06 лістапада 2019

Міхаіл Бараноўскі

Эсэ для ўдзелу ў конкурсе “Пад уплывам тэхналогій: контуры новага грамадства”.

Міхаіл Бараноўскі

Кажуць, што эсэй блізкі да самааналізу твор, што гэта спроба развязаць асабістую вярэду і я маю такую вярэду. Дакладней яе можна перадаць як камяк у горле, што ўзнікае за імгненне да выказвання. Выглядае гэта вельмі проста – ты бачыш у стужцы навін падзею, якая ўзрушвае цябе, бачыш, што яна ўзрушвае многіх – рэпосты, каментары, нататкі ды лонгрыды. І ўзнікае імпульс да таго каб падзяліцца думкай таксама. Больш таго… ты набіраеш тэкст – сядзіш над ім пэўны час і… ў апошні момант націскаеш контрал А і затым дэліт. Так паўтаралася ўжо неаднойчы – чарговы хапун, курапаты, майдан, адэса, дармаеды, дзень перамогі, паглыбленая інтэграцыя, перапіс – думаю такіх сітуацый набярэцца тузіны са два. Хіба гэтулькі разоў я набіраў нейкі тэкст, а потым адчуваў камяк у горле і спыняўся.

Першае рацыянальнае тлумачэнне, якое прыходзіла ў галаву – страх. Нежаданне праз імпульсіўна сказанае парываць сацыяльныя сувязі з людзьмі, з якімі робіш работу, арганізуеш праекты, праводзіш вольны час. Мне падавалася, што гэта самае простае тлумачэнне і таму з вялікай верагоднасцю мусіць быць верным. Але…

Гэты адказ, які я гатовы быў прыняць… ці мала ў свеце (Беларусі) жыве баязліўцаў – не задаволіў. Так, часам, сапраўды страх кіраваў думкамі, вось толькі калі міналі гады і я спрабаваў вярнуцца назад і  для сябе аформіць хоць якія адказы, я сутыкнуўся з тым жа самым камяком, што не даваў рухацца думцы наперад. Нават праз пэўны час я не ведаў як трэба было рабіць, выказвацца. Што было б правільным?

Аднойчы я глядзеў інтэрв’ю . Вядоўца запытваўся ў суразмоўцы “Адкуль у яго ўпэўненасць, што ён мае рацыю. Адкуль узялося ўсведамленне, што ён мае права выказваць досыць радыкальныя думкі, і рабіць не менш радыкальныя заклікі”. Спраўдзіць цытату не магу, бо зараз відэа недасяжнае. Толькі гэта не мае значэння. Важна як яно адбілася ў свядомасці.

Адкуль у мяне права на публічнае выказванне? З чаго гэта я раптам атрымаў права выказваць думку? Бо… гэта адказнасць. Не перад сабой (і перад сабой), але перад людзьмі, хоць бы адным чалавекам, на якога маю ўплыў.

Гэтае мімаходам зададзенае пытанне разгарнула перада мной неасягальна складаную мапу свету з цяжкавытлумачальнымі, ды парадаксальнымі ўзаемасувязямі. Калісці пасля вуза я кінуў думку зрабіцца гісторыкам, бо зразумеў, што мушу выдаткаваць гады і дзесяцігоддзі каб “дасканала” разабрацца ў якой адзінкавай з’яве. Гады і дзесяцігоддзі – каб толькі ў адной. Як зараз памятаю стан дэмаралізаванасці і фрустрацыі, які я тады адчуў. Прыкладна тое самае, толькі значна мацней накрыла мяне, калі я пачуў гэтае самае “праклятае” пытанне.

Можа выштукаваць меркаванне, што гэта звычайная з’ява. Што так было заўсёды і заўсёды сума меркаванняў(кампетэнтных і некампетэнтных людзей разам) дазваляла грамадству рухацца ў пэўным кірунку. Што заўсёды былі лідары і тыя хто нараджаў ідэі, што шмат у чым сітуацыі паўтараюцца праз стагодзі.

Толькі мы не ўлічваем некалькі важных зменаў: за апошняе дзесяцігоддзе на нашых вачах адбылося рассейванне інфармацыйных патокаў і амаль зніклі фільтры інфармацыі на шляху да спажыўца. Радыё, прэса, а зараз і тэлебачанне ператварыліся ў з’явы амаль маргінальныя. Звычайныя транслятары ідэй і думак не тое каб страцілі сілу, але перасталі быць  цэнтрамі сілы. Незаўважна, дзякуючы інтэрнэту (асаблівая размова пра сацыяльныя сеткі) мы апынуліся за вялізным круглым сталом, з бясконцай павесткай. Круглы стол за якім сядзяць адначасова прафесары і люмпены, і часам складанада разабрацца хто з іх шызоід, а хто разумнік – поўная адсутнасць іерархіі, што б гэта не азначала.

Можна чысціць стужку і будаваць вежу з слановай косткі, але вось ўжо на яе зашпурнулі распятага хлопчыка, вось чалавек з “сяброў”, які стройна і лагічна адстойваў адну думку, так жа стройна адстойвае супрацьлеглую. Вось прылятаюць інсайды, што той ці іншы культ-думка-трыгер кіруецца далёка не тымі матывамі, якія ты за яго прыдумаў. Сапраўдная інфармацыйная бамбардзіроўка.

І ўвесь гэты каледаскоп, адбываецца на такіх хуткасцях, якіх нельга было ўявіць яшчэ зусім нядаўна. Паток інфармацынага смецця ператварае наш мілы круглы стол ў звычайную памыйню. А нас у купку бяздомнікаў, што спрабуюць разбіраць завалы ў пошуках “спажывы для розуму і душы”. Не выклікае сумневу, што часам мы патрапляем на нешта смачнае. Падпісваемся на аднаго і адпісваемся ад другога. Але… Гэта не абараняе ад наступнай хвалі інфармацыі. І сам я раблюся часткай гэтай навалы.

Калі я нясу на гэты “круглы стол” думку трывіальную, а паколькі не маю спецыялізаваных ведаў у большасці пытанняў якія разбіраюцца на “паседжанні” – я павялічваю колькасць бескарыснага друзу. Калі агучваю думку шкодную, то пагаршаю сітуацыю. Калі “разумную”, колькі шансаў, ёй быць пачутай і асэнсаванай за смеццем і хуткасцямі, з якой адны сігналы змяняюцца другімі.

Там сям са сваёй вежы (вегітарыянска-культурна-літаратурнай) я бачу падобныя вежы іншых. Яны не прыносяць на круглы стол навін з “франтоў”, але нешта пра архіўныя росшукі і кніжкі, кіно і тэатр. Бачу змагарскія пагляды напоўненыя пагардай. І я пэўна напісаў бы нешта ў адказ, але вялікая верагоднасць, што па выніку я націсну контрал А і дэліт. Бо я не ведаю як правільна, бо невярагодна цяжка спрагназаваць, як ўласна мае (і нашыя агульныя) дзеянні паўплываюць на далейшае развіццё падзей. Ці бачу я ўсю карцінку каб рабіць нейкія высновы, альбо нешта знаходзіцца ў сподзе.

Ды толькі вось… акрамя актывістаў і жыхароў вежаў слановай косткі, ёсць яшчэ вочы разгубленыя. Якія чакаюць адказаў ад гэтага свету і паколькі ён зараз сканцэнтраваны на 5-6 дзюймах экрана тэлефона… чытаюць выказванні тых, хто вырашыў, што мае права. Адпаведна сваёй пасіўнасцю, іх падтрымліваю.

Напэўна тэкст мусіў мець нейкія высновы, але паколькі ён якраз пра тое, што невыносна цяжка іх рабіць і агучваць, я ўстрымаюся. Падзялюся толькі ўласным рашэннем, якое дазволіла максімальна экалагічна для свядомасці сфармуляваць правілы асабістых паводзінаў у прасторы новых медыя.

Тэмы выказванняў і каментарыяў абмяжоўваюцца выключна сферамі кампетэнцыі. Катэгарычнасць выказванняў ступенню кампетэнцыі. Усё фармуліроўкі імкнуцца да нулявога вектара. То бок, пазіцыя заяўляецца, але без ўпэўненасці ў праўдзівасці таго ці іншага выказвання,  разглядае яно пытанні эстэтыкі, альбо з’явы сацыяльныя. І самае галоўнае. Пытанне адказнасці. Адказнасці за выбар. Мы падсвядома чакаем стымул, які нас узрушыць і прывядзе да пэўных дзеянняў. Ды толькі мне падаецца, што ў гэтым вялікая пастка. Замест самастойных рашэнняў мы шукаем наймацнейшыя пасылы тых хто вырашыў, што мае права. Мы прагнем простага рашэння, простага варыянта дзеянняў. І ў сітуацыі інфармацыйнай засмечанасці і абмежавання часу на прыняцце рашэнняў, хоць нейкай аналітыкі – асуджаныя на паразу. За немажлівасцю дзейнічаць рацыянальна рашэнні і канчатковае афармленне пазіцыі адбываюцца ў апошні момант ў залежнасці ад бягучай сітуатыўцыі ў вялікай ступені інтуітыўна.

 У аўтара індульгенцыю атрымала, толькі выказванне творчае, якое, пэўна, падспудна нешта нясе, але з большага захоўвае тыя рысы неакрэсленасці, якія пазбаўляюць пасыл катэгарычнасці і хутчэй заяўляюць праблематыку. Добра калі ўсё напісанае вышэй лухта, і тлумачыцца самай простай пасылкай (гл. вышэй). Але…

З.Ы. Неабавязковы пастсрыптум…

***

Адчынены дзверы і

Няма выйсця

Непад’ёмныя

Кайданы свабоды

Вецер гоніць

Дарогай лісце

А я ў кватэры

У нежывым этэры

Вучуся быць сціплым

Празрыстым

 

Адчынены дзверы і

Няма рады

Пытанням веры

Патрабаванням часу

Калі скончацца ўсе парады

Мы зладзім свой

Якіх не было дагэтуль

 

Адчынены дзверы

І няма меры

Нашым здзяйсненням

Нашым марам

Вецер гоніць

Дарогай хмары

Шэры росчын

Беларускага спліну

 

Адчынены дзверы і

Вочы адчаю

Углядаюцца з цемры

У свой адлюстровак

Як воўк без поўні

Як воўк без зграі

Унутры сябе я

Спяваю

 

Адчынены дзверы і

Зеўрае пастка

Усяго толькі крок

І ты ў

Лесвічнай клетцы

Праз асфальт

Прабіваецца парастак

Падрыхтуйце мабільныя

Для матывуючых фота

 

Я выйшаў

Павярнуў на два абароты ключ

Я зачыніў сябе на волі

Верш атрымаўся занадта даўгі

То напэўна хопіць

Так дакладна на сёння хопіць

Паэзіі і свабоды