Пражская вясна 1968 г. у люстэрку беларускага грамадства. Частка 1

17 траўня 2018

50 год таму ў Чэхаславакіі разгарнуўся шэраг падзей, якія ў гісторыі засталіся пад агульнай назвай “Пражская вясна”. 

Беларускі гісторык Аляксандр Гужалоўскі даследуе на матэрыялах архіўнага фонда ЦК КПБ, а таксама тагачаснай перыёдыкі, як на гэтыя падзеі рэагавала беларускае грамадства ўзору 1968 года – ад афіцыйных мітынгаў на прадпрыемствах да антысавецкіх улётак на пляцы Волі.

Мінск у 1968 г.

Пражская вясна 1968 г. у люстэрку беларускага грамадства

Аляксандр Гужалоўскі

ЧАСТКА 1.

“Пражская вясна” з яе праграмай правядзення рэформаў па дэмакратызацыі ўсіх сфер грамадскага жыцця аб’ектыўна не магла не паўплываць на савецкае грамадства. Курс на дэмакратызацыю і рэформы, прыняты ў ЧССР пасля абрання 5 студзеня 1968 г. першым сакратаром ЦК КПЧ А. Дубчака, быў негатыўна прыняты ў Маскве, дзе з восені 1966 г. пачаўся працэс ресталінізацыі. Вельмі паказальным ў гэтым дачыненні стаў Пленум ЦК КПСС, які адбыўся 9-10 красавіка 1968 г. У закрытым дакладзе генеральнага сакратара ЦК КПСС Л.І. Брэжнева развіццё падзей у Чэхаславакіі ўслед за зняццём А. Навотнага ў снежні 1968 г. разглядалася толькі праз прызму неабходнасці барацьбы з рэвізіянізмам. У дакладзе не была нават згаданая прынятая на пленуме ЦК КПЧ 2 красавіка 1968 г. «Праграма дзеянняў» [i]. Між тым гэты дакумент меў прынцыповае значэнне для разумення сутнасці падзей, што адбываліся ў ЧССР. У ім быў прыняты комплекс мер, якія павінны былі забяспечваць паступовы пераход ад дзеючай савецкай мадэлі сацыялізму да іншай, дэмакратычнай мадэлі, якая атрымала назву “сацыялізм з чалавечым тварам”. У якасці першых крокаў меркавалася ліквідаваць вяршэнства партыі ў сферы эканомікі, адмяніць палітычную цэнзуру, рэалізаваць новую канцэпцыю Народнага фронту як кааліцыі ўсіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якая павінна была прадстаўляць інтарэсы ўсіх сацыяльных слаёў чэхаў і славакаў.

Першапачатковая задума савецкага кіраўніцтва заключалася ў мінімальным інфармаванні насельніцтва краіны пра падзеі ў Чэхаславакіі. Прычым газеты саюзных рэспублік, у т. л. БССР, абмяжоўваліся перадрукам матэрыялаў ТАСС і перадавіц з “Праўды”. Адсутнасць аналітычных артыкулаў беларускіх аўтараў тлумачылася не іх пасіўнасцю, а прамымі ўказаннямі рэдактарам газет з ЦК КПБ (маўляў, вельмі далікатная і складаная сітуацыя). Мясцовыя публікацыі 1968 г. уяўлялі кароткія паведамленні аб праведзеных сходах і мітынгах працоўных калектываў, а таксама ўзорна-паказальныя выступы асобных грамадзян, пераважна ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вядомых навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў. Аб непасрэдных кантактах грамадзян ЧССР з жыхарамі БССР беларускія СМІ паведамлялі вельмі асцярожна. Так, добрым адносінам паміж беларусамі і чэхамі на ўзроўні народнай дыпламатыі была прысвечана нататка ў газеце “Советская Белоруссия”, дзе паведамлялася аб стажыроўцы ў 1968 г. на Мінскім заводзе ім. Арджанікідзэ маладога пражскага інжынера Уладзіміра Серба [ii].

7 студзеня 1968 г. (з трохдзённым спазненнем) чытачы “Советской Белоруссии” даведаліся аб пленуме ЦК КПЧ, абранні А. Дубчака і яго рашэнні пачаць “дэмакратызацыю ў грамадска-палітычнай галіне” [iii]. Мала праясняў сітуацыю ў ЧССР ананімны артыкул “Адстаўка А. Навотнага”, які з’явіўся ў газеце праз два з паловай месяцы і сцвярджаў, што прэзідэнт краіны пакінуў свой пост дзеля таго, каб “дапамагчы далейшаму развіццю сацыялізма” [iv]. Пасля з’яўлення ў другой палове сакавіка закрытага ліста ЦК КПСС “Пра падзеі ў Чэхаславакіі” заслона таямніцы крыху ўзнялася для абраных удзельнікаў партактываў розных узроўняў, якім дазавана агучвалася асаблівая “закрытая інфармацыя” [v].

Газета “Савецкая Беларусія”

З канца сакавіка 1968 г. розныя матэрыялы ТАСС пра падзеі ў Чэхаславакіі беларускія газеты змяшчалі амаль штодня. У некаторых з іх уважлівы чытач мог выявіць прыкметы распачатых бурных дэмакратычных пераўтварэнняў у брацкай сацыялістычнай краіне. Напрыклад, у паведамленні аб пленуме ЦК КПЧ, які адбыўся 1 красавіка, гаварылася аб намеры А. Дубчака “праводзіць больш самастойную знешнюю палітыку ў Еўропе…, якая адпавядае нашым, чэхаславацкім умовам” [vi]. Праз месяц чытачы “Советской Белоруссии” даведаліся пра тое, што ў апошні час ЗША з цікавасцю і сімпатыяй сочаць за падзеямі ў Чэхаславакіі, але не маюць намер прадпрымаць нічога, што магло б быць успрынята як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы гэтай краіны [vii]. А 30 мая 1968 г. – пра тое, што па ініцыятыве А. Дубчака было прыпынена членства ў партыі шэрагу высокапастаўленых чэхаславацкіх камуністаў “да высвятлення іх адказнасці за арганізацыю палітычных працэсаў” [viii].

Гэтыя адрывістыя звесткі, вядома, не дазвалялі сфармаваць агульнай карціны дэмакратычных пераўтварэнняў. Слабая інфармаванасць грамадства давала партыйным ідэолагам магчымасць укараняць сваю інтэрпрэтацыю падзей у ЧССР. Паступова грамадскую думку рыхтавалі да ўспрымання пераменаў у Чэхаславакіі як “пагрозы контррэвалюцыі”. Вяршыняй гэтай кампаніі стала санкцыянаванае зверху правядзенне ў канцы чэрвеня – пачатку жніўня 1968 г. масавых сходаў працоўных у падтрымку курсу ЦК КПСС і савецкага ўрада. Асаблівы размах гэтая кампанія набыла пасля прыняцця 15 ліпеня на сустрэчы дэлегацый камуністычных і рабочых партый сацыялістычных краін у Варшаве адкрытага ліста ЦК КПЧ.

27 чэрвеня 1968 г. ЦК КПБ, спаслаўшыся на “ліст грамадскага актыву народнай міліцыі ЧССР савецкаму народу, у якім яны заяўляюць аб жаданні мацаваць сяброўства з СССР”, арганізавала шэраг мітынгаў савецка-чэхаславацкай дружбы на буйных прамысловых прадпрыемствах рэспублікі. У той дзень мітынгавалі рабочыя і служачыя Мінскага трактарнага завода, Брэсцкай панчохавай фабрыкі, Віцебскага дывановага камбіната, Магілёўскага металургічнага завода, завода “Гомелькабель”. Галоўную ідэю, якая гучала ў прамовах загадзя падрыхтаваных выступоўцаў, перадаюць наступныя радкі з рэзалюцыі, прынятай у той дзень мінскімі трактаразаводцамі: “Мы ведаем, што поспехі братэрскай Чэхаславакіі, дасягнутыя пад кіраўніцтвам КПЧ, не даюць пакою імперыялістам. Яны робяць усё, каб убіць клін ва ўзаемаадносіны сацыялістычных краін” [ix]. Выступаючы на сходзе працоўных Мінскага завода аўтаматычных ліній, габляр Рудамінскі сказаў: “Праходзячы тэрміновую службу, я ўдзельнічаў у падаўленні контррэвалюцыйнага мяцежу ў Венгрыі. Маю пэўны досвед у гэтай справе. Калі патрэбна мая дапамога, я гатовы яе даць чэхаславацкім сябрам” [x]. Падобнымі былі выступы інжынера Цэнтральнага тэлеграфа Куца, майстра будтрэста № 5 г. Мінска Сямёнава і інш. Падчас сходу партактыва Глускага раёна Магілёўскай вобласці ў прэзідыум паступіла ананімная запіска наступнага зместу: “Трэба сканчаць размовы, і ўвесці на тэрыторыю Чэхаславакіі пяць сучасных дывізій, і ўсё стане на месцы” [xi].

Газета “Чырвоная змена”

Неўзабаве пасля прыняцця адкрытага ліста ў Варшаве, 19 ліпеня 1968 г. у БССР былі праведзены сходы актываў абласных партарганізацый, дзе іх удзельнікі прынялі рэзалюцыі, якія асуджалі чэхаславацкі “дэмакратычны сацыялізм” [xii]. Браціслаўская сумесная Дэкларацыя камуністычных і рабочых партый сацыялістычных краін, што асуджала чэхаславацкіх рэфарматараў, таксама шырока абмяркоўваліся на сходах беларускіх працоўных калектываў. Прычым аддзел агітацыі і прапаганды ЦК КПБ, які адказваў за арганізацыю гэтых мерапрыемстваў, вырашыў выкарыстоўваць складаны палітычны момант для мабілізацыі працоўнай актыўнасці насельніцтва. Так, 9 жніўня на сходзе працоўнага калектыву Мінскага трактарнага завода штампоўшчык Палікша сказаў: “Хай ворагі не думаюць, што яны здольны пахіснуць наша сяброўства. Мы будзем працаваць яшчэ лепш, яшчэ эфектыўней, каб уласнай працай спрыяць магутнасці нашай Радзімы”. Кранаўшчыца Саўчанка, якая змяніла яго на трыбуне, развіла гэтую думку: “Свой інтэрнацыянальны абавязак мы разумеем у тым, каб даваць прыклад у працы” [xiii].

На падставе ўказанняў ЦК КПСС, пачынаючы з вясны 1968 г. у СССР ажывілася дзейнасць Таварыства савецка-чэхаславацкай дружбы, павялічылася колькасць сімвалічных акцый дружбы і супрацоўніцтва, такіх як абмен дэлегацыямі, выставы, сустрэчы жыхароў гарадоў і абласцей-пабрацімаў [xiv]. У перыяд з 22 па 27 красавіка, у адпаведнасці з падпісанай двума гадамі раней дамовай аб супрацоўніцтве, у Паўднёва-Чэшскай вобласці знаходзілася дэлегацыя Гомельскай вобласці. Па вяртанні з Чэске-Будзеёвіцы кіраўнік беларускай дэлегацыі, сакратар Гомельскага абкама партыі А. Каргін у сваёй справаздачы ў ЦК КПБ лаканічна паведамляў: “Пытанні, звязаныя з ускладненнем палітычнай сітуацыі ў Чэхаславакіі, у размовах падчас знаходжання дэлегацыі ў Паўднёва-Чэшскай вобласці не закраналіся” [xv].

У значна больш напружанай абстаноўцы ў Гомелі ў ліпені 1968 г. праходзіў візіт паўднёва-чэшскай дэлегацыі, якая складалася з пяці чалавек пад кіраўніцтвам сакратара абкама партыі Яна Дубы. Пра няпросты характар зносінаў беларускіх і чэшскіх партыйных функцыянераў сведчыць абмен пытаннямі, які адбыўся ўжо ў першы дзень знаходжання апошніх у Гомелі. Так, чэхі спыталі: 1. Як у СССР практычна забяспечваецца суверэнітэт саюзных рэспублік і якая роля ЦК КПСС у забеспячэнні аўтаномій кампартый саюзных рэспублік? 2. Як забяспечана прадстаўніцтва саюзных рэспублік у цэнтральным ўрадзе і ЦК КПСС? 3. Якое становішча інтэлігенцыі ў вашым грамадстве? 4. Якая роля камсамола ў выхаванні моладзі? 5. Як ажыццяўляецца эканамічная рэформа на прадпрыемствах? Са свайго боку беларускія партыйныя работнікі сфармавалі наступныя пытанні: 1. Як вы ацэньваеце праграму “2000 слоў”? 2. Якія ўзаемаадносіны пярвічных партыйных арганізацый Кампартыі Чэхаславакіі з пярвічнымі арганізацыямі іншых партый? 3. Чаму сродкі масавай інфармацыі Чэхаславакіі прадставілі свае старонкі і мікрафоны правым антысацыялістычным элементам і рэвізіяністам? 4. Чаму на старонках чэхаславацкай друку не быў апублікаваны зварот актыву народнай міліцыі Чэхаславакіі? 5. Ці абмяркоўвалася праграма “2000 слоў” у пярвічных партыйных арганізацыях і рабочых калектывах, і якая ёй там была дадзена ацэнка? [xvi]

У сваіх адказах на гэтыя пытанні члены чэшскай дэлегацыі стараліся пераканаць гаспадароў у тым, што становішча ў іх краіне нармальнае, што Кампартыя Чэхаславакіі надзейна трымае ў сваіх руках рычагі кіравання і не збіраецца іх выпускаць. Казалі, што савецкія людзі недастаткова інфармаваныя аб той працы, якая вядзецца па выпраўленні дапушчаных памылак у мінулым, а некаторыя падзеі асвятляюцца ў савецкім друку ў негатыўным плане. Я. Дуба, звяртаючыся да партыйнага кіраўніцтва Гомельскай вобласці, заявіў: “Я сын рабочага, мой бацька – ахвяра фашызму. Я не разумею, як вы такім камуністам, як я, выказваеце недавер, няўжо я магу здрадзіць справе сацыялізма?” [xvii].

У напружанай абстаноўцы лета 1968 г. нават падобная эмацыйная аргументацыя прымушала беларускіх партыйных функцыянераў турбавацца. Справаздача, падрыхтаваная гомельскім партыйным кіраўніцтвам для ЦК КПБ, заканчвалася наступнымі словамі: “Адчуваецца, што чэшская дэлегацыя атрымала вельмі падрабязны інструктаж у ЦК КПЧ перад ад’ездам да нас. Прыехала каб даведацца пра нашы настроі, нашы меркаванні пра падзеі ў іх краіне, спрабуючы супакоіць грамадскасць і камуністаў вобласці ў тым, што нібыта нічога сур’ёзнага ў іх краіне не адбываецца” [xviii].

Гомельскія партыйныя функцыянеры намагаліся ўсталяваць адносіны з прадстаўнікамі паўднёва-чэшскай дэлегацыі на нефармальным узроўні. На працягу тыдня, з 17 па 23 ліпеня, на розных мерапрыемствах было пададзена 74 бутэлькі каньяку і 32 бутэлькі віна на агульную суму 602 рублі. Аднак на некаторых прадстаўнікоў брацкай краіны алкаголь аказаў зваротны эфект. Так, пасля аднаго з банкетаў Бержых Глінка, які ўзначальваў Паўднёва-чэшскае абласное радыё і тэлебачанне “усяляк усхваляў ліст “2000 словаў” і яго аўтараў, крытыкаваў савецкі лад, заяўляў, што ненавідзіць сацыялізм, крытыкаваў савецкі строй, заявляў, что ў яго нянавіць да сацыялізму, крычаў “Няхай жыве Цысарж!”, наладзіў у гасцініцы хуліганскія дзеянні і за ўсё гэта быў выправаджаны з краіны” [xix].

Яшчэ ў ліпені 1968 г. пад выглядам вучэнняў пачалася ўстойлівая канцэнтрацыя савецкіх войскаў на межах ЧССР. Палітычнае кіраўніцтва ўводам савецкіх войскаў у Чэхаславакію ажыццяўляў беларус К.Т. Мазураў, які з’яўляўся ў 1968 г. членам Палітбюро ЦК КПСС, а таксама першым намеснікам старшыні Савета Міністраў СССР. У сваім апошнім інтэрв’ю ён успамінаў, што “апошні тыдзень перад уводам войскаў члены Палітбюро амаль не спалі, не з’язджалі дамоў: паводле паведамленняў, у Чэхаславакіі чакаўся контррэвалюцыйны пераварот. Прыбалтыйскі і Беларускі вайсковыя акругі былі прыведзены ў стан баявой гатоўнасці № 1. У ноч з 20 на 21 жніўня зноў сабраліся на пасяджэнне. Брэжнеў сказаў “Будзем уводзіць войскі…”. Пачуўся уздых палёгкі: нарэшце стала зразумела што рабіць. Брэжнеў дадаў: “Трэба накіраваць у Прагу аднаго з нас. Вайскоўцы могуць нарабіць там такое… Хай ляціць Мазураў”. Засяродзіўшы ў сваіх руках усю паўнату ўлады, генерал Трафімаў (пад такім псеўданімам К.Т. Мазураў прыбыў у Прагу), па яго ўласных словах, лічыў сваёй галоўнай задачай прадухіленне кровапраліцця[xx].

Можна выказаць меркаванне, то першы сакратар ЦК КПБ П.М. Машэраў займаў падобную міралюбівую пазіцыю і не падзяляў думку Л.І. Брэжнева аб тым, што ваенна-сілавая акцыя ёсць адзіны сродак пераадоленняя крызіса ў Чэхаславакіі. Першакрыніцы не дазваляюць адназначна сцвярджаць пра стаўленне першай асобы рэспублікі да “пражскай вясны”. Але сам стыль яго кіраўніцтва, альбо “сацыялізм з чалавечым тварам”, савецкім увасабленнем якога для многіх быў П.М. Машэраў, дазваляе меркаваць, што беларускі лідар дапускаў магчымасць існавання чэхаславацкага шляху да сацыялізма.

Чытайце таксама:

Аляксандр Гужалоўскі

Утаймаванне Левіяфана: фармаванне структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 1917 г.

Пасля ўвядзення войскаў у Чэхаславакію пачалася новая, добра прадуманая кампанія па правядзенні сходаў у працоўных калектывах, на якіх адкрытым галасаваннем камуністы і беспартыйныя павінны былі дэманстраваць падтрымку ваеннай акцыі, прымаючы рэзалюцыі ў фармулёўках, спушчаных з партыйных органаў. Да гэтай кампаніі была падключана навуковая і творчая інтэлігенцыя, калгаснае сялянства. Такім спосабам забяспечвалася бачнасць усенароднай падтрымкі ўводу войскаў. Тыя, хто не быў згодны, не рызыкавалі адкрыта выказваць свае пазіцыі пад пагрозай выключэння з партыі, камсамола і страты працы.

На мітынгу навукоўцаў Акадэміі навук БССР акадэмік В.А. Сербента спаслаўся на аднаго з заснавальнікаў КПЧ Богуміра Шмераля, які казаў пра неабходнасць дапамогі чэхам з боку савецкага пралетарыяту. У тым жа духу выступалі дырэктар Інстытута мовазнаўства М.Р. Суднік, дырэктар Інстытута гісторыі член-карэспандэнт Н.В. Каменская і інш. [xxi]. “Абурэнне і гнеў” выклікалі “бясчынствы контррэвалюцыйных правых антысацыялістычных сілаў, якія дзейнічаюць у Чэхаславакіі” у калектыва навукоўцаў Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР[xxii].

24 жніўня прайшоў пленум Праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР, які адобрыў прапанову старшыні Камітэта па кінематаграфіі Б.У. Паўлёнка падтрымаць “аказанне неабходнай дапамогі ў барацьбе з контррэвалюцыяй братнім народам Чэхаславакіі”[xxiii]. Старшыня Саюза мастакоў рэспублікі Н.М. Воранаў звярнуўся да “некаторай часткі інтэлегенцыі Чэхаславакіі” з рытарычным пытаннем: “Сёння хочацца па-горкаўскаму спытаць у гэтых інтэлектуалаў: “З кім вы, майстры культуры?”. Яго падтрымалі найстарэйшыя беларускія мастакі А. Марыкс і Л. Лейтман[xxiv]. Народны артыст СССР, член праўлення Саюза кампазітараў БССР Я.К. Цікоцкі пачаў свой выступ на сходзе кампазітараў даволі міралюбна: “Для мяне, беларускага кампазітара, Чэхаславакія, акрамя ўсяго іншага, – краіна чароўнай музыкі Дворжака, Сметаны, Фібіха, цудоўных народных песень, краіна высокай духоўнай культуры”. Скончыў жа заклікам “не аддаваць праціўніку ні адной ідэалагічнай пазіцыі” [xxv]. 27 жніўня ў клубе Саюза пісьменнікаў БССР адбыўся агульны сход, які адкрыў старшыня праўлення саюза І. Шамякін. У сваім выступе ён абрынуўся на сілы “унутранай і знешняй рэакцыі”, якія імкнуліся “падарваць у Чэхаславакіі сацыялістычны лад”. Падобным выкрывальным пафасам былі прасякнутыя выступы П. Кавалёва, К. Крапівы, П. Пестрака, І. Мележа[xxvi]. Галоўны рэдактар Беларускай Савецкай энцыклапедыі, акадэмік П.У. Броўка ў сваім лісце першаму сакратару ЦК КПБ П. М. Машэраву заклікаў таго ўзмацніць ідэалагічны кантроль над Саюзам пісьменнікаў БССР, таму што “…мы бачым, да чаго прывяло размагнічванне пісьменніцкай арганізацыі ў чэхаў” [xxvii].

Часопіс “Вожык”

Пра маштабы прапагандысцкай работы, якая разгарнулася ў БССР адразу ж пасля ўвядзення саюзных войскаў у Чэхаславакію, сведчыць наступная лічба. Толькі ў Гомельскай вобласці на прамысловых і транспартных прадпрыемствах, будоўлях, калгасах і саўгасах больш за 7 тыс. палітінфарматараў праводзілі гутаркі аб аказанні неадкладнай дапамогі чэхам і славакам. Адзін з іх – удзельнік вызвалення Прагі ў траўні 1945 г., машыніст торфапрадпрыемства “Блювінічы” Павел Курылюк – распавядаў пра сяброўства савецкіх і чэшскіх салдат у дні барацьбы з фашызмам [xxviii]. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Таварыства савецка-чэхаславацкай дружбы Макар Аніпка казаў аб сяброўстве савецкага і чэхаславацкага народаў, таксама спасылаючыся на ўласны вайсковы досвед (“у гады вайны я камандаваў на Гомельшчыне партызанскай брыгадай, дзе было шмат чэхаў і славакаў; яны здзейснілі нямала баявых подзвігаў, знішчаючы гітлераўскіх фашыстаў, гэтых ворагаў чалавецтва, некаторыя загінулі, крывёю ўмацавана наша сяброўства”) [xxix].

Жыхарка в. Жураўцы Валожынскага раёна Зінаіда Літвіненка, якая партызаніла ў Чэшскіх Татрах ў 1944 г., заявіла карэспандэнту “Советской Белоруссии”: “У нас у атрадзе былі рускія, беларусы, Грузіны, палякі, чэхі і славакі – розныя людзі… А як сябравалі, як дапамагалі, як выратоўвалі адзін аднаго. Проста немагчыма распавесці… І я веру, што чэхаславацкі народ не адступіцца ад ленінскай праўды!” [xxx]. Таварыства “Веды” Беларускай ССР адгукнулася на пачатак аперацыі “Дунай” спецыяльнай брашурай у дапамогу лектару, дзе тлумачылася важнасць ваеннага супрацоўніцтва сацыялістычных дзяржаў [xxxi].

Можна казаць пра высокую ступень эфектыўнасці гэтай прапагандысцкай працы. Да канца 1960-х гг. савецкая ўлада для жыхароў БССР валодала ўжо высокім узроўнем легітымнасці, людзі прымалі практычна ўсе ідэі і каштоўнасці, якія несла прапаганда. Аб нейкім арганізаваным, масавым пратэсце супраць рэжыму не магло быць і гаворкі. Разам з тым, практычныя беларусы, якія добра памяталі жахі нядаўняй вайны і нямецкай акупацыі, адказалі на ваенна-патрыятычную прапаганду павышаным, а ў заходніх абласцях ажыятажным попытам на тавары першай неабходнасці – соль, цукар, запалкі і г. д. [xxxii]

Працяг будзе.

________________________________________________________

Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі (нар. у 1960 г.[1]) — беларускі гісторык, музеёлаг, педагог, доктар гістарычных навук(2002), прафесар (2016), прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ.

З’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых і навукова-метадычных прац, вучэбных дапаможнікаў і манаграфій. Сярод іх: “Чырвоны аловак: нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР” (Мн.: Рэдакцыя газеты “Звязда” , 2012. — 304 с.) і “Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917—1929 гг.”(Мн.: А.М. Янушкевіч, 2017. — 258 с.).

________________________________________________________

[i] Мурашко, Г.П. “Пражская весна” и советская интеллигенция: к вопросу о формировании “внутрисистемной оппозиции” неосталинизму / Г.П. Мурашко // 1968 год. “Пражская весна”. М.: РОССПЭН, 2010. С. 400.

[ii] Зданович Л. Контрасты голубых дорожек // Советская Белоруссия. 1968. 3 июля. № 153. С. 3. 

[iii] Пленум ЦК КПЧ // Советская Белоруссия. 1968. 7 янв. № 6. С. 3.

[iv] Советская Белоруссия. 1968. 23 марта. № 69. С. 3.

[v] Мурашко, Г.П. «Пражская весна»… С. 407.

[vi] Доклад А. Дубчека на пленуме ЦК КПЧ 1 апреля 1968 года // Советская Белоруссия. 1968. 4 апр. № 79. С. 3.

[vii] Советская Белоруссия. 1968. 4 мая. № 103. С. 4.

[viii] На пленуме ЦК КПЧ // Советская Белоруссия. 1968. 31 мая. № 125. С. 3. 

[ix] Наша дружба нерушима // Советская Белоруссия. 1968. 28 июня. № 149. С. 1. 

[x] Документы Национального архива Республики Беларусь о Чехословацком кризисе 1968 года / Институт им. Л. Больцмана по исследованию последствий войн, Российский государственный архив новейшей истории. Мн.: НАРБ, 2008. С. 16.

[xi] Документы Национального архива…С. 24.

[xii] Единство и сплоченность // Советская Белоруссия. 1968. 20 июля. № 168. С. 1.

[xiii] Горячее одобрение // Советская Белоруссия. 1968. 10 августа. № 186. С. 4.

[xiv] Белорусское республиканское отделение Общества советско-чехословацкой дружбы было создано в 1961 г.

[xv] Национальный архив Республики Беларусь (НАРБ). Ф. 4п. Оп. 62. Д. 717. Л. 280.

[xvi] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 62. Д. 717. Л. 282.

[xvii] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 62. Д. 717. Л. 285.

[xviii] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 62. Д. 717. Л. 287.

[xix] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 62. Д. 718а. Л. 194.

[xx] Шинкарев, Л. Это было в Праге // Известия. 1989. 20 авг. № 232. С. 5. 

[xxi] Советская Белоруссия. 1968. 27 августа. № 200. С. 1.

[xxii] Саламатов, И. Нам дорого дело свободы // Советская Белоруссия. 1968. 23 августа. № 197. С. 1.

[xxiii] Слова беларускіх кінематаграфістаў // ЛіМ. 1968. 27 жн. № 68. С. 1.

[xxiv] Воранаў, Н. Дарэмныя намаганні // ЛіМ. 1968. 27 жн. № 68. С. 1.

[xxv] Цікоцкі, Я. Месца на барыкадах // ЛіМ. 1968. 27 жн. № 68. С. 1.

[xxvi] У нас – лёс адзін, адзін шлях //  ЛіМ. 1968. 30 жн. № 69. С. 1.

[xxvii] НАРБ. Ф. 4п. Оп. 65. Д. 164. Л. 94–95.

[xxviii] У імя сацыялізма і міру // Звязда. 1968. 23 жн. № 197. С. 1.

[xxix] Онипко, М. Наша дружба нерушима // Советская Белоруссия. 1968. 30 августа. № 203. С. 3.

[xxx] Луцкевич, И. На крутых перевалах // Советская Белоруссия. 1968. 7 сентября. № 210. С. 4.

[xxxi] Бейдин, И. А., Цыганов, А. И. Вооруженные силы социалистических государств – залог безопасности народов. Мн.: Правление общества “Знание” Белорусской ССР, 1968. 21 с.

[xxxii] Документы Национального архива…С. 34.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар