіта гэтыя шляхі і страціў іншыя магчымасці, і чаму я менавіта такі на сённяшні момант… Гэта спроба паразумецца і з мінулым, і з сучасным, з самім сабою.

Пытанне: А калі браць вуснагістарычную практыку, даследаванне біяграфічных наратываў –  не толькі ў кантэксце Беларусі, але ў больш шырокім кантэксце сусветных даследаванняў. То якія праблемы сёння найбольш актыўна абмяркоўваюцца даследчыкамі? На якія выклікі адказваюць?

І.М. Зараз існуюць і распрацоўваюцца самыя розныя накірункі.  Калі казаць пра тэматычны зрэз, то тут па-ранейшаму такі “топ тэмаў” – гэта тэма памяці, тэма пераадолення драматычнага вопыта. Што датычыць беларускай сітуацыі, то гэтая ніша ў нас зусім яшчэ вольная, хаця, дзякуй Богу, штосьці тут робіцца. Датычна збору матэрыялаў, фіксацыі, размяшчэння шмат робіць Архіў вуснай гісторыі. Тым самым ствараецца вельмі вялікі корпус крыніцаў, якія яшчэ чакаюць сваіх даследаванняў, што ў далейшым паслужыць падставай для самых розных тэмаў. Калі казаць пра выклікі, то тут я б адзначыла такі сур’езны момант, як прывабная прастата метаду – на першы погляд. Гэта так проста – прыйсці, запісаць тое, што распавядзе чалавек, перапісаць потым у публікацыю. І гэта становіцца глебай для непрафісійных інсінуацый, перасоўвання фактаў. Гэта звязана таксама з інстытуцыаналізацыяй вуснай гісторыі – што з’яўляецца вялікай праблемай для Беларусі. Вусная гісторыя як дысцыпліна практычна адсутнічае ў акадэмічнай сферы, і распрацоўкі беларускіх вусных гісторыкаў пакуль не перараслі тэматычны аналіз.  Будзем спадзявацца, што такая вялікая база, што ствараецца, паслужыць асновай для якасных даследаванняў, якія будуць цікавыя прафесійна, і будуць рухаць наперад гэты накірунак.

Пытанне: Вы казалі, што даследаванне перабудовы праводзілі ў Міры. А ці былі ў іншых месцах такія даследаванні? Напрыклад, у Магілёўскай вобласці ці ў іншых мясцінах? Цікава, ці можна засведчыць розніцу ў меркаваннях?

І.М. Для праекта па перабудове мы запісвалі ўсе шэсць абласцей для таго, каб паказаць усю палітру. І калі казаць пра пасляваеннае пакаленне, то тут не бачна гэтай розніцы. А вось калі казаць пра даваеннае пакаленне, то тут вельмі адрозны вопыт – вопыт заходняй Беларусі і вопыт усходняй Беларусі. У заходнебеларускім наратыве – амаль у кожнай гісторыі можна знайсці каляміфалагічны сюжэт з такім “залатым векам”, пасля якога жыццё ідзе на спад. У інтэрв’ю з жыхарамі заходняй Беларусі абавязковым рэфрэнам гучыць пачуццё сваёй унікальнасці, такі “дыскурс заходнікаў” як больш “якасных беларусаў”.

Пытанне: Калі казаць пра форму аповеда, жанр… Тое, што распавядаюць беларусы – гэта ўсё ж  драма, раман, камедыя ці штосьці іншае?

І.М.  Усё! Гэта залежыць, у першую чаргу, ад складу характара канкрэтнай асобы. Нават не ад падзей жыцця.  Узгадаем той прыклад з Аляксандрам Шпаком, які я прыводзіла. Гэта мог бы быць аповед пра вельмі цяжкае жыццё. Гісторыя поспеху – гэта не заўсёды гісторыя поспеху факталагічнага. Тут уплываюць асаблівасці характару чалавека, асаблівасці сітуацыі інтэрв’ю і яго інтэнцыі ў плане жадання трансляваць сябе праз такі вобраз.

Пытанне: Вы собирали истории разных поколений. Как изменились эти истории с течением лет? Поколение после Второй мировой войны и поколение 90-ых наверняка отличается.  Как повлияли эти события?

І.М. Канешне, кожнае пакаленне – гэта носьбіт своеасаблівай формы памяці, тое, што Алейда Асман называе “сацыяльнай памяццю”. Яна актуальная на працягу 2-3 пакаленняў, потым змяняецца рэфрэн, змяняюцца акцэнты, з’яўляюцца новыя тэмы. Што можна знайсці рознага ў расказах даваенных і пасляваенных пакаленняў? Напрыклад, частая тэма міжваеннага пакалення  – адукацыя, якая разглядалася як  цалкам нерэальная мара. Гэта арыентацыя на рамяство, на працу рукамі, якая выратуе. І пасляваенны дыскурс – значна мадэрнізаваны, у якім прасочваецца тэма магчымасцяў “сацыяльнага ліфта”. Гэта і адукацыя як спосаб з’ехаць з вёскі, выбар кар’ернага росту. Магчыма з пэўнай доляй умоўнасці сказаць, што міжваенны дыскурс арыентаваны ў большай ступені на традыцыйнае грамадства, а пасляваенны – больш мадэрнізаваны.

Калі казаць пра сёння, то я ўпэўненая, што калі б мы рабілі такое апытанне пра перабудову зараз, то адказы шмат у чым розніліся б, з улікам змяніўшыхся абставінаў яны былі  б іншыя. Але не ведаю, ці можна ў такі кароткатэрміновы перыяд казаць пра нейкія абагульненні…

Пытанне: Какие прагматические выводы, рекомендации можно извлечь из Вашего исследования?

І.М. Гэты матэрыял можна выкарыстоўваць інструментальна для больш эфектыўнага кіравання справамі. Бо вынікі даследавання так ці  інакш даюць пэўны зрэз уяўленняў пра свет, якія могуць экстрапалявацца на пэўныя пакаленні, на пэўны сегмент грамадства.  Але пакуль, на жаль, гэтая інфармацыя аказваецца не запатрабаванай.

Відэазапіс лекцыі можна паглядзець па спасылцы

Падзеі:
Тэмы: