Міхал Анемпадыстаў: Liberum veto

29 сакавіка 2013

Апошнімі днямі нейкім містычным чынам мяне пераследуе вобраз Уладыслава Сіціньскага. Навязлівы такі… За што б я ні ўзяўся, заўсёды з’яўляецца ён, шляхціц літоўскі, пасол ад павета Упіцкага зямлі Троцкай, той, каму прыпісваецца першае ўжыванне права liberum veto, здзейсненае ім 9 сакавіка 1652 года. Не так важна, што цяпер гісторыкі знайшлі больш раннія прэцэдэнты, а праўнікі давялі, што дэ-юрэ пратэст Сіціньскага не з’яўляўся актам liberum veto ў чыстым выглядзе — гістарычная і юрыдычная дакладнасць у дадзеным выпадку не маюць асаблівага значэння. У нацыянальным міфе першым выканаўцам liberum veto застаўся Уладыслаў Сіціньскі. Мажліва, так сталася таму, што іншыя паслы былі ўражаныя юрыдычнай нахабнасцю дробнага шляхціца з богам забытай Упіты. Мажліва, спадар Сіціньскі выгукнуў сваё “Не пазвалям!” надта пераканаўча, з правільнай эмацыйнай акцэнтуацыяй, мажліва, проста грамчэй за іншых бразнуў дзвярыма на развітанне. Так ці інакш, ён запомніўся — і запомніўся надоўга.

Лічыцца, што liberum veto (маю права не дазволіць) — гэта ледзь не юрыдычны казус, нешта шкоднае, а нават карыкатурнае, тое, што ў выніку сталася прычынай заняпаду Рэчы Паспалітае абодвух народаў. Права адзінкі блакаваць рашэнне большасці сапраўды паралізавала працу соймаў, зацягвала прыняцце важных дзяржаўных пастановаў, замінала ажыццяўленню палітычныя рэформы — і ўсё гэта адбывалася адначасова з цэнтралізацыяй улады ў суседніх краінах. Аднак у выніку да поўнай страты кантролю над сітуацыяй у краіне прывялі не частыя liberum veto, а закулісныя гульні тых, хто з гэтым самым liberum veto змагаўся. Маю на ўвазе канфедэрацыю Чартарыйскіх, здзейснены імі дзяржаўны пераварот і ўсе наступныя, ужо незваротныя падзеі. Па вялікім рахунку, liberum veto было далёка не самай галоўнай праблемай краіны, а на карысць гэтага права было некалькі важных, канцэптуальных прычынаў.

Па-першае, права liberum veto было практычным увасабленнем прынцыпу роўнасці роўных — аднаго з базавых прынцыпаў шляхецкай рэспублікі. Па-другое, яно наўпрост вынікала з канцэпцыі тэрытарыяльна-палітычнай пабудовы краіны як федэрацыі роўных у правах зямель. Інтарэсы гэтых зямель прадстаўлялі ў соймах паслы, і прыняцце рашэння бальшынёй галасоў насуперак тым, хто галасаваў супраць, трактавалася як дыскрымінацыя тых зямель, якія апошнія прадстаўлялі. Рашэнні соймаў мусілі быць аднагалоснымі. Былі і іншыя аргументы на карысць liberum veto. Досыць распаўсюджаным было перакананне, што нават калі ўсе паслы сойма будуць дбаць пра ўласныя, а не супольныя інтарэсы, прададуцца альбо з’едуць з глузду, заўсёды застанецца хаця б адзін сумленны шляхціц, які не здрадзіў, не прадаўся, не звар’яцеў. На гэты выпадак і існуе права liberum veto. Пры ўсёй наіўнасці гэтага меркавання я з ім пагаджаюся. Мяне пераконвае ў гэтымі гістарычная перспектыва і наяўная рэчаіснасць.

Права liberum veto — гэта права ўзяць на сябе адказнасць. Пайсці супраць усіх, калі ты ўпэўнены ў сваёй праваце, калі больш гэта зрабіць няма каму, альбо проста ніхто гэтага рабіць не хоча. Апошняя ў гісторыі спроба абвясціць liberum veto належыць наваградскаму паслу Тадэвушу Рэйтану, які пры падтрымцы іншых літоўскіх паслоў на працягу 19-21 красавіка 1773 года спрабаваў спыніць працу Варшаўскага сойма, таго самага, на якім быў юрыдычна пацверджаны першы падзел Рэчы Паспалітае. Драматызм сітуацыі быў у яе безвыходнасці: права liberum veto больш не дзейнічала, а ўся палітыка рабілася ў кулуарах. Увогуле трэба сказаць, што шляхта правам liberum veto не злоўжывала. За два стагоддзі набралася ўсяго 73 прэцэдэнты. Гэта не так шмат. У нашыя часы звычайная адсутнасць кворумаў зрывае значна большую колькасць важных рашэнняў.

Па колькасці аб’яўленых liberum veto рэкардсменамі былі нашыя продкі, паслы літоўскія (28 разоў), на другім месцы (24 разы) — паслы з Украіны. Польскія землі ў гэтым рэйтынгу, адпаведна, на трэцім месцы (21 раз). Беручы пад увагу нашую тэрытарыяльную перавагу і зусім невялікі колькасны адрыў, можна канстатаваць, што ўжыванне права не было нейкай тэрытарыяльнай ці этнічнай адметнасцю, проста Сіціньскі і Рэйтан запомніліся лепей за астатніх, першы — камічнасцю сітуацыі, апошні — трагізмам. Шмат успамінаў, сведчанняў і каментароў захавалася пра кожны з гэтых двух выпадкаў. Падобнымі на легенду выглядаюць іх далейшыя жыццяпісы. Сям’ю Сіціньскага забіў пярун, а сам ён цудам ацалеў. Пасля смерці рэшткі Сіціньскага захоўваліся ў спецыяльнай шафе ва Упіцкім касцёле, але потым на загад Мураўёва-вешальніка былі адтуль выкінутыя. Пасля, згодна з паданнем, мясцовыя жыхары таемна перахавалі цела пасла пад каменным ганкам касцёла. Тадэвуш Рэйтан, вярнуўшыся дадому са злашчаснага сойма, звар’яцеў і скончыў жыццё самагубствам, парэзаўшы вены кавалкам аконнага шкла. Ён быў пахаваны ў мясцовасці “пад грабам” у родным маёнтку Грушаўка на Наваградчыне. Неўзабаве пасля смерці Рэйтан стаўся культавай асобай сярод шляхты ўсяе Рэчы Паспалітае, а Чатырохгадовы сойм уганараваў ягоную памяць адмысловай сентэнцыяй.

Маёнтак Рэйтанаў захаваўся, але я туды так і не даехаў. Затое пабачыў Упіту. Цяпер гэта маленькая літоўская вёска, мы наткнуліся на яе ў прыцемках выпадкова, калі заблукалі ў даліне ракі Нявяжы. Абышлі вакол касцёла, паглядзелі на ганак, прыгадалі яшчэ адно паданне пра Сіціньскага: ягоныя рэшткі немажліва знішчыць. Незнішчальны Сіціньскі… У liberum veto была альтэрнатыва — права sisto activitatem. Яно палягала на тым, што кожны пасол мог прыпыніць працу сойма да моманту, ажно пакуль у выніку кампрамісаў не будзе дасягнуты кансенсус — канструктыўна, але доўга, складана і неэфектна. Альтэрнатыва не карысталася папулярнасцю, бо навошта нейкія саступкі, калі можна проста бразнуць дзвярыма? У нас хапае дастойных і сумленных людзей, здольных на адважныя ўчынкі, але ім так цяжка паміж сабой дамовіцца. Чупрына нябожчыка Сіціньскага мільгане раз-пораз то на групавых партрэтах ураду БНР, то на здымках сённяшняй палітычнай эліты, а можа, гэта і не чупрына зусім, а рогі? Надта гэта спакусліва — калі што, мець права не дазволіць. Мне часам таксама хочацца ўзяць і аб’явіць сваё liberum veto. Шкада, што яго адмянілі.

Упершыню апублікавана на http://budzma.org.